Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    24. Dochtar Maroz (6)

    U archiwie IPN kromie dakumentaŭ UB majuć jaszcze druhuju dakumentacju – z Wajskowaho rajanowaho sudu ŭ Biełastoku, dzie krychu bolsz infarmacjaŭ pra sprawu Wacława Maroza. Baraniŭ jaho adwakat Alaksandar Saroka z Warszawy. 26 kwietnia 1950 r. jak obrońca wojskowy pasłaŭ da suda ŭ Biełastoku piśmo,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Востраўская Папоўшчына

5 кастрычніка 2024 г.

Польская дзяржава ў мінулым пераняла каля 40 га царкоўнай зямлі ў Востраве Сканы з Архіва новых актаў у Варшаве
Польская дзяржава ў мінулым пераняла каля 40 га царкоўнай зямлі ў Востраве
Сканы з Архіва новых актаў у Варшаве

Учора ўвесь дзень прысвяціў я на пошукі звестак і дакументаў, каб даведацца колькі зямлі меў даўней мой прыход у Востраве. Пра гэта папрасіў мяне настаяцель а. Аляксандр Клімук. Сказаў, што рыхтуе паўторную заяву ва Устаноўчую камісію па справах Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Варшаве, каб атрымаць кампенсацыю за царкоўную маёмасць, канфіскаваную ў мінулым польскай дзяржавай пасля 1918 і 1944 гадоў.

Працэдура ў гэтай справе пачалася амаль дваццаць гадоў таму. У 2006 г. востраўскі прыход запатрабаваў атрымаць на ўласнасць ад дзяржавы нерухомасці ў абмен за перанятыя ўказам з 16 снежня 1918 г. 42,9 га зямлі. Падобных заяў з усяе Польшчы было амаль паўтысячы. Да 2021 г. на 566 спраў закончаных было 375. У выніку гэтага праваслаўным прыходам было перададзена амаль 5,2 тыс. га зямлі, каля 5,7 га забудаванай плошчы і 13 могільнікаў. Апрача гэтага прызнаны былі фінансавыя кампенсацыі на агулам каля 32 млн злотых.

Такую інфармацыю знайшоў я ў Інтэрнэце. Ведаю, што недзе ў 2010 г. амаль 7 млн зл. атрымаў мой беластоцкі прыход Агія Сафія за царкву на вуліцы Траўгута, якая ў міжваенны час стала каталіцкім касцёлам. Пазней грашовыя кампенсацыі прызнаны былі таксама м.інш. для прыходу ў Пухлах, пра што сказаў мне Славік Іванюк, які працуе ў Дзяржаўным архіве ў Беластоку і дапамагаў ён у гэтым тадышняму настаяцелю.

Неяк у верасні пабываў я ў бацюшкі Клімука на плябаніі, каб глянуць на сабраныя дакументы і карэспандэнцыю з варшаўскай камісіяй. Настаяцель што меў, паказаў мне. Сказаў, што з сакольскага благачыння кампенсацыю атрымаў дагэтуль толькі прыход у Аўгустове, дзе калісь былі дзве царквы. Адну разбурылі, а другую на касцёл перанялі каталікі. З восені 2016 г. у гэтым горадзе будуецца новая царква, пабудаваная пры ёй ужо шыкоўная плябанія.

Айцец Аляксандр ад пачатку моцна заангажаваўся ў гэтую справу. Часта бываў у аддзеле геадэзіі Павятовага староства ў Саколцы. Таксама ў Беластоку, паколькі каля Каралёвага Стойла ў гміне Гарадок (Беластоцкага павету) наш прыход у мінулым меў сенажаць. Бацюшцы ўдалося знайсці некаторыя перадваенныя дакументы, у тым ліку вырысы палёў. Цяпер, як мне сказаў, найбольш патрэбны operat geodezyjny, каб удакладніць дзе канкрэтна было царкоўнае поле і хто з’яўляецца яго ўласнікам.

Аказваецца, працэдуру трэба пачаць ізноў, паколькі папярэдняя заява ў 2015 г. камісіяй была адхілена, так як у выпадку шмат іншых прыходаў. Былое царкоўнае поле ў Востраве закваліфікавалі як grunty rozparcelowanego majątku państwowego pounickiego. Паводле камісіі як сельскагаспадарчыя землі нельга іх вярнуць, бо закон нібыта прадугледжвае, што можа такое быць jedynie w celu przywrócenia sprawowania tam kultu religijnego. Для мяне гучыць гэта крыху абсурдна. Я параіў а. Аляксандру, каб наняць юрыста.

З гэтай справай быў я таксама ў Славіка Іванюка. Паводле яго падобны адказ атрымаў тады і настаяцель у Пухлах, які звярнуўся да яго па дапамогу. Славік як гісторык знайшоў аргументы, каб даказаць няправільны падыход камісіі. Дапамог таксама адшукаць у архіве дзеля гэтага дакументы.

Аказваецца, настаяцелі, якія склалі заявы, былі даволі скептычныя, што прынясе гэта жаданы вынік. Справу ўскладніла яшчэ тое, што ў міжчассі памёр уладыка Ерамей, які ў камісіі быў прадстаўніком Царквы. Замяніў яго архіепіскап пярэмышльскі і горліцкі Паісій. Аднак як новы сустаршыня камісіі патрабаваў часу, каб разабрацца ў справах усіх прыходаў. Але вось у гэтым годзе уладыка Паісій павядоміў настаяцеляў – між іншым у Востраве – што павінны нанова пачаць хадайніцтва ў камісіі. На гэта магло таксама паўплываць тое, што ў Польшчы памянялася ўлада.

Няма пэўнасці, што мой востраўскі прыход атрымае нейкую кампенсацыю, але з а. Аляксандрам мы згодныя, што ў гэтай справе трэба зрабіць усё, што толькі магчымае. Таму пачаў шукаць я нейкіх іншых дакументаў ды інфармацый, якія маглі б быць карыснымі ў гэтым плане.

Мінулым сваёй востраўскай царквы цікаўлюся здаўна. Паколькі гісторыкі і ніхто іншы гэтага надта не зглыбляў, мне надта залежала, каб устанавіць невядомыя даты і забытыя факты. І шмат такіх інфармацый удалося мне знайсці. У тым ліку звесткі пра пачаткі тут праваслаўя, першую царкву і дзве наступныя пабудаваныя на яе месцы. Рыхтую большы артыкул, магчыма нават невялікую манаграфію востраўскага прыходу. Буду таксама актуалізаваць свой запіс на сайце Vostravo.pl, у якім дапусціўся пэўных памылак, паклікаючыся на ранейшыя апрацоўкі, нават навуковага характару, не заўсёды, як аказваецца, правільныя.

Пра мае гістарычныя даследаванні а. Аляксандр добра ведае і таму запытаў мяне, ці можа знайшоў я таксама нейкія дакументы пра востраўскую царкоўную маёмасць у мінулым. Адразу нешта прыйшло мне на думку, але сказаў, што мушу дакладна пераглянуць свае матэрыялы – у электроннай форме і на паперы.

Царкоўная зямля – Папоўшчына, як яе называлі – у Востраве была ўжо ў другой палове XVI ст. У выніку валочнай памеры ў обрубе Вялікага Вострава дзве валокі (прыблізна 40 га) атрымаў Васіль Поп Рускі з Крынак. Гэтая зямля з часам перайшла ва ўладанне востраўскай царквы. У канцы XIX ст. наш прыход меў ужо звыш 90 га. У канцы 1918 г. уся гэтая зямля перайшла на ўласнасць адроджанай польскай дзяржавы, хаця ў дакументах было гэта чамусьці ўдвая менш.

Славік Іванюк падказаў мне, каб глянуць у фонды Архіва новых актаў у Варшаве. Я пацікавіўся яго базай у Інтэрнэце, дзе ёсць таксама сканы шмат якіх дакументаў. Але гэта аказалася складаным і патрабавала шмат часу.

З дапамогай нечакана прыйшоў Кастусь Шыталь. Як сябра „Часопіса ” прысылае мне часам знойдзеныя ў Інтэрнэце інфармацыі з мінулага, найчасцей з даваеннай прэсы. На гэты раз падаслаў лінк да сканаў звароту жыхароў Беластока з 7 красавіка 1938 г. з просьбай не разбураць царкву на вуліцы Сянкевіча. Палічыў, што будзе для мяне гэта цікава таму, што падпісаўся там між іншым Васіль Лукашык – беларускі дзеяч, якога жыццё і дзейнасць даследую.

Пераглянуўшы зварот з некалькі пад ім старонкамі подпісаў, прачытаў назву фонду. Былі гэта дакументы пра царкоўныя маёмасці ў мясцовасцях па алфавітным парадку. Гэта тое, чаго я шукаў. Даволі хутка знайшоў мясцовасці на літару „О”. Надта шмат сканаў датычыла Острові Мазавецкай, дзе ў царскіх часах былі дзве царквы. Урэшце адкрыў справу majątku pocerkiewnego w Ostrowiu Północnym powiatu sokólskiego. Дакументы былі ў асноўным з 1927-1931 гг. Пасля бежанства прыход у Востраве адкрыты быў толькі 1 мая 1928 г. У дадатку не самастойны, але як філіял юраўлянскага. Настаяцелем – рэктарам быў назначаны бацюшка Антон Савіч. Гэта быў інтэлігентны, таленавіты і працавіты святар. 29 жніўня востраўскаму прыходу вярнулі толькі два гектары поля. Айцец Савіч на пачатку верасня напісаў у Міністэрства рэлігійных веравызнанняў і народнай асветы podanie з просьбай вярнуць прыходу ўсю царкоўную зямлю, якая знайшлася ў распараджэнні Беластоцкага ваяводы. Падпісаліся пад гэтым уласнаручна – хто па-польску, а хто па-руску – многія вернікі. Справа цягнулася некалькі гадоў. Урэшце ў жніўні 1931 г. польскія ўлады згадзіліся w drodze wyjątku пабольшыць надзел да 10 га. Кіраваліся яны рэкамендацыяй міністра, які даказваў, што tylko dobrze sytuowane duchowieństwo prawosławne nie będzie narzędziem politycznym w ręku żywiołów dla Państwa wrogich i nieprzychylnych. Санацыйныя ўлады разлічвалі на тое, што такое стаўленне спавольніць камуністычны рух, што тады шумеў ва ўсёй Заходняй Беларусі.

Тым не менш 31,3 га прыхадской зямлі ў Востраве надалей заставалася дзяржаўнай уласнасцю. Ваявода даў яе ў арэнду мясцовым сялянам, а 1,6 га а. Савічу.

У выніку зямельнай рэформы з верасня 1944 г. прыходу ў Востраве засталося толькі 2 га зямлі. Астатнюю ізноў канфіскавалі. Трэба адшукаць яшчэ дакументы на гэта, што будзе асновай для хадайніцтва для кампенсацыі ў камісіі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ў Варшаве.

Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у чэрвені

    – у 1519 г. Францыск Скарына выдае ў Празе Кнігу Руф, Кнігу Эсфір, Кнігу Плач Іяэміі. – 28.06.1660 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага і польскія разбілі каля вёскі Палонка Слонімскага павету войскі расейскага агрэсара (камандуючы Іван Хаванскі). – 7.06.1825 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (153) – 4.06.1872 г. у Варшaве памёр Станіслаў Манюшка (нар. 5.05.1819 г. у фальварку Убель на Меншчыне), кампазытар, дырыжор і пэдагог, аўтар вядомых опэр „Галька”, „Страшны двор”. Пачатковую адукацыю атрымаў у Дамініка Стэфановіча ў Менску. З 1840 г. быў арганістам і дырыжорам у Вільні, у 1858-1872 гг. – дырыжорам і дырэктарам опэрнага тэатру, прафэсарам Музычнага Інстытуту ў Варшаве. У творчасьці выкарыстоўваў беларускі фальклёр.
  • (73) – 4.06.1952 г. у Чыкага (ЗША) пам. Язэп Варонка (нар. 16.04.1891 г. у Кузьніцы Сакольскага пав.), беларускі палітычны дзеяч, адзін з удзельнікаў абвяшчэньня БНР, старшыня Народнага Сакратарыята Беларусі ў 1918 г., міністр беларускіх спраў у Літве да красавіка 1920 г., у 1923 г. выехаў у ЗША (Чыкага), дзе дзейнічаў у беларускіх арганізацыях.
  • (39) – 4.06.1986 г. у Маскве памерла Канстанцыя Буйло (Калечыц), беларуская «нашаніўская» паэтка. Нарадзілася ў Вільні 2(14).01.1893 г. Аўтарка гімну «Люблю наш край». У 1989 г. яе прах быў перанесены ў Вішнева, дзе на магіле пастаўлены помнік.
  • (36) – 4.06.1989 г. у Польшчы адбыліся першыя, часткова дэмакратычныя парлямэнцкія выбары. Удзельнічалі ў ім таксама беларускія кандыдаты: Сакрат Яновіч як кандыдат у Сэнат набраў 22,4 тыс. галасоў, а Яўген Мірановіч як кандыдат у Сойм набраў 14,4 тыс. галасоў.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com