У беларускім тэатральным мастацтве была вельмі папулярнай Таццяна Мархель, якая ў 1970-2000-х гг. здзіўляла сваім уменнем быць не толькі файнай драматычнай характарнай актрысай, але і натхняла многіх сваім дзівосным выкананнем нашых народных песень.
Яна была вельмі пераканаўчай, калі іграла ў класічнай айчыннай драматургіі („Сымон-Музыка” Якуба Коласа, „Вечар” Аляксея Дударава ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў пастаноўцы Валерыя Мазынскага); здзіўляла вобразам інфернальнай Ведзьмы з „Макбэта” Шэкспіра, дзе рэжысёрам быў Валеры Анісенка (Тэатр-лабараторыя „Вольная сцэна”); была пераканаўчай у сімвалічнай ролі Маці Уладзіміра Караткевіча са спектакля Васіля Дранько-Майсюка „Наш Караткевіч” (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі). Удзельнічала спадарыня Мархель у запісе легендарнага альбому гурта „Уліс” „Краіна доўгай белай хмары”, шмат давала канцэртаў, здымалася ў кіно, словам доўгі час заставалася ці не самай універсальнай актрысай Беларусі.
Цяпер месца Таццяны Мархель упэўнена можа заняць маладая і таленавітая Маша Пятровіч.
Яна пачынала ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, дзе вельмі рана праявілася яе імкненне спалучаць музыку і драму, танец і вакал.

Яшчэ ў спектаклі Валерыя Анісенкі „Каласы пад сярпом тваім” (2008), дзе Маша была занята ў масавых сцэнах, яе пластычнасць, вакальнае майстэрства, харызма істотна вылучалі яе сярод іншых выканаўцаў.
Я памятаю, як стваралася гэтая пастаноўка і колькі часу па-за рэпетыцыямі наша гераіня траціла на тое, каб у танцавальна-спеўных сцэнах выглядаць пераканаўча. Менавіта ў гэты час яна пачынае актыўна браць урокі вакалу і пачынае задумвацца над тым, каб на прафесійным узроўні заняцца спевамі.
Першым яе творчым поспехам з’яўляецца галоўная роля Магдалены ў музычнай камедыі Мюра Фарыдовіча „Шчаслівы муж” (паводле п’есы Францішка Аляхновіча), пастаўлены ў 2012 годзе.
Тут Маша Пятровіч стварае яркі характарны вобраз наіўнай і смешнай жыхаркі Вільні, яна танцуе, спявае, іграе на музычных інструментах, словам гэта быў пачатак яе поспеху, пачатак таго, калі яна пачынае адкрываць напоўніцу свой універсальны талент.
Праўда, удалейшым РТБД не мог Машы прапанаваць ролі ўзроўню „Шчаслівага мужа” і ёй давялося чакаць, калі наступіць чарговы творчы прарыў цэлых дзесяць гадоў.
У 2022 годзе яна была вымушана эміграваць з Беларусі ў Польшчу. З гэтага часу пачынаецца яе праўдзівы росквіт.
Маша Пятровіч згубілася, а хутчэй наадварот. Цяпер яна стала па-сапраўднаму творча цікавай. Яе лёс – прыклад таго, калі вымушаны ад’езд з роднага краю ідзе толькі на карысць. Гучыць, магчыма, дзіўна, але гэта так.

Эміграцыя – гэта не толькі трагедыя. Для творчага чалавека – гэта можа быць пачаткам чагосьці новага і ў мастацкім сэнсе нечаканага. Дастаткова прыгадаць лёс Алаізы Пашкевіч (якая ў Аўстра-Венгрыі выдавала кнігі, падарожнічала, вучылася ў Львове і Кракаве, брала ўрокі акторскага майстэрства), варта прыгадаць эмігранцкае жыццё гэтай вялікай паэткі, каб ўпэўніцца ў тым, што ад’езд з Радзімы можа быць не толькі трагедыяй, але і паратункам.
Калі ў Беларусі Маша Пятровіч толькі намацвала свой шлях, калі многія аб’ектыўныя і суб’ектыўныя абставіны заміналі ёй напоўніцу займацца тым, чым яна хоча, калі, такое адчуванне, была нейкая асабістая ўнутраная нясмеласць, дык эмігранцкі дыскурс цалкам усё гэта змяніў.
Літаральна адразу пасля прыезду ў Варшаву Маша Пятровіч разам са сваімі адзінадумцамі (Максімам Шышко, Дар’яй Новік, Андрэем Новікам, Андрэем Бардухаевым-Арлом, Аляксеем Сапрыкіным ды некаторымі іншымі) стварала цудоўныя тэатральныя чыткі, перформансы, спектаклі, дзе асабліва вылучалася пастаноўка „Мора Хрысціны” (2023 г., Team Theatre, рэжысёр Андрэй Новік).
Тут у вострай экспрэсіўна-дакументальнай манеры была расказаная балючая, публіцыстычная гісторыя пра першыя дні пратэстаў Беларусі ў 2020 годзе.
Маша Пятровіч іграе нечаканы для сябе вобраз супрацоўніцы АМАПу. Яе гераіня ўдзельнічае ў падаўленні народных выступленняў, але пачынае асэнсоўваць, што ня хоча больш гэтым займацца.
Машы выдатна ўдалося паказаць трагічную раздвоенасць гераіні. У той час, калі некаторыя іншыя персанажы (напрыклад, АМАПАўка ў выкананні Дар’і Новік) выглядаюць крыху больш аднамерна, дык Машы Пятровіч удалося стварыць нестандартны вобраз.
Яе гераіня выклікае самую шырокую гамму пачуццяў ад першаснага непрыняцця да шкадавання і нават жадання яе абараніць (сцэна, калі герой Максіма Шышко яе гвалціць). Немагчыма адарвацца ад ігры актрысы, здзіўляешся, як яна, часам аднымі толькі вачыма, можа перадаць лёс.
Пасля падобнай дакументальна-эмацыйнай ролі Маша Пятровіч удзельнічае ў зусім іншым праекце – рэжысёрскім дэбюце свайго мужа Максіма Шышко „Замова”.
Гэта вакальна-пластычная містэрыя, створаная на аснове архаічных рытуалаў і старажытных песняў.
Маша іграе ўмоўны вобраз Дзяўчыны, якая можа пертварацца то ў сімвалічную красуню, што быццам збегла сюды з баладаў Адама Міцкевіча ці жывапісу Яцка Мальчэўскага, то станавіцца інфернальна-небяспечнай, як русалка з фантазіі Янкі Купалы „Сон на кургане”.
Тут меньш акторскай ігры, больш песень. Самыя моцныя эпізоды спектакля акурат звязаныя са сцэнамі ў якіх удзельнічае Маша
У гэтым спектаклі (які Максім Шышко назваў саматэрапіяй) пануе паэзія гуку, пластыкі, таямніцы і загадкі. Перад намі не строгая драматычная пастаноўка, а нейкі загадкавы рытуал, які пераносіць гледача ў міфалагічнае бясчассе.
Паказаўшы сваё ўменне ствараць дыяметральна супрацьлеглыя вобразы Маша Пятровіч звярнулася да педагогікі.
Паводле словаў нашай гераіні яе курс акторскага майстэрства: „для тых, хто даўно марыў пра тэатр, хоча папрацаваць з голасам, дыкцыяй, целам, эмоцыямі, хоча раскрыць сябе і шукае жывую, творчую прастору”.
А сама Маша не спыняецца ў творчых пошуках. Даказаўшы, што яна з’яўляецца адной з самых цікавых сучасных беларускіх драматычных актрыс, яна ўсё болей пачынае займацца музыкай.
Разам з Мікітам Залатарам яна напісала ў мінулым годзе вельмі цікавую музыку, дзе шыкоўна спалучаюцца народныя матывы і электроніка.
У лістападзе 2025 года яны выпусцілі альбом MASHA & Zolotar Nikita — VOLUME: Side A, які арганічна яднае беларускія народныя песні з электроннай музыкай у стылі dramatic techno.
У гэтым альбоме зачароўвае ўсё: аўтэнтычнасць выканання, старадаўнія мелодыі, паяднаныя электроннымі тэкстурамі і тэхна-рытмамі, драматызм і атмасфернасць.
Можна смела сказаць, што на сённяшні час гэта ці не самае цікавае, што можна знайсці ў сучаснай беларускай музыцы.
Маша Пятровіч – актрыса, спявачка, педагог, музыка – чалавек, які можа многае, які аднолькава ўпэўнена сябе адчувае ў самых розных, нават супрацьлеглых мастацкіх формах.
Самае галоўнае, што яе творчасць застаецца нацыянальнай па форме і змесце.
Маша Пятровіч умее здзіўляць і мы будзем чакаць яе новых здзяйсненняў.
Кастусь Гук











