Сёння ў сваім Паўднёвым Востраве і наваколлі правёў я невялікую выбарчую акцыю, дапамагаючы Асі Чабан з Крынак, якая ў нашай акрузе балатуецца ў радныя гміны. Менавіта я ёй гэта прапанаваў і яна згадзілася. Жыве, праўда, у Крынках, але вёскі ў нашай акрузе ёй вельмі блізкія. Першыя гады жыцця правяла яна ў школе ў Востраве, дзе настаўнічалі яе бацькі Марыя і Ян Чабаны. Яны жылі там наверсе. Цяпер гэты будынак – як шэдэўр традыцыйнай драўлянай архітэктуры Падляшша (ужо такіх амаль няма) – выглядае крыху інакш. Яго цяперашнія ўласнікі зрабілі ў ім пансіянат і прымаюць турыстаў.
Яе маці родам з нашай вёскі, а бабуля Верушка пахаваная на востраўскіх могілках.
Ася часта ў нашых вёсках бывае, ведае тут многіх жыхароў і іх праблемы, асабліва пажылых людзей, якіх тут пераважная большасць. Яна – адукаваная асоба, ведае замежныя мовы. Англійскую, а нават вывучыла з Інтэрнэту габрэйскую і наладзіла шматлікія кантакты з габрэямі і не толькі ва ўсім свеце. Многія часта да яе прыязджаюць і яна праводзіць іх па Крынках, паказваючы сляды, якія засталіся з надта багатай і разнастайнай гісторыі габрэяў у мястэчку, у якім да вайны складалі яны тры чвэрці насельніцтва.
Ася даследуе іх жыццё і знаходзіць у свеце нашчадкаў. Сама жыве ў прыгожа адрамантваным даваенным яшчэ доме, у якім сабрала шмат экспанатаў і літаратуры на габрэйскія тэмы. Пра гэта піша таксама артыкулы ў „Ніву”. На штодзень працуе як школьны педагог у Саколцы.
У мінулых гадах мая сардэчная сяброўка намагалася праяўляць актыўную культурную дзейнасць у Крынках. Між іншым запісвала беларускія народныя песні ў мястэчку і наваколлі ды выконвала іх з сяброўкай у дуэце „Зараніца”, выступала ў Беластоку на фестывалях беларускай песні. Пэўны час вяла таксама дзіцячую „Заранку” з такім жа рэпертуарам.
Яе дзейнасць у карысць беларускай ды перад усім габрэйскай спадчыны у кансерватыўна-касцельных Крынках не ўсім, на жаль, аказалася даспадобы. Таму з часам спыніла сваю дзейнасць у мясцовым Доме культуры і пачала рабіць гэта самастойна.
Я не мог пагадзіцца з тым, што Крынкі Асю пакрыўдзілі, замест пакарыстацца яе талентам і магчымасцямі. Таму цяпер прыдумаў, што добра было б, каб увайшла яна ў Гарадскую раду і тады людзі будуць яе больш паважаць. Напэўна была б вельмі актыўнай раднай. Паколькі ў саміх Крынках мае мала на гэта шанцаў, я прыдумаў ход, каб выставіць яе менавіта ў сваёй вясковай акрузе. Апрача яе ёсць тут, праўда, яшчэ трое кандыдатаў. Двое з іх у выбарах не будзе лічыцца, бо гэта выпадковыя асобы. Адзіным папраўдзе канкурэнтам ёй – ад кіруючай бурмістр – з’яўляецца гаспадар з Гураняў, але ён за каровамі не бачыць свету.
У сваёй афішцы Ася напісала, што „жыве не для сябе, стаіць на баку прыгнечаных і пакрыўджаных”. Мне гэта надта спадабалася і стаў яе яшчэ больш паважаць. Падказаў ёй таксама, што трэба прапанаваць людзям, каб набраць як найбольш галасоў. У праграме ва ўлётцы на першым месцы мы паставілі, вядома, пабудову дарог, рамонт жвіровак і вясковых вуліц. Гэтая дзялянка ў гміне ўсюды вельмі занядбаная. Апрача саміх Крынак, у якіх ужо ўсе вулічкі, нават прыгуменныя, залітыя цяпер асфальтам. У вёсках пражывае толькі кожны чацвёрты жыхар гміны і таму мясцовыя ўлады да патрэб гэтых людзей дасюль ставіліся па-мачышанаму. У вёсках апрача водаправодаў практычна нічога не рабілі, але грошы ў гмінны бюджэт цягнулі колькі маглі. Перад усім з продажу камуналізаваных калісь участкаў. Справядліва было б, каб прынамсі частка гэтых грошай вярталася ў вёскі. Каб было за што паджвіраваць дарогу ці ў іншы спосаб аблегчыць там жыццё людзям. І наогул у бюджэце гміны павінен быць выдзелены фонд (fundusz soecki), каб жыхары самі вырашалі, на што выдаткаваць гэтыя грошы.
Такую вось з большага выбарчую праграму мае Ася. Калі стане раднай, вядома, будзе клапаціцца за ўсіх жыхароў Крынскай гміны, якая цяпер маланкава абязлюднее, у тым ліку таксама яе гарадскі цэнтр.
У нашай акрузе найбольш, бо ажно трынаццаць вёсак, але пражывае ў іх агулам толькі крыху больш за сотня жыхароў. А тых, якія могуць тут галасаваць, яшчэ менш. Ёсць тут вёскі, у якіх наогул амаль ніхто пастаянна не пражывае. Ад мінулых самаўрадавых выбараў колькасць людзей у акрузе паменшала на 30-40 асоб. Пры такой яўцы як тады прагаласуе толькі недзе семдзесят асоб. У сітуацыі, калі маем чатырох кандыдатаў, можа хапіць толькі 30-40 галасоў, каб стаць радным.
Ася мае даволі вялікія шанцы. Гэта было бачна па тым, як рэагавалі людзі, да якіх заходзілі мы са сваёй выбарчай газетай і ўлёткамі. Усе сустракалі нас вельмі ветліва, а некаторыя – перш зa ўсё ў Востраве – адразу сказалі, што прагаласуюць за Асю і яе кандыдатку на бурмістра Крынак.
Я ангажаваўся ў цяперашнія самаўрадавыя выбары ў сваёй гміне, хаця сам не балатуюся ні ў радныя ні на бурмістра, але такія прапановы былі. Многія тут ведаюць, што маю такі досвед. Бо займаў высокія самаўрадавыя пасты – быў дырэктарам Дому культуры ў Гарадку і намеснікам бурмістра Міхалова. І вось цяпер у восень і зімою пачаў я сустракацца з многімі жыхарамі Крынак і вёсак у гміне. Раз ці два на тыдзень я выязджаў з дому ў Паўднёвым Востраве, каб цэлымі днямі шукаць невядомых звестак пра „прарока” Іллю з Грыбоўшчыны, пра якога пішу цяпер кнігу. Таксама іншых матэрыялаў да сваіх артыкулаў.
Усе тыя размовы заўсёды на канец засяроджваліся на цяперашняй сітуацыі ў гміне. У іх быў настрой смутку і прыгнечанасці, а таксама пакорлівасці, што нічога ўжо немагчыма зрабіць, каб спыніць імклівае абезлюдненне нашай крынскай зямлі і хоць крыху адрадзіць яе. Але адчуваўся таксама рост у грамадстве незадаволенасці цяперашняй уладай у Крынках на чале са спадарыняй бурмістр, якая правіць гмінай ужо – з чатырохгадовым перапынкам – дванаццаць гадоў.
Але, на маё здзіўленне, перад выбарамі ў Крынках з’явілася даволі вялікая група энергічных людзей з новымі ідэямі для нашай гміны. Яны актыўныя ў грамадскіх арганізацыях і нефармальных гуртках, якія тут існуюць. Сярод іх ёсць солтысы, прадпрымальнікі, аматары краязнаўства, культуры і спорту, моладзь і пенсіянеры. Паколькі мне неабыякавы лёс нашай гміны, я адразу далучыўся да іх. У сувязі з неабходнасцю памяняць мясцовую ўладу мы паклікалі выбарчы камітэт і вылучылі сваіх кандыдатаў на радных і бурмістра, якой стала Моніка Петкель. Мы з ёю больш як дваццаць гадоў таму рабілі ў Крынках штомесячнік „Tutaj”.
Ёсць чатырох кандыдатаў на бурмістра Крынак, але я перакананы, што яна ёсць найбольш адпаведная. Ураджэнка Крынак, інжынер-архітэктар па прафесіі, мае кантакт з адміністрацыяй, а з нядаўняга часу сама з’яўляецца чыноўнікам. Але перад усім яна вядомая як актыўная грамадская дзяячка, напісала і рэалізавала шэраг праектаў для мясцовай супольнасці. Яна вельмі клапоціцца пра дабро гміны і яе жыхароў, таксама пра нашу шматкультурную спадчыну. У адрозненні ад іншых кандыдатаў у яе праваслаўныя карані. Яна надта прыхільна ставіцца да нас, прысутнічае на беларускіх мерапрыемствах.
У такой сітуацыі ў Крынках магчымы другі тур выбараў. Такога яшчэ тут не бывала. Аднак нягледзячы на канчатковы вынік я ўжо выйграў гэтыя выбары. Таму, што дзякуючы ім аднавіў свае кантакты ды пазнаў шмат новых вартасных людзей. Гэты надта цікавы досвед безумоўна дадасць мне жыццёвай энергіі і прынясе плён у выглядзе новых артыкулаў, ініцыятыў і праектаў.
Юрка Хмялеўскі