Інжынер з Беларусі разам з сям’ёй вырашыў пераехаць у Канаду і дзеліцца вось уражаннямі з жыцця ў гэтай краіне.
Андрэй працаваў на адным з прадпрыемстваў у Берасці. У пачатку сакавіка бягучага года разам з жонкай і трыма дзецьмі ён пераехаў з Беларусі ў Канаду. Кажа, што пытанне пераезду стала асабліва вострым з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022 годзе: „У першую чаргу мы кіраваліся будучыняй нашых дзяцей (а іх у нас трое) і ўласнай бяспекай”. Дакументы Андрэй з жонкай пачалі рыхтаваць у пачатку ліпеня 2022 года, а напрыканцы студзеня 2023 года запаветныя візы былі ў руках. Адразу купілі білеты на 8 сакавіка ў Ванкувер з вылетам з Варшавы.
Разам з жонкай вельмі перажывалі, каб не закрылі межаў, таму што тады іх маршрут павялічыўся б як у плане адлегласці, так і грашовых выдаткаў. Але ўсё абышлося і яны паспяхова выехалі з Беларусі на пачатку сакавіка.
Квіткі на самалёт, расказвае Андрэй, купілі самыя танныя (за ўсіх 5 чалавек выйшла 3600 $) з двума перасадкамі. Першая была ў Франкфурце, другая ўжо ў Таронта. Увесь пералёт з перасадкамі быў вельмі цяжкі і заняў 27 гадзін.
Першым месцам у Канадзе, дзе апынуліся Андрэй і яго блізкія, быў аэрапорт у Таронта. Сям’ю з Беларусі вельмі здзівіла вялікая колькасць людзей розных нацыянальнасцей, пабачылі вельмі шмат індусаў, кітайцаў і выхадцаў з Азіі.
„Калі прыехалі ў Ванкувер, то пазнаёміліся бліжэй з жыццём і культурай Канады, – дзеліцца ўражаннямі наш субяседнік. – Было незвычайным тое, што з табой на вуліцы ўсё вітаюцца, пытаюцца як справы, праводзяць з табою кароткія размовы на 10-15 секунд, ні да чаго не прымушаючыя, даюць нейкі прыемны эфект. Гледзячы на на людзей, на іх побыт, на дамы, машыны спачатку не верылася, што гэта ўсё адбываецца з намі, і як так атрымалася, што мы апынуліся на іншым канцы свету. Пакуль што, сустракаем тут толькі добрых людзей, якія без карысці жадаюць дапамагчы табе”.
Што тычыцца бытавых умоў, то на дадзены момант Андрэй з сям’ёй жывуць у „хастоў” – гэта сям’я якая прапанавала пажыць у іх бясплатна два месяцы, пакуль ён не аформіць усе дакументы, уладкуецца з жонкай на працу і нойме жыллё. Мужчына кажа, што арэнднага жылля ў горадзе, дзе ён зараз жыве, няшмат, але яно ёсць. Галоўным чынам гэта альбо ніжнія паверхі ў прыватных хатах (бейсмент) ці верхні паверх у тым жа доме. Многія купляюць дамы ў крэдыт, абстаўляюць усім неабходным ніжні паверх, робяць асобны ўваход і жывуць так са з’ёмшчыкамі, тым самым перакрываючы плату за крэдыт і камунальныя, што вельмі зручна. Па кошце двухпакаёвы бейсмент плюс пярэдні пакой, у якім таксама можна жыць, будзе каштаваць ад 2000 $. Амаль усё арэнднае жыллё без мэблі, будзе толькі мэбля на кухні, халадзільнік, пліта, пральная машына і сушылка. Але каб арандаваць такое жыллё, трэба афіцыйна працаваць і мець дакументы аб працаўладкаванні, таму што ўсе ўладальнікі нерухомасці жадаюць быць упэўненымі ў плацежаздольнасці арандатараў.
Паводле Андрэя, да людзей з іншых краін у Канадзе ставяцца аднолькава добра, незалежна з якой краіны хто прыехаў. Бо амаль кожны чалавек у Канадзе імігрант у нейкім пакаленні: „У цэнтры дапамогі „ньюкамерам” (эмігрантам, якія толькі прыехалі ў Канаду) ёсць мапа, дзе шпількай можна адзначыць адкуль ты прыехаў, дык вось ёсць шпілька на Мінску, магчыма, калісьці і сустрэнемся з беларусамі. Нядаўна пераходзячы дарогу на пераходзе, з намі прывіталася нейкая дзяўчына на расійскай мове, сказала добрай раніцы, міла ўсміхнулася „па-канадску” і пайшла далей”.
Сям’я з Беларусі зараз жыве ў Вернане ў Брытанскай Калумбіі. Гэта невялікі горад з насельніцтвам крыху больш за 40 тысяч чалавек, знаходзіцца ў гарах. Андрэй з жонкай спынілі на ім выбар таму, што у Вернане дзейнічае выдатная праграма для міграцыі, у якой прысутнічае яго спецыяльнасць (мужчына працаваў інжынерам па цеплафікацыі і газавым абсталяванні.
„Калі ў цябе ёсць досвед працы не меней 12 месяцаў за апошнія тры гады, нават без канадскага досведу, – кажа наш суразмоўца, – то пры наяўнасці ўсіх патрэбных дакументаў можна адразу падаваць на внж, а калі ў цябе ёсць внж, то можна жыць і працаваць у любым пункце Канады. Магчыма, нам і не трэба будзе нікуды потым пераязджаць, бо тут вельмі прыгожа, сонечна і цёпла, што немалаважна. Горад размешчаны ў даліне, акружаны гарамі і вялізным возерам. Ёсць вялікая колькасць трэйлаў як для пешых, так і велапрагулак. А ў 20 хвілінах язды ёсць гарналыжны курорт, дзе да траўня можна катацца на лыжах і сноўбордзе”.
Што тычыцца працаўладкавання, то са слоў мужчыны працы хапае нават у невялікім горадзе, але ўсё залежыць ад ўзроўню валодання англійскай мовай. Калі ён мінімальны або яго няма наогул, то гэта будзе нізкааплатная праца (15 $ за гадзіну). Калі гэта сярэдні ўзровень і чалавек можа нешта рабіць рукамі, то за гэта плацяць ужо 24 $ за гадзіну. Добра валодаючы англійскай мовай можна атрымліваць да 40 $ за гадзіну. Так што пры жаданні і працуючы ў дваіх, можна нядрэнна сябе адчуваць.
На нашую просьбу Андрэй падзяліўся ўражаннямі ад мясцовых цэн. Яны ў Канадзе нашмат вышэйшыя, чым у Беларусі ці ў Польшчы. Мужчына расказвае, што адукацыя ў школах там бясплатная, а вось за дзіцячыя сады трэба плаціць: „Толькі за тое, каб цябе паставілі ў чаргу ў сад, трэба заплаціць 700 $. Кошт месячнай платы за садзік ад 1000 $”.
Мужчынская стрыжка будзе там каштаваць ад 20 $. Затое гародніна і садавіна даволі танныя. На прыклад, бананы каштуюць ад 0,67 да 0,87 цэнта за 1 кг. Па словах Андрэя, ён пакуль не бачыў, каб недзе прадавалі грэчку і сала, але, магчыма, недзе яны ёсць. Бензін каштуе 1,67 $ за літр. Страхоўка на машыну прыкладна 120 $ у месяц, але там ёсць нюансы, якія зніжаюць кошт (стаж і безаварыйнасць). Каб заправіць машыну, гадзіна працы на СТА будзе каштаваць ад 200 $.
Машыны каштуюць на погляд нашага суразмоўцы даступна: „ Напрыклад, Dodge Journey 2012 г. будзе каштаваць 7000 $ (у Беларусі 13000 $), а VW Tiguan 2020 года выйдзе ў 30 000 (у Беларусі 44 000 $). У большасці людзей тут у наяўнасці як мінімум дзве, а то і тры машыны. Гэта пікап, седан ці мінівен, і трэйлер. Вельмі шмат трэйлераў, канадцы літаральна памяшаныя на іх”.
Адзення ані Андрэй, ані яго блізкія, пакуль у Канадзе не куплялі, але мужчына не думае, што яно каштуе даражэй чым у Беларусі.
Андрэй упэўнены, што плюсы Канады пакуль перакрываюць мінусы, і плануе там з сям’ёй застацца.
Размаўляў Сяргей Александровіч