Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Na dopyt uziaty byŭ miż inszym Ramuald Rajs „Bury”

    Pra toje, dzie buduć padłożany miny, kromie manciora wiedaŭ jaszcze jaho spolnik, jaki byŭ felczaram (sanitariuszam) u szpitali ŭ Staroj Wilejcy. Tolko ŭ listapadzie 1948 r. mancioru ŭdałoso zwiazacca z dochtaram Marozam. Ad peŭnaj kabiety, jakaja pryjechała da Biełagardu z Biełastoka, dawiedaŭso, szto leczyć jon…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Фотаархіў

Унікальны здымак сяброў Беларускага студэнцкага саюза

Нічога не хацеў бы ў жыцці, каб толькі вярнуцца ў 1930 год у Вільню. Вярнуцца, каб стаць побач з гэтымі таленавітымі беларускімі хлопцамі. Сфатаграфавацца з імі, а пасля гутарыць пра той час, пра Беларускі студэнцкі саюз (БСС), які існаваў са снежня 1921-га да верасня 1939 года ў Вільні, і пра ўсё іншае. Гэта арганізацыя студэнтаў-беларусаў была зарэгістрава польскімі ўладамі, як Związek Akademików-Białorusinów. Друкаванымі органамі Беларускага студэнцкага саюза з’яўляліся часопісы „Новы шлях” і „Студэнцкая думка”.

Сябрамі Беларускага студэнцкага саюза былі і юнакі, якія сфатаграфаваны на гэтым здымку. Злева направа стяць маладыя Мікола Шкялёнак, Мар’ян Пецюкевіч, Аўген Бартуль і Кастусь Глінскі. У 1930 годзе Міколу Шкялёнку споўнілася 31 год, Мар’яну Пецюкевічу – 26, Аўгену Бартулю – 22, а Кастусю Глінскаму – 24 гады. Ніхто з іх яшчэ не ведаў, як складзецца кожнага лёс. Адно вядома, што на гэтым унікальным здымку для нашай гісторыі захаваліся постаці, якія заслугоўваюць сёння самай светлай памяці і пашаны. 

З гэтых чатырох хлопцаў найменш пражыў Мікола Шкялёнак – беларускі юрыст, гісторык, публіцыст, культурны і палітычны дзеяч. Нарадзіўся ён у 1899 годзе ў вёсцы Пякоціна Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта (1932), быў цесна звязаны з заходнебеларускім нацыянальным рухам – узначальваў Беларускі студэнцкі саюз, уваходзіў у кіраўніцтва Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускага нацыянальнага камітэта, рэдагаваў часопіс „Студэнцкая думка”. Актыўна даследаваў гісторыю Беларусі, друкаваў артыкулы „У трохсотыя ўгодкі смерці Вялікага Канцлера Льва Сапегі”, „Копныя суды ў Беларусі”, „Культурнае рабства”, „Тэрыторыя Беларусі і яе дагістарычнае насельніцтва”, „Сінтэза беларускай гісторыі”, „Да метадалогіі гісторыі Беларусі” і іншыя.

Мікола Шкялёнак, Мар’ян Пецюкевіч, Аўген Бартуль, Кастусь Глінскі, Вільня, 1930 г.
Мікола Шкялёнак, Мар’ян Пецюкевіч, Аўген Бартуль, Кастусь Глінскі, Вільня, 1930 г.

У 1936 годзе разам з Вінцэнтам Гадлеўскім Мікола Шкялёнак спрычыніўся да заснавання арганізацыі „Беларускі нацыянальны фронт”. З 1940 года ён знаходзіўся ў Берліне, там быў адным з арганізатараў Беларускага камітэта самапомачы ў Нямеччыне, рэдагаваў газету „Раніца”. З лютага 1943 года працаваў у Мінску ў „Беларускай газеце”, якую пасля забойства Уладыслава Казлоўшчыка, рэдагаваў, а са студзеня 1944 года стаў першым віцэ-прэзідэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады. Прымаў самы актыўны ўдзел у арганізацыі Другога Усебеларускага кангрэсу, дзе выступіў з дакладам „Аб прызнанні за няважныя пастановы ўраду СССР і былой Польшчы, якія датычацца Беларусі, яе тэрыторыі і народа”.

