Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (5)

    Syn rasstralanaj Wolhi Ciruk Uładak świedczyŭ, szto Jurczenia adnaho razu spytaŭ, jak im żywiecca biez maciary i skazaŭ: nie żałujcie matki, bo to komunistka. Mużczyna z mlina ŭ Nietupi na sudzie skazaŭ, szto na druhi dzień pośle egzekucji Jurczenia naławiŭ rybaŭ i zawioz ich dla…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Гадавіна

Расстраляныя: вяртанне з пекла. Частка другая. Пафас Якава Бранштэйна і „радасць” Якуба Коласа

У мінулы раз мы пачалі гаварыць пра трэцюю хвалю рэпрэсій у Беларусі (восень, 1936 г. – восень, 1938 г.), пад час якой за адну толькі ноч з пятніцы 29-га кастрычніка на суботу 30 кастрычніка 1937 года карныя органы НКВД расстралялі больш за сто беларускіх грамадска-палітычных дзеячаў і сярод іх 22 літаратараў.

Сёння пачнём гаварыць акурат пра нашых знішчаных пісьменнікаў.

Яны былі вельмі розныя па сваіх поглядах, перакананнях, пачуццях і думках. 

Яны маглі паміж сабою сябраваць і сварыцца, рабіць кепікі і дапамагаць.

Ноч з 29-га кастрычніка на 30-га кастрычніка аб’яднала іх. 

Сёння гаворка пойдзе пра Якава Бранштэйна (1897-1937).

Гэта быў габрэйска-беларускі крытык, літаратуразнаўца, публіцыст. Нарадзіўся ў Бельску на Падляшшы.  Цяпер ён забыты, але ў першай палове 1930-х Якаў Бранштэйн быў уплывовай асобай. Усё сваё жыццё ён пісаў ідэалагічна-правільныя тэксты. Стараўся дагадзіць начальству, працаваў адказным сакратаром Саюза Беларускіх Пісьменнікаў, уваходзіў у склад рэдкалегіі галоўнага айчыннага літаратурнага часопіса „Полымя” (у 1930-ыя выходзіў пад назвай „Полымя рэвалюцыі”).

Якаў Бранштэйн (1897–1937)
Якаў Бранштэйн (1897–1937)

Пасля першай (1930-31 гг.) і другой (1933-34 гг.) хвалі рэпрэсій радаваўся, што „ворагі народу” ад нашай літаратуры (напрыклад дзівосны празаік Лукаш Калюга) арыштаваныя і сядзяць у зняволенні. 

Радаваўся таксама Якаў Бранштэйн і таму, што Якубу Коласу „пашанцавала” жыць і тварыць у сталінскую эпоху.

Свой артыкул, прысвечаны трыццацігоддзю творчай дзейнасці аўтара „Сымона-музыкі” („Полымя рэвалюцыі”, 1936 г, №10) Бранштэйн завяршае паэтычна-пафасна: „На долю Якуба Коласа прыпала вялікае шчасце жыць у краіне, дзе кожная цэгла апаэтызавана, у краіне, адна назва якой – СССР, гучыць, як найцудоўнейшая паэма – паэма, створаная геніем Леніна, геніем Сталіна”.

Сам Якуб Колас у гэты час і напраўду быў „шчаслівы”. У пачатку 1930-х рэпрэсавалі яго дзядзьку, мовазнаўцу Язэпа Лёсіка (якога знішчылі на пачатку 1940-х). На самога Якуба Коласа пісалі даносы. 

Парторг Акадэміі навук Г. Краснеўскі 27-га лістапада 1937 года дакладваў Сакратару Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі таварышу Волкаву: „…Колас пачаў скардзіцца на тое, што быццам бы ўсе забылі пра беларусізацыю, што ён, Колас, ня чуе нідзе жывога беларускага слова, усе гавораць па-расійску (…) нават сярод беларускіх пісьменьнікаў…”. 

Расійскі паэт М. Ісакоўскі 19-га траўня 1937 года быў абураны, калі ўбачыў верш Якуба Коласа, прысвечаны літаратурнаму аб’яднанню «Полымя»: «Полымя» – гэта контррэвалюцыйная нацдэмаўская арганізацыя (…), ня ведаць аб гэтым Колас ня мог. Значыць выснова напрошваецца сама – зроблена гэта з варожымі мэтамі”. 

21-га лістапада 1938 года тагачасны кіраўнік БССР П. Панамарэнка ў дакладной запісцы І. Сталіну „Пра беларускую мову, літаратуру і пісьменнікаў” зазначаў, што ў адносінах да Якуба Коласа маюцца: „31 паказанне”, з якіх вынікае, што ён вораг народа.

Якуб Колас (1882–1956)
Якуб Колас (1882–1956)

Псіхалагічны стан Якуба Коласа ў гэты „светлы перыяд” цудоўна выявіў мастак Валяніцн Волкаў у графічным партрэце, які быў змешчаны ў тым жа нумары, дзе Якаў Бранштэйн так шумна і пафасна радаваўся за нашага класіка. Валянцін Волкаў намаляваў худога, зацкаванага чалавека, поўнага пакутлівай трывогі.

А што Якаў Бранштэйн? 

У сакавіку 1937 года ён піша не меней хваласпеўны артыкул, прысвечаны аднаму з любімых сталінскіх паэтаў, Аляксандру Пушкіну, дзе адзначае, што Пушкін усё жыццё толькі і марыў, як вырвацца з лапаў арыстакратыі і тварыць для простага народа.

Здаецца, што ў Якава Бранштэйна ўсё было як мае быць, але тут раптам, у чэрвені 1937 года, яго імя прападае са складу рэдкалегіі „Полымя рэвалюцыі”. 

Што здарылася?

У газеце „Звязда” ад 2-га чэрвеня (№ 125, 1937 г.) чытаем зацемку Ал. Лебедзева і Т. Хадкевіча, што „учора, 1-га чэрвеня, пачаўся сход пісьменнікаў Менска, прысвечаны абмеркаванню пытанняў, звязаных з выкрыццём трацкісцка-авербахаўскай групы ў літаратуры. Праўленне ССПБ мала таго, што з вялікім спазненнем склікала гэты сход, але і не падрыхтавала яго належным чынам.

З дакладам выступіў т. Бранштэйн. Даклад хутчэй нагадваў сумесь акадэмічнай лекцыі з „пакаяннай” прамовай. Ён не арыентаваў пісьменнікаў у правільнай ацэнцы апошніх літаратурных падзей, у разуменні новых форм і метадаў, якімі зараз дзейнічае вораг у літаратуры.

Трэба лічыць значным упушчэннем праўлення ССПБ, што даклад быў даручан т. Бранштэйну”.

Чаму „упушчэннем”? Што здарылася? Што не так зрабіў таварыш Бранштэйн? У чым была памылка гэтага, як здавалася, наскрозь лаяльнага сістэме крытыка? 

Часопіс „Полымя рэвалюцыі” за чэрвень 1937 года дае больш поўную і адназначную інфармацыю: „1-га чэрвеня сабраўся агульны сход совецкіх пісьменнікаў БССР, каб заслухаць даклад аб контррэволюцыйнай трацкісцка-авербахаўскай і нацдэмаўскай дыверсіі ў літаратуры. Вялікай палітычнай памылкай праўлення ССПБ трэба адзначыць тое, што даклад быў даручаны Бранштэйну, які сам аказаўся ворагам народу. І не дзіва, што даклад хутчэй нагадваў блытаную пакаянную прамову. Прахадзімец і двурушнік, сіанісцкі ублюдак Бранштэйн умела абыйшоў усе вострыя пытанні, знарок не выкрыў усе агідныя справы ворагаў, якія доўгі час арудавалі ў беларускай літаратуры. У спрэчках выступіла 25 чалавек…”.

Вось такая трагічная нечаканка для таварыша Бранштэйна! 

Яшчэ зусім нядаўна ён быў адным з галоўных нашых літаратуразнаўцаў і публіцыстаў, які на высокім прафесійным узроўні граміў нацдэмаў і самых розных нацыянал-фашыстаў, а тут, 1-га чэрвеня 1937 года, у адно імгненне сам ператварыўся ў ворага народа і ўблюдка. На гэтым сходзе супраць Бранштэйна адным з першых выступіў малады і таленавіты Аркадзь Куляшоў, затым падцягнуліся іншыя таварышы, якія, не шкадуючы эпітэтаў, гаварылі, хто ёсць Бранштэйн на самай справе… 

У гэты самы час у кінатэатрах Менску, з 31-га траўня, ішла камедыя Чарлі Чапліна „Агні вялікага горада”. Ці паспеў наш герой паглядзець гэты кінашэдэўр у першы дзень паказу? Бо наўрад ці пасля 1-га чэрвеня ён ужо хадзіў у кіно.

Бранштэйну было не да смеху. 

Ён чакаў, што будзе далей.

У нядзелю, 6-га чэрвеня 1937 года за Якавам Бранштэйнам, які жыў па адрасе: Менск, 2-і Апанскі зав. 4б, кв. 2, прыйшлі.

Паводле абвінавачвання герой нашага артыкулу быў членам тракцісцкай арганізацыі і акрамя таго нават з’яўляўся арганізатарам тэрарыстычнай групы! Асудзілі – 28-га кастрычніка. На наступны ж дзень – расстралялі.

Рэабілітавалі яго 27-га чэрвеня 1956 года, але ніводнай кнігі пасмяротна не выдалі. 

Якаў Бранштэйн быў забыты, а яго творчая спадчына аказалася нікому непатрэбнай.

Камуністычная сістэма нікога не шкадавала. Пры ёй, асабліва ў сталінскі перыяд, не было правілаў гульні. Ты мог быць апазіцыйна настроеным пісьменнікам, як напрыклад Уладзімір Дубоўка, але выжыць (хаця і адсядзець больш за дваццаць гадоў), а мог быць такім наскрозь лаяльным, як Бранштэйнам, што граміў таго ж Дубоўку, але сістэма цябе ў наступнае ж імгненне знішчыць як фізічна (расстрэл), так і творча (поўнае літаратурнае забыццё пасля рэабілітацыі).

Наступным нашым героем будзе вясёлы, хітры, вынаходлівы літаратар Анатоль Ажгірэй, больш вядомы пад псеўданінамі Анатоль Вольны і Алёша. 

У другой палове 1920-х ён быў пачынальнікам беларускага савецкага прыгодніцкага рамана, стаў каралём фельетона, быў папулярным кінасцэнарыстам, спрабаваў складаць вершы, пісаў п’есы. 

Па-свойму стараўся падмануць сістэму, прыстасавацца, пазбегнуць змрочных хмар над сваёй галавой… Але пра ўсё гэта ў наступным артыкуле.

Васіль Дранько-Майсюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У сьнежні

    – 22.12.1264 г. мірны і гандлёвы дагавор Полацка і Віцебска з Рыгаю і Готландам. – 25.12.1834 г. у Цынцавічах каля Вілейкі нар. Нікадзім Сілівановіч, мастак. Вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў (1859-1866, у 1870 г.  закончыў клясу мазаікі, выкладаў у ёй. За мастацкія творы напісаныя ў Пецярбурзе і ў Беларусі ў 1874 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (228) – 21.12.1796 г. у Мясоце пад Маладэчнам нар. Тамаш Зан (пам. 19.07.1855 г. у Кахачыне пад Оршай – пахаваны ў Смалянах), паэт, адзін з кіраўнікоў руху філяматаў. Зьбіраў беларускі фальклёр, ягоная творчасьць у значнай меры апёртая на беларускіх матывах.
  • (125) – 21.12.1899 г. у Вязьніках Уладзімірскай губ. (Расія) нар. Мікола Гусеў (пам. 14.02.1965 г. у Менску), жывапісец і графік. Аўтар пратрэтаў многіх дзеячаў беларускай культуры.
  • (81) – 21.12.1943 г. была створана Беларуская Цэнтральная Рада (зь Беларускай Рады Даверу) – дапаможны, дарадчы орган; цэнтральная інстанцыя беларускай адміністрацыі падчас нямецкай акупацыі. Фармальна БЦР (пад нямецкім кантролем) кіравала школьніцтвам, культурай, сацыяльнай апекай.
  • (43) – 21.12.1981 г. памёр у Празе Міхась Забэйда-Суміцкі (нар. 14.06.1900 у в. Несьцеравічы, Ваўкавыскага павету), сьпявак, пэдагог. Адыграў вялікую ролю ў папулярызацыі беларускай музычнай культуры ў сьвеце. Некалькі разоў даваў канцэрты ў Беластоку й на Беласточчыне.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis