У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў (Ф.1, вопіс 1, адзін. зах. 151) захоўваюцца пісьмы беларускага грамадска-культурнага дзеяча, літаратуразнаўца, былога рэдактара віленскіх часопісаў „Калоссе” і „Шлях моладзі” Янкі Шутовіча (1904-1973) да Мар’яна Пецюкевіча (1904-1983) – беларускага этнографа, публіцыста, грамадска-культурнага дзеяча.
Янка Шутовіч і Мар’ян Пецюкевіч былі равеснікамі. Першы з іх нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Смаргоншчыны, другі – на Браслаўшчыне. Пасля ГУЛАГу Янка Шутовіч жыў у Вільні, а Мар’ян Пецюкевіч – у Торуні. Вось некалькі штрыхоў з іх біяграфій.
Восенню 1919 года Янка Шутовіч апынуўся ў Вільні. Маючы ўжо пэўную адукацыю, быў залічаны адразу ў чацвёрты клас Віленскай беларускай гімназіі. У 1924 годзе ён скончыў Віленскую беларускую гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. З дыпломам магістра права ў той Польшчы ўладкавацца па спецыяльнасці выпускніку-беларусу было амаль немагчыма, і таму быў вымушаны юнак выконваць самую разнастайную працу, што часам зусім не адпавядала яго адукацыі. Але асноўным напрамкам дзейнасці Янкі Шутовіча ў гэты перыяд становіцца публіцыстыка.
Першыя яго артыкулы былі прысвечаны Таварыству беларускай школы ў Вільні, падпісаны крыптанімам Я. Ш-ч. Яны з’явілася ў 1927 годзе ў „Беларускім календары”, але большасць артыкулаў (пра Цішку Гартнага, Адама Гурыновіча, Паўлюка Труса, Міхася Машару, Язэпа Драздовіча, Шота Руставелі) датуюцца 1932–1939 гадамі. Яны друкаваліся ў газеце „Беларуская крыніца”, у часопісах „Шлях моладзі”, „Калоссе”.
З 1935 па 1939 гады Янка Шутовіч быў адказным рэдактарам і выдаўцом аднаго з самых вядомых заходнебеларускіх перыядычных выданняў – літаратурна-навуковага часопіса „Калоссе”, дзе друкавалі свае творы Максім Танк, Валянцін Таўлай, Міхась Машара, Анатоль Іверс, Адам Станкевіч, Рыгор Шырма ды іншыя. За актыўную дзейнасць у справе беларускага нацыянальнага адраджэння Янка Шутовіч быў зняволены польскімі ўладамі ў Картуз-Бярозаўскі канцэнтрацыйны лагер, адкуль быў вызвалены ў 1939 годзе савецкімі войскамі.
З 1940 года Янка Шутовіч сумяшчаў пасаду выкладчыка ў Беларускай настаўніцкай семінарыі з працай навуковага супрацоўніка, а потым і дырэктара Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Падчас фашысцкай акупацыі музей быў выселены з Базылянскіх муроў, дзе знаходзіўся з моманту свайго ўтварэння. У канцы вайны стала вядома, што фондам музея пагражае адпраўка ў Германію. Таму Янка Шутовіч разам са сваімі супрацоўнікамі, а таксама з дапамогай неабыякавых да лёсу Беларускага музея людзей, здолеў найбольш каштоўныя музейныя экспанаты перавезці на захаванне ў склеп касцёла Святога Міхала ў Вільні, адміністратарам якога ў той час быў вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння ксёндз Адам Станкевіч (1891-1949).
У лістападзе 1944 года Янка Шутовіч быў арыштаваны органамі НКУС і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Пакаранне адбываў у Унжлагу Горкаўскай вобласці і ў Пясчанлагу Карагандзінскай вобласці. У 1958 годзе беларус быў рэабілітаваны, справа ў адносінах да яго была спынена за недаказанасцю віны.
Аднак вызваленне і зварот на радзіму прынеслі не толькі радасць. Былому ссыльнаму, да таго ж з падарваным здароўем, было вельмі складана ўладкавацца на працу. Нарэшце пашчасціла атрымаць месца пажарніка ў Вільнюскім дзяржаўным мастацкім музеі. Цяжкія выпрабаванні, што выпалі на долю гэтага чалавека, не зламалі яго патрыятычны дух. Адданы беларускай справе, даследчык па прызванні, ён шмат часу аддаваў працы ў архівах і бібліятэках, адшукваў цікавыя дакументы. Такім чынам быў знойдзены і рукапіс рамана-хронікі Максіма Гарэцкага „Віленскія камунары”.
Янка Шутовіч рыхтаваў матэрыялы пра вядомых дзеячаў беларускай культуры: рэвалюцыянера, паэта-дэмакрата, фалькларыста Адама Гурыновіча, класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, выдатнага спевака Міхала Забэйду-Суміцкага і іншых.
Жывучы ў Літве, Янка Шутовіч падтрымліваў сувязі з Беларуссю, з’яўляўся пазаштатным карэспандэнтам органа Саюза пісьменнікаў БССР часопіса „Полымя”, супрацоўнічаў з Акадэміяй навук БССР, пісаў артыкулы, прысвечаныя беларускай мове, захаванню помнікаў беларускай культуры і іншыя. Разам з жонкай, літоўскай паэткай Онай Міцютэ, Янка Шутовіч займаўся перакладамі твораў беларускіх і літоўскіх пісьменнікаў.
Асоба Мар’яна Пецюкевіча таксама вартая светлай памяці. У 1922 годзе ён паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Падчас вучобы разгарнуў асветніцкую дзейнасць у вясковым асяроддзі па прапагандзе друкаванага беларускага слова, беларускіх народных песень, твораў беларускіх пісьменнікаў. Пасля заканчэння гімназіі ў Вільні вучыўся ў 8-м класе Радашковіцкай гімназіі. Паспрабаваў выехаць у Прагу, каб працягнуць вучобу, але на мяжы быў затрыманы польскай паліцыяй і пад прымусам узяты ў войска, дзе спачатку быў накіраваны ў Цешынскую афіцэрскую школу, а потым – у пяты полк легіянераў. Звольніўся са службы Мар’ян Пецюкевіч напачатку 1929 года. У 1929 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт на гуманітарны факультэт, дзе вывучаў гісторыю, этнаграфію, этналогію, славістыку, археалогію.
Пасля вучобы Мар’ян Пецюкевіч жыў у Вільні, працаваў у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, быў сябрам Беларускага навуковага таварыства, рэдактарам маладзёжнага часопіса «Шлях моладзі» у 1930–1935 гадах, супрацоўнічаў з Беларускім музеем імя Iвана Луцкевіча.
У 1939 годзе быў першым рэдактарам беларускіх перадач на Віленскім радыё, выконваў абавязкі дырэктара дзяржаўнай бібліятэкі імя Урублеўскіх і актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці прафсаюза працаўнікоў культуры Вільні. У кастрычніку 1939 года быў прызначаны дырэктарам Беларускага музея.
У першыя дні гітлераўскай акупацыі беларус выехаў у вёску да сям’і, потым па загаду Беларускага нацыянальнага камітэта арганізаваў у Вільні беларускія настаўніцкія курсы, дзе выкладаў беларускую мову і літаратуру.
У 1949 годзе Мар’яна Пецюкевіча рэпрэсіравалі за «нацыяналізм» і разам з сям’ёй саслалі ў Сібір (г. Ужур Краснаярскага краю), да 1957 года ён знаходзіўся на катаржных работах у Варкуцінскім лагеры. Паводле пастановы Спецыяльнай Маскоўскай камісіі, быў вызвалены і выехаў у Польшчу да жонкі.
3 1959 да 1970 гады Мар’ян Пецюкевіч працаваў у Этнаграфічным музеі ў Торуні. Часта выязджаў у творчыя камандзіроўкі, сустракаўся з беларускімі дзеячамі культуры, сабраў каштоўны навуковы і мастацкі матэрыял. Пісаў артыкулы на самыя разнастайныя тэмы, але найчасцей – этнаграфічныя матэрыялы. Шмат друкаваўся ў беларускім друку ў Польшчы і ў Беларусі. Пасля смерці выйшлі з друку кнігі Мар’яна Пецюкевіча „У пошуках зачараваных скарбаў” (Вільня, 1998), „Лісты (1956-1982)” (Беласток, 2005), „Кара за службу народу” (Беласток, 2001) і „Сляды незабыўных продкаў” (Мінск, 2007).
Лісты Янкі Шутовіча да Мар’яна Пецюкевіча былі дасланыя з Вільні ў Торунь у 1965-1966 гадах. Яны цікавыя тым, што іх аўтар піша пра свае жыццёвыя справы і захапленні, пра сяброўства з прафесарам Янінай Гурыновіч, пра тое, як ён вядзе пошукі пра беларускага паэта-рэвалюцыянера Адама Гурыновіча (1869-1894) і г.д.
Падборка гэтых пісем будзе апублікаваная ў наступным нумары. З’явяцца яны ў друку ўпершыню.
Сяргей Чыгрын