Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (5)

    Syn rasstralanaj Wolhi Ciruk Uładak świedczyŭ, szto Jurczenia adnaho razu spytaŭ, jak im żywiecca biez maciary i skazaŭ: nie żałujcie matki, bo to komunistka. Mużczyna z mlina ŭ Nietupi na sudzie skazaŭ, szto na druhi dzień pośle egzekucji Jurczenia naławiŭ rybaŭ i zawioz ich dla…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Пра бенефіс Міры Лукшы і буйную канферэнцыю да 20-годдзя Закона аб нацыянальных меншасцях

29 лістапада 2024 г.

У беластоцкай кавярні „Фама” свой бенефіс мела Міра Лукша. Паколькі з самога амаль пачатку існавання „Часопіса” пастаянна супрацоўнічае яна таксама з нашай рэдакцыяй, не магло мне там не быць. Адмысловую сустрэчу, якая прайшла ў цёплай і сардэчнай атмасферы, зладзіў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Была яна прымеркаваная да двух юбілеяў вядомай журналісткі „Нівы” і заадно пісьменніцы – уласнага 65-годдзя і 50-годдзя яе літаратурнай дзейнасці. 

У „Фаме” сабраліся сябры і знаёмыя Міры Лукшы з беларускага і не толькі асяроддзя. Прагучалі цёплыя прамовы і віншаванні. Размову на сцэне з гераіняй і ўсю сустрэчу вяла намесніца дырэктара ЦКБ Ілона Карпюк на фоне прэзентаваных на вялікім экране шматлікіх фатаграфій з сямейнага, працоўнага і творчага шляху юбіляркі. Бенефіс прайшоў пад загалоўкам „Мая душа гаворыць з вашай”. 

Падчас сустрэчы Міра ўспамінала сваё вясковае дзяцінства, маладосць і – з 1976 г. – жыццё ў Беластоку. Шмат гаварыла пра працу ў „Ніве”, узгадваючы майго далёкага сваяка Міхася Хмялеўскага, з якім на пачатку падзяляла рэдакцыйны пакойчык і трымала з ім сяброўскую сувязь ажно да яго смерці ў 2023 г. 

Ілона Карпюк распытвала таксама Міру пра яе кніжкі. Разам выдала іх дваццаць, у тым ліку дванаццаць з вершамі. Дэбютавала як вучаніца першага класу ліцэя ў Гайнаўцы ў 1973 г. Тады яе чарговы верш быў надрукаваны ў „Ніве” на літаратурнай старонцы „Белавежа”. А калі яшчэ вучылася ў пачатковай школе ў Семяноўцы свой вершык прачытала мітрапаліту Васілiю Дарашкевічу, які ўзначальваў у царкве прыхадское свята. Уладыка дзяўчынку пагладзіў па галоўцы і сказаў: „Дзетачка, пішы па-беларуску”.

Аляксандр Васылюк – дарадчык па справах нацыянальных меншасцей маршалка Падляшскага ваяводства Лукаша Пракорыма, зачытаў яго віншавальны ліст з прыгожымі словамі:

Вы ствараеце літаратуру поўную любові да слова і людзей, якой універсальны пасыл пераўзыходзіць моўныя і культурныя межы. Гэтыя каштоўнасці выразна бачныя ў кожнай з паэтычных кніг і тамоў Вашай паэзіі, напісаных з вялікім майстэрствам, але перш за ўсё з сэрцам.

Каб павіншаваць рэдакцыйную сяброўку на яе бенефіс прыйшоў амаль увесь калектыў „Нівы”. Галоўны рэдактар Яўген Вапа сказаў, што Міра – „вельмі добрая гарадская паэтэса, якая мае пушчанскія карані”. Падкрэсліў менавіта тое, што яна прыжылася ў Беластоку і ходзіць тут па вуліцах „як Гаспадыня”. Сказаў, што не ўсіх ніўскіх людзей Беласток прыняў да сябе, бо „людзі згэтуль уцякалі і ўцякаюць”. Пэўна рэдактар меў тут на думцы Сакрата Яновіча, які ў Беластоку пражыў сорак гадоў, а наступныя амаль дваццаць ужо ў родных Крынках. Сапраўды раней прайшоў ён гора з віны чыноўнікаў і Службы бяспекі з-за сваёй вернасці і адданасці беларускасці перад усім. Міра на шчасце ажно такіх праблем не мела, яе творчая актыўнасць разгарнулася ўжо ў некамуністычныя часы, хаця з успрыманнем беларускасці ў Беластоку надалей бывала і бывае па рознаму.

Размову з юбіляркай і ўвесь бенефіс вяла Ілона Карпюк Фота Юркі Хмялеўскага
Размову з юбіляркай і ўвесь бенефіс вяла Ілона Карпюк
Фота Юркі Хмялеўскага

З ляўдацыяй-пахвалай выступіла прафесар Універсітэту ў Беластоку Кацярына Савіцкая-Мяжынская, выказваючы узвышаныя словы пра юбілярку і яе творчасць. Сардэчны сябра Міры Анджэй Карольчык выступіў на гітары з маладою скрыпачкай з кароткім канцэртам песень пра „белавежцаў”, у тым ліку на словы вершаў юбіляркі. Іншы сябра – Дарыюш Жукоўскі за сцэны папрасіў публіку „пабіць сусветны  рэкорд” у адначасным чытанні яе верша пра прыгарадоцкія Меляшкі.

Пад канец афіцыйнай часткі я таксама папрасіў узяць голас, каб падзякаваць Міры за шматгадовае сяброўства, супрацоўніцтва пры выдаванні „Часопіса” ды павіншваць яе з прыгожымі юбілеямі. У сваім выступленні падкрэсліў дабрыню сяброўкі ў адносінах да іншых, сказаўшы, што такіх сардэчных людзей ў цяперашнім эгаістычным свеце ёсць няшмат. Таму гэта павінен быць прыклад усім, бо тады напэўна свет стане лепшым.

Добра ведаю, адкуль такі прылюдны і цёплы характар Міры. Безумоўна гэта школа майго дзядзькі Міхася Хмялеўскага. Ва ўступе да кніжкі „І так бывала” з падборкай яго журналісцкіх тэкстаў з „Нівы”, якую даўным-даўно разам з Мірай мы падрыхтавалі да друку, так ён напісаў:

Жыццё прыгожае. Жыццё чалавека вельмі кароткае. І трэба яго пражыць прыгожа, адкінуўшы зайздрасць, злосць, крывадушнасць, хлуслівасць, жорсткасць…

Ад некалькіх ужо гадоў летам у розных кутках Беласточчыны праводзім мы „часопісаўскія” рэдакцыйныя сустрэчы, на якіх Міра заўсёды прысутнічае. Двойчы былі на яе нараўчанскай радзіме – перш у Семяноўцы, а вось летась у Баб’яй Гары. Гэта ўсяго паўкіламетра ад Баравых, роднай вёскі нашай сяброўкі. І вось зранку я правёў яе на апусцелы дзедаў сад, што з’яўляецца ўжо чужой уласнасцю. Але не гэта Міра найбольш перажывала, але сумавала найперш па родным дрэве, ліпе, якой было больш за 280 гадоў, па якой не засталося следу. Спілавалі тую старажылку Баравых, „стражнічку Пушчы”, і нават яе карані вырвалі з зямлі, бо трэба было пашырыць дарогу, калі нядаўна клалі там чорны асфальт.

Я гэты боль добра разумею. На маім панадворку ў Востраве расце вось старынная ліпа, якую пасадзіў яшчэ мой дзед вярнуўшыся з бежанства 1915 г. Не ўяўляю сабе, каб яе спілаваць. Тым больш, што гэтае дрэва не пагражае ні людзям, ні будынкам. Мая ліпа хіба што ўжо адзіная такая векавая ў вёсцы. Падобныя дрэвы раслі амаль на кожным панадворку, давалі цень людзям і жывёле, ахоўвалі будынкі ад ветру, упрыгожвалі краявід. Нашчадкі людзей, якія іх садзілі, пачалі іх пазбывацца, каб восенню… зграбаць менш лісця.

Выступаючы падчас бенефісу на сцэне суцяшаў я Міру, што яе літаратурнай творчасці не вырве ўжо аніякі камбайн-гарвестар. Паколькі восенню атрымала яна ўзнагароду міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы за заслугі ў галіне літаратуры, мы як рэдакцыя „Часопіса” таксама прызналі ёй невялікую прэмію ў выглядзе дадатковага ганарару.

 

9-10 снежня 2024 г.

Пабываў я на двухдзённай навуковай канферэнцыі „Нацыянальныя, этнічныя і моўныя меншасці на еўрапейскім фоне” ў кампусе-гарадку Універсітэта ў Беластоку. Канферэнцыю арганізаваў тамашні Факультэт міжнародных адносін пад патранатам Маршалка Сойму Шымона Галоўні. Такія канферэнцыі адбываюцца кожныя пяць гадоў. Цяперашняя, ужо чацвёртая, была асаблівай, бо прымеркаваная да 20-годдзя Закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальнай мове, які быў прыняты 6 студзеня 2005 г.

У першы дзень выступоўцы гаварылі пра доўгі і складаны заканадаўчы шлях гэтага акту. Працу над ім, якая пачалася яшчэ ў палове дзевяностых гадоў, успаміналі былыя дэпутаты Сойму Генрых Кроль ад нямецкай меншасці і Яўген Чыквін ад беларускай. Прысутныя былі таксама навукоўцы, якіх дзеля гэтага ангажавалі тады як экспертаў.

Праф. Гжэгаж Януш з Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне ўзгадаў, што Польшча прыняла меншасны закон як адна з апошніх краін Еўрапейскага саюза. Тады не мелі яго толькі Чарнагорыя і Швецыя, а ў Літве перастаў ён якраз абавязваць. Улады Еўрасаюза ў Бруселі прымусілі польскіх палітыкаў, каб такі нарматыўны акт у сябе ўрэшце ўвялі.

Яўген Чыквін, які ганарыцца, што як дэпутат-дакладчык заканадаўчага праекту давёў усю справу ў Сойме да канца, падчас канферэнцыі ўспамінаў, што з боку многіх парламентарыяў на працягу шмат гадоў адчуваў неахвоту, абыякавасць і наогул незацікаўленасць такім законам. Мусіў пайсці часам на ўступкі. Прызнаў, што памылкай было перамяшчэнне ячэйкі па справах меншасці з Міністэрства культуры ў Міністэрства ўнутраных спраў і адмінсітрацыі.

Меншасныя выданні падчас канферэнцыі Фота Юркі Хмялеўскага
Меншасныя выданні падчас канферэнцыі
Фота Юркі Хмялеўскага

Памятаю, што гэта недаспадобы было і нашаму ўсяму асяроддзю. Адмененага дагляду за беларускімі арганізацыямі пабойваўся між іншым Сакрат Яновіч, пра што пісаў у сваіх фельетонах у „Часопісе”. Такую боязь пісьменніка з Крынак канчаткова я зразумеў толькі нядаўна, калі ўглыбіўся, як гэта выглядала ў практыцы ў камуністычнай Польшчы. Такі нагляд Міністэрства ўнутраных спраў асабіста адчуў ён надта жорстка. Чыквін як тадышні царкоўны актывіст таксама меў з гэтым праблемы.

На шчасце пасля аказалася, што ў цяперашняй Польшчы нагляд МУСіА над меншаснымі справамі не такі ўжо страшны. Пасля прыняцця меншаснага закону толькі, на жаль, з году ў год павялічваўся адміністрацыйны рэжым. Асабліва ў спосабе фінансавання дзейнасці арганізацый, што адчулі мы і дагэтуль адчуваем таксама ў выпадку штогадовых датацый на выдаванне „Часопіса”.

Падчас канферэнцыі былі, зразумела, выступы прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Як меншасны закон паўплываў на беларускасць на Беласточчыне, надта трапна шырока расказаў наш рэдакцыйны сябра Славік Іванюк. Сказаў ён, што закон з 2005 г., хаця ўрэгуляваў ён шэраг пытанняў, на жаль нічога істотнага не памяняў у жыцці беларускай меншасці. У гэтым плане з той пары наогул нічога на Падляшшы не памянялася на лепшае, а толькі пагоршылася. Славік сказаў, што ўлады штучна перабольшваюць шматкультурны характар рэгіёну. Бо на штодзень, скажам, ніхто  не заўважыць, што Беласток – шматкультурны горад. Хаця апрача мноства касцёлаў дзе-нідзе стаяць цэрквы. Але гэта нічога-папраўдзе не мяняе, бо ўсюды ўжо плыве па сутнасці польскае жыццё.

З запісаў у меншасным законе найбольш скарысталі кашубы. Прадстаўнік гэтай грамадскасці не скрываў падчас канферэнцыі свайго задавальнення. На Кашубах паўсюдна на вуліцах, дарогах і будынках відаць падвойныя надпісы, а ў перапісах насельніцтва лік людзей, што запісваюцца кашубамі, увесь час расце. Цалкам інакш як у выпадку нас беларусаў, дзе толькі ў адзінай гміне Орля ёсць падвойныя надпісы і ўказальнікі.

На канферэнцыю прыехалі таксама дзве сімпатычныя караімкі. Яны сказалі, што лік гэтай меншасці ацэньваюць на недзе сто асоб, хаця ў апошнім перапісе насельніцтва такіх дэкларацый было амаль паўтысячы. Тым часам у нас прадстаўнікі некаторых арганізацый трымаюцца адваротных ацэнак. Кажуць, што дадзеныя ў перапісах заніжаны. Таксама так кажуць іерархі Праваслаўнай царквы ў Польшчы пра лік вернікаў.

Сакрат Яновіч ужо пасля некалькіх гадоў з моманту як меншасны закон уступіў у сілу, сказаў, што ён не працуе як павінен. Спадзяванні Чыквіна і іншых, што дапаможа гэта меншасцям захаваць сваю тоеснасць, не апраўдаліся. І не толькі ў выпадку нас, беларусаў.

Таму ўдзельнікі канферэнцыі былі згодныя, што прыйшоў урэшце час, каб меншасны закон палепшыць. Д-р Артур Канапацкі як яе арганізатар і заадно ўпаўнаважаны Падляшскага ваяводы па справах нацыянальных і этнічных меншасцей (ён – польскі татарын) прыгадаў, што зараз у Сойме няма прадстаўніка ніводнай меншасці. На яго думку ў гэтым плане варта пакарыстацца досведам іншых краін, напрыклад Румыніі ці Венгрыі, дзе меншасці маюць сваё прадстаўніцтва ў парламенце дзяржавы.

Неабходна памяняць таксама мадэль фінансавання меншасных арганізацый. Дзяржава павінна гарантаваць ім фінансавую стабільнасць, а не як цяпер кожны год нанова разглядаць заявы.

Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У студзені

    985 – 1040 г. паход кіеўскага князя Яраслава Мудрага на Літву. Першае ўпамінаньне Літвы ў славянскіх летапісах. 960 – 1065 г. першая летапісная зьвестка пра горад Браслаў, заснаваны полацкім князем Брачыславам Ізяславічам. 905 – 1120-я гады, стварэньне „Аповесьці мінулых гадоў” …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (905) – 1120-я гады, стварэньне „Аповесьці мінулых гадоў” – аднаго зь першых летапісаў, выдатнага помніка культуры ўсходніх славян.
  • (720) – 1305 г.  напад крыжакоў на Гарадзенскую зямлю і аблога імі Гарадзенскага замка.
  • (74) – у студзені 1951 г. у Нью-Ёрку быў апублікаваны першы нумар навуковага часопіса Крывіцкага Навуковага Таварыства імя Францішка Скарыны „Веда”. Рэдагаваў Янка Станкевіч.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis