Да зімовых святаў як у Польшчы так і ў Беларусі рыхтуюцца загадзя. Гаспадыні наводзяць парадкі ў хатах, а тыя, хто не жадае стаяць у доўгіх чэргах у крамах, прадбачліва стараецца купіць усё неабходнае хаця б за некалькі дзён раней.
Аднак калі спытаць першых і другіх, якое з зімовых святаў яны лічаць найбольш значным, то меркаванні будуць адрознівацца. Жыхары Польшчы, y сваёй большасці, напэўна назавуць Божае Нараджэнне. У Беларусі ж рыхтуюцца, перш за ўсё, да сустрэчы Новага года. Тое самае тычыцца й беларусаў-эмігрантаў. Прычынай гэтаму з’яўляецца спадчына савецкіх атэістычных часоў. І хаця сёння можна свабодна наведваць царкву ці касцёл, толькі адзінкі па ўсіх правілах святкуюць рэлігійныя святы. Аднак у гэты ж час храмы на 24 снежня або 6 студзеня поўныя, бо шмат хто туды прыходзіць менавіта ў тыя дні, большую частку году не прымаючы ўдзелу ў рэлігійным жыцці.
Колькі ж каштавала прыгатаваць святочную вячэру ў Куццю ці на Новы год? Каб аб гэтым даведацца, мы паглядзелі цэны ў беларускіх крамах і на прадуктовых рынках.
Што тычыцца цэнаў на прадукты да традыцыйнай поснай вячэры перад Божым Нараджэннем, то выглядалі яны наступным чынам. Дробнага карпа можна было набыць за 6,5 беларускіх рублёў за 1 кілаграм (каля 7,8 злотых – далей будзем прыводзіць лічбы ў злотых у дужках), вялікага за 8,5 – 9,5 (10 – 11,3 злотых). Патрашоны карп каштаваў да 11 рублёў (трохі больш за 13 злотых). Замест карпа можна было абысціся селядцом, але цэны на яго былі не „дэмакратычнейшыя” – напрыклад, 400-грамовая упакоўка селядца без касцей каштавала 5,45 руб (6,5 зл.). Можна было купіць і іншую жывую рыбу: таўсталобіка па 6,5 руб (7,8 зл.), белага амура па 8,5 руб (10 зл.), шчупака па 8,5-9,5 руб (10 – 11 зл.) за кіло.
Цэны на гародніну былі наступныя:
Буракі ад 1,20 да 2,89 руб за 1 кг (1,43 – 3,45 зл.)
Капуста каля 1,30 руб (1,55 зл.)
Морква 3 руб (3,6 зл.)
Яблыкі 2,85 руб (3,40 зл.)
Шампіньёны 11,3 (13,5 зл.)
Перац быў адным з найбольш дарагіх і каштаваў амаль 17,8 руб (21,25 зл.)
За адзін кілаграм мукі беларускай вытоворчасці трэба было заплаціць 1,8 руб (2,15 зл.), а за кілаграм цукру 2,45 руб (2,9 зл.).
Паўтарымся, што новы год у Беларусі сустракаюць з большым імпэтам, таму й выдаткі на прыгатаванні да яго заўсёды больш істотныя. Хаця хапае тых, хто жадае правесці святы ціха і спакойна, не выдаваючы вялікіх сум, шмат у якіх сем’ях дагэтуль ладзяць шумныя застоллі з вялікай колькасцю алкагольных напояў і розных каларыйных страў, якія потым пад’ядаюць на працягу некалькіх наступных дзён.
Згодна са старымі савецкімі традыцыямі за сталом 31 снежня збіраецца адразу некалькі пакаленняў, дарослыя дзеці прыязджаюць да бацькоў з вялікіх гарадоў у малыя ці ў вёскі.
Адной з найбольш папулярных страў на навагоднім стале, няглядзячы на матэрыяльнае становішча сям’і, з’яўляецца аліўе – зноў жа савецкая інтэрпрэтацыя французскага салату, якая ўвайшла ў моду яшчэ ў 1950-я гады. Для яго прыгатавання часцей за ўсё выкарыстоўваюць свініну ці ялавічыну, што каштуюць адпаведна ад 12 да 19 руб за 1 кг (14,3 – 22,7 зл.) і ад 13 да 25 руб (15,5 – 29,85 зл.), або курыцу, цана на якую была ад 7 да 12 руб (8,35 – 14,3 зл.). Танны варыянт замест мяса прадугледжвае вараную каўбасу, купіць яе можна за 8-9 рублёў (9,55 – 10,7 зл.). Яшчэ патрабуюцца бульба, 3,39 руб за 1 кг (4,04 зл.), яйкі, ад 3,16 да 4,52 руб за дзясятак у крамах (3,77 – 5,4 зл.) або 5,5 – 6 руб за хатнія на рынку (6,6 – 7,1 зл.), кансерваваны гарошак, 4 руб за 400-грамовы слоік расійскай вытворчасці (4,77 зл.) або 3,23 руб беларускай (3,85), а таксама морква і маянэз. Апошні каштаваў 3,63 руб (4,33 зл.) за 400-грамовую ўпакоўку. Мяса, яйкі і гародніна адварваюцца, затым наразаюцца кубікамі і запраўляюцца маянэзам.
Іншы папулярны салат – з крабавымі палачкамі (імітацыяй крабавага мяса). Каб яго прыгатаваць, бяруць, перад усім, крабавыя палачкі, кансерваваную кукурузу. Каштуюць яны адпаведна ад 2,25 руб за 200-грамовую упакоўку (2,68 зл.) і 3,99 руб за 340-грамовы слоік (4,8 зл.). Іншыя інгрэдыенты могуць адрознівацца.
Шмат дзе на святы падаюць канапкі са шпротамі. Шпроты каштуюць ад 4,29 руб (5,12 зл.) за 160 г, масла 82 % – каля 5 руб (амаль 6 зл.) за 180 г, пшанічны хлеб – каля 2 (2,38 зл.) руб за 0,5 кг.
Навагоднія застоллі рэдка дзе абыходзяцца без алкагольных напояў, якія ў беларускіх крамах зараз у асноўным беларускай, грузінскай, армянскай, расійскай, малдоўскай ці азербайджанскай вытворчасці. Можна, аднак, спаткаць і тавары з іншых краін, хаця тых у апошнія часы стала менш. Традыцыйна на стале можна ўбачыць шампанскае (газіраванае віно). Таннае беларускае „Савецкае шампанскае” каштавала 8-10 рублёў за 0,75 л (9,55 – 12 зл.). Больш якасныя газіраваныя віна ці звычайныя віна каштуюць недзе ад 17 руб (20,3 зл.). Цэны на больш-менш якасны каньяк (брэндзі) пачынаюцца прыкладна ад 22 рублёў за 0,5 літра (22,7 злотых).
Зноў жа згодна са старымі традыцыямі на сталах часта можна спаткаць мандарыны, якія ў крамах каштуюць 7-8 руб (8,35 – 9,55 зл.), а на рынку, больш сакавітыя і смачныя, каля 10 руб (амаль 12 зл.) за кілаграм.
Сыр у крамах зараз у пераважнай большасці беларускай вытворчасці. Сярэдняя яго цана каля 4 руб за 200 г (4,77 зл.).
Тыя, каму дазвалялі сродкі, маглі набыць больш „экзатычнае” мяса ці птушку, на прыклад, індыка ці перапёлку. Каштавалі тыя апошнія адпаведна 15-20 (18 – 23,9 зл.) і 30 руб (35,80) за 1 кг. Традыцыйным далікатэсам з’яўляюцца ласосевая (чырвоная) і чорная (асятровая) ікра. За 90-грамовы слоік першай трэба было заплаціць каля 55 руб (65,6 зл.), а за 30-грамовы слоік другой ажно 120 руб (143 зл.).
Трэба дадаць што мінімальная зарплата ў Беларусі ў пералік на злотыя складае зараз каля 747 зл., а сярэдняя каля 2821 злотых.
Сяргей Александровіч
Фота аўтара