Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Успамінаю Гайнаўку 60-гадовай даўнасці

Гайнаўская вадакачка (фота Міры Лукшы)
Гайнаўская вадакачка
(фота Міры Лукшы)

Мая мама з вёскі Дольнае (зараз так называецца адна з гайнаўскіх вуліц на заходняй ускраіне горада) выйшла замуж у Новае Ляўкова. У Дольным – як я запамятаў – драўляная хата майго дзеда была з саламянай страхой і спалучана з хлявом. Шэсцьдзесят гадоў таму яшчэ жылі бацька і мачаха мае мамы, брат Федзя і сястра Вольга. Мы з бацькам і мамай наведвалі іх. Мой бацька вазіў мамінай сястры бульбу, буракі і капусту, саланіну ды дровы на зіму. Зараз у Гайнаўцы жыве яшчэ дваюрадны брат мамы Валодзя, які быў машыністам на чыгунцы (я з ім не раз ездзіў на паравозе, гэта мае незабыўныя паездкі).

Бацькі пакідалі мяне на пару дзён у сям’і Федзі (меў ён драўляны дом, які і зараз стаіць пры вуліцы Электрычнай) і я меў ў Гайнаўцы новых калег. Вясной, летам і восенню мае гайнаўскія сябры вельмі любілі займацца футболам. Для гэтага мелі вялікую плошчу пасбішч-паплавоў ля вуліц Электрычнай і Паддольнай. На гэтай дачаснай спортпляцоўцы я навучыўся ездзіць на веласіпедзе. Зімой мы каталіся на каньках. Найчасцей з’язджалі на заснежаны луг з высокага насыпу чыгуначнай пуці, якая вядзе з Гайнаўкі ў Семяноўку. Дзяцей і моладзі збіралася многа. Гоман і крыкі чутны былі пасля поўдня да змяркання ды яшчэ пазней і тады ўжо на вуліцы Паддольнай уключалі вулічнае электраасвятленне.

Сёння сістэма вуліц у Гайнаўцы на пасёлку Пашкі памянялася. Пабудавалі шматлікія новыя вуліцы, у тым ліку вуліцы Доўгую і Простую. Вуліцы не былі такія шырокія як цяпер. На важнейшых быў брук або шлака (дзындра). Пасля ападкаў поўна гразі было на вуліцах Дольнай, Паддольнай, Электрычнай і іншых тады яшчэ безімянных.

Вуліцы ў цэнтры горада мелі назвы: Сталіна (пасля 1 Мая і цяпер 3 Мая), Леніна (цяпер Арміі Краёвай), Л. Варынскага (зараз С. Баторыя), М. Бучка (цяпер кс. І. Верабея), Вызвалення (зараз Ю. Пілсудскага) і Пралетарыяцкая (зараз 11 Лістапада). Не было вуліц са скрыжаваннямі з кругавой развязкай (а цяпер іх чатыры). Зараз ёсць два скрыжаванні са святлафорамі. Найбольш тратуараў пабудавалі за апошнія пятнаццаць гадоў.

Музей кавальскай справы ў Гайнаўцы (фота Міры Лукшы)
Музей кавальскай справы ў Гайнаўцы
(фота Міры Лукшы)

Яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя паабапал гайнаўскіх вуліц расло многа высокіх прыгожых дрэў: дубоў (шматлікія з іх растуць і цяпер, між іншым, пры вуліцах Белавежскай, Паркавай, 3 Мая, Ю. Пілсудскага, а. Дзевятоўскага), ліпаў, клёнаў і бяроз. Дамы былі пераважна драўляныя. Царква таксама. Яна была адна ў горадзе (на яе месцы цяпер новы вялікі Свята-Троіцкі сабор). У 1955-1965 гадах пры вуліцы Паддольнай у цёплую пару года працавала цагельня ў вялікім драўляным будынку з высокім дахам. Я яе добра памятаю.

У горадзе быў двухпавярховы драўляны дом „Леснік” і ў ім кіно. Калі прывозілі цікавы кінафільм, былі па два кінасеансы ў адзін дзень. У „Лесніку” заснавалі духавы аркестр. У летнюю пару на пляцоўцы пад дубамі пры „Лесніку” ладзілі танцы. Калі пабудавалі мураваны вялікі Дом культуры „Гурнік”, тады і там пачалі арганізаваць усе культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. Цяпер гэта Гайнаўскі дом культуры.

Мураваныя шматпавярховыя жыллёвыя будынкі пачалі ставіць у цэнтры горада паабапал вуліцы 3 Мая, пры вуліцы С. Баторыя, пры колішняй вуліцы Вызвалення, вуліцы А. Зіна, на пасёлку Пашкі і пры вуліцы Ліпавай. Прыватнае жыллёвае будаўніцтва разгарнулася ў раёне вуліц Ліпавай, Варшаўскай, Скарпавай, Мастовай, Паддольнай, Простай, Доўгай, Новай, Паўднёвай, Электрычнай, Бельскай і іншых.

У шасцідзесятых гадах мінулага стагоддзя ў Гайнаўцы працавалі фабрыкі на базе драўніны: мэблевая фабрыка і г. зв. Паркецярня, хімічная фабрыка ды вялікі тартак. Цяпер не ўсе ведаюць, дзе знаходзіўся шкіпінарны завод (terpentyniarnia). Быў ён на месцы сённяшняга гарадскога парка пры цяперашняй вуліцы Арміі Краёвай. Драўніну з лесу ў тартак або на хімічную фабрыку вазілі вузкакалейкай. Ішла вялікая прадукцыя.

Добра памятаю колішні чыгуначны вакзал. Побач пуці стаяў доўгі драўляны будынак пачакальні для пасажыраў ды бюро. У ім працавалі начальнік вакзала і дзяжурны руху паяздоў. У гэтым бараку быў бар. У ім абедалі не толькі чыгуначнікі. Ён быў адкрыты ад раніцы да вечара для ўсіх хто сюды заходзіў. Я і некаторыя мае аднакласнікі ў 1958-1962 гады штодзень ездзілі поездам з чыгуначнага паўстанка з надпісам „Нараўка” (хаця ён быў у Плянце, а да Нараўкі адсюль ажно 4 км) у агульнаадукацыйныя ліцэі (было іх два, адзін з беларускай мовай навучання) і ў прафесійныя школы. Паязды чсаста прыязджалі ды адпраўляліся ў Бельск-Падляшскі, Белавежу, Чаромху і далей у Варшаву, Семяноўку і далей у Цісоўку. Ва ўсе дні – буднія і святочныя. Ездзіла многа людзей. Хто на працу, хто ў школу, а хто толькі на базар. З даездам не было праблемаў. Цяпер не паедзеш пасажырскім поездам у Семяноўку, Белавежу або ў Бельск-Падляшскі. Апусцеў і заглух вакзал. Што такое магло б здарыцца, ніхто раней не прадбачваў!

Вуліца 1 Мая (цяпер вуліца 3 мая). Уваход да гайнаўскага прадпрыемства апрацоўкі дрэва
Вуліца 1 Мая (цяпер вуліца 3 мая). Уваход да гайнаўскага прадпрыемства апрацоўкі дрэва

У 1958 годзе я паступіў вучыцца ў гайнаўскі ліцэй. Меў гайнаўскіх калег, якіх бацькі былі дырэктарамі і кіраўнікамі гайнаўскіх фабрык і прадпрыемстваў. Адзін аднакласнік пасля ўрокаў ішоў да бацькі, які кіраваў прадпрыемствам Лясной недраўлянай прадукцыі „Лес” і мяне туды  запрасіў. Шэф „Лесу” ветліва мяне прыняў і расказаў пра сваё прадпрыемства, чым яно займалася. А яно скупляла грыбы і ягады, лячэбныя зёлкі, а нават зайцоў. На экспарт высылалі ў заходнееўрапейскія краіны свежую і салёную пліску ды ягады-чарніцы. Жывых зайцоў экспартавалі на развод у Францыю і ў Італію. У замежныя краіны высылалі многа футаралаў для прэцызійнай апаратуры.

Пацікавіўся я, што вырабляюць на хімічнай фабрыцы. Тут працаваў да самай пенсіі брат маёй мамы Федзя. Ён мне тады сказаў, што ім, рабочым на гэтай фабрыцы, строга забаронена гаварыць пра яе вытворчасць. Іх, адыходзячых дадому пасля працы, заўсёды дакладна правяралі. І ў мяне былі толькі здагадкі, чаму тут усё было такое засакрэчанае. Пасля даведаўся, што рабілі тут,  між іншым, порах.

У 1960 годзе ў Гайнаўцы пабудавалі новы дрэваапрацоўчы камбінат. У ім пасля заканчэння прафесійнай школы працаваў мой брат Кастусь. Быў столярам. Ён мне распавёў, што працавалі тады сем цэхаў: лесапілення, фрэзерны, паркетны, мазаікавага паркета, фарнірны, мэблевы і драўлянай упакоўкі (усялякіх скрынак, між іншым, да транспарту прадуктаў харчавання, грыбоў, фруктаў і для прамысловасці). У мэблевым цэху прадукавалі перш за ўсё высакаякасную кухонную мэблю пад назвай „Рэха пушчы” (1000 камплектаў у год). У склад камплекта ўваходзілі буфет, шафка, палічка, вешалка, стол, столік і два крэслы. Летам 1962 года пасля матуральных экзаменаў я працаваў на будове новага будынка пошты ў цэнтры горада. У ім і зараз гэтая ўстанова.

Гайнаўка помніцца мне яшчэ невялікім ціхім і спакойным горадам. Было ў ім многа ліставых дрэў і ў цёплую пару года кветак. Садзілі іх перш-наперш паабапал галоўных вуліц. Вечарамі і ноччу вуліцы былі ціхія-ціхія. Патаналі яны ў паўзмроку – тады няшмат было вулічных ліхтароў.

Янка Целушэцкі

2 комментария к “Успамінаю Гайнаўку 60-гадовай даўнасці

  1. Szanounaja redakcja ! zdymka padpisana Kino Leśnik pakazvaje uvahod da hajnouskaha prdpryjemstva apracouki dzierava i administracyjny budynak hetaha pradpryjemsta szto miescilsia kalis na vul. 1 Maja ( ciapier 3 Maja ) a nie kino ….

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis