
Цікавую калекцыю, якая ахоплівае больш за 600 лічбавых копій фотаздымкаў, зробленых вандроўніцай Луізай Арнэр Бойд падчас падарожжа па ўсходнім ваяводствам міжваеннай Польшчы, можна пабачыць на інтэрнэт-старонцы бібліятэкі ўніверсітэта Вісконсін у Злучаных Штатах.
У 1934 годзе амерыканская даследчыца прыняла ўдзел у працы міжнароднага кангрэса географаў у Варшаве. Тады ж яна здзейсніла навуковую экспедыцыю па ўсходнім ваяводствам тагачаснай Польшчы. Луіза Арнэр Бойд ажыццявіла падарожжа ад Перамышля да Вільні. Найбольш зацікавіла яе Заходняее Палессе. Менавіта таму пераважная большасць здымкаў была зроблена Бойд ў Пінску і наваколлі. Амерыканка рабіла здымкі архітэктурных помнікаў Пінска, сялянскіх хатаў, палешукоў у традыцыйных строях. Шмат фатаграфій прысвечаны палескай прыродзе: рэкам, азёрам, багнам, а таксама рыбакам і іх чоўнам на берагах ці на вадзе.
Далей Луіза Бойд рушыла на поўнач на Вільню. Сярод лічбавых копій, прадстаўленых на сайце бібліятэкі, ёсць копіі фотаздымкаў, зробленых амерыканкай у заходняй і паўночна-заходняй частцы сучаснай Беларусі. На іх можна пабачыць драўляныя лямусы, што знаходзіліся паміж Клецкам і Нясвіжам, Калоскую царкву і гарадзенскія краявіды, гандляроў на рынку ў Слоніме, манахаў з кляштара ў Жыровічах, а таксама знакаміты гроб Яна і Цэцыліі ў Багатырэвічах, апісаны ў рамане „Над Неманам” Элізы Ажэшкі. Найбольш паўночнай кропкай на тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе рабіла здымкі падарожніца, была Друя.
Усяго на старонцы бібліятэкі прадстаўлена 619 копій фатаздымкаў, што даюць уяўленне пра традыцыйную драўляную архітэктуру і заняткі беларусаў перад Другой сусветнай вайной
Сяргей Александровіч











