Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Уладзімір Караткевіч: чалавек, які даў надзею

Артыкул-серыял, прысвечаны 95-годдзю са дня нараджэння пісьменніка

Уступ

Яго вострасюжэтна-дынамічныя творы давалі надзею ў часы застою. З не меншым імпэтам натхняюць яны і цяпер.

Многія адкрывалі для сябе хараство беларускай літаратуры пазнаёміўшыся менавіта з творчасцю Уладзіміра Караткевіча, якому 26-га лістапада споўнілася б 95 гадоў. 

Ён ведаў пра сваю значнасць для беларускай літаратуры. Сваім калегам любіў казаць, што пісаць трэба так, каб „твае кнігі кралі з бібліятэк” і дадаваў праз паўзу „мае – крадуць”.

Для многіх Караткевіч быў вядомы ў першую чаргу як аўтар дэтэктываў „Дзікае паляванне караля Стаха” і „Чорны замак Альшанскі”, але пачынаў як паэт, а таксама напісаў нямала п’ес.

Уладзімір Караткевіч у маладосці
Уладзімір Караткевіч у маладосці

Быў паспяховым сцэнарыстам для тэлебачання і кіно, але дастаткова скептычна ставіўся да таго, што рабілі айчынныя кінематаграфісты. 

У студэнцкія гады хацеў быць гісторыкам, але стаў аўтарам займальных гістарычных фантазійных раманаў, дзе выдумка перамагала нудную рэальнасць.

Калі ствараў прозу, то пісаў, не закрэсліваючы і апранаўся, як на свята.

Першым у нашай літаратуры паказаў праўдзівымі героямі не калгасных ударнікаў, партызан, касманаўтаў ці рабочых, а рыцараў, шляхту, арыстакратаў.

У адрозненні ад многіх сваіх калег не імкнуўся спадабацца ўладам і не ганяўся за каньюнктурнымі тэмамі. 

Беларусы ў яго творах амаль заўсёды былі пераможцамі. Яны маглі адужаць нават саму смерць (як гэта зрабіў вясёлы раблезіянскі Гервасій Выліваха з „Ладдзі роспачы”). 

А калі па аб’ектыўных прычынах іх павінна было чакаць паражэнне (напрыклад, герояў рамана „Каласы пад сярпом тваім”), то тады такі твор свядома заставаўся недапісаны.

Караткевіч пачынаў сваю літаратурную дзейнасць з казак (у пачатку 1950-х дасылаў Якубу Коласу для прафесійнай ацэнкі такі рэчы, як „Мужык і Дзіва аднавокае”, „Лебядзіны скіт”), а ў апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця ізноў вярнуўся да казачнай тэмы, стварыўшы такія шэдэўры, як „Чортаў скарб”, „Жабкі і чарапаха”. 

Па-сутнасці, амаль ва ўсім напісаным заставаўся казачнікам, хаця сам бы пакрыўдзіўся, калі б яго такім назвалі. Таксама рашуча пратэставаў і супраць таго, што, быццам бы з’яўляецца рамантыкам. 

  1. Дзяцінства да пачатку вайны 

Нарадзіўшыся ў Оршы, з сумам казаў, што месца нараджэння паўплывала на яго беларускую мову. У яго ранніх творах можна знайсці нямала русізмаў (для прыкладу, перачытайце „Лебядзіны скіт”). 

Так, Уладзімір Караткевіч жыў у расейкамоўным асяродку. Яго тата і мама не гаварылі па-беларуску.

Ад бацькі, Сямёна, унаследаваў добры спеўны голас і цудоўны почырк.

Ад маці, Надзеі – любоў да літаратуры, гісторыі, настаўніцкай прафесіі – наш герой у другой палове 1950-х, як у свой час і мама, працаваў выкладчыкам. Прытым, быў настаўнікам рускай мовы і літаратуры.

Вялікі ўплыў на нашага героя меў таксама і дзед па лініі маці Васіль Грынкевіч, які распавядаў унуку нямала ўнікальных казак. Многае з расказанага дзедам (гісторыя пра тое ж Дзіва аднавокае) удалейшым набыло сваё далейшае пераасэнсаванне ў творчасці самога Уладзіміра Караткевіча.

