30 снежня 2024 г.
Сёння я ўрэшце скончыў пісаць кнігу пра вядомага „прарока” Ілью з Грыбоўшчыны і яго славуты Вершалін. Ведаю, што многія яе чакаюць, але тэкст патрабуе яшчэ карэктуры і выдавецкага афармлення, на што трэба арганізаваць мне фінансы. Усё-такі думаю, што праз некалькі месяцаў ўдасца яе выдаць.
Кнігу напісаў я ў рамках стыпендыі маршалка Падляшскага ваяводства на 2024 г. Атрымалася саліднае, даволі тоўстае выданне, налічвае больш за 200 старонак. Мабыць нешта яшчэ дапішу, паколькі засталося некалькі пытанняў у апісаных мною неверагодных часам падзеях, якіх устанавіць не здолеў. Буду распытваць людзей і шукаць звестак у дакументах. Мабыць, удасца.
Але ўжо магу сказаць, што мая кніга – першая пра гэтую гучную гісторыю, у якой апісанае ўсё скрупулёзна. Абвяргаю ў ёй хлусню і міфы, што ў мінулым узніклі шляхам прымітыўных выдумак і плётак.
Я ўклаў у гэта вялікую працу. Дваццаць гадоў а то і больш збіраў матэрыялы. Пазнаходзіў новыя, раней невядомыя інфармацыі. Таксама правёў дзясяткі, калі не сотні, размоў з людзьмі, якія запамяталі тыя незвычайныя падзеі. Большасць з іх ужо не жыве.
Кнігу напісаў я ў жанры дакументальнай аповесці са шматлікімі зноскамі і паясненнямі. Ёсць у ёй таксама сцэны быццам з крымінальнага трылера. Да таго змясціў я вялікую колькасць фатаграфій і ілюстрацый, у тым ліку многія, якія ніколі раней нідзе не публікаваліся. Таму я ўпэўнены, што мая кніга будзе вартасная гістарычна і надта цікавая чытачам. Яна напісана на польскай мове, каб як найбольш асоб магло яе прачытаць. Аднак у тэксце ёсць і словы па-беларуску ці па-просту, па-руску і палешуцкія на бельска-гайнаўскіх гаворках. Гэта таму, каб перадаць тадышнюю рэчаіснасць, бо такія менавіта мовы гучалі вакол царквы ў Грыбоўшчыне і на пасёлку ў Вершаліне. Па-польску ніхто там не гаварыў апрача чыноўнікаў ці паліцыянтаў, якія часам наведвалі Ільяша Клімовіча, бо мелі да яго такую ці іншую справу.

Фота Юркі Хмялеўскага
Аповед пра падзеі вакол „прарока” напісаў я з пазіцыі яго суседа. З майго Паўднёвага Вострава ў Грыбоўшчыну ўсяго тры кіламетры. Галоўны герой быў з майго прыходу. Праз нашу вёску часта праязджаў фурманкай, едучы ў гміннае Шудзялава ці павятовую Саколку. Па дарозе мінаў мой панадворак, таксама сваіх сваякоў і знаёмых, якіх тут меў. Паколькі я тутэйшы, мне лягчэй уявіць такія вобразы, чым камусьці звонку. Да таго ў адрозненні ад іх напэўна лепш адчуваю менталітэт тамашніх людзей – так мясцовых, як і тых, хто прыбываў сюды ў натоўпах здалёк. Я ў стане зразумець іх псіхіку, уявіць іхняе жыццё кіраванае не тэхнікай яшчэ, але чалавечым інстынктам, сёння ўжо затрачаным. Таксама магу адчуць іх штодзённую боязь і, урэшце, падыход да зямных і духоўных ці рэлігійных спраў.
Усё гэта дапамагло мне проста перанесціся ў думках у тыя часы. Надта мне залежала, каб упарадкаваць нарэшце – таксама храналагічна – усю гэтую незвычайную гісторыю. Скарочаную версію будучай кніжкі часткамі апублікаваў я ў „Часопісе” ў 2022-23 гг., што выклікала вялікае зацікаўленне чытачоў. Менавіта гэта яны заахвоцілі мяне працягваць над ёй працу. Так што кніжку я напісаў на заказ чытачоў, хаця і мне моцна залежала, каб вярнуць сапраўдны ход тых падзей. Мне асабліва было балюча, што журналісты і пісьменнікі зрабілі насмешку з тысяч праваслаўных і не толькі мужыкоў, якія ў Грыбаве знайшлі духоўнае апірышча. Не было там аніякай рэлігійнай секты. Гэта проста выдумка спярша даваеннай беластоцкай прэсы, якая не разбіралася ў справе, а пасля праваслаўнага духавенства, калі сваімі паводзінамі давяло да непрыхільнасці да сябе з боку так Ільі Клімовіча, як і вернікаў, што да яго зусюль прыходзілі. Хаця віна, вядома, была па абодвух баках.
