
13-га траўня пасля невылечнай хваробы памерла мастачка Яна Рада (сапраўднае імя Ніна Маргаева, але ў апошні час на старонцы Фэйсбука прасіла, каб яе называлі менавіта Яна Рада).
Поль Сезан, маючы грошы і славу, наракаў на жыццё, хаваючыся ад людзей у сваім цудоўным доме, што знаходзіўся ў сонечным Эксе. Вінцэнт Ван Гог застрэліўся, бо не хацеў змагацца з хваравітай нарванасцю свайго характару. Амадэо Мадзільяні сам прыспешыў смерць, добраахвотна апускаючыся на дно алкаголю і наркаманіі.
Падобны дзікі інфантылізм быў для Яны Рады чужы. У адрозненні ад названых геніяў Яна адчувала адказнасць іншых.
Яна хацела яшчэ многае стварыць.
На вялікі жаль, бакавы аміятрафічны склероз, які быў у спадарыні Яны выяўлены ў студзені 2023 года, увёў свае карэктывы.
З дзяцінства Яна Рада марыла стаць актрысай, але вучылася ў Інстытуце культуры на кераміста. У выніку ж стала графікам.
Была выдатным настаўнікам, але пасля выбараў 2020-га расчаравалася ўва многіх сваіх калегах.
Выглядала крохкай, але здзіўляла жалезнай воляй і нязломнасцю перакананняў.
Ёй было сорак гадоў, калі хвароба адабрала жыццё, але нават за такі кароткі час Яна многае паспела. У Мінску арганізавала творчую майстэрню «PLOT», куды дзеці з радасцю хадзілі маляваць. Бацькі захапляліся яе здзіўляльным уменнем зацікавіць мастацтвам нават тых падлеткаў, якіх, здавалася, увогуле нічым немагчыма было захапіць.
Яна ператварала сваіх вучняў у апантаных творцаў, бо сама з трынаццаці гадоў была не меней апантанай мастачкай, якая з нястомнай радасцю прымала ўдзел у выставах, пленэрах, самых розных творчых актыўнасцях.
Сярод выстаў, у якіх яна ўдзельнічала, можна згадаць такія, як: «Артсэсія» (2004, 2005), «Шляхамі Напалеона Орды» (2007), «Успамін пра Дабраўляны» (2008).
У дваццаць тры гады ў яе была персанальная выстава ў Доме-музеі Ваньковіча.
Арандаваўшы майстэрню на працягу сямі гадоў выкладала не толькі дзецям, але і дарослым.
Здавалася, што ўсё будзе цудоўна, але ў 2020-м Яна Рада не змагла быць пасіўнай сузіральніцай, падпісала ліст, у якім асуджаўся гвалт, выходзіла на вуліцу, затрымлівалася, сутыкнулася з ціскам і запалохваннямі. Асабліва было страшна, што могуць забраць сына. Але ўсё роўна з’язджаць не хацелася. Наступныя два гады нейкім цудам чаплялася за магчымасць працаваць на радзіме, выкладаць, выстаўляцца. Але рабіць гэта было ўсё цяжэй і цяжэй.
Вымушаная эміграцыя пачалася ў жніўні 2022 года.
Нягледзячы на зразумелыя цяжкасці знайшліся новыя сябры і вучні. Была праца ў Цэнтры Беларускай Салідарнасці і Музеі Вольнай Беларусі, дзе Яна Рада займалася любімай выкладчыцкай справай, а беларускія і ўкраінскія дзеці з усіх куткоў Варшавы і прыгарадаў з вялікай ахвотай хадзілі на яе дзівосныя заняткі.
Творча спыняцца не хацела і таму з кастрычніка 2022 года распачала новы мастацкі праект «Glieba».
Наша гераіня становіцца адной з самых вядомых беларускіх мастачак і педагогаў Варшавы.
Калі ж пачалася хвароба і было зразумела, што надзеі на выратавання няма, то не дазволіла сабе знурыцца ў быкаўскі адчай.
Гэтая маленькая жанчына праявіла здзіўляльную ўнутраную сілу.
Яна падрыхтавала ў Музеі Вольнай Беларусі вялікую персанальную выставу „Крок насустрач”, працягвала арганізоўваць плэнэры, падтрымлівала іншых калег-эмігрантаў (мастакоў, пісьменнікаў, рэжысёраў) і, вядома ж, шмат малявала.
Яна стварала дзівосную лірычна-экспрэсіяністычную графіку, дзе ў асноўным выяўляла чароўны сусвет фіялетава-аранжавых дрэў. Гэтыя дрэвы, бы тыя касмічныя караблі, ці казачныя птушкі, хочуць вырвацца з глебы і паляцець у якуюсь фэнтэзійную краіну.
Калі глядзіш на гэтыя карціны, то адступае страх смерці, пачынае і напраўду здавацца, што нябыту няма, а там наперадзе чакае нейкае новае незвычайнае падарожжа.
24-га лістапада 2023 г., ужо будучы цяжка хворай, Яна Рада запісала ў Фэйсбуку: „Выключнай важнасці пост.
Я ніколі не думала што:
– змяню краіну
– моцна захварэю
– у 38 буду здольная знайсці блізкіх сяброў.
Аднадумцаў, мастакоў-педагогаў.
Я ўдзячна лёсу за такі падарунак.
Васіль Дранько-Майсюк
На здымках Яна Рада (Ніна Маргаева) і карціны мастачкі
Фота з Фейсбука