Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

1. Jak Wiesław Myśliwski (1932–2026) ratował Sokrata Janowicza. 2. „Wierszalin 2.0” na Targach Książki w Białymstoku.

29 сакавіка 2026 г.
У Варшаве ва ўзросце 94 гадоў памёр выдатны польскі пісьменнік Веслаў Мысьліўскі. Якраз напярэдадні ў сціплай рэдакцыйнай кампаніі – з Мірай і Тамашом – пагутарылі мы пра ўзровень і характар мастацкай літаратуры нашай меншасці. Я звярнуў увагу на тое, што на Падляшшы не дачакаліся мы пакуль ніводнага тоўстага раману пра нас і тутэйшы беларускі лёс, цесна звязаны з сялянскім яшчэ светам. Як прыклад даў я менавіта Мысьліўскага – пісьменніка сапраўды вялікага фармату. У сваіх кнігах надзвычай кранальна і прыгожа апісаў ён вясковы свет каля Сандаміра, скуль выйшаў (хаця вырас не ў сялянскай, але інтэлігенцкай сям’i), які надта падобны да нашага на Беласточчыне. 

Веслаў Мысьліўскі (1932-2026). Фота з 1975 г. Narodowe Archiwum Cyfrowe
Веслаў Мысьліўскі (1932-2026). Фота з 1975 г.
Narodowe Archiwum Cyfrowe

Я ў гэтым пераканаўся чытаючы найперш яго „Камень на камені”. Гэтую цудоўную кнігу Мысьліўскі пісаў доўга, болш як дзесяць гадоў. Выйшла яна ў 1984 г., але раней друкавалася ў частках у газеце „Gromada Rolnik Polski”, якую выпісывалі мае бацькі і я як вучань сярэдняй школы проста зачытваўся ў тыя фрагменты. Часта да яе вяртаюся па сёння, хаця змест ведаю амаль на памяць.

Пасля ад Сакрата Яновіча я даведаўся, што Мысьліўскі яму надта дапамог у жыцці як пачынаючаму пісьменніку. У сямідзесятых гадах пазнаёміў іх Эдуард Рэдлінскі на майскім кніжным кірмашы ў Візне пад Ломжай. Яновіч ўсё яшчэ быў у надта цяжкой асабістай сітуацыі. Пасля таго як у верасні 1970 г. паставіўся быў Службе бяспекі, доўга не мог знайсці працу і часам проста не меў за што жыць. Ратавала яго крыху пісьменніцкая легітымацыя. Працаваў дзе толькі ўдалося яму зачапіцца і ўрэшце на паўштату як культурны работнік. Дарабляў добра платнымі аўтарскімі сустрэчамі і пісаннем тэкстаў для розных рэдакцыяў. 

Тры і паўгоду старэйшы за яго Веслаў Мысьліўскі быў ужо вядомым празаікам і намеснікам дырэктара Ludowej Spółdzielni Wydawniczej. Каб дапамагчы Яновічу, згадзіўся падпісаць з ім выдавецкую дамову з высокім ганарарам. Тычылася яна раману, які пад канец тае пісьменніцкай працы назваў аўтар назваў „Самасеем”. Мысьліўскі ведаў, што будзе ён на беларускай мове і спатрэбіцца перакладчык, каб выдаць па-польску. 

Сакрат успамінаў, што хутка даслалі яму з Варшавы салідны зададак, а грошы за напісанне кнігі дазволілі вызваліць сябе на год-другі ад безграшоўя.

Мысьліўскі ў часы Народнай Польшчы быў прадстаўніком польскай літаратуры nurtu chłopskiego. Такая катэгорыя пасля наогул знікла. Сялян замянілі фермеры і не стала ўжо традыцыйнай вёскі, а разам з тым chłopskiej культуры і літаратуры.

Мысьліўскі так як Яновіч пісаў павольна, бясконца пераглядаючы напісаны тэкст, вяртаючыся да таго, што ўжо скончыў. Выкрэсліваў словы, а нават цэлыя сказы і рабіў выпраўленні. Абодва пісьменнікі таксама цалкам не карысталіся камп’ютарам.

Помніцца мне акцыя Cała Polska czyta dzieciom недзе пятнаццаць гадоў таму. Я тады працаваў у Гарадку дырэктарам Гміннага цэнтра культуры. Разам з гмінным начальствам запрасілі мяне ў школу, каб пачытаць нешта вучням. Я выбраў фрагмент „Каменя на камені”, у якім галоўны герой успамінаў сваё маленства сялянскага дзіцяці, калі першы раз сеў на каня. Гарадоцкім вучням нават падабалася.

Я гэтай кніжкай на столькі захоплены і сёння, што думаў нават запрапанаваць камусці перакласці яе на беларускую мову. Не ведаю толькі ці варта. У нас на Падляшшы кніжак па-беларуску амаль ніхто ўжо не чытае. Калі што, то прыезджыя з Беларусі. Але наўрад ці яны зразумелі б, пра што насамрэч піша аўтар. Не ведаю таксама, наколькі пераклад адпавядаў бы арыгіналу. Вось для спробы падумаў сам перакласці некалькі абзацаў. Дзеля гэтага выбраў капітальныя разважанні пра паміранне, што на часе. Нядаўна, тыдзень пасля Вялікадня, былі ж Провады з малітвамі за памерлых. Вось, што ў мяне атрымалася:

„Дарэчы табе скажу, што і смерць ужо не тая як калісь. Быў чалавек і няма. І сотня іншых праціскаецца ўжо на яго месца. Яны памяць пра яго нават зоймуць. А раней, браток, калі хтосьці паміраў, у вёсцы заставалася яма як у бруку на вуліцы. Але раней, так бы мовіць, смерць была прывязана да людзей. Усе жылі ўсё жыццё на адным месцы, так што смерць аднаго была смерцю ўсіх. А сёння кожны ў руху, то і смерць у руху. Людзі падаюць злева і справа, а ты рухаешся ўсё наперад і наперад. Людзі паміраюць, хто ведае ад чаго, хто ведае калі і хто ведае, ці можна гэта наогул назваць смерцю. Нават хварэць не трэба, без прычыны. Проста чалавек стамляецца і знікае. А калісьці ён стаміўся, прысеў на мяжы, адпачыў і далей жыў. Мы, браток, паміраем так, што па нас не відаць смерці. Часам нават не адрозніш, памёр хтосьці, ці жывы яшчэ. І нічога табе не дасць тое, што памрэш. Столькі тваго, што зажывеш. Таму жыві, пакуль можаш”.

 

18-19 красавіка 2026 г.

„Wierszalin 2.0” на Кніжным кірмашы ў Беластоку Фота выдавецтва „Paśny Buriat”
„Wierszalin 2.0” на Кніжным кірмашы ў Беластоку
Фота выдавецтва „Paśny Buriat”

Ужо трынаццаты раз Беласток на пару дзён стаў літаратурнай сталіцай Польшчы. На стадыёне Chorten Arena прайшоў буйны Кніжны кірмаш 2026 разам з Літаратурным фестывалем „На мяжы культур”. Наведвальнікаў чакалі тысячы кніг – ад класікі, рэпартажных і крымінальных раманаў да дзіцячай і юнацкай літаратуры. Агулам было каля сотні стэндаў. Кірмаш прыцягнуў натоўпы людзей. Паводле падлікаў арганізатараў нават трыццаць тысяч. Таму, што гэта добрая нагода, каб набыць кнігі, сустрэцца з аўтарамі і выдаўцамі.

На гэты раз наведвальнікаў чакаў таксама мой „Wierszalin 2.0”. Хаця ад лютага, калі выйшла кніжка, па людзях разыйшлося ўжо надта шмат паасобнікаў, на кірмашы прадалося яшчэ пару добрых дзясяткаў. Яе продажай займаецца выдавецтва „Paśny Buriat”. Яго стэнд на кірмашы сярод наведвальнікаў быў даволі папулярны. Двойчы – у суботу і нядзелю – гадзіну падпісваў я там сваю кніжку. У суботу правёў таксама чарговую ўдалую аўтарскую сустрэчу. Павяла яе ізноў Анэта Прымака. Кніжку падпісаў я між іншым некалькім сваім землякам з-пад Крынак. Даведаўся ад іх пра новыя сляды, каб дапоўніць апісаную мною гісторыю „прарока” з Грыбоўшчыны і Вершаліна.

З дырэктарам Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Анатолем Вапам Фота Міры Лукшы
З дырэктарам Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Анатолем Вапам
Фота Міры Лукшы

У рамках кірмаша ўжо традыцыйна быў таксама „Салон незалежных беларускіх выдавецтваў”. Я туды, вядома, таксама заглядаў. У пэўны момант натрапіў на жанчыну, якой кіраўнік Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк рэкамендаваў нядаўна перавыдадзены ім „Вершалінскі рай” Аляксея Карпюка. Заахвочваў, што гэта цікавы аповед і да таго верагодны, бо аўтар як хлапчук быў сведкам некаторых расказаных ім здарэнняў, іншыя пачуў у родным Страшаве пад Гарадком, значыць паблізу Грыбоўшчыны. Я з Яркам пагадзіўся, што кніжка надта цікавая і добра яе чытаецца. Не мог аднак прамаўчаць, што ў значнай ступені гэта літаратурная фікцыя. Сябра не хацеў мне верыць і маё выказванне палічыў… антырэкламай выдадзенага ім перавыдання твору Карпюка. Што ж, цяжка было мне дыскутаваць, паколькі як мне здалося маёй кніжкі ён нават не чытаў. А ў ёй менавіта я дакладна і падрабязна прааналізаваў і даказаў, што ёсць праўдай у „Вершалінскім раю” Карпюка, а што не. 

Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com