У 1945 годзе Міколу Шкялёнка ў Польшчы высачылі савецкія органы бяспекі, вывезлі ў БССР, дзе ў 1946 годзе расстралялі.

Побач з Міколам Шкялёнкам стаіць этнограф, журналіст, пісьменнік, беларускі грамадска-культурны дзеяч, рэдактар віленскага часопіса „Шлях моладзі” Мар’ян Пецюкевіч, які быў родам з Браслаўшчыны.У 1922 годзе ён паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Падчас вучобы разгарнуў асветніцкую дзейнасць у вясковым асяроддзі па прапагандзе друкаванага беларускага слова, беларускіх народных песень, твораў беларускіх пісьменнікаў. Пасля заканчэння гімназіі ў Вільні вучыўся ў 8-м класе Радашковіцкай гімназіі. Паспрабаваў выехаць у Прагу, каб працягнуць вучобу, але на мяжы быў затрыманы польскай паліцыяй і пад прымусам узяты ў войска, дзе спачатку быў накіраваны ў Цешынскую афіцэрскую школу, а потым – у пяты полк легіянераў. Звольніўся са службы Мар’ян Пецюкевіч напачатку 1929 года. У 1929 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт на гуманітарны факультэт, дзе вывучаў гісторыю, этнаграфію, этналогію, славістыку, археалогію.

Пасля вучобы Мар’ян Пецюкевіч жыў у Вільні, працаваў у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, быў сябрам Беларускага навуковага таварыства, супрацоўнічаў з Беларускім музеем імя Iвана Луцкевіча, з’яўляўся  першым рэдактарам беларускіх перадач на Віленскім радыё, выконваў абавязкі дырэктара дзяржаўнай бібліятэкі імя Урублеўскіх і актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці прафсаюза працаўнікоў культуры Вільні. У кастрычніку 1939 года яго прызначылі дырэктарам Беларускага музея.

У першыя дні гітлераўскай акупацыі беларус выехаў у вёску да сям’і, потым па загаду Беларускага нацыянальнага камітэта арганізаваў у Вільні беларускія настаўніцкія курсы, дзе выкладаў беларускую мову і літаратуру. 

У 1949 годзе Мар’яна Пецюкевіча рэпрэсіравалі за «нацыяналізм» і разам з сям’ёй саслалі ў Сібір ( y г. Ужур Краснаярскага краю), да 1957 года ён знаходзіўся на катаржных работах у Варкуцінскім лагеры. Паводле пастановы спецыяльнай маскоўскай камісіі, быў вызвалены і выехаў у Польшчу да жонкі.

3 1959 да 1970 гады Мар’ян Пецюкевіч працаваў у Этнаграфічным музеі ў Торуні. Часта выязджаў у творчыя камандзіроўкі, сустракаўся з беларускімі дзеячамі культуры, сабраў каштоўны навуковы і мастацкі матэрыял. Пісаў артыкулы на самыя разнастайныя тэмы, але найчасцей – этнаграфічныя матэрыялы. Шмат друкаваўся ў беларускім друку ў Польшчы і ў Беларусі. Пасля смерці выйшлі з друку кнігі Мар’яна Пецюкевіча „У пошуках зачараваных скарбаў” (Вільня, 1998), „Кара за службу народу” (Беласток, 2001), „Лісты (1956-1982)” (Беласток, 2005), і „Сляды незабыўных продкаў” (Мінск, 2007).

Самы малады Аўген Бартуль нарадзіўся ў Пецярбургу 26 лютага 1908 года. Ягоным бацькам быў фармацэўт Данат Бартуль, які працаваў у аптэцы Пелля ў Пецярбургу, а маці – Юлія Бонфельдт была хатняй гаспадыняй. 

У 1917 годзе Аўген Бартуль паступіў у першы клас школы імя Сестранцэвіча пры касцёле святога Станіслава. Але праз год хлопчык пакінуў вучобу, таму што ягоныя бацькі, у сувязі з рэвалюцыйнымі хваляваннямі і прадбачанага голаду, выехалі з Пецярбурга на радзіму ў Віцебскую губерню Дзісенскі павет Прыдруйскую гміну, дзе ў іх быў кавалак зямлі, на якой Бартулі і пасяліліся.

Да восені 1922 года Аўгена дома вучыў бацька. А потым юны Бартуль паступіў ў пяты клас Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, якую закончыў у 1926 годзе. Пасля заканчэння гімназіі, стаў слухачом матэматычна-прыродазнаўчага факультэта Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя, на якім вывучаў хімію на працягу аднаго года. А потым быў залічаны студэнтам прыродазнаўчага факультэта. Праўда, у 1928 годзе юнак перавёўся на юрыдычны факультэт універсітэта. 

Калі вучыўся Аўген Бартуль у Вільні, на Дзісеншчыне памерлі яго бацькі. Апекавацца юнаком стаў просты селянін з Латвіі Уладзіслаў Камараневіч. Магчыма, гэта быў нейкі сваяк Бартуляў. 

Падчас вучобы ў Вільні, Аўген Бартуль прымаў самы актыўны ўдзел у беларускім моладзевым руху. У лютым 1927 года юнак становіцца вольным сябрам урада Беларускага студэнцкага саюза (БСС). Праз год яго выбіраюць скарбнікам БСС, а ў траўні 1930 года – сакратаром БСС. 

У студзені 1930 года ў Празе адбыўся пяты з’езд аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый (АБСА). Ад Беларускага студэнцкага саюза з Вільні ў з’ездзе прынялі ўдзел Станіслаў Станкевіч і Аўген Бартуль. На з’ездзе АБСА было вырашана некаторыя яго чэшскія аддзелы перанесці ў Вільню, а ў Празе пакінуць толькі аддзел міжнародных зносін. Прэсавы аддзел у Вільні ўзначалілі Станіслаў Станкевіч, Мар’ян Пецюкевіч і Аўген Бартуль. 

У 1927 годзе была спроба стварыць згуртаванне маладых беларускіх пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Хлопцы і дзяўчаты хацелі зарэгістраваць літаратурнае аб’яднанне „Веснаход”, але польскія ўлады адмовілі ім у рэгістрацыі. Пашанцавала толькі ў 1928 годзе ў Вільні выдаць асобным зборнічкам творы беларускіх літаратараў „Рунь веснаходу”. Зборнік адкрываўся вершамі Аўгена Бартуля. Надрукаваны там былі і яго празаічныя мініяцюры.

Аўген Бартуль пачаў друкаваць свае вершы ў 1925 годзе. Часопіс „Студэнцкая думка” друкуе яго баладу з даўніх часоў „Голас Нёмна”. А потым вершы паэта з’яўляюцца ў „Народным звоне”, „Голасе беларуса”, „Школьнай працы”, „Беларускай крыніцы”, „Беларускай культуры”, „Шляху моладзі”, беларускіх календарах і розных зборніках. Тры вершы аўтара „Марш моладзі”, „Бунтаўшчык” і „Вечар працоўных” былі змешчаны ў зборніку „Першы крок”, які выйшаў з друку ў Рызе ў 1926 годзе. 

Напачатку 1930-х гадоў Аўген Бартуль цалкам пераключыўся на публіцыстыку. Публіцыстычныя артыкулы ён друкуе ў часопісах „Novaja varta” (Новая варта) і „Калосьсе”. Калі ў „Новай варце” ён публікуе іх пад сваім уласным прозвішчам (першы дыскусійны артыкул „У дарозе да новага ладу” з’явіўся ў 1931 годзе ў №1), то ў „Калосьсях” артыкулы друкуюцца пад псеўданімам А. Бужанскі. Гэта артыкулы, прысвечаныя Івану Саланевічу, творчасці Максіма Танка, паэмам Міхася Машары, спеваку Паўлу Пракапені і іншыя. 

Пасля Другой сусветнай вайны Аўген Бартуль пачаў працаваць гарадскім суддзёй і кіраўніком суда ў Лемборку, ваяводства гданьскае. Усё яго наступнае жыццё была звязаная з гэтым невялікім гістарычным горадам Лемборк. Працаваў таксама натарыусам у натарыяльнай канторы.

12 снежня 1965 года Ганна Бартуль, якая дапамагала мужу ў яго працы, загінула пад коламі аўтамабіля. Аўген Бартуль вельмі любіў сваю жонку. На жаль, яны не мелі дзяцей. 22 ліпеня 1969 года Аўген Бартуль ажаніўся са сваёй маладой памочніцай ў натарыяльным бюро – Іалантай Садоўскай. Неўзабаве, 26 студзеня 1970 году, у іх нарадзілася дачка Ганна, якую назвалі ў гонар яго першай жонкі.

Беларускі паэт і публіцыст Аўген Бартуль памёр 22 чэрвеня 1992 года ў Лемборку. У 2017 годзе мне ўдалося сабраць паэтычную спадчыну Аўгена Бартуль і выдаць асобнай кніжкай у Мінску пад назвай „Князёўна”. 

Крайні справа на фотаздымку Кастусь Глінскі (1906-1987) стаіць неяк бокам і глядзіць на сваіх сяброў. Ён нарадзіўся на Дзісеншчыне. Вучыўся ў Дзісенскай гімназіі, а потым на юрыдычным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Належыў да Беларускага студэнцкага саюзу, некаторы час быў яго старшынёй, выдаваў часопіс „Студэнцкая думка”.

Пасля ўніверсітэту Кастусь Глінскі працаваў суддзёй у Ашмянах. Восенню 1939 года быў арыштаваны савецкай уладай і прысуджаны да 8 гадоў лагераў. У зняволенні знаходзіўся ў Анеглагу ў Архангельскай вобласці. З кастрычніка 1941 года служыў у арміі Андэрса, працаваў пры вайсковым трыбунале. 

З 1946 года беларус жыў у Вялікабрытаніі, з’яўляўся сябрам Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, потым быў кіраўніком Лонданскага аддзела Беларускага вызвольнага руху. Адначасова выконваў абавязкі старшыні філіі антыбальшавіцкага блока народаў Вялікабрытаніі. 

Кастусь Глінскі ўдзельнічаў у разнастайных міжнародных форумах, выдаваў часопіс „Званіца”, напісаў англамоўную брашуру, прысвечаную Беларусі і яе гісторыі. Ён пражыў 81 год і памёр у Лондане.

Вось такі быў лёс гэтых хлопцаў-беларусаў. Фотаздымку 95 гадоў і сёння ён друкуецца ўпершыню.

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У красавіку

    – 9(21).04.1835 г. у Віцебску нар. Ялегі Пранціш Вуль (сапр. Элегі Францішак Карафа-Карыбут), беларускі паэт. Удзельнічаў у  студзенскім паўстаньні, за што быў сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыцьця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (192) – 21.04.1833 г. у Мастаўлянах нар. Віктар Отан Каліноўскі (пам. 6.11.1862 г.), родны брат Кастуся Каліноўскага. Вучыўся ў Сьвіслачы, Гародні, Маскве, Пецярбургу. Вывучаў старадаўнія беларускія і літоўскія рукапісы. Сабраў каля 5000 рукапісаў і кніг, прысьвечаных Старабеларускай дзяржаве. Памёр на сухоты.
  • (122) – 21.04.1903 г. у Барысаве нар. Мікола Аляхновіч, літаратурны крытык ад 1926 г. Закончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэта БДУ, працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытуту Літаратуры і Мастацтва АН БССР. У 1936 г. быў рэпрэсаваны, у ссылцы на Калыме (1938 – 1942), у Іркуцкай і Карагандзінскай абласьцях. У 1957 г. рэабілітаваны, жыў у Ленінградзе. Памёр 9.04.1959 г.
  • (102) – 21.04.1923 г. памёр Ігнат Канчэўскі, паэт, філёзаф і публіцыст (нар. у 1896 г. у Вільні), аўтар эсэ „Адвечным шляхам” (Вільня 1921) пра драматызм гістарычнага лёсу Беларусаў.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis