Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Za rasstreł kaniec kancoŭ nikoho nie abwinawacili

    Potym Jurczeniu na UB dapytwali jaszcze czatery razy. Na kaniec pry prysustwi prakuratara. Jurczenia szczacielno raskazwaŭ, jak zaŭdawaŭ Niemcam ludziej, jakich pośle rasstralali. Nadto nie piareczyŭ toża, kali pytali jaho, ci heto praŭda, szto świedczyli ludzi. Na kaniec 15 stycznia 1953 r. pryznaŭso da winy,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Нагода

У Флорыдзе жыў беларус Ян Пятроўскі

Да 120-годдзя беларускага празаіка, перакладчыка, мемуарыста, рэлігійнага дзеяча і выдаўца Яна Пятроўскага (1905-2001) 

Вядомы беларускі эміграцыйны празаік, перакладчык, мемуарыст і выдавец Ян Пятроўскі да свайго 100-годдзя не дажыў чатыры гады. Гэты юбілей літаратурная Беларусь адзначыла ў студзені 2005 года. А ў мінулым месяцы Яну Пятроўскаму споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння. Розныя крыніцы дзень нараджэнне Яна Пятроўскага падаюць па рознаму. Але ў метрычнай кнізе Слуцкага сабора за 1905 год, копію якой усё жыццё захоўваў у асабістым архіве Ян Пятроўскі, у першай частцы адносна народжаных пад № 17 мужчынскага полу, ёсць наступны запіс: „Студзеня 7 дня 1905 года ў мешчаніна места Слуцка Дзям’яна – сына Адама Пятроўскага і ягонае праўнае жонкі Юстыны – дачкі Андрэя, абодвух праваслаўнага веравызнання, нарадзіўся і 7 студзеня 1905 года ахрышчаны сын Ян. Хрышчонымі бацькамі былі мяшчане места Слуцка: Ян – сын Сымона Гурскі і панна Галена – дачка Мікалая Андрусевіча”.

Бацька рана памёр, таму гаспадыняй у доме была маці, дапамагаў ёй старэйшы брат Апанас. Акрамя яго ў сям’і Пятроўскіх было яшчэ сямёра дзяцей.

Вучобу Ян Пятроўскі пачаў у хатняй настаўніцы. Пасля вучыўся ў школе Свята-Троіцкага манастыра, а потым – у прыходскай школе. У 1919 годзе сям’я Пятроўскіх пераехала ў Вільню. Там Ян закончыў гімназію і адбыў службу ў польскай арміі. Атрымліваў веды ён яшчэ на адукацыйных падрыхтоўчых курсах, пасля ў школе падхарунжых. Была ў яго яшчэ адна найважнейшая школа – гэта школа роднай мовы. У сваёй невялікай аўтабіяграфічнай кніжачцы „На васьмідзясятыя ўгодкі” (Гэйнсвіл, ЗША, 1985 г.) Ян Пятроўскі напісаў: „Школа беларускае мовы – гэта школа адносна даўгалетняга майго жыцця. Першым і найлепшым маім прафесарам гэтае мовы была мая добрая маці гаспадыня Юстына Пятроўская. Пасля яе ішлі прафесары РадаслаўАстроўскі са сваім правапісам беларускае мовы і Браніслаў Тарашкевіч з беларускаю граматыкай…”.

У 1931годзе Ян Пятроўскі пераехаў з Вільні ў Варшаву і паступіў вучыцца ў пратэстанцкую Біблейскую школу ў Клярысаве. Пасля яе заканчэння працаваў год у Варшаве, а пасля пераехаў у Дзярэчын на Зэльвеншчыну. Тут ён за чатыры гады яшчэ бліжэй далучыўся сэрцам і душою да свайго народа, кожны дзень чуў родную мову і беларускія песні. Перыяд жыцця Яна Пятроўскага ў Дзярэчыне добра апісаў у сваёй кнізе „Дзярэчынскі дыярыюш” (Мн., 1999,с.121-123) Міхась Скобла: „У 1932 годзе ў Дзярэчын на службу прыехаў дваццацідзевяцігадовы мэтадыст эвангелічнай царквы Ян Пятроўскі. Наняўшы кватэру ў местачкоўца Гурыноўскага, ён энергічна ўзяўся за працу. Такім чынам, Божае слова гучала ў Дзярэчыне з вуснаў ксяндза Пачабута, праваслаўнага святара і прапаведніка-эвангеліста… 

Пераклад Яна Пятроўскага
Пераклад Яна Пятроўскага

Ян Пятроўскі ў Дзярэчыне прапаведаваў ня толькі Хрыстовавае вучэньне. Ён шукаў падпішчыкаў на беларускія пэрыёдыкі, стварыў у мястэчку суполку Таварыства Беларускае Школы…

Прапаведніку ад Бога, энцыклапэдысту паводле абсягу ведаў, паліглёгу Яну Пятроўскаму бракавала ў мястэчку суразмоўцы, зь якім можна было б пагутарыць на разнастайныя тэмы. Часам ён выбіраўся ў Слонім да Гальяша Леўчыка. Яны плавалі ў чоўне па Шчары, аглядалі гістарычныя камяніцы старога горада, вялі бясконцыя размовы пра беларушчыну…”.

Драўляная Пагоня знаходзілася ў доме Пятроўскіх у Флорыдзе
Драўляная Пагоня знаходзілася ў доме Пятроўскіх у Флорыдзе

Сапраўды, Ян Пятроўскі шчыра сябраваў з беларускім паэтам, музыкантам, мастаком і калекцыянерам са Слоніма Гальяшом Леўчыкам (Ільёй Міхайлавічам Ляўковічам, 1980-1944). Даследуючы творчасць свайго земляка Гальяша Леўчыка, я аднойчы напісаў пісьмо Яну Пятроўскаму у ЗША, каб ён прыслаў успаміны пра вядомага слонімца. Спадар Пятроўскі вельмі ўзрадаваўся майму пісьму са Слоніма. Менавіта Гальяш Леўчык і стаў прычынаю нашага шматгадовага сяброўства. Мы перапісваліся. А ў 1992 годзе Ян Пятроўскі запрасіў мяне да сябе ў госці ў горад Гэйнсвіл штат Фларыда. Тады амерыканская амбасада была яшчэ ў Маскве. І калі я паехаў у Расею па візу, супрацоўніца амерыканскага пасольства сказала, што я – патэнцыйны малады эмігрант і візы не адкрыла. Не дапамагло нават тое, што Пятроўскі мне купіў білеты туды і назад, і я іх ужо трымаў у сваіх руках.

Ян Пятроўскі ніяк не мог зразумець, чаму амерыканцы не пусцілі мяне ў ЗША. Тады ён пазваніў, а пасля неяк напісаў, каб я ў Слоніме нагледзеў добры дом, які можна было б купіць. Ён хацеў у горадзе над Шчарай адкрыць сваю бібліятэку і архіў, перадаўшы з Амерыкі ўвесь свой літаратурны скарб, а таксама трымаць і фінансаваць невялічкі штат супрацоўнікаў. І каб гэтай бібліятэкаю бясплатна карысталіся ўсе беларусы. Мне такі будынак удалося знайсці, але ажыццявіць планы спадара Пятроўскага не ўдалося. Па-першае, здароўе нашага суайчынніка з кожным днём пагаршалася, тым больш, што ён вельмі перажываў за раптоўную смерць і страту свайго 50-гадовага сына, а таксама любай жонкі Аліцыі. Па-другое, нехта з беларускага пасольства ў ЗША пачаў часта неведваць Пятроўскага і кантраляваць нашу перапіску, таму што многія лісты адзін да аднаго мы ўжо не атрымлівалі.

Георгій Пятроўскі - сын Яна Пятроўскага
Георгій Пятроўскі – сын Яна Пятроўскага

Цяпер вернемся да Гальяша Леўчыка з якім шчыра сябраваў Ян Пятроўскі. Ян Дзям’янавіч прыслаў мне шмат цікавых, раней невядомых звестак пра майго земляка. Усе пісьмы Яна Пятроўскага захоўваюцца ў маім хатнім архіве. У адным з іх ад 15 кастрычніка 1993 года ён піша: „У часе мае першае сустрэчы з Гальяшом Леўчыкам, ён пяяў мне пад гітару жартаўлівую песеньку, з якое засталася ў памяці маёй адна страфа, у якой Язэпка расказвае пра сябе:

Як падрос я крышку,

Ў школу стаў хадзіць,

І настаўнік ў школе часта мне казаў:

У цябе, Язэпка, разумна галава,

Толькі ў Язэпкі розуму няма…

Цікавыя ўспаміны пра Гальяша Леўчыка пакінуў Ян Пятроўскі ў першым томе сваіх трохтомных „Мэмуараў” (Гэйнсвіл, ЗША, 1988-1996 г.г.). Ёсць там і каштоўныя ўспаміны пра „Дзярэчын – малы Версаль”. Наогул, „Мэмуары” Яна Пятроўскага ахопліваюць усё ХХ стагоддзе, дзе аўтар апісвае і ўспамінае даваенныя Слуцк, Вільню, Варшаву, распавядае пра Антона Луцкевіча, пра беларускае жыццё на эміграцыі, пра гісторыю касцёла метадыстаў, а таксама пра Беларускі Харытатыўна-адукацыйны фонд, які стварылі Ян і Аліцыя Пятроўскія. Гэты фонд шмат зрабіў для развіцця беларускай культуры ў свеце.

Успаміны Яна Пятроўскага
Успаміны Яна Пятроўскага

Да пачатку Другой сусветнай вайны Ян Пятроўскі