Нягледзячы на тое, што ў сям’і панавала мова Усходдзя, беларускія выданні для хатняй бібліятэкі актыўна купляліся, і першую кнігу, якую самастойна прачытаў Караткевіч у тры з паловай гады гэта была вершаваная казка Якуба Коласа „Савось-распуснік”, якая вельмі паўплывала на будучага пісьменніка. 

Малому Караткевічу падабаўся іранічны тон, з якім Якуб Колас расказвае пра хулігана Савося, што вырашыў замардаваць да смерці ні ў чым не вінаватага ката, але ў выніку быў жа сам гэтым катом і пераможаны. Нечаканы шчаслівы фінал, падкрэсленая недыдактычнасць, жывасць, энергія, кінематаграфічная яркасць „Савося-распусніка” паўплывалі на Уладзіміра Караткевіча, чые многія будучыя творы гэтаксама будуць будавацца па такому ж прынцыпу. Удалейшым, свае першыя літаратурныя рэчы, напісаныя па-беларуску, ён дашле на творчы суд менавіта Якубу Коласу.

Увогуле, дзяцінства нашага героя, можна сказаць, было шчаслівым. Яго акружала любоў, юны Караткевіч займаўся тым, што яму падабалася: ігра на піяніна, спевы, маляванне, прыдумлянне гісторый, на якія яго натхнялі раманы Дзюма і паэмы Адама Міцкевіча. 

Блізкія людзі захапляліся талентамі хлопчыка. Праўда, ніхто не ведаў кім жа ён урэшце будзе: другім Янам Матэйкам, Міхасём Забэйдам-Сумцікім ці Ферэнцам Лістам? Караткевіч у дзяцінстве цудоўна маляваў, спяваў, ствараў піяністычныя кампазіцыі. Такое адчуванне, што ўсё яму давалася з аднолькавай лёгкасцю.

У 1939 годзе бацька пабудаваў уласны драўляны дом на вуліцы Карла Маркса, які стаяў на беразе Дняпра. Каля гэтай сядзібы быў вялікі сад, і Караткевіч справядліва лічыў гэта самай прыгожай мясцінай у Оршы.

  1. Вайна

Ідылія скончыцца, калі Другая сусветная вайна перакрочыць у чэрвені 1941-га межы Савецкага Саюза. 

Наш герой у гэты час быў у гасцях у старэйшай сястры Наталлі, якая вучылася ў Маскве. 

Свабодалюбівы хлопчык ня хоча слухацца дарослых, не бяжыць пад час налётаў у бомбасховішча, уцякае з дзіцячых прытулкаў (куды яго сілком адпраўляюць, бо сястра занятая на абароне Масквы, а пра бацькоў нічога не вядома), рвецца на фронт. У аповесці „Лісце каштанаў” галоўны герой (альтэр-эга Караткевіча) згадваў пра гэты час так: „было некалькі беспаспяховых уцёкаў. Урэшце, уцёк зусім і некалькі месяцаў беспрытульнічаў. Краў, што праўда, толькі ў чужых гародах. Даходзіла да таго, што пасвіў у паўночным Казахстане вярблюдаў – хочаце верце, хочаце не…”.

Нейкая палёгка наступіла, калі стала вядома, што ў 1943 годзе бацькі жывыя і нават змаглі эвакуіравацца ў горад Чкалаў (Арэнбург). У жніўні таго ж года Караткевіч разам з сястрой змог уз’яднацца з татам і мамай, дзе пайшоў вучыцца ў мясцовую школу. 

Хопчык пацішэў і было адчуванне, што забыў думаць пра ўцёкі на фронт і больш часу аддаваў чытанню рыцарскіх раманаў.

Пераломны момант для нашага героя наступае праз год, калі ў 1944-м пачынаецца вызваленне, і сям’я пераязджае летам у Кіеў. 

Гэта новы этап у жыцці Караткевіча. Кіеў адыграе вялікую, можна сказаць вырашальную ролю ў ягоным лёсе. 

Пра гэта пагаворым у наступнай серыі.

Васіль Дранько-Майсюк

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com