
У суботу, 14-га лютага, на дзень закаханых, у Варшаве (ul. Skierniewicka 21) быў паказаны нечаканы лялечна-вострасюжэтны спектакль, створаны паводле казак Уладзіміра Караткевіча.
Па гэтым адрасе кожную суботу праводзяцца заняткі для беларускіх дзяцей на базе Акадэміі Добрай Адукацыі пад кіраўніцтвам вядомага педагога, гісторыка Ягора Сурскага.
Сярод выкладчыкаў тут працуюць такія сапраўдныя зоркі айчыннай эмігранцкай культуры як Сяргей Пукст (англійская мова), Ксіша Ангелава (мастацтва), Андрэй Саўчанка (тэатр), Андрусь Такінданг (музыка), Вольга Каралёнак (беларуская мова).

Дзеці ходзяць у гэтую адукацыйную прастору як на сапраўднае свята, а Ягор Сурскі так арганізоўвае навучальны працэс, што зусім юныя навучэнцы і падлеткі пачуваюцца тут надзвычай камфортна.
Асабліва навучэнцы любяць, калі пасля заняткаў для іх ладзяцца тэатралізавана-музычныя канцэрты, спектаклі, майстар-класы.
Дык вось, 14-га лютага ў Акадэміі Добрай Адукацыі вядомымі тэатральнымі дзеячамі Аленай Баяравай і Васілём Дранько-Майсюком быў паказаны спектакль „Уладзімір Караткевіч і Дзіва аднавокае”.

Гэта вясёлая інтэрактыўная гісторыя пра двух візантыйскіх гандляроў Карыма і Абдула (шлях з грэкаў у варагі), якія прыходзяць да нашай сучаснай публікі і прапануюць купіць самы розны тавар: ад залатых падносаў князя Вітаўта, тэатральных масак з тэатра Францішкі Уршулі Радзівіл і да карлікавай палескай капусткі, унікальнай вяроўкі (якой вязалі самога Кейстута) і рукатворных цацак пчолак і мішак (усе гэтыя прадметы пад час спектакля ператворацца ў паўнавартасных дзеючых лялечных герояў).
Але самым вялікім і значным таварам ў нашых гандляроў з’яўляецца папка з архівам самога Уладзіміра Караткевіча, дзе знаходзяцца рукапісы другой часткі „Каласоў пад сярпом тваім” і, што самае галоўнае, казкі.

І вось, Карым і Абдул не проста расказваюць гэтыя фантастычныя гісторыі („Мужык і Дзіва аднавокае”, „Хан Бату і таямнічы стары” („Лебядзіны скіт”), „Чортаў скарб”), а ператвараюць іх у захапляльнае дзейства, поўнае гумару, нечаканых сюжэтных паваротаў, дзе побач з акцёрамі ўдзельнічаюць і файна зробленыя Аленай Баяравай лялькі.
Спектакль здзіўляе сваёй лёгкасцю, хаця тэмы, якія тут закранаюцца (татара-мангольскія нашэсці, часы, калі была заснавана Смаргонская акадэмія, цараванне каралевы Боны) дастаткова сур’ёзныя.
У аснове сюжэту прыгоды звычайнага Мужыка, якога схапіла Дзіва аднавокае і хоча з’есці. Каб не загінуць наш герой забаўляе монстра цікавымі казкамі, а затым хітрасцю заваблівае яго ў бутэльку з-пад медавухі і топіць у балоце.

Выклікае захапленне тое, як артысты працуюць з дзецьмі, якія адразу ж адгукаюцца на любыя прапановы і ператвараюцца, то ў вучоных мядзведзяў (развучваюць адмысловы танец пад вядомы верш Караткевіча „Тупу-тупу-тупу, нясе мішка ступу”), то з простых беларусаў, якіх захапіў хан Бату, чароўным спосабам пераўвасабляюцца ў птушак і ратуюцца з-пад рабскага ярма.
Спектакль „Уладзімір Караткевіч і Дзіва аднавокае” з’явіўся ў тым ліку дзякуючы творчаму спрыянню спадара Ягора Сурскага, які прапанаваў Васілю Дранько-Майсюку паставіць што-небудзь дзіцячае для гэтай адукацыйнай прасторы.
У выніку юныя навучэнцы ўбачылі арыгінальны спектакль пра тое, як смеласць, хітрасць і вынаходлівасць простага беларуса робіць так, што небяспечны і здавалася б непераможны монстр быў знішчаны.
Тэма вельмі блізкая і актуальная для нас.
Кастусь Гук
Фота Наталлі Жданок











