Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Асоба

Забыты праваслаўны дзеяч (2)

Яхім Красоўскі (у акулярах), Валеры Красоўскі (дваюрадны брат Яхіма) і Анатоль Красоўск (родны брат Яхіма). Вёска Харкі, 1966 або 1967 годФота з архіва Марыны Ізаіткі
Яхім Красоўскі (у акулярах), Валеры Красоўскі (дваюрадны брат Яхіма) і Анатоль Красоўскі (родны брат Яхіма). Вёска Харкі, 1966 або 1967 год. Фота з архіва Марыны Ізаіткі

Janka hladzić ci zapisaŭsia „pad Biełaruś” Lawon, a Lawon hladzić, što budzie rabić Hryška, – woś tak uwieś čas i wyhladajuć z-za wuhłoŭ adzin na druhoha. Bo j strašna. Piotra Maciejaŭ z Makarščyny z Pastaŭskaha paw., byŭ krychu adwažniejšy, dy zrabiŭ „hurtok”. Woś za heta jaho jak pawiali „čornyja” dyk nima ŭžo bolš dwuch miesiacaŭ. Praŭda, Kastuś-ža astaŭsia, dyk za Piatrulaj ničoha nia možna zrabić – tak i kidajecca z kačarhoj, kali jon pačnie hawaryć pra Biełaruś, dy j na wioscy takuju paniku nawiadzie na druhich bab, što j tyja nie pamału woźmucca kala swaich mužykoŭ, kab choć krychu ŭcichamiryć z hetaj Biełaruśsiu. Woś hetakija abrazki možna bačyć u kožnaj wioscy Pastaŭskaha pawietu. 

Dyk woś, susiedzi sialanie, tut ja chaču napisać kolki słoŭ, jak i što treba pierš-napierš rabić, kab zarhanizawacca ŭ adnu družnuju biełaruskuju siamju i kab pazbycca siońniašniaj złybiady, katoraja tak mocna nam dakučyła. 

Pierš za ŭsio treba kožnamu z nas sielaninu dobra wiedać, što bajaźliwaść jość najwialikšaj hańbaj dla kožnaha čaławieka. Narod pazbaŭleny swajej narodnaj hordaści j pačućcia nikoli nia byŭ i nia budzie wolnym i niezaležnym kawalom swajho ščaścija. Hetaki narod nia majučy nacyjanalnaje j kulturnaje asabliwaści budzie parabkam, wiečnym pakornym rabom i ŭsie družniejšyja i zdalniejšyja narody buduć nad im wiečna zbytkawacca.

Badaj kožny z nas wiedaje, što j naš brat sielanin naležyć da tych, nad katorymi ŭsie zbytkujucca dziela swajej ułasnaj karyści. Ci-ž i dalej tak budzie, ci-ž my nia možam adwajawać sabie na rodnaj ziamielcy naležnaha nam miejsca j pašany? Ci-ž my nia zdolnyja da pracy?! Zdolnyja! Tolki pierš za ŭsio treba nam pazbycca adnej hańby – heta bajaźliwaści. Stydna pryznacca, što my baimsia nia tolki damahacca taho, što nam pa prawu naležycca, ale baimsia nawat hołasna hawaryć! My šepčym nia tolki ŭ humnie, u starostwie ci na pastarunku, ale na kirmašy, u młynie, u kuźni i h. d. Ci-ž i dalej tak budzie? Nie, susiedzi! Treba hetaj hańby pazbycca, treba bolš adwahi! 

Treba śmieła zahawaryć na swajej mowie ŭsiudy: u hminie, starostwie, u roznych „počekalniach”, zahawaryć nia šopatam, jak było dahetul, ale hołasna, kab čuli ŭsialakija pany , „referenty” i t. p., kab jany dobra wiedali, što žywuć na Biełaruskaj ziamielcy Biełarusy. I kali my hetak hołasna ŭsiudy zahukajem, to sami zaŭwažym, jak začnuć da nas prysłuchacca ŭsie j pabačać, što nas jość milijony! I tahdy budzie paławina pieramohi za nami! Dyk hukajma na swajej rodnaj mowie ŭsiudy!” (Da nas pišuć. Bolš adwahi! Pastaŭski paw., „Biełaruskaja Krynica”, nr 13, 25.03.1927 h., s. 4).

У 1927 г. у Вільні заснавалася Беларускае Праваслаўнае Дэмакратычнае Аб’яднаньне, якое гуртавалася вакол сэнатараў Вячаслава Багдановіча і Аляксея Назарэўскага, а. Лукаша Голада і а. Аляксандра Каўша. Выступала яно за ўвядзеньне беларускай мовы падчас пропаведзі ў царкве, навучаньне дзяцей рэлігіі па беларуску, большы ўдзел сьвецкіх асобаў у царкоўным кіраваньні. З 1 кастрычніка 1927 г. па 29 красавіка 1928 г. выдавала двухтыднёвік „Праваслаўная Беларусь” – выйшла 16 нумароў. На яго з’яўленьне адгукнуўся Яхім Красоўскі, які 8 кастрычніка 1927 г. напісаў ліст у рэдакцыю, прадстаўляючы свае погляды наконт новай арганізацыі і яе органу: „Паяўленьне першага нумару часопісі „Праваслаўная Беларусь” выклікала сярод беларускай праваслаўнай інтэлігенцыі на вёсцы вялікае зацікаўленьне. Такая беларуская часопісь царкоўна-грамадзкага напрамку ўжо аддаўна была патрэбнай і пажаданай для праваслаўнай інтэлігенцыі і духавенства. Кожны беларус, будзь то каталік ці праваслаўны, але каторы шчыра жадае свайму народу сьвятлейшай будучыні і за яе змагаецца, павінен прызнаць, што да гэтага часу праваслаўная царква калі ня была зусім пасыўнай у беларускім нацыянальным руху, то ў большай меры адносілася да гэтага руху варожа. Пагэтаму першым заданьнем праваслаўнай беларускай інтэлігенцыі і правслаўнага беларускага духавенства, калі такое знойдзецца, ёсьць беларусізацыя праваслаўнай царквы на Беларусі. Гэтае заданьне сёньня ў беларускім нацыянальным руху мае першарадную вагу. 

Трэба прызнацца, што беларусы каталікі ў гэтай справе аказаліся далёка энэргічнейшымі за нас праваслаўных, дзякуючы чаму, яны ўжо маюць некалькі сваіх чыста беларускіх парахвіяў і больш дзесятка ксяндзоў – сьвядомых барацьбітоў за ўсю Беларусь, так праваслаўную, як і каталіцкую. А чым-жэ мы праваслаўныя можам пахваліцца? І хто-ж у гэтым вінават, калі ня мы самі? Але-ж час, ужо вялікі час і нам апомніцца і ўзяцца за працу, каб хоць крыху паправіць свае памылкі”. 

Лічыў, што „арганізацыя праваслаўных беларусаў з другой палітычнай партыі беларусаўідэнтычнай па ідэалёгіі і праграме з Б.Х.Д. тут нічога не паможа, а хутчэй прычыніцца да паглыбленьня існуючага і так ужо досыць значнага антаганізму між беларусамі праваслаўнымі і каталікамі. Не дзяліць сёньня трэба гэтыя групы, а кансалідаваць у адно цэлае, бо ў гэтым будзе залог нашага нацыянальнага вызваленьня. Здаецца, што ўжо пара ўсім глянуць праўдзе ў вочы, хоць нямілай, якая пануе ў праваслаўнай царкве і каталіцкім касцёле на Беларусі. Хіба ня будзе сёньня не для кога з беларусаў „заморскай” навіной, што першым нашым абавязкам ёсьць пастаноўка на парадак дня, як я ўжо ўспамінаў, справу беларусізацыі царквы і касьцёла” (У чым прычына, „Праваслаўная Беларусь” 1927, № 2, с. 7-8). 

Як відаць Яхім Красоўскі, як дзеяч БХД, выказаўся за аб’яднаньне беларусаў праваслаўных і каталікоў у адной хадэцкай партыі.

6 лістапада 1927 г. у Вільні адбыўся чарговы З’езд 129 дэлегатаў БХД, на Яхім быў выбраны новы Цэнтральны Камітэт: A. Станкевіч, A. Стэповіч, Паўла Каруза, Янка Шутовіч, Янка Пазьняк, Я. Яковіч, Мікола Дварэцкі, Яхім Красоўскі, Баляслаў Грабінскі, Язэп Жук, Я. Ушакевіч. 7 лістапада на пседжаньні абноўленага ЦК БХД быў выбраны Прэзыдыум партыі: П. Каруза як старшыня, Я. Пазьняк – яго намесьнік, А. Стэповіч – сакратар, Я. Шутовіч – скарбнік („Biełaruskaja Krynica”, nr 46, 11.11.1927 h., s. 2).

На гэтым з’езьдзе Яхім Красоўскі як прадстаўнік Варапаеўскай гміны Пастаўскага павету гаварыў пра адсутнасьць сільных палітычных і культурна-асьветных беларускіх арганізацыяў: „Adnak pamyliŭsia-b toj, chto-b dumaŭ, što na terytoryi Pastaŭskaha pawietu niama biełaruskaj świedamaści. Świedčyć ab hetym pašyreńnie ŭ swaim czasie „Hramady”, dziakujučy jakoj tut jaszcze dahetul možna spatkacca z dumkaj, što BChD – heta byccam niejkaja ledź nia „panskaja” partyja. Adnosiny da BChD ciapier patrochu palapšajucca i treba dumać, što kali nasialeńnie dobra paznaje mety jaje i ludziej zhurtawanych kala BChD – to śmieła piarojduć u łahier” (Źjezd Pradstaunikou Biełaruskaj Chryścijanskaj Demokracyi 6.XI. 1927 h., „Biełaruskaja Krynica”, nr 47, 18.11.1927, s. 2)

28 лістапада 1927 г. Прэзыдэнтам Польшчы быў развязаны Сойм і Сэнат. Пачалася перадвыбарчая кампанія, у якую таксама заангажаваўся Я. Красоўскі. Дзеячы БХД уключыліся ў Блёк Нацыянальных Меншасьцяў, выставіўшы на выбары ў 1928 г. супольны спісак № 18. Я. Красоўскі быў старшынёй Валаснога Варапаеўскага Выбарчага Камітэта і кандыдаваў да Сойму з гэтага спіска ў 64 выбарчым вокрузе ў Віленскім ваяводзтве, які абымаў паветы Сьвянцянскі, Браслаўскі, Пастаўскі і Дзісьненскі. У гэтым вокругу выбары 4 сакавіка 1928 г. аказаліся пераможнымі для беларускіх кандыдатаў – у Сойм увайшлі Альбін Стэповіч, Канстанцін Юхневіч і Павал Каруза. Я. Красоўскі быў 3 намесьнікам на спіску – пасьля Уладзіміра Конана і адваката Язэпа Чарніхава. Пра заангажаванасьць у выбары сьведчыць яго верш „Заклік”, апублікаваны ў студзені 1928 г. ў „Беларускай Крыніцы” (nr 3, 10.01.1928 г., s. 2):

„Pakul ciemra nočy našu spawiła Ajčynu,

Niachaj kožny z nas u pracy nia maje spačynu.

Rataj chto – ščyra hary swaje rodnyja honi,

Kawal chto – kuj ścisnuŭšy mołat silna ŭ dałoni,

Žaŭnier chto – mieč swoj wostry, kab na soncy mianiaŭsia,

Piaśniar chto – tak śpiawaj pieśń narod kab padniaŭsia!

Braty! Tolki ŭ toj čas naša zmahańnie spynicca,

Jak sonca jarka zaświecić nad rodnaj ziamlicaj!”

 (працяг будзе)

Лена Глагоўская 

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com