19-га чэрвеня яму споўнілася б сто гадоў. Ён быў першым сярод беларускіх пісьменнікаў, хто здабыў міжнародную славу.
Творы Васіля Быкава, дзе галоўнае пытанне, што лепей смерць фізічная ці маральная, былі аднолькава блізкія і амерыканцам і в’етнамцам, армянам і азербайджанцам, рускім і ўкраінцам, французам і англічанам, габрэям і арабам.
Гэта быў наш першы наднацыянальны пісьменнік, які пісаў не пра чыста беларускае, а пра агульначалавечае.
У адрозненні ад большасці айчынных празаікаў ён пісаў лаканічна, не імкнуўся да шматслоўнасці і дакучлівай апісальнасці, не ствараў эпапей.
Яго творы, нагадвалі захапляльныя трылеры, з нечаканымі сюжэтнымі паваротамі, ад чытання якіх (хаця ты і ведаеш пра амаль заўсёды трагічны пачатак) не адарвацца.
Калі садзіўся пісаць чарговае апавяданне ці аповесць, то спярша дэталёва прадумваў фінал, пасля чаго з такім жа рацыянальным, матэматычным разлікам канструяваў увесь сюжэт.
У адрозненні ад многіх іншых нашых літаратараў не адразу зразумеў, што хоча стаць пісьменнікам.
Да дваццаці двух гадоў марыў выключна пра мастацкую кар’еру.
Нарадзіўшыся ў вёсцы Бычкі і спазнаўшы ўсю „радасць” калектывізацыі з яе голадам, рэпрэсіямі, даносамі марыў вырвацца з гэтага пекла і яму гэта атрымалася, калі здолеў пасля школы ў 1939 годзе паступіць у Віцебскую мастацкую вучэльню, дзе спярша вучыўся на жывапісца, а затым перайшоў у скульптурны клас.
У гэты кароткі перыяд (1939-40 гг.) Васіль Быкаў быў, магчыма, першы раз па-сапраўднаму шчаслівы.
Яму падабалася ляпіць чырвонаармейцаў, калгаснікаў і правадыроў. Магчыма, ён марыў стаць другім Заірам Азгурам, які ў 1920-ыя вучыўся ў той жа мастацкай вучэльні і цяпер стаў адным з самых папулярных беларускіх скульптараў.
Але восенню 1940-га нашага героя чакае першае расчараванне. Адмяняюцца стыпендыі і цяпер неабходна забяспечваць сябе самому. Бацькі ў Быкава былі бедныя і таму дапамагчы яму не змаглі. Давялося забраць дакументы.
Але са сваёй марай стаць мастаком развітацца не хоча.
Адразу ж пасля вайны едзе ў Мінск, дзе, паводле чутак, павінен адкрыцца тэатральна-мастацкі інстытут. Але ў разбуранай сталіцы пакуль не да мастацтва і Быкаву раяць паехаць у Гродна ці Брэст, дзе ўжо ёсць адчыненыя майстэрні. Наш герой выбірае Гродна, і ўладкоўваецца там… звычайным афарміцелем, які павінен маляваць плакаты, транспаранты, шыльды.
Ізноў расчараванне.
Увогуле, да сярэдзіны 1950-х, расчараванне, прыгнечанасць, недавер у свае сілы – былі заўсёднымі спадарожніцамі нашага героя.
У 1947 годзе Быкаў пакідае працу мастацкага афарміцеля і пераходзіць працаваць у газету „Гродзенская праўда”.
І менавіта ў гэтым жа годзе з’яўляецца ў часопісе „Вожык” яго першы празаічны твор – фельетон „Дапякло”.
Другая палова 1940-х – час узмацнення сталінскіх рэпрэсій. Вайна з касмапалітамі, новая хваля даносаў і арыштаў, заклікі да крытыкі і самакрытыкі, паўторныя зняволенні тых, хто быў у 1946-47-х гг. выпушчаны з лагероў. Галоўны герой фельетона Быкава калгасны старшыня піша поўны адчаю ліст (а мо і данос?) на старшакласніка, які зрабіў сабе кар’еру па камсамольскай лініі, пішучы на старшыню ў газеты данос за даносам. Быкаву ў сваім літаратурным дэбюце (магчыма нават і падсвядома) удалося з цудоўнай пераканаўчасцю паказаць той жудасны час у якім ён жыў.
Гэта была, безумоўна, удача.
А што далей? Новыя файныя апавяданні? Шыкоўныя аповесці? Мо нават раман?
Новая хваля няўдач.
У 1949-м ён друкуе наступны твор, на гэты раз па-руску, напісаны цалкам у эстэтыцы панаваўшага тады сацрэалізму, пасля чаго увогуле да сярэдзіны 1950-х наступае паўза.
Не, Быкаў не кідае пісаць.
Ён шмат працуе.
Але рэдактары газет і часопісаў не спяшаюцца яго друкаваць.
Наш герой з нейкім нават зухаватым адчаем шукае сябе ў самых розных жанрах.
Ён піша творы пра вёску і гарадскую моладзь, пра маладую савецкую сям’ю і нядобрае амерыканскае камандаванне, што здзекуецца з жаўнераў афраамерыканцаў, стварае шмат фельетонаў і гумарэсак, дзе высмейвае дробных савецкіх начальнікаў.
Ён пакутліва шукае сябе.
Палёгка наступае ў 1956 годзе.
Пачынаецца Адліга. Хрушчоў публічна гаворыць пра злачынныя памылкі Сталіна. Выпускаюцца з турмаў тысячы рэпрэсаваных. Вяртаюцца з нябыту творы знішчаных аўтараў. У выдавецтвах выходзяць шмат цікавых кніг замежных аўтараў.
Гэта быў час праўдзівага абуджэння.
Паэт Аляксей Пысін, пасля некалькі год маўчання, знаходзіць свой унікальны голас і неўзабаве будзе здзіўляць суровымі і зусім няпафаснымі вершамі, прысвечанымі балючаму пераасэнсаванню вайны.
Міхась Стральцоў, яшчэ студэнт Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта, які дагэтуль надрукаваў некалькі рускамоўных вершаў у раённых газетах, пераходзіць на беларускую мову і пачынае пісаць дзівосную асацыятыўна-інтэлектуальную прозу.
Уладзімір Караткевіч менавіта ў 1956-м друкуе свой першы вершаваны шэдэўр „Заяц варыць піва”.
А што Васіль Быкаў?
Ён піша апавяданне „Страта”.
У гэтым яго першым класічным творы прасочваецца трагічная думка – што б ты не рабіў, які б подзвіг не здзяйсняў – усё роўна пачуццё страты (у дадзеным выпадку гібель таварыша) пераможа ўсе твае астатнія пачуцці і думкі. Смерць пераможа.
І пад вечным прыгнётам смерці ты і будзеш пражываць сваю бытнасць.
Гэта быў першы твор, які звярнуў увагу на Быкава.
Праз некалькі год ён быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. Яго актыўна падтрымлівалі Аляксей Карпюк, Алесь Адамовіч, Іван Мележ.
У 1960-м у Быкава з’яўляюцца адразу дзве кнігі – зборнік гумарэсак „Ход канём” (праходзіць для чытачоў малазаўважным) і „Жураўліны крык” (які і робіць з Васіля Быкава новую зорку беларускай літаратуры).
У наступныя пяць гадоў наш герой становіцца адным з самых любімых пісьменнікаў сярод чытачоў усяго Савецкага Саюзу.
Па яго творах ставяць спектаклі, здымаюць фільмы, нават ставяць балет, крытыкі не стамляюцца пісаць хваласпеўныя рэцэнзіі.
У гэты светлы перыяд, час Адлігі, калі па ўсім саюзе квітнее ваенная акопная праўдзівая проза Астаф’ева, Бакланава, калі на радыё і з эстрады гучыць такая ж праўдзівая ваенная паэзія Аляксея Пысіна і Давіда Самойлава, Васіль Быкаў са сваімі новымі вострасюжэтна-трагічнымі творамі, такімі як „Адна ноч”, „Сваякі”, „Мёртвым не баліць” вывеў нашу ваенную прозу з пракруставага ложа савецкасці, паказаўшы, што часам больш жудаснымі бываюць не столькі вонкавыя ворагі, колькі свае.
У „Адной ночы” (1961 г.) галоўны герой, просты салдат, запалоханы ўласным камандаваннем, забівае нямецкага жаўнера (які перад гэтым выратаваў яму жыццё), таму што страх мацнейшы за іншыя пачуцці.
У „Сваяках” (1965 г.) маці з вёскі з-за сваёй неабдуманасці становіцца прычынай пагібелі ўласных дзяцей, пасля чаго, звар’яцеўшы ад гора, гіне сама.
А ў адным з лепшых твораў Васіля Быкава „Мёртвым не баліць” увогуле з усёй д’ябальскай выразнасцю паказана, што для нашых жаўнераў такую ж страшную бяду ўяўлялі не толькі нацысты, але і большасць ўласных камандзіраў, смершаўцы, асабісты ды іншая набрыдзь.
Падобнага Быкаву дараваць не маглі.
Яго збіваюць на вуліцы, б’юць шыбы ў кватэры, пішуць на згаданыя творы разгромныя рэцэнзіі, дзе асабліва стараецца адыёзны крытык Якаў Герцовіч.
Прытым кіраўніцтва рэспублікі ў асобе Машэрава, маральна ці яшчэ якім спосабам знішчаць нашага героя не хоча. Задача іншая: запалохаць, падпарадкаваць, паказаць свабодалюбіваму пісьменніку яго месца.
І гэта спрацоўвае.
Быкаў заўсёды дакараў сябе за мяккі матчын характар. Зайздросціў смеласці Аляксея Карпюка, Алеся Адамовіча. Але сам не хацеў лезці на ражон. Спакой сям’і і ўласны спакой былі важнейшыя.
У канцы 1960-х ён прымае правілы гульні.
Наступны значны твор Васіля Быкава „Сотнікаў” рэабілітуе яго ў вачах Машэрава.
Быкаў становіцца больш асцярожным.
Цяпер ужо ў яго цудоўна напісаных і файна сканструяваных апавяданнях і аповесцях няма нічога такога, што магло б раздражніць уладу.
Ён ізноў становіцца ў фаворы.
Атрымлівае прэмій і званняў болей, чым нават афіцыйна лаяльны ўладзе Іван Шамякін.
Можа ездзіць за мяжу, выступаць, выдавацца, фактычна ва ўсіх частках свету.
За гэта, безумоўна, трэба было плаціць. Не толькі творчай свабодай, але і неабходнымі подпісамі пад калектыўнымі лістамі, дзе разам са сваімі калегамі выступаў супраць беларускіх эмігрантаў, „антысавецкай” дзейнасці Салжаніцына і г.д.
У гэтым не было нічога асаблівага.
Калі ў савецкія часы ты хочаш быць вядомым, уплывовым пісьменнікам, дык неабходна выконваць правілы гульні і тут Быкаў не быў адзінокі. Але ў адрозненні ад пераважнай большасці літаратараў, якія да падобнага ставіліся з цынічным спакоем, Быкаў не мог сабе гэтага дараваць. Чым больш у яго было грамат, прэмій і хваласпеўных артыкулаў у газетах і часопісах – тым больш ён змрачнеў.
Творчае адраджэнне наступае ў канцы 1980-х.
Быкаў быў адзін з нямногіх класікаў беларускай літаратуры, хто падтрымаў БНФ, актыўна выступаў супраць камуністычнага рэжыму, публічна дакараў сябе і сваё пакаленне за слабасць і супрацу з рэжымам, за няўменне сказаць „не”, за нежаданне пісаць у стол.
Васіль Быкаў здзіўляе новымі незвычайнымі творамі.
Пасля сямідзесяці гадоў з чыста юначай энергіяй піша цалкам новую для сябе прозу: горар-апавяданні („Труп”), сатырычныя рэчы („Свіст”, „Інтэграцыя”), фэнтэзійныя творы („Насарогі ідуць”), экзістэнцыяльныя прыпавесці („Труба”, „Хвастаты”), аповесці, якія з суровай дакладнасцю паказваюць рэальнасць другой паловы 1990-х („Афганец”).
Быкаў быў першым вядомым нашым творцам, хто быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, таму што адкрыта выказваўся пра тое, што адбываецца ў краіне.
Створанае Васілём Быкавым ў гэты час – адзін з самых цікавых і мала даследаваных з яго творчых перыядаў.
Пасля доўгага перыяду вымушанай лаяльнасці Быкаў здолеў (у адрозненні ад многіх калег) займець ізноў так жаданую для яго свабоду.
Ён доўга і пакутліва творча шукаў сябе.
Не ведаў кім быць: мастаком, журналістам, пісьменнікам.
Затым гэтак жа доўга шукаў свой творчы стыль, свой унікальны голас, а пасля наступіў, магчыма самы пакутлівы, шлях да творчай свабоды, калі ты, кажучы словамі Уладзіміра Някляева, „анікому ні чарта не вінны” і можаш пісаць пра што хочаш, як хочаш.
Васіль Быкаў быў шчаслівым чалавекам, бо ўрэшце здабыў сваю свабоду
Васіль Дранько-Майсюк