Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Стары фотаздымак

Заходнебеларускія дзеячы: Міско, Тарасюк, Макулік

На групавым здымку, які ўпершыню публікуецца ў нашым „Czasopise”, сфатаграфаваны заходнебеларускія дзеячы (злева направа) Якуб Міско (1911-1981), Юрый Тарасюк (1913-1990) і Міхаіл Макулік (1914-1998).

Якуб Міско, Юрый Тарасюк, Міхаіл Макулік, 1976 г. Фота друкуецца ўпершыню
Якуб Міско, Юрый Тарасюк, Міхаіл Макулік, 1976 г. Фота друкуецца ўпершыню

Здымак быў зроблены каля Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея ў 1976 годзе. Па-рознаму склаўся іх жыццёвы лёс пасля верасня 1939 года. Найцяжэй было Юрыю Тарасюку, які прайшоў сталінскія лагеры. А Якуб Міско і Міхаіл Макулік – былі ўдзельнікамі Другой сусветнай вайны. Але ўсе разам гэтыя людзі актыўна займаліся грамадска-палітычнай дзейнасцю ў былой Заходняй Беларусі. Пра іх няпросты лёс хочацца сёння згадаць на старонках нашага „Czasopisа”.

Якуб Міско

Калі я паступіў на першы курс Белдзяржуніверсітэта, у часопісе «Маладосць» (1980, № 9) з’явілася дакументальная аповесць майго земляка, пісьменніка і журналіста Якуба Міско «Было яно калісьці…». Я купіў часопіс і на адным дыханні прачытаў гэтую аповесць. У ёй Якуб Міско цікава апісваў свае дзіцячыя і юнацкія гады, беларускую Вільню, дзе вучыўся і сталеў, а таксама шчыра пісаў пра родную Слонімшчыну. А дзесьці ў 1989 годзе яшчэ адзін мой зямляк, доктар гістарычных навук Васіль Мялешка прыслаў мне верш Якуба Міско, які называўся «Наперад». Гэты верш гісторык знайшоў у архіве, ён друкаваўся ў 1926 годзе ў падпольным часопісе вучняў Віленскай беларускай гімназіі. Я параіў Васілю Іванавічу даслаць верш Якуба Міско ў „Літаратуру і Мастацтва”, што ён і зрабіў. І 6 кастрычніка 1989 года верш «Наперад» Якуба Міско быў надрукаваны на адной са старонак тыднёвіка. Гэты верш у той час заклікаў моладзь да шчаслівейшай долі, да барацьбы за лепшае жыццё:

Наперад, да лепшае долі!

Наперад, да сонца, да зор!

Мы ў цемры не можам жыць болей,

Нам трэба святло і прастор!..

Якуб Міско нарадзіўся 1 чэрвеня 1911 года ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў пачатковай школе ў бежанстве ў Расіі.

Малады Якуб Міско, канец 1920-х гадоў
Малады Якуб Міско, канец 1920-х гадоў

А калі сям’я вярнулася на Слонімшчыну ў 1921 годзе, паступіў у Віленскую беларускую гімназію, адкуль яго за рэвалюцыйную дзейнасць некалькі разоў выганялі. Друкавацца пачаў у 1926 годзе ў падпольным часопісе вучняў гімназіі «Наперад». Публікаваўся ў польскіх газетах. У 1932–1934 гадах працаваў у галоўным сакратарыяце арганізацыі «Змаганне», а потым у  рэдакцыі віленскай «Беларускай газеты» (легальнае выданне КПЗБ). На працягу 1930-х гадоў Якуб Міско неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, некалькі гадоў правёў у турмах. У лістападзе 1939 года разам з братам  быў арыштаваны НКУС. Але дзякуючы ўмяшанню П. Панамарэнкі, яго вызвалілі. Пасля вызвалення прыехаў у Ліду, дзе да пачатку вайны быў літсупрацоўнікам лідскай раённай газеты «Уперад».

Калі пачалася вайна, Якуба Міско забралі на фронт. Спачатку служыў радавым разведчыкам, а да Берліна дайшоў маёрам гвардыі з пяццю ордэнамі. Калі вярнуўся на Радзіму, паступіў і скончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. Усё жыццё Якуб Міско адпрацаваў журналістам. З іх амаль 30 гадоў – у «Сельской газете». Пісаў не толькі журналісцкія матэрыялы, але і апавяданні, гумарэскі, артыкулы пра былых дзеячаў Заходняй Беларусі, рэцэнзіі на кнігі Максіма Танка, Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Міхася Машары, Віктара Касько. На беларускую мову перакладаў творы польскіх літаратараў. У „Сельской газете” шмат гадоў вёў вельмі папулярны сярод чытачоў калючы куток сатыры і гумару.

У 1967 годзе Якубу Міско было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Да апошніх сваіх дзён Якуб Герасімавіч шмат працаваў,  сустракаўся са сваімі сябрамі.

Пасля смерці Якуба Міско (памёр 23 кастрычніка 1981 года) народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль сабраў яго лепшую спадчыну і выдаў асобнаю кнігай, якую назваў «Маё маўклівае сэрца». У першы раздзел кнігі ўвайшла дакументальная аповесць «Было яно калісьці…», а ў другі – нарысы, артыкулы і гумарэскі. Ва ўступным слове да кнігі Янка Брыль сказаў: «Найлепш пісалася яму тое, што звязана з былой Заходняй Беларуссю, з яе горкай нядоляй, са слаўнай барацьбой яе лепшых сыноў і дачок за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. У гэтай цікавай, высокакультурнай публіцыстыцы амаль усюды натуральна і неабходна прысутнічае аўтар – як актыўны ўдзельнік многіх галоўных падзей свайго часу, са сваім глыбінным веданнем прадмета, са сваёй ідэйнай перакананасцю, грунтоўна праверанай у выпрабаваннях на сталасць». (Брыль Янка. Замест прадмовы // Міско Якуб. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983. С. 4.).

А нядаўна перачытаў дзесяты том „Збора твораў у трынаццаці тамах” Максіма Танка (Мн., 2010), дзе апублікаваны яго дзённікі (1960-1994). У запісе ад 23 кастрычніка 1981 года чытаю: „Пазваніў Я. Брыль: памёр Якуб Міско. У мінулым годзе мы разам з ім адпачывалі на Рыжскім узмор’і. Слаўны і адважны быў чалавек. Шмат гора зведаў ён у сваім жыцці: і ў юначыя гады, і ў гады вайны. Якія ж мы бяссільныя перад абліччам смерці! Да апошняга часу ён кожны дзень наведваў на магільніку сваю сяброўку Аню. Усе мы доўга будзем адчуваць яго адсутнасць”.

Юрый Тарасюк

Сям’я Тарасюкоў з Дзятлаўшчыны ў 1930-я гады актыўна ўдзельнічала ў нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі. Прагрэсіўных поглядаў прытрымліваўся старэйшы Аляксандр Тарасюк, яго сыны Міхась і Юрый, а таксама сястра Клава, якая дапамагала братам-падпольшчыкам, выконвала ўсе іх даручэнні, удзельнічала ў мітынгах, распаўсюджвала нелегальную літаратуру. Клаву закатавалі фашысты ў 1942 годзе ў Слоніме. Братоў Міхася і Юрыя напаткаў лёс, як і многіх заходнебеларускіх змагароў – яны пасля вайны апынуліся ў сталінскіх лагерах, дзе Міхась загінуў, а Юрый шмат гадоў правёў далёка ад Бацькаўшчыны.

Нарадзіўся Юрый Тарасюк 7 красавіка 1913 года ў вёсцы Лявонавічы Дзятлаўскага раёна. Бацька яго быў настаўнікам царкоўнапрыходскай школы, маці – хатняй гаспадыняй. Падчас Першай сусветнай вайны сям’ю Тарасюкоў выгналі ў бежанства ў глыб Расіі. Яны апынуліся аж у Саратаве. Там ён арганізаваў школку, дзе навучаў мясцовых дзяцей грамаце.

У 1920-я гады сям’я Тарасюкоў вырашыла вярнуцца дадому, на Беларусь. Калі прыехалі ў Мінск, даведаліся, што родныя мясціны знаходзяцца пад уладай Польшчы. Цягніком даехалі да Баранавіч, адтуль – у Слонім, а са Слоніма на кані – у вёску Казлоўшчына.

Польскія ўлады падазрона ставіліся да тых, хто вяртаўся з Савецкай Расіі, таму бацьку Юрыя Тарасюка называлі бальшавіком. Неўзабаве бацька падаў прашэнне аб адкрыцці беларускай школы, бо ў вёсцы Задвор’е ён знайшоў шмат жадаючых вучыцца. Спачатку ўлады дазволілі адчыніць школу, але праз некалькі дзён паліцыя прыехала ў вёску, дзяцей адправілі дахаты, а школу зачынілі. Дом Тарасюкоў ператварыўся ў месца, дзе збіраліся прагрэсіўна настроеныя людзі акругі. Сюды прыходзілі Віктар, Уладзімір і Анатоль Мазалі, Павел Якубчык і многія іншыя вяскоўцы.  Людзі гаварылі пра палітыку, пра сваё беднае сялянскае жыццё, спявалі беларускія песні, ставілі спектаклі. А потым арганізавалі бібліятэку, пачалі збіраць кнігі. Паліцыя была незадаволена такой актыўнай дзейнасцю, пагражала забараніць спектаклі, бо здагадвалася, што пад прыкрыццём культурных мерапрыемстваў актыўна дзейнічалі мясцовыя камуністы і камсамольцы.

Лідарам камуністаў быў Віктар Мазоль. Сам Юрый Тарасюк ў той час быў ужо камсамольцам. Перад беларускай моладдзю стаяла задача пашыраць нацыянальна-вызваленчы рух. У Казлоўшчыну паступала шмат падпольнай літаратуры: лістоўкі, газеты, кнігі. Яе хавалі ў хлявах, у гумнах, бо дома трымаць баяліся: калі знойдзе паліцыя, гаспадару пагражаў вялікі тэрмін зняволення.

У Казлоўшчыне Юрый Тарасюк вучыўся ў польскай школе, а пасля заканчэння, у 1927 годзе, паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Там пачалося актыўнае падпольнае жыццё: падпольная арганізацыя гімназіі мела сувязь з гарадской арганізацыяй КПЗБ і КСМЗБ. Камсамольцы гімназіі ўдзельнічалі ва ўсіх рэвалюцыйных выступленнях гарадскіх арганізацый. Так паступова Юрый Тарасюк падключыўся да падпольнай барацьбы ў Вільні. Моладзь развешвала сцягі ў людных месцах, расклейвала і раскідала лістоўкі, іншую літаратуру, якую друкавалі ў Вільні, або прысылалі з Варшавы, удзельнічала ў дэманстрацыях. Канспірацыя была строгая. Кожны ведаў толькі тое, што павінен быў ведаць. Гэта рабілася дзеля таго, каб не выдалі таварышаў, калі трапяць у дэфензіву. Забастоўкі таксама рыхтавалі ў строгай канспірацыі.

За час вучобы ў Віленскай гімназіі, Юрый зблізіўся з паэтам Валянцінам Таўлаем. Валянцін быў камсамольскім лідарам. У час вучобы давялося Юрыю пабыць і вязнем Гродзенскай турмы – адседзеў у малюсенькай камеры ўсю зіму 1929-1930 гадоў. Судзілі камсамольцаў у Слоніме. Юрыю было тады 17 гадоў, Таўлаю – 16. Далі хлопцам па тры гады ўмоўна, таму Юрый быў вымушаны вярнуцца ў Казлоўшчыну. Тут ён адразу падключыўся да камсамольскай работы, аднак пастаянна знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Таму вырашыў паехаць назад у Вільню. Праз некаторы час было адменена рашэнне слонімскага суда, у Вільні адбыўся новы суд, які прысудзіў Юрыя Тарасюка і дваіх яго сяброў да 5 гадоў зняволення.  Хлопцам удалося схавацца, і праз некаторы час яны перайшлі мяжу. Так заходнікі апынуліся ў Савецкай Беларусі. З пагранічнай заставы іх забраў прадстаўнік КПЗБ і перавёз у Мінск. Маладых людзей забяспечылі працай. Юрый каля двух гадоў працаваў у Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Акадэміі навук БССР.

Аднойчы Юрыя і Валянціна Таўлая выклікалі ў ЦК партыі, у кабінет другога сакратара. Было вырашана накіраваць іх у Заходнюю Беларусь для работы ў падполлі. Таўлай паехаў вясной 1933 года, а Юрый павінен быў ехаць восенню, але яго нечакана накіравалі ў падпольную партыйную школу КПЗБ. Там ён прабыў нядоўга, ужо 27 жніўня Юрыя на спецыяльнай машыне адвезлі ў УНК (Усесаюзная надзвычайная камісія), і пад рукі завялі на самы верхні паверх, пасадзілі на табурэтку і пачалі прыводзіць да яго вядомых дзеячаў падпольнай барацьбы ў Заходняй Беларусі – дэпутатаў польскага сейма: Пятра Мятлу, Сымона Рак-Міхайлоўскага, Максіма Бурсевіча, Ігната Дварчаніна, Язэпа Гаўрыліка. Навошта гэта рабілася, вясковы хлопец тады не зразумеў. Калі ж яго завялі ў кабінет да следчага, ён наіўна кінуўся распытваць, чаму гэтыя людзі тут: яны ж шчырыя беларусы, змагары ў Заходняй Беларусі. Следчы скоса паглядзеў на Юрыя і пачаў допыт. Праз паўгадзіны ён ужо сядзеў у камеры.

Толькі на наступным допыце стала зразумела, што хлопца абвінавачваюць у антысавецкай дзейнасці. Допыты ішлі па некалькі гадзін. Працягваліся допыты тыдні тры, затым хлопца адправілі ў гарадскую турму, у агульную камеру. Усе, хто там сядзеў, не ведалі сваіх спраў, не разумелі, у чым іх абвінавачваюць.

Выклікалі яго яшчэ некалькі разоў. Тыя ж пытанні, але ён усё адмаўляў. І нарэшце не вытрымаў і сказаў: „Ведаеце, я вінаваты толькі ў тым, што згадзіўся перайсці мяжу і прыбыць сюды, у Савецкі Саюз. Толькі ў гэтым я лічу сябе вінаватым”.

Хлопца мучылі тыдні са тры, затым без усякіх тлумачэнняў адправілі ў агульную гарадскую турму. Там сядзелі тыя, хто прайшоў праз АДПУ. Юрыя Тарасюка памясцілі ў агульную камеру. Праз сцяну сядзеў Валошын, адзін з кіраўнікоў Грамады, яго трымалі ў адзіночцы. Людзям не прад’яўлялі ніякіх абвінавачванняў, спраў сваіх ніхто не ведаў.

Юрый прасядзеў у гэтай камеры доўга. Толькі ў лютым усіх з камеры пастроілі на калідоры, пачалі выклікаць да століка, за якім сядзеў ахоўнік, і аб’яўляць тэрміны пакарання: „Дзесяць гадоў, на Поўнач, артыкул 58 – 6.11”. Вось і ўвесь суд. Потым зняволеных адправілі ў нейкі клуб. Калі там сабралася каля дзвюх тысяч чалавек, усіх павялі на вакзал.  Ішлі пяшком, калонай. Юрый адчуваў жах, не разумеў, што адбываецца, за што ён стаў злачынцам.

Праз некалькі дзён была Масква, потым Ухта. У лагеры выконвалі розныя работы, пераважна земляныя і будаўнічыя: ставілі сваі, дзяўблі вечную мерзлату.

Пасля юнака адправілі на промысел №2. Там здабывалі нейкую радыеактыўную руду. Пазней стварылі камісію, якая вырашала, хто годны ехаць далей. Усіх зняволеных, якія па стане здароўя маглі працаваць на Поўначы, адправілі туды. Прайшоў камісію і Юрый, не дапамагла спасылка на цынгу, якой ён хварэў.

Сабралі шмат народу. Шлях ляжаў на Варкуту, на вугальныя шахты. Дарога была ўжо находжаная. Частку шляху ішлі па сушы, частку – плылі на баржах. Зімой зняволеныя ішлі па рэках, як па найбольш зручнай дарозе. Прыйшлі ў лагер Тобыс вясной. Лагер нарыхтоўваў драўніну: валілі лес і сплаўлялі яго па невялікай рэчцы, што моцна разлілася вясной.

Наступным пунктам этапу быў лагер Неасіэль. Тут былі зняволеныя, якіх абвінавачвалі толькі па 58-м артыкуле. Казалі, што пасля выканання работы усіх могуць расстраляць. Але пасля таго, як яны нарыхтавалі і ўдала сплавілі драўніну, іх пагрузілі на баржу і адправілі далей.

На баржу ўціснулася шмат народу. На адным баку яе быў 58-ы артыкул, на другім, у куце, – крымінальнікі. Нярэдка паміж палітычнымі і крымінальнікамі ўзнікалі канфлікты, бо крымінальнікі стараліся адабраць пайкі, курыва. За перагародкай у труме знаходзіліся жанчыны. Яны сядзелі ўсе разам: і крымінальніцы, і палітычныя.

За ўсё падарожжа на баржы зняволеныя не бачылі неба. Па якой рэчцы плылі спачатку, Юрый не помніў, потым была Пячора. Плылі доўга, да ракі Варкуты. У вусці ракі зняволеных высадзілі і па вузкакалейцы павезлі да канечнага пункта – у Варкуту на шахты.

Савецкія войскі стаялі каля межаў Германіі. Да гэтага часу тэрмін у Юрыя Тарасюка скончыўся, але пра вызваленне не было і гаворкі. Усіх, чый тэрмін скончыўся, не пускалі на волю. Толькі ў канцы 1944 года пайшла чутка, што частку зняволеных могуць вызваліць. Юрый пайшоў да свайго інжынера Пятрушына, і той яго запісаў як арыштанта, чый тэрмін скончыўся. Праз месяц па лагерным радыё аб’явілі пра вызваленне, пачуў і Юрый сваё прозвішча.

Вызваліць вызвалілі, але без права выезду. І дакументаў не далі. Выдалі толькі часовыя пашпарты, але і тыя праз колькі часу забралі. Няпэўнасць становішча нарадзіла чутку, што могуць зноў пасадзіць у лагер. Але не: прыкладна праз год вызвалілі і далі пашпарты. Ды зноў без права выезду і на кароткі тэрмін. Як скончылася вайна, зняволеным сказалі:  «Можаце ехаць, куды захочаце”.

Юрый напісаў ліст сваім бацькам і хутка вярнуўся да маці ў Казлоўшчыну. Але радасці было мала, бо хутка ён зноў апынуўся ў лагерах. Цягніком прывезлі ў Свярдлоўск.

Усё лета зняволеныя прасядзелі ў Свярдлоўскай турме, але не ва ўнутранай турме МДБ, а ў гарадской. Тут умовы былі трохі лепшыя. Лепшае харчаванне, вялікія вокны, хоць і з кратамі. У камеры, дзе сядзеў Юрый, было каля 100 чалавек, і гэта лічылася нямнога. У кастрычніку ўсіх зняволеных выклікалі, пастроілі ў калону і павялі на вакзал. Там усіх адразу пагрузілі ў сталыпінскія вагоны. Яны ўяўлялі сабой адкрытыя камеры, але камера з камерай не магла бачыцца, была ізалявана.

Ехалі спачатку да цяперашняга Цалінаграда. Тады гэта была маленькая станцыя Акмолінск. Там быў прыпынак, а потым павезлі далей, да Караганды. Там пасадзілі ў драўляную турму, таму ўсе вельмі баяліся, каб не было пажару. Турэмны рэжым быў больш ліберальны, чым у сапраўдных зняволеных. Напрыклад, пры пераходах прысутнічаў ахоўнік, але ён ішоў у канцы калоны.

З Караганды пеша прыйшлі спачатку ў Сарань, а адтуль у пасёлак Дубоўка. У Дубоўцы зняволеных здалі пад распіску мясцоваму прадстаўніку МДБ Аманжогаву. Той пасяліў групу ў даволі чыстым памяшканні і сказаў, што заўтра ўсе пойдуць на работу. Аховы больш не будзе. Людзі ўздыхнулі з палёгкай, выйшлі на вуліцу. Вакол ціха. Свабода. А раніцай іх павялі на працу. Юрый трапіў на шахту №7. Шахта была новая, толькі прабівалі ствол. Працаваў то ў шахце, то на горнаўзбагачальнай фабрыцы…

Добра запомніў Юрый, як памёр Сталін. Было вельмі напружанае становішча, усе баяліся. Калі пайшлі ўсе адзначацца, сабраліся ссыльныя, і атрымалася ў іх такая размова: калі пражывуць некалькі дзён, то будуць жывыя…

Мінула некалькі месяцаў. Выклікалі Юрыя Тарасюка ў МДБ. Прыйшоў. Выйшла жанчына з папкай, прапанавала сесці насупраць. Дала пачытаць справу. Чытае: па 58-м артыкуле ў яго былі амаль усе пункты: 4-ты – сувязь з замежжам, 6-ы – шпіянаж, 7-ы – шкодніцтва, 8-ы – тэрор, 10-ы – агітацыя, 11-ы – контррэвалюцыйная арганізацыя. Як прачытаў Юрый, аж аслупянеў: чаму, наогул, яшчэ жывы?..

Затым жанчына дала паперку, дзе было напісана:  „Асобая нарада вырашыла, што за адсутнасцю складу злачынства справа спынена”. Жанчына сказала, што на аснове гэтай паперы Юрый можа атрымаць пашпарт і іншыя дакументы, якія меў да арышту.

Горка стала на душы: чаму ж так, „за адсутнасцю складу злачынства” справу спыніць. Гэта аказваецца, злачынства ёсць, а складу няма. Значыць, чалавек памылкова абвінавачаны?..

Жанчына прамаўчала. Ды і што яна магла сказаць? Колькі прайшло праз яе рукі такіх скалечаных лёсаў, не злічыць…

Да адпраўкі аўтобуса заставалася некалькі гадзін. Юрый ішоў па вуліцы і нёс у руках паперу, ніяк не мог пакласці ў кішэню. За што? За што ён страціў лепшыя гады жыцця, сваю маладосць? Адказу не было.

Пасля доўгіх блуканняў Юрый Тарасюк у 1965 годзе вярнуўся ў Казлоўшчыну. Яшчэ жыла яго маці, таму пасяліўся ў яе. Калі ў 1972 годзе маці памерла, застаўся жыць адзін.

Юрый Тарасюк у апошнія гады жыцця
Юрый Тарасюк у апошнія гады жыцця

Канчаткова справа Юрыя Тарасюка была перагледжана ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі 11 верасня 1956 года. Судзімасць была знятая за адсутнасцю складу злачынства.

Памёр Юрый Тарасюк 8 лістапада 1990 года.

Міхаіл Макулік

Лёс Міхаіла Макуліка, у параўнанні з вышэй названымі яго равеснікамі, быў трохі лепшы. Нарадзіўся ён у вёсцы Алекшыцы Бераставіцкага раёна. У 1930 годзе ўступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю Заходняй Беларусі, займаўся падпольнай дзейнасцю. Хутка Міхаіл быў арыштаваны і два гады адсядзеў у гродзенскай турме.

Калі ў Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада, Міхаіла Макуліка прызначылі  загадчыкам пачатковай школы ў вёску Гольні Бераставіцкага раёна. Дзеці з радасцю вучыліся, актыўна вывучалі сваю родную мову. У чацвёрты клас хадзілі хлопцы і дзяўчаты, якім было ўжо па 14-16 гадоў. Але яны стараліся вучыцца, таму што шмат за многія гады было страчана.

Міхаіл Макулік (у цэнтры) з сябрамі, 1940-я гады
Міхаіл Макулік (у цэнтры) з сябрамі, 1940-я гады

У вёсцы, дзе жыў Міхаіл Макулік, быў створаны гурток мастацкай самадзейнасці, які наведвала каля 50 чалавек. Моладзь арганізоўвала і ставіла спектаклі, якія пры Польшчы забаранялі. Ставілі «Паўлінку» па п’есе Янкі Купалы і «Збянтэжаны Саўка» па п’есе Леапольда Родзевіча.

1 чэрвеня 1941 года Міхаіла Мікуліка перавялі на працу ў Крынкі. Там ён працаваў намеснікам сакратара Крынкаўскага РК ЛКСМБ.

Другая сусветная вайна застала Макуліка ў Беластоку, дзе адбываўся трэці пленум абкама ЛКСМБ. На пленум ад Крынкаўскага РК ЛКСМБ Макулік прыехаў разам з першым сакратаром М. Сафронавым 21 чэрвеня 1941 года. Там абмяркоўвалася пытанне пра задачы камсамольцаў у пад’ёме культурна-масавай работы на вёсцы. Але ў чатыры гадзіны раніцы на школы, вуліцы, скверы паляцелі бомбы. Першы сакратар Беластоцкага абкама ЛКСМБ Стрыжак сказаў: «Пачалася вайна. Вакзал разбіты. Дамоў усе дабірайцеся, хто як можа». І хлопцы, і дзяўчаты пайшлі дамоў пяшком кожны сваёй дарогай…

Міхаіл Макулік хутка апынуўся ў партызанах. Праз пэўны час ён быў ужо намеснікам камісара партызанскай брыгады імя Дзяржынскага.

Пасля вайны Міхаіл Макулік спачатку працаваў на камсамольскай рабоце, а потым з 1960 года жыў на Дзятлаўшчыне і працаваў у Казлоўшчынскім СПТВ-15 намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў большую частку свайго жыцця.

Ратныя подзвігі Міхаіла Макуліка адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Ён меў ганаровае званне заслужанага настаўніка прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларусі, быў ганаровым грамадзянінам гарадскога пасёлка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна…

… Вось такі быў няпросты лёс заходнебеларускіх хлопцаў. І, як казаў некалі Міхаіл Макулік, чым далей адыходзілі гады, тым даражэйшым станавіўся час вогненнай маладосці.

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis