Першае, што было для мяне нечаканым, гэта прынесеная маім мужам з гарадской управы горада Гданьска праграма Гданьскага шэкспіраўскага тэатра, сярод якой на сінім фоне красаваўся „Tydzień białoruski” з 24 траўня па 1 чэрвеня. Інтрыгуючы загаловак тыдня „Nie ma dymu” таксама не даваў спакою.
„Tydzień białoruski” гэта прагляд тэатраў і фільмаў, а да таго мастацкая выстаўка „Monstery” Аляксандра Сашы Канавалава, адкрытая 24 траўня ў падвалах Шэкспіраўскага тэатра і варштаты „Motanki – magiczne lalki dobrych życzeń”.
Сярод тэатральных спектакляў удалося пабачыць «Рэвізора» Мікалая Гогаля з Купалаўскага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы ў Менску з дасканалымі беларускім акцёрамі Віктарам Манаевым, Паўлам Харланчуком-Южаковым, Раманам Падалякай, Зояй Белахвосцік. Зала была запоўненая гледачамі, якія прыйшлі паглядзець беларускі варыянт вядомай класічнай камедыі. Нават нашая польска-беларуская сям’я ставілася ў тэатр у ліку 10 чалавек! І усе былі захоплены ігрой купалаўскіх акцёраў, хаця не ўсе зразумелі сучасны сцэнічны пераказ. Асабліва мову, на якой размаўлялі акцёры. А была гэта «трасянка». Толькі сталічны «рэвізор» размаўляў на літаратурнай беларускай мове. Для мяне ўвесь сэнс п’есы заключаўся менавіта ў мове і алюзійнасці да сучаснай беларускай рэчаіснасці, але, здаецца, большасць гледачоў шукала параўнанняў з вядомымі польскімі пастаноўкамі гэтай п’есы.
Чарговы спектакль „Swoi?” быў цікавым эксперыментам у цэласці. Паказала яго Лабараторыя сацыяльнага тэатра, якая дзейнічае з 2014 г. пры Еўрапейскім каледжы Liberal Arts у Менску. Спектакль у сапраўднасці меў загаловак «Родныя людзі?», але чамусьці на польскую мову перакладаўся па-іншаму, што не аддавала агульнага сэнсу, які ўпісваецца ў сам загаловак. Як аўтар п’есы пададзены Аляксей Лёша Чыканас, але ў сапраўднасці гэта тэксты, якім ён надаў драматургічную форму. Вольга Мароз – рэжысёр спектакля распавяла пра працу над ім. Студэнты і выпускнікі канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» у Каледжы працуюць над пастаноўкамі дакументальных спектакляў, праводзяць сцэнічныя чытанні ўласных п’ес і п’ес сучасных аўтараў. Прадметам зацікаўленняў з’яўляюцца сацыяльныя праблемы, актуальныя для беларускага грамадства. Студэнты самі іх прыдумваюць, працуюць над імі, запісваюць выказванні людзей, а пасля перарабляюць іх на п’есу. Тэмай гэтага спектакля было насілле ў сям’і, пакрыўджаныя жанчыны, пра што наогул не гаворыцца. Таму сабраць матэрыял да п’есы не было так проста. Жанчыны, якія дасведчылі ад сваіх мужаў хатняга насілля, неахвотна пра тое распавядаюць. І тут вельмі дапаможнай аказалася няўрадавая арганізацыя «Радыслава», якая дапамагае ахвярам хатняга насілля. П’еса выклікала дыскусію, якая адбылася пасля спектакля і, як аказалася, тэма яго настолькі ўніверсальная, што незалежная ад межаў і дзяржаў. Дыскусія вялася на польска-рускай мове з перакладам. Толькі адна маладая актрыса адважылася выказацца на беларускай мове. І сапраўды, гэта была адзіная дыскусія пасля шматлікіх прапановаў беларускага тыдня. Хаця дыскусію выклікала шмат што, уключна з мовай. Для польскага гледача былі надпісы на польскай мове, але героі спектакляў і фільмаў выказваліся на рускай або англійскай! На шэсць спектакляў толькі адзін быў у цэласці на беларускай мове!
Цікавай таксама была мультымедыйная інсталяцыя Тані Арцімовіч і Антона Сарокіна „Belarus 4’33”на аснове кнігі Артура Клінава «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца», у якой ён апавядае пра Менск. Таня Арцімовіч паказала Менск з перспектывы Берліна і Штутгарта, дзе была на стажыроўцы. Скарыстаўшы сучасныя медыя (відэа, Вікіпедыю, блогі, ютуб) сапраўдным быў голас аднаго акцёра – Аляксандра Малчанава, які, седзячы на крэсле паміж двума экранамі, чытаў фрагменты кнігі Артура Клінава ў перакладзе на польскую мову.
Апрача тэатральных спектакляў можна было паглядзець беларускія фільмы. Аднак ці гэта былі беларускія фільмы, можна сумнявацца. Напэўна былі яны прысвечаныя беларускай тэматыцы. Але ці ўсе? Вось, напрыклад, вельмі добры фільм „Lubow – miłość po rosyjsku” з 2017 г. у рэжысуры шведа Стафана Юлена выклікае сумненні наконт яго беларускасці нават паводле інтрыгуючага загалоўка. Усё ж такі каханне па-руску, а не па-беларуску… Гераіня фільма Святлана Алексіевіч, наблістка і вядомая беларуская рускамоўная пісьменніца, з рознымі людзьмі размаўляе пра каханне, якое не было асаблівай тэмай яе ранейшых зацікаўленняў, ані не праіснавала ў савецкай літаратуры. Пра гэтае пачуццё кранальна, ажно да слёз, выказваюцца яе суразмоўцы з постсавецкай прасторы. Майстэрства фільма заключаецца ў мастацкіх вобразах і выказваннях герояў, а да гэтага можна пабачыць варштат журналісцкай працы Святланы Алексіевіч, чаму менавіта перад ёй людзі адкрываюць свае душы.
„Made in BY” з 2015 г. Люіджы Мілярдзі гэта фільм пра беларускіх творцаў – пісьменнікаў, мастакоў, журналістаў, якія ў сучасных умовах ствараюць альтэрнатыўную беларускую культуру: літаратуру, мастацтва, музыку…, нягледзячы на рэальныя ўмовы. Адзін з літаратараў выказваецца нават, што сённяшняя сітуацыя ў Беларусі гэта рай для пісьменнікаў. На фоне афіцыйных урачыстасцяў рэжысёр паказаў суіснаванне дзвюх культур у Беларусі – рэжымнай і незалежнай. Героі фільма выказваліся пра рэпрэсіі (Франак Вячорка), але і пра свабоду творчасці, якой не ў стане задушыць ніякая ўлада. Выказваліся яны ў большасці на англійскай мове, або – у пару выпадках – на рускай. Вольга Гапеева, Алесь Плотка, Зміцер Вайцюшкевіч, Павал Касцюкевіч, Сяргей Пукст, Аляксей Дзермант, Антон Марчанка, Аляксандр Зіменка, Міхаіл Гулін, Яўген Карняг, Уладзімір Шчэрбаў, Уладзімір Пархянок, Таццяна Арцімовіч, Франак Вячорка… – усе яны штосьці робяць на карысць беларускай культуры, выбіраючы мастацтва, літаратуру, музыку, журналістыку як форму змагання за свабоду.
„Summa” Андрэя Куцілы гэта новы фільм (2018), які яшчэ не паказваўся ні ў Польшчы, ні ў Беларусі, хаця меў паспяховую прэм’еру на міжнародным фестывалі IDFA ў Амстэрдаме – у лістападзе мінулага года быў прызнаны на ім найлепшым дакументальным фільмам. Цікава, што фільм паўстаў дзякуючы фінансавай падтрымцы Польскага фільмовага інстытуту, тэлебачання Белсат, Падляшскага ваяводства. Малады (1983 г. нараджэння) баранавіцкі рэжысёр атрымаў стыпендыю ў Польшчы і на працягу трох гадоў зрабіў вельмі цікавы польска-беларускі дакумент пра мастака Анджэя Струмілу (1927 г. нараджэння), які самотна жыве ў Мацьковай Рудзе на Сувальшчыне, гадуючы коней. Да яго прыязджае маладая мастачка Маша з Менску, якая яму дапамагае спраўляцца ў хаце, з коньмі, разам з мастаком есць, сядзіць на парозе, глядзіць у акно, размаўляе пра жыццё і мастацтва. Фільм кранае сваёй экалагічнасцю – вобразамі прыроды ў розныя пары года і чалавечай экзістэнцыяй у сталым узросце. Героі размаўляюць на рускай мове, хаця сама я сведка, як Анджэй Струміла размаўляў на беларускай мове і ўспамінаў сваё беларускае мінулае. Але, як відаць у фільме, Маша таксама размаўляе па-руску па тэлефоне з мужам, які астаўся ў Менску і хоча, каб жонка вярнулася дамоў. Думаю, што гэта не першая ўзнагарода за гэты фільм, таксама якая вялікая будучыня перад рэжысёрам – таксама ягоныя ранейшыя фільмы былі ўзнагароджаныя на розных фестывалях. Напэўна, варта яго пабачыць.
„Żywie Biełaruś!” з 2012 г. – думаю – найбольш вядомы польскі мастацкі фільм (мабыць і адзіны) пра Беларусь у рэжысуры Кшыштофа Лукашэвіча, тога самага, што зрабіў фільмы „Generał Nil” i „Karbala”. Глядзела я яго чарговы раз без эмоцыяў. Чытаючы сцэнар фільма яшчэ да прадукцыі і пішучы на яго пазітыўную рэцэнзію (каб Польскі інстытут фільмавага мастацтва даў на яго грошы), хацелася мне там шмат што змяніць, у тым ліку і загаловак.
Падсумоўваючы агляд фільмаў, напэўна можна сказаць, што беларуская тэматыка і героі яе шмат у чым з’яўляюцца прыцягальнымі для замежных рэжысёраў, дае яна ім поле для самарэалізацыі, а гледачам цікавае аўтарскае ўспрыманне беларускай прасторы і яе жыхароў.
„Tydzień białoruski”ў Гданьску спалучаны з Фестывалем беларускага тэатра, які праходзіць з 26 па 31 траўня ў Тэатральным інстытуце імя Збігнева Рашэўскага ў Варшаве. Адно што там плакаты надрукаваны прынамсі на трох мовах – польскай, беларускай і рускай, а ў Гданьску – выключна на польскай.
Сяргей Кавалёў, пішучы пра рускамоўную літаратуру Беларусі на прыкладзе развіцця сучаснай драматургіі, застанаўляецца, ці яна ёсць альтэрнатывай, ці пагрозай для беларускай культуры, і сцвярджае: «Сучасная рускамоўная драматургія Беларусі – з’ява гетэрагенічная, яна адначасова належыць і да беларускай, і да расійскай літаратуры (таксама, як у XVI-XIX стагоддзях польскамоўная творчасць ураджэнцаў Беларусі адначасова належала і да польскай, і да беларускай літаратуры). Але паўстае пытанне: да якой літаратуры ў большай ступені? (…) Меркантыльны разлік і ўплыў рускай драматургічнай школы – не адзіная прычына татальнай рускамоўнасці маладога пакалення беларускіх драматургаў. Ёсць яшчэ творчая прычына: абмежаваныя магчымасці беларускай мовы ў адлюстраванні сучаснай рускамоўнай рэчаіснасці, своеасаблівы канфлікт літаратурнай мовы і жывой рэчаіснасці. Драматург мысліць дыялогамі, ён больш пільна, чым паэт ці празаік, услухоўваецца ў жывую моўную стыхію, пераймае інтанацыю, лексіку і сінтаксіс сваіх герояў. А яны, героі – звычайныя юнакі і дзяўчаты, іхнія бацькі і суседзі, жыхары мінскіх мікрараёнаў – гавораць па-руску, моладзевым слэнгам ці на трасянцы. Па-беларуску гавораць час ад часу адзінкі, у асноўным студэнты-гуманітарыі і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Драматург, які па-беларуску піша пра сучасную рэчаіснасць, фактычна робіць пераклад жывых рускамоўных дыялогаў (найчасцей з вялікай колькасцю ненарматыўнай лексікі) на літаратурную беларускую мову. Можна зрабіць агульную выснову, што пагрозай для развіцця сучаснай беларускай літаратуры з’яўляецца не рускамоўная літаратура, а тыя грамадска-эканамічныя ўмовы, у якіх яны абедзве існуюць і якія спрыяюць пашырэнню рускамоўнай творчасці ў Беларусі (у першую чаргу, выцясненне беларускай мовы са сферы актыўнага грамадскага ўжытку ў сферу культурнай рэзервацыі)» (Рускамоўная літаратура Беларусі: альтэрнатыва ці пагроза? (на прыкладзе развіцця сучаснай драматургіі, (у:) Трэці міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы, т. 3, 2014, с. 485-486).
Незалежна ад такіх поглядаў, з якімі цяжка не пагадзіцца, я вырашыла напісаць пра „Tydzień białoruski” на беларускай мове (у яе абарону), асабліва калі пачула каментар пры нагодзе агляду фільма „Summa”: „Nareszcie możemy usłyszeć język rosyjski i porozmawiać po rosyjsku”. Так, у сапраўднасці на шэсць спектакляў на беларускай мове быў толькі адзін, а мне яго не ўдалося паглядзець з-за службовых абавязкаў. Шкадую, што зараз не пабачу спектакляў Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі „Beton”, „Krucjata dziecięca” – Art Corporation” – Цэнтра візуальнага і тэатральнага мастацтва, „Dlaczego ludzie się starzeją?” – Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек з Менска. Таму нічога пра іх пакуль не магу напісаць…
Дарэчы, сустрэтая мной быўшая беларуская студэнтка, выйшаўшая тут замуж і нарадзіўшая сына, сказала: «А ведаеце, я з ім размаўляю выключна па-польску, бо ён ужо ходзіць у садзік. Нават мая мама з Беларусі гаворыць з ім па-польску».
На канец варта згадаць, што „Tydzień białoruski” цешыцца вялікім зацікаўленнем гледачоў, сярод якіх трапляюцца нават англамоўныя. Няўжо людзі засумавалі ўжо за нечым іншым, чым прапануе ім заходняя культура? Яшчэ 15 гадоў таму на агляд беларускіх фільмаў у Гданьску прыходзілі толькі мясцовыя беларусы, а зараз невядомая нам публіка, прытым у большасьці маладая…
Лена Глагоўская