Пайшла я шляхамі трох сясцёр – Жэні, Любы ды Анюты. Іхнія бацькі – Марыя і Канстанцін Галубоўскія. Вянчаліся яны былі ў царкве ў Ялоўцы.Канстанцін Галубоўскі родам са Старога Ляўкова нарадзіўся ў 1910 годзе ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Марыя – 9 гадоў пазней, у вагоне, калі бацькі вярталіся з бежанства, у падлуплянскі хутар Раманава.
„Мы – нацыянальнасць наша беларуская і мова наша беларуская!” – казаў Кастусь Галубоўскі, чалавек глыбокай мудрасці, самавук, філосаф. А жонка ягоная Марыя ніколі не хадзіла ў школу, а па-беларуску навучылася чытаць па „Ніве”. І ўся сям’я, тады з 13 унукамі, спявалі доўгу магутную песню, у якой прагучалі словы: Нахай дадуць нам золата – не возьмем мы багацця! Лепш чорны хлеб мець свой, чым мёд на зямлі чужой! Галубоўскія – род спевакоў (ёсць у гэтым родзе лаўрэаты конкурсаў фестывалю Беларуская песня – адным з першых лаўрэатаў быў сам дзед Кастусь, які выступаў у конкурсе сола з уласнымі мелодыямі да вершаў з „Нівы”, і з дачкой Любай спяваў на конкурсе; ёсць і члены беларускіх спявацкіх калектываў), ёсць паэты, ёсць захавальнікі і майстры па вышыванню і ткацтве (дачка Яўгенія Аліфер са Старога Ляўкова), ёсць і паэты. У той дзень спявала ўнучка Марынка, якая пасля добра паказалася ў „Ніве” на літаратурнай старонцы, друкавала свае вершы і Люба. Той дзень паўвечча жыцця разам Марыі і Кастуся, праведзены на сямейнай „злётцы” якраз у хаце наймалодшай іхняй дачкі Любы Саковіч, жонкі Уладзіміра, запаў з вялікім хваляваннем у памяці і ў душы таксама і ніўскіх гасцей, і праз іх – і чытачоў. А чытачы ведалі Любу Саковіч і раней – яна з Юшкавага Груда слала ў „Ніву” вершы, часам і пад псеўданімам. Чым часам і распальвала ўяву чытачоў ды суседзяў, бо і ўкалоць прыходзілася, праўда, не людзей, а іх заганы.

Фота Міры Лукшы
Вось я ішла да Любы Саковіч, другой сястры з тройцы Галубовічанак, па заснежанай дарозе. Высеўшы з аўтобуса, які ехаў раніцай у Ялоўку, на раздарожжы пасярод Юшкавага Груда збіралася ісці ўжо ў бок „другой вёскі” – вярнуцца крыху назад каля малачарні ды дайсці недзе ў паўтара кіламетра туды, дзе стаіць дом Любы Саковіч, ды яшчэ спыталася ў прахожай пад крамай, ці ведае яна, дзе жыве Люба. „А яна ж паехала на працу, здаецца! Папытайцеся ў краме, ці сядала яна сёння на аўтобус!” А я ж ведала ад яе сястры, што Люба ўжо ў пенсіённым узросце! Пытаюся. А як жа – Люба села зранку на аўтобус ды паехала на працу ў Бандары. Бо працавала яна ў Доме апекі ў Гарбарах, што ў гатэлі на беразе Семяноўскага вадасховішча. У Бандары 4 кіламетры, з два адтуль будзе ў гатэль. А тут шчыпае маразок, на небе клубяцца чорныя хмары… Паварочваю ў дарогу на Бандары і тупаю па абледзянелай дарозе, па правым баку – можа, хто спыніцца? І праўда, недзе на паўдарозе спыняецца, у чарзе недзе трыццатая, аўтамашына, у якой мчыцца маладая пара з дзіцяткам у фатэліку. А яны і едуць якраз у Гарбары. Жанчына працуе разам з Любай і добра яе ведае:
– О, які гэта радасны, залаты чалавек! Працуе ў нас пакаёвай. Кажаце, вершы пісала? Вельмі дасціпаня яна, паказвае толькі добры настрой, хоць самой нялёгка.
Пакуль азірнулася я, ужо ў доме апекі пачалі шукаць Любу.
– Я добра ведаю паню Любу, – казала Галіна Саковіч, дырэктарка.– Мы працавалі разам ў юшкавагрудскім асяродку здароўя. Ведаю, што за чалавек: добры, сумленны, працавіты. Разумее людзей. Таму і прыняла я яе на працу. А ў нас тут усе нямоглыя. З хворымі душамі. Тут справа не толькі ў тым, каб прыбраць за імі, накарміць, дагледзець…
Выйшла Люба з калідора, у службовым блакітным фартуху, і, здаецца, засвяціла сонейка. Ды разгубілася – дзе ж тут да фатаграфіі, непрычасаная яна, ад работы адарвалася, дзе ж тут успамінаць былое! Пісала калісь, ды калі гэта было… Аўдавела, сама рабіла гаспадарку, гадавала дзяцей. А як тады пісалася?
– От неяк так – натхненне паяўлялася, і пісала… Пару гадоў. Памятаю. Верш пра „чын”. О, якраз яго і маеце з сабою. І памятаю, пісала, як сумна на свеце было б, калі б „Нівы” не было: „Ніва” на вёсцы, „Ніва” ва ўсім свеце, чытайце яе і вы, і малыя дзеці”…
А гэты верш пра чын, ды з 24 жніўня 1980 года. Як той час бяжыць!
Спачатку я нядаўна захапілася ў Ляўкове цудоўным, сапраўдным, рагатым ды цыцатым караваем. А спякла яго Люба Саковіч. Славіцца гэты каравай не толькі на Падляшшы. Бася Грыц з Ціванюкоў хвалілася хлебам, а Люба – караваем. Хату хораша прыбрала, па-калішняму. Запісвалі яе з Другога тэлебачання, – як гібае, здобіць ды пячэ каравай… Каб захаваць звычай, роднае, перадаць нашчадкам… Каб прыгожым цешыцца самому, і свет прыхарошваць.

Фота з сямейнага архіва
Люба выйшла замуж у Юшкаў Груд у 1966 годзе. Калі памёр муж, наймалодшаму дзіцяці было 9 гадоў, старэйшы сын ужо быў жанаты. Цяпер адзін сын на пенсіі, другі працуе ў стражы, дачка кончыла сацыялогію. Люба гаспадарыла колькі магла, пайшла на пенсію. Падзарабляла тут у дому апекі, а таксама ў кацельні ў асяродку здароўя ў Юшкавым Грудзе (курсы мусіла зрабіць!).
– Тут, колькі маю сілы, працую, – казала Люба. Ці тут праца цяжкая? Можа і цяжкая, ды не так як калісь на гаспадарцы. 12 гектараў. А то целіцца, а то паросіцца, а то сена прывязі… Трымала 4 дойныя каровы, маладняк. Мужу было 42 гады, як памёр. Быў кіраўніком у сельскагаспадарчым гуртку. Час быў нервовы. Ліквідавалі тады „кулкі”, перараблялі ўсё. Перажыў. Я пайшла рабіць у асяродку здароўя, каб вырабіць рэнту. Не хапала, каб дзяцей павучыць. Адзін сын пайшоў тады на студыі, другі быў у матуральным класе. Мусіла круціцца. Сказалі мне на працы: Jesteś dzielna, Luba! Доктар Дамашэвіч казаў: „Ты, Люба, моцна псіхічная. Некаторым палёгку даюць папяросы”. А я яму: „Дзе там папяросы, мне на хлеб не хапае!” Як тады мне было брацца да вершаў! Ай, і якая шкада, што паліквідавалі беларускую мову па школах. Дзеці ўмелі б чытаць. Мне лягчэй пішацца, і думаецца па-беларуску.
Сядзелі мы ў пакоі дырэктаркі, сярод каляровых прац жыхароў домy апекі, і яна, дырэктарка, нявестка вядомага міхалоўскага беларускага дзеяча Антона Саковіча (пражыў 106 гадоў!) пыталася:
– А ведаеце іхніх сясцёр – Жэню Аліфер і Анюту Стэльмашук? Якія гэта жанчыны! Якія людзі! Якія беларускі!
Люба Саковіч папраўляла блакітны фартух. На стомленым твары паявілася ўсмешка. І плывуць яе вершы. Усе памятае слова ў слова. Гумарыстычны пра самагоншчыкаў (у ваколіцы ўсе вывучвалі іх на памяць, і ведалі, пра каго напісана!), пра пачыны вялікія і малыя звычайных людзей. Як у „Ніве” прачыталі, жанчыны радасна сказалі! Гэта пра „скляповую” Я., што гандлявала самагонкай. Некаторыя вершы і не друкаваліся, бо не адважылася паслаць, хоць ведалі іх у народзе. Чытала нам свае творы на памяць Люба, быццам раптам адчыніліся сакрэтныя сховы памяці.
– Э там, вершы то Аркадзік пісаў, з Ціванюкоў. Харошыя вершы. А там мае… Памёр нам Аркадзік Ляўшук…
Ды не падае беларускі дух натхнення на падміхалоўскіх палетках. У Рыбаках піша Марыся Хлябіч, суседка пакойнага дзядзькі Федзіка. А тут, за Ціванюкамі – не можа кінуць пяра са сваёй спрацаванай рукі светлая Люба Саковіч, Галубовічанка.
Цяпер жыве ў Міхалове, і не кідае пяра. Яе вершы весяляць ваколіцу. Прымае ўдзел у Агульнапольскім конкурсе беларускай паэзіі і прозы, з поспехамі. І пячэ караваі!
Міра Лукша











