Надта прыемны і кранальны душу вечар у Лялечным тэатры ў Беластоку. Гэта быў апошні акорд сёлетняга фестывалю „Бардаўская восень”, які два дні раней стартаваў у Бельску-Падляшскім. Арганізуе яго цяпер Фонд Тутака ў іншым фармаце і на значна вышэйшым узроўні як калісь. Шкада толькі, што няма ўжо той непаўторнай атмасферы і амаль не засталося наогул той прыгожай беларускай спяванай паэзіі, якая стаяла ля вытокаў гэтай адзінай такога кшталту імпрэзы (у Беларусі падобнай няма). Да таго з конкурснай часткай. Але гэта, вядома, не віна арганізатараў, толькі проста знак часу.
„Бардаўскую восень” прыдумалі і шмат гадоў ладзілі бойкія хлопцы са Зьвязу беларускай моладзі, які з часам развязаўся, бо не было наследнікаў. Дарослыя ўжо дзеячы паклікалі тады цэнтр „Шчыты”, каб ратаваць фестываль, але не толькі. Планы былі маштабныя, з якіх, на жаль, амаль нічога не засталося.
Седзячы сярод публікі, якую складалі амаль адны эмігранты, бо з нашых толькі адзінкі, успамінаў я цалкам іншую чымсьці тут атмасферу „Бардаўскай восені” ў дзевяностых гадах і на пачатку двухтысячных. Аднойчы быў я нават членам журы. Разам між іншым з Лёнікам Тарасэвічам. Сябра-мастак прыдумаў тады ўласны прыз за… найгоршы выступ і, як гэта ён, смеючыся адкрыта пра гэта сказаў. Выканаўцы бадай усе на конкурс прыехалі з Беларусі. Было іх недзе васьмёра. Тыя хлопцы і дзяўчаты, калі даведаліся, што будуць сярод іх вылучаць не толькі найлепшага, але і найгоршага, адразу папярэдзілі арганізатараў, што ніхто з іх такога прызу не прыме. Гэта зразумелае. Я пачаў пераконваць Лёніка, каб такой узнагароды не прызнаваць, бо будзе скандал. Урэшце прыдумаў іншую фармулёўку – „за простыя словы і бардаўскую аўтэнтычнасць”. Але і на такое канкурсанты круцілі носам. Змагаліся за гран-пры і грошы на запіс альбому, а не за такое не надта прэстыжнае прызнанне. На шчасце хлопец, якому такі прыз мы ўручылі, не пратэставаў. Але пэўна толькі таму, што Лёнік далучыў яшчэ і канверт з грашыма.
Сёлетняя „Бардаўская восень” у нічым ужо не напамінала тых, у якіх я тады прысутнічаў. Конкурснай часткі цяпер наогул не было і пэўна ўжо не будзе. Затое так як у мінулым годзе апрача музычнай часткі былі літаратурныя сустрэчы і сцэнічная праграма. Гледзячы спісак спонсараў Фонд Тутака на арганізацыю фестывалю прыдбаў нашмат вышэйшыя грошы чымсьці калісь Зьвяз беларускай моладзі. Але дзякуючы таму быў ён зладжаны сапраўды прафесійна, з прымяненнем дарагой тэхнікі. Аднак у візуальным выглядзе і так адставаў ад колішніх выпускаў з графічным дызайнам геніяльнага Міхала Анемпадыстава.
У Лялечным тэатры ў Беластоку праграма доўжылася ажно чатыры гадзіны. Але паколькі была насычаная і разнастайная, не адчувалася аніякай стомы. Спачатку быў спектакль пра расстраляных пры Сталіне беларускіх паэтаў і пісьменнікаў „Святло ў цемры” Тутэйшага тэатру. Драматычны твор напісаны на аснове біяграфій і творчасці аўтараў рэпрэсаваных у Беларусі ў 1937 г. гэта супольны праект Тутэйшага тэатру і Фонду Тутака. Усе акцёры родам з Беларусі. Сабраў іх рэжысёр Андрэй Саўчанка, які так як яны з’ехаў у Польшчу пасля 2020 г. Акцёры выступаюць ананімна з прычын бяспекі. Прапрэм’ера спектаклю „Святло ў цемры” адбылася ў Беластоку, але не ў рамках „Бардаўскай восені”, толькі 15 кастрычніка на сцэне Драматычнага тэатру імя Аляксандра Вянгеркі падчас фестывалю „Напрамак Усход”. У сталіцы Падляшша быў ён паказаны агулам пяць разоў. – Гэта гісторыя аб моцных духам людзях, аб паэзіі, якую нельга расстраляць, і аб надзеі, якая жыве, у кожным з нас, – сказаў рэжысёр. Некаторыя фразы вельмі актуальныя. Я некалькі запісаў у нататніку, які нашу пры сябе:
„Наша краіна – страшней за пекла”, „Я хачу быць матыльком і вылецець згэтуль”, „Сёння лепшы таварыш можа цябе прадаць”, „Дзень мяняе ноч, прыйдзе лепшы час – гэта закон”.
Пасля спектаклю гледачоў у Беластоку чакала прэм’ера музычнага праекту „Арка” ў выкананні дуэту „Zui” – Алены Зуй-Вайцяхоўскай і яе мужа Міхася Зуя. Гэты канцэрт быў падрыхтаваны спецыяльна на „Бардаўскую восень”. Дуэт маладых выканаўцаў выступіў даволі сімпатычна. Песні гучалі, праўда, не пад гітару як у сапраўдных бардаў, толькі ў суправаджэнні электроннай музыкі. Таму я прыслухоўваўся перад усім словам. Намагаўся вылавіць нешта глыбейшае, але, на жаль, не ўдавалася. Міхась Зуй адкрыта сказаў, што прэзентаваны альбом – пра „пачуцці нармальнага жывога чалавека”. Паводле яго „настрой песень стаў менш пазітыўным, больш такім змрочна іранічным”. Гэта быццам з-за вымушанага развітання з радзімай (сужонства апынулася ў Польшчы). Але нейкага суму я не заўважыў. Падчас канцэрту Зуі ўвесь час усміхаліся і жартавалі. Мабыць, так і трэба.
Не мяняе гэта таго, што „Бардаўская восень” гэта цяпер перад усім пастаяннае напамінанне аб рэпрэсаваных. І гэта зразумелае. Фестываль цяпер у асноўным для беларускай дыяспары. А хто як не яны ўголас могуць казаць пра тыя змрочныя падзеі ў беларускай гісторыі, якія асацыююцца з тым, што адбываецца цяпер у Беларусі.
Трэцім пунктам праграмы ў Беластоку быў канцэрт рок-гурта :B:N (без назвы), які амаль нічога супольнага з традыцыйнымі бардамі не мае. Саліст са сцэны сказаў, што нявыгадна ім выступаць перад сядзячай публікай. Тым не менш канцэрт быў даволі энергетычны. Гурт прэзентаваў высокі музычны ўзровень. Гэта сапраўдныя прафесіяналы. Асабліва дзеўка – бубнач. Не здзіўляе тады, што ангажуюць іх для суправаджэння еўрапейскія гурты падчас вялікіх канцэртаў на стадыёнах для шматтысячнай публікі.
Нягледзячы на змену фармату для мяне і майго асяроддзя „Бардаўская восень” яшчэ доўга будзе асацыявацца з Віктарам Шалкевічам, Андрэем Мельнікавым ці Касяй Камоцкай. Сёлета таксама аўтарскія песні ў такім стылі прагучалі. Праўда, не ў Беластоку, толькі ў Бельску і Орлі. Былі таксама мясцовыя акцэнты – ад беларусаў Падляшша. У Бельску ўспаміналі незабыўную паэтэсу Надзею Артымовіч, якая нядаўна адышла ў лепшы свет. Песні на яе неўміручыя словы вершаў спяваў бард Алег Кабзар, які хаця родам з Гомеля, ужо „наш”. У Орлі апрача музычнай праграмы прайшла яшчэ дыскусія пра беларускую літаратуру Падляшша.
Добра, што хаця вядучымі былі мясцовыя беларусы. Гэта Наталля Балтрамюк – сімпатычная стаматолаг з Гайнаўкі (сяброўка „Часопіса”) і былы журналіст Радыё Рацыя Радэк Дамбоўскі, які пасля доўгага перапынку зноў аб’явіўся ў культурным жыцці нашай меншасці на Беласточчыне.
Нікога не павінна здзіўляць, што беларускія арганізацыі на Беласточчыне арганізуюць імпрэзы таксама з думкай пра дыяспару. Няважна, што за значаныя грошы – для падтрымкі культурнай тоеснасці нашай меншасці. Проста настаў такі час. Прыезджыя з Беларусі ратуюць нас у такой празаічнай справе, як збор публікі. Каб не яны, крэслы для гледачоў падчас „Бардаўскай восені” ў Беластоку ў большасці не былі б занятыя. А для выканаўцаў няма нічога горшага, як выступаць перад пустой залай. Раней арганізатары ў Бельску ратаваліся ліцэістамі, якіх прыводзілі настаўнікі. З Гайнаўскага белліцэя звозілі іх нават аўтобусамі. Хаця ў рамках таксама карыснай для моладзі адукацыі.
Юрка Хмялеўскі