Як вядома, у выніку трэцяй хвалі рэпрэсій (1936 – 1937 гг.), у ноч з пятніцы 29-га кастрычніка на суботу 30-га кастрычніка 1937 года ва ўнутранай турме НКВД „амерыканцы” было расстраляна больш за сто культурніцкіх грамадска-палітычных беларускіх дзеячоў, у тым ліку дваццаць двух літаратараў.
Напярэдадні ж гэтай трэцяй хвалі, пад час сходу партыйнай групы Саюза пісьменнікаў 19-20 жніўня 1936 г., былі прад’яўлены абвінавачанні старшыні СП Міхасю Клімковічу, у выніку чаго ён пераразае сабе горла.
Клімковіча змаглі выратаваць і нават не пасадзілі, пакінуўшы ў спакоі, але ўлады, занепакоеныя псіхалагічным станам нашых літаратараў, вырашылі стварыць адмысловую Камісію, каб зразумець, чым жывуць беларускія пісьменнікі, што робяць, якія маюць настроі.
У сераду 26-га жніўня 1936 года Камісія выклікае Якуба Коласа.
Аўтар „Сымона-музыкі” (праз год гэтую паэму крытыкі Віталь Вольскі і Айзік Кучар аб’явяць містычнай і нацыяналістычнай) з вялікай асцярожнасцю адказвае на пытанні.
Ён мала чым можа дапамагчы Камісіі, бо цэлымі днямі прападае ў Акадэміі навук, свету белага не бачыць.
Пра сваіх жа калегаў стараецца гаварыць са спагаднай асцярожнасцю. Хваліць Платона Галавача, спачувае Міхасю Чароту, які шмат п’е, з павагай выказваецца пра Андрэя Александровіча.
Якуба Коласа ўважліва слухаюць, пытаюць чым могуць дапамагчы, і неўзабаве… дапамагаюць.
Восенню, 1936 года „дапамога” набывае вялікія маштабы.
У пятніцу 30-га кастрычніка прыходзяць за паэтам Юркам Лявонным.
31-га кастрычніка (субота) арыштоўваюць паэта, празаіка і перакладчыка Алеся Дудара (толькі-толькі скончыў пераклад „Яўгена Анегіна” Аляксандра Пушкіна).
У панядзелак 2-га лістапада знікае ў засценках НКВД празаік Васіль Каваль.
У аўторак 3-га лістапада кідаюць у турму караля беларускай прозы Міхася Зарэцкага, а таксама паэта Тодара Кляшторнага (ён прароча ў канцы 1920-х пісаў: „Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ пад ГПУ”). Хапаюць у той жа дзень і паэта Сяргея Мурзо.
У сераду 4-га лістапада забіраюць фельетаніста, сатырыка і кінасцэнарыста Анатоля Вольнага, а разам з ім арыштоўваюць драматурга і празаіка Васіля Сташэўскага, а таксама неаднаразова ўжо рэпрэсаванага паэта Юлія Таўбіна.
6-га лістапада (пятніца) прыходзяць за адным з самых папулярных паэтаў другой паловы 1920-х, Валерыем Мараковым.
У пятніцу 13-га лістапада хапаюць паэта Зяму Піваварава.
У 1937-м „дапамога” не спыняецца:
24-га студзеня (нядзеля) знікае ў засценках НКВД адзін з лідараў беларускай паэзіі 1920-х, старшыня першага айчыннага літаратурнага аб’яднання „Маладняк” Міхась Чарот.
У панядзелак 26-га красавіка забіраюць празаіка Янку Нёманскага.
6-га чэрвеня (нядзеля) арыштоўваюць крытыка Якава Бранштэйна.
11-га жніўня (серада) трапляе за краты адзін з лепшых беларускіх празаікаў 1930-х, Платон Галавач.
У суботу 11-га верасня прыходзяць за габрэйскімі паэтамі Ізі Харыкам і Аронам Юдэльсонам.
Якуб Колас ацаніў гэтую „дапамогу”. У апошнюю ноч 1937 года ён складае верш, які гучыць так:
Замкнула зямля свой яшчэ адзін круг,
Другі зачынае.
Маўчыць непрытульна заснежаны луг
І пушча лясная,
Мігаюць далёкія зоркі ўгары,
Як чыстыя росы
І ходзіць паважна мароз па бары,
Злы, белавалосы.
Глядзіць неласкава скляпенне нябёс
На скутую землю
І Млечнага Шляху паблеклы пракос
У холадзе дрэмле.
У гэтым змярцвенні начной цішыні
Год Новы вітаю.
– Якою пуцінай вы пойдзеце, дні?
Я моўчкі пытаю.
Маўчыць неабсяжны прастор – глыбіня
Без берагу-краю.
Маўчыць з імі постаць наступнага дня,
І я замаўкаю.
Многія ў жаху замоўклі. Не маўчалі толькі крытыкі.
Айзік Евелевіч Кучар з нечуванай для сябе агрэсіўнай напорлівасцю ў пятніцу 26-га сакавіка на старонках газеты „Звязда” (№70) выказаў усё, што думаў як пра ўжо арыштаваных сваіх калегаў, так і пра тых, хто яшчэ быў на волі.
Арыштаваных яшчэ восенню 1936 года Змітра Жылуновіча, Міхася Зарэцкага, Алеся Дудара, Уладзіміра Хадыку, Васіля Сташэўскага, Анатоля Вольнага ды многіх іншых Кучар называў: „заклятымі ворагамі народа”, „контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай сволаччу”. Кучар нападаў на галоўнага рэдактара часопіса «Полымя рэвалюцыі» Міхася Лынькова, называючы яго „сэрцабольным дзядзькам”, які ўзяў Жылуновіча пад сваю абарону і надрукаваў яго „варожы раман „Перагуды”.
Кучар згадвае і Платона Галавача, якога абазваў „палітычна сляпым”, бо той „прапусціў у друк… бяздарную і кулацкую кніжку Хадыкі „Радасны будзень”.
Падагульняючы сваю гнеўную публіцыстычную прамову Кучар піша: „Усё гэта павінна з’явіцца сур’ёзным сігналам для пісьменніцкіх арганізацый БССР. З ворагам у нас можа быць толькі адна размова – яго трэба знішчыць! Пільнасць, пільнасць і яшчэ раз пільнасць на справе, замест агульнай балбатні і доўгіх рэзалюцый! Такі палітычны ўрок павінны вынесці з апошніх падзей на літаратурным фронце пісьменніцкія арганізацыі”.
Бедны Кучар! Калі я чытаю гэты артыкул, то бачу не столькі праўдзівае жаданне Айзіка Евелевіча (якое, скажам, было ў іншага крытыка Лукаша Бэндэ) разабрацца з ворагамі народа, колькі істэрычнае намаганне выжыць і зрабіць гэта любым спосабам. Аглушаны страхам Кучар гатовы на ўсё, каб уратавацца. Цікава тое, што яшчэ за некалькі гадоў да гэтага Айзік Евелевіч дастаткова цёпла адносіўся да творчасці беднага паэта Хадыкі і нават, можна сказаць, абараняў яго (наколькі гэта было магчыма ў сталінскія часы). Кучар у большасці сваіх артыкулаў першай паловы 1930-х выглядаў не пракурорам, а менавіта адвакатам, але цяпер наступілі іншыя часы.
Было б памылкова лічыць, што ўсе нашыя крытыкі і публіцысты паводзілі сябе падобным чынам. Напрыклад, вядомы скульптар, педагог і кіраўнік (другая палова 1920-х, першая палова 1930-х) Віцебскага мастацкага тэхнікума Міхаіл Керзін, таксама сутыкнуўся з такой жа праблемай, якая была ў Кучара. Керзіну гэтаксама трэба было напісаць вялікі артыкул, дзе ён мусіў ганіць фармалістаў ды іншых гадаў сярод мастакоў.
Але Керзін здолеў валодаць сваім страхам. Пішучы свой артыкул ужо ў страшныя раастрэльныя дні кастрычніка 1937 года, ён добра спраўляецца з пастаўленай задачай і з усёй палымянасцю крытыкуе тых, хто шкодзіў нашаму мастацтву (у Віцебску). Але свой гнеў Керзін абрушвае на… Марка Шагала (які ўжо даўно жыў у Еўропе) і на Казіміра Малевіча (у 1935 г. пайшоў у лепшы свет), у той час як, напрыклад, пра сваіх калегаў, выдатных віцебскіх гравераў Саламона Юдовічна і Яфіма Мініна, выказваецца цёпла (Мініна, на жаль, гэта не абараніла, праз пару дзён яго арыштуюць і ў канцы 1937 г. расстраляюць).
Сярод пісьменнікаў жа ў гэты час панавала роспачнае маўчанне. Нездарма ж, у газеце „Літаратура і мастацтва” з’явіўся вершык Якуба Коласа (датаваны яшчэ 1932 годзе), які быў апублікаваны 31-га кастрычніка, праз дзень пасля трагічнай расстрэльнай ночы і называўся „Памяці нябожчыкаў”:
Сцішыліся РАППы,
Голасу ні-ні.
Шумныя БелАППы
Поўны цішыні.
Прытаіўся Бэнда,
Падбэндак унік —
Марная гавэнда
І дарэмны крык.
Не шуршыць папера
Пад даклад пусты…
Пачакай, нявера, —
Аддыхнеш і ты!
Усе замаўчалі, у жаху думаючы „а калі ж завітаюць да мяне, пасля чаго я таксама… аддыхну?!..”
У наступным артыкуле мы падрабязна раскажам пра тое, як адбывалася сама гэтая расстрэльная ноч з 29 на 30 кастрычніка, што рабілася ў нашым культурніцкім полі паралельна гэтай страшнай падзеі і што былі за людзі – ахвяры гэтай трагічнай ночы.
Васіль Дранько-Майсюк