У палове лютага спатрэбілася мне з’ездзіць у Мінск. Праўда, у Беларусі бываю даволі часта, нават па некалькі разоў у год, але не далей за Гродна ці Ваўкавыск. А ў беларускай сталіцы не быў я ўжо больш за дзесяць гадоў.
Дабрацца ў Мінск вырашыў я цягніком у Гродна, а далей на аўтобусе. 350 км дарогі гэта ў сённяшнім свеце не так ізноў шмат, але падарожжа заняло мне папраўдзе ўвесь дзень. Звыш гадзіны цягнік прастаяў на мяжы, а ў Гродне столькі ж прыйшлося яшчэ пачакаць аўтобуса. Так што ў Мінску быў я пасля 20-ай (мясцовага часу, на дзве гадзіны пазней як у нас), з Беластока выехаў у 10.30.
Сярод пасажыраў цягніка амаль нікога не было з Польшчы. У маім купэ апрача мяне ўсе гэта былі грамадзяне Беларусі. Ехалі на радзіму, каб пабыць пару дзён з сем’ямі і зноў вяртацца ў Польшчу. Хто-то на працу, а пераважна ва ўніверсітэт ці іншую вышэйшую навучальную ўстанову. Гэта студэнты з картамі паляка, якіх усё больш і больш вучыцца ў Польшчы.
– Вы надоўга едзеце ў Беларусь? – па-расейску спытаўся ў мяне беларускі пагранічнік, крыху здзіўлены, навошта туды еду. – Бо калі на даўжэй як пяць дзён, трэба зарэгістравацца, – папярэдзіў.
З Гродна ў Мінск найхутчэй дабрацца на маршрутцы, якія ездзяць штопаўгадзіны. На аўтавакзале з гукаўзмацняльнікаў прыемна было пачуць голас жанчыны, якая чыста па-беларуску аб’яўляла пра ад’езды аўтобусаў. Хаця паўсюдна, вядома, усе гавораць тут па-расейску.
Па дарозе ў Мінск, пакуль было яшчэ відна, я ўважліва прыглядаўся краявідам навокал. Машын у два бакі было намнога менш чымсьці, скажам, на аналагічным шляху з Беластока ў Варшаву. У нас большы рух ёсць нават на ваяводскіх, а то і неаднойчы павятовых дарогах. Успомнілася мне, як у пачатку 2000-х гадоў станам беларускіх дарог захапляліся прыезджыя з Польшчы, у тым ліку некаторыя „незалежныя” варшаўскія палітыкі. Але хапіла пятнаццаці гадоў, каб камунікацыйная інфраструктура ў Польшчы стала нашмат лепшай і болей камфортнай. Безумоўна, паўплывала на гэта ўступленне краіны ў Еўразвяз, адкуль прыйшлі мільярды еўра і не толькі на будову дарог.
На аўтавакзале ў Мінску сустрэў мяне Алесь, з якім знаёмы я яшчэ з 90-х гадоў. Ён няспынна намагаецца размаўляць толькі па-беларуску.
– Можаце пачаставаць мяне папяросам? – зачапіў нас нейкі бомж.
– Мы не разумеем вашай „імперскай мовы” – зажартаваў Алесь.
– Ну што вы, хлопцы, я ж – хахол…
Алесь ёсць нешматлікім у Беларусі прыватным прадпрымальнікам, вядзе тры спажывецкія крамы, працуе ў яго звыш дваццаці асоб. Спярша забраў мяне ў гіпермаркет, каб пасля працы зрабіць пакупкі. Аграмадны цэнтр, у які мы заехалі, пабудаваны нядаўна. Выглядае ён аднак крыху інакш чымсьці польскія гандлёвыя галерэі. Напрыклад, на апошнім ажно чацвёртым паверсе замест кіно, як скажам у Альфе ў Беластоку, тут… каток (lodowisko). Але ўжо агульны прадавальны зал такі як ва ўсім свеце. Прыглядаюся цэнам, якія на большасць прадуктаў і тавараў вышэйшыя чым у Польшчы. Прашу Алеся растлумачыць, як цэны маюцца да заробкаў.
– Зарплаты ў нас у сярэднім амаль напалову меншыя чым у вас, – кажа Алесь.
– Як тады жыць? – дапытваюся.
– Трэба ўлічыць тут адносна танныя яшчэ цэны на газ, электраэнергію, бензін і камунальныя паслугі, – тлумачыць Алесь. – Але і яны пастаянна даражэюць, да дабра ў нас не ідзе…
Калі з пакупкамі едзем назад, бачу рассветлены ўвесь горад. У Мінску пад ілюмінацыяй не толькі як у нас гістарычныя помнікі, цэрквы і касцёлы, але нават фасады шматпавярховага жыллёвага будаўніцтва. Гэта ж каштуе. А тут якраз па радыё перадаюць інфармацыю, што Лукашэнка зноў паляцеў у Маскву на перагаворы наконт будучыні Беларусі.
– Чым гэта ўсё скончыцца, інкарпарацыяй Беларусі Расіяй? – пытаю Алеся.
– Лукашэнка пэўна нешта старгуе, а ўзамен у расійскія рукі пойдуць чарговыя беларускія канцэрны. Ён будзе да канца абараняць незалежнасць Беларусі, бо інакш перастане быць кіраўніком дзяржавы.
Амаль увесь наступны дзень у Мінску прысвяціў я прафесійным справам, у тым ліку і „Часопіса”, ладзячы м.інш. кантакт з новай аўтаркай. Знайшоў, аднак, час, каб прайсціся па цэнтры. Мінск чамусьці падаўся мне шэрым і сумным. Мабыць таму, што дзень быў пахмурны. Заўважыў я прыкметы лібэралізацыі ўлады ў адносінах да беларускасці. У падземных пераходах легальна ўжо прадаюцца гаджэты з гістарычнай сімволікай Беларусі. У кнігарнях шмат незалежнай гістарычна-краязнаўчай літаратуры. На паліцы знайшоў я нават кніжку беларускага гісторыка з Беластока, праф. Алега Латышонка, якога погляды на мінулае Беларусі ў многім супярэчлівыя з цяперашняй беларускай дзяржаўнай ідэалогіяй. Ну і вулічныя і ў метро стэнды з плакатамі канцэрта Лявона Вольскага, што яшчэ некалькі гадоў таму было немагчымае з увагі на спісак „забароненых” музыкаў.
Назаўтра, едучы назад у Беласток, меў я ўражанне, што цяпер толькі хто можа з Беларусі з’язджае за лепшым жыццём за мяжу, а найбольш у Польшчу. Алесь прызнаўся, што яго старэйшая дачка ў Празе, а сярэдняя вучыцца ў тэхнікуме ў польскім Ключборку. Самая меншая пайшла толькі ў школу, але і яе бацька будзе старацца выправіць у Польшчу. – Бо ў Беларусі якія цяпер перспектывы, хіба што ісці працаваць у міліцыю, – тлумачыў мне Алесь.
А ў цягніку, якім я вяртаўся з Гродна ў Беласток, усе два вагоны былі запоўнены рускамоўнай моладдзю, пераважна дзяўчатамі, з картай паляка. Атрымаць такі дакумент, аказваецца, цяпер даволі лёгка. Не трэба быць карэнным палякам, а польскай мове сяк-так можна навучыцца на курсах, пра што аб’явы я бачыў і ў Гродне, і ў Мінску. Аказваецца, карту паляка маюць таксама многія свядомыя беларусы, у тым ліку апазіцыянеры. Мабыць яны не адчуваюць сябе палякамі, але кан’юнктуральна афармляюць такі дакумент, каб толькі з’ехаць з Беларусі, часова, а то і назаўсёды.
Мяне суцяшае толькі тое, што падобныя настроі, як цяпер у Беларусі, былі ў Польшчы 30 – 40 гадоў таму.
Юрка Хмялеўскі
Галоўны рэдактар