Калі мы, я і мой малодшы брат Кастусь, былі ў дзіцячым узросце, вельмі чакалі, калі ўжо прыйдуць Велікодныя святы. Мы радаваліся іх прыходу. Чакалі калі да нас прыйдуць з гасцінцамі і пакрашанымі яйкамі нашы хросныя бацька і маці.
Мы жылі ў сялянскай дружнай сям’і і наша дзяцінства было шчаслівае. Нашы бацькі як маглі так шчыра пра нас клапаціліся. І мы былі для іх паслухмяныя і як маглі дапамагалі ім у працы на гаспадарцы.
Мы хадзілі ў царкву, якая была ў суседняй вёсцы. У школе мы добра вучыліся і хадзілі на ўрокі рэлігіі.
У нашай хаце мы добра сябе адчувалі. Між іншым вось на Вялікдзень намі авалодваў святочны настрой. Мы цешыліся прыходу вясны. Калі насталі цёплыя дні, мы маглі пагуляць на панадворку. Дома мама нарыхтоўвала святочныя блюды, пякла смачныя пірагі з разынкамі, красіла яйкі ў цыбульніку.
Былі ў нас сябры Толік і Міхась, якія жылі з намі па-суседску. Гэта перш-наперш з імі мы ішлі ў бой на яйкі. У каго было мацнейшае яйка, той выйгрываў і забіраў сабе слабейшае, тое пабітае яйка. Яшчэ гулялі з яйкамі, качаючы іх па ўбітай сцяжынцы. Тут глядзелі, чыё яйка пакоціцца найдалей або і яшчэ паб’е іншае яйка коцячыся па дарожцы. Былі гэта гульні ў „біткі”.
Яйкі мы выбіралі з мацнейшай шкарлупінай. Некаторыя з нас мелі ў тым свой досвед, між іншым, раней стукалі яйкам аб
Быў у нашай вёсцы падростак Васік, сын нашага далейшага суседа Васіля. Ён сачыў за намі. Мелі мы з яго поваду розныя прыкрасці. Мы яго доўга не забудзем. Ён прыбягаў да нас, між іншым, на гэтыя „біткі” і заўсёды выйграваў. Аказалася потым, што яго яйка было драўлянае.
Ён падвёў нас і іншым разам, ды здарылася гэта якраз у першы дзень Вялікадня. Бацька купіў нам, мне і брату, пад святы новыя цаглянага колеру чаравікі. Мы іх абулі і гайда на вуліцу. А тут якраз ішоў Васік. Мы паздароўкаліся і пахваліліся, як жа, сваімі новымі буткамі. Васік глянуў і сказаў як адрэзаў: „вашы чаравікі прапускаюць воду”. Мы запярэчылі, боты ж нашы новыя. За агароджай у глыбокім рoве плыла веснавая вада і мы падаліся да яго, каб даказаць, што нашы чаравікі не прапускаюць вады. Першая ўбачыла нас у рове мама і паслала за намі бацьку. Што было далей, лёгка дагадацца. Нам да гэтай пары той Велікодны дзень усё яшчэ незабыўны. Мы яго памятаем!
Янка Целушэцкі