Прыкра, што па вайне ўжо пачалі рабіць насмешку з гэтага свае, беларусы. Як першы такі іранічны артыкул апублікаваў у 1956 г. Васіль Баршчэўскі ў „Ніве” незадоўга як толькі пачала яна выходзіць. Мала што дапусціў у ім шмат інфармацыйных памылак пра жыццё Клімовіча, то напісаў яўную няпраўду, што ад часу непаладак з праваслаўным духавенствам „прарок” пачаў распаўсюджваць сваю „сектанцкую рэлігію”. Пачаў ён прапаведаваць другое прыйсце Хрыста на зямлю і канец свету. Яшчэ большую хлусню Баршчэўскі пусціў у народ, прысвойваючы памочнікам Ільі званне новых апосталаў як наследнікаў тых са Святога пісання. Стварыў міф „Вершалінскага раю” з „маткамі боскімі”, а адна з іх мела нарадзіць нават другога Ісуса Хрыста…
У шасцідзясятыя гады на працу ў „Ніве” прыйшоў Уладзімір Паўлючук з Рыбалаў і пачаў працягваць тэму „прарока” Ільі як правадыра рэлігійнай секты. Пабудаваную ім царкву ў Грыбоўшчыне абазваў „Новым Іерусалімам”. Такі быў пачатак навуковай кар’еры Паўлючука як будучага прафесара рэлігіязнаўства, якім стаў пасля як зрабіў дактарат па тэме „грыбаўскай секты” ў марксісцкай акадэміі ў Варшаве. Славу прынесла яму яшчэ кніжачка „Вершалін. Рэпартаж аб канцу свету”, якая ў палове сямідзясятых выйшла ў прэстыжным польскім выдавецтве.
У тым жа часе беларускі пісьменнік Аляксей Карпюк у Гродне напісаў раман „Вершалінскі рай”. Матэрыял збіраў з артыкулаў у „Ніве” і ад людзей з вёсак каля Гарадка, калі наведваў роднае Страшава. Напісаў аднак у значнай меры прыдуманую сабою гісторыю. Такое ў белетрыстыцы, праўда, дапускаецца, але Карпюк на пачатку кніжкі адзначыў, што ён і яго землякі былі сведкамі апісаных у ёй падзей. Але гэта пераважна няпраўда. У яго кніжцы нават не ўсе гістарычныя факты, даты і персоны згаджаюцца.
Абедзве кніжкі – Паўлючука і Карпюка – я прачытаў уважліва, некаторыя фрагменты па некалькі разоў. „Вершалінскі рай” таксама ў перакладзе Сакрата Яновіча на польскую мову. І ўсё не магу зразумець, як гэта сталася, што апісаныя там выдуманыя падзеі людзі – нават прафесары – успрынялі як сапраўдныя здарэнні.
Уладзімір Паўлючук, калі пасля многіх гадоў вярнуўся з Кракава ў Беласток, несумненна быў вельмі здзіўлены, што міф пра Вершалін, які ён стварыў у сваёй сімпатычнай кніжачцы, успрымаецца так літаральна. Прайшло тады амаль чвэрць стагоддзя ад яе выхаду і ён доўгі час не цікавіўся ўжо гэтай тэмай. Быў заняты навуковай працай, шмат падарожнічаў па свеце, радаваўся жыццём дзякуючы прывілеям пры Народнай Польшчы. Калі вярнуўся ў Беласток, да сваёй культавай кніжачкі дабавіў яшчэ адзін раздзел, у якім прызнаўся да здзейсненай ім містыфікацыі. Аднак не зрабіў гэта станоўча і адназначна, таму па сёння людзі надалей вераць у тое, што напісаў раней.
Спадзяюся, што мне са сваёй кнігай удасца ўрэшце прабіцца да шырокай грамадскай свядомасці, каб канчаткова перакрэсліць міфы і перадаць праўду пра ўсё-такі важную частку нашай тутэйшай гісторыі. Шмат хто зрабіў на гэтым кар’еру, зарабіў грошы, дабіўся славы. Але не ў гэтым справа. Трэба стрымаць урэшце біць пену вакол мучаных лёсам нашых продкаў, якія шукалі суцяшэння ў Грыбаве і Вершаліне.
24 студзеня
Былі мы з жонкай ў Беластоцкім лялечным тэатры на мюзікле „Гатэль Ritz”. Яго прэм’ера адбылася ў лістападзе 2022 г., але ўвесь час карыстаецца папулярнасцю сярод гледачоў. На гэты раз зала таксама была поўная. Са знаёмых згледзяў я Марка Масальскага з жонкай, які паўгода працуе віцэ-прэзідэнтам горада Беластока.
Cцэнар мюзікла і тэксты песень напісала і паставіла спектакль Іанна Дрозда, акцёрка родам з Варшавы. Музыку склаў беластачанін Міхал Лашэвіч. Ролі персанажаў выконваюць акцёры БЛТ.
Гледачы маюць магчымасць перанесціся ў міжваенны Беласток, жамчужыну архітэктуры – гасцініцу „Ritz”. Гэта быў адзін з самых рэспектабельных будынкаў горада. Стаяў на вуглу вуліц Нямецкай і Інстытуцкай (цяпер Кілінскага і Палацовай). Яго пабудавалі яшчэ за цара, у 1913 г. Летам 1944 г. немцы, адступаючы, яго падпалілі. Камуністычныя ўлады загадалі ўзарваць добра захаваныя сцены і знесці нават падмуркі гэтага для іх сімвала „буржуазнай раскошы”.

Фота са старонкі БЛТ
Паказаная ў мюзікле гісторыя цалкам выдуманая. Сапраўдныя там толькі некаторыя персанажы, як расіянін Мікалай Кавэлін, які арганізаваў спартыўны клуб „Ягелонію”, ці Нора Нэй – славутая польская акцёрка яўрэйскага паходжання, што нарадзілася каля Васількава пад Беластокам. Яны між іншым сталі героямі гэтай вар’яцкай крымінальнай камедыі з рамансамі закаханых, сваркамі, спробамі крадзяжоў. Усіх прыцягвае ў „Ritz” нашумелы атракцыён сусветнага маштабу – выступленне Жанчыны-Мухі, якая павінна падняцца па сцяне будынка без аніякай аховы.
Згодна з намерам аўтаркі мюзікл мае паказаць шматкультурны свет тадышняга Беластока, які на сцэне павінен прыгожа зачароўваць сваёй разнастайнасцю. Таму акцёры часта згадваюць пра касцёлы, цэрквы, сінагогі, гавораць пра ruską Wigilię, а пад канец паказваюць габрэйскае, праваслаўнае і каталіцкае вяселле. Усё гэта выглядае даволі цікава і нават эфектна, але ненатуральна. Таму перад усім, што амаль усё адбываецца па-польску. Паасобныя словы па-руску ці па-беларуску гучаць з няправільным вымаўленнем.
Моцным бокам шоу ёсць музыка, якая стылізаваная на міжваенны час. Тэксты песень, праўда, часам крыху інфантыльныя, але адпаведны настрой ствараюць. Вядома, што ў гасцініцы „Ritz” быў свой аркестр. У мюзікле таксама на жыва іграюць музыканты. На трубе, саксафоне, кантрабасе, бубнах, фартэпіяна. Крыху шкада, што яшчэ не на акардэоне.
Прыемна ўражвае таксама аўтэнтычная сцэнаграфія. Без лішніх камп’ютарных абразкоў. Варта пабачыць такі спектакль нават па тое, каб адарвацца ад сённяшніх фільмаў у тэлевізары на розных каналах і платформах, якія масава здымаюцца пры дапамозе штучнага інтэлекту. Гэты інструмент у змозе напісаць нават сцэнар ці кніжку. Калі так, няхай сам тое чытае ці глядзіць. Гэта страта часу. Так, як і безупыннае назіранне за Фейсбукам, які проста знявольвае людзей. З дапамогай – не інакш! – штучнага інтэлекту.
Таму тым, хто яшчэ не бачыў, рэкамендую паглядзець гэты спектакль. Бо адлюстроўвае ён культурнае багацце міжваеннага шматнацыянальнага Беластока, якога сёння няма. Як у адной з песень – był Ritz, a dzisiaj nie ma nic… А я запамятаў яшчэ: Bawim się, bawim / Drzwi wywalim, nowe wstawim…
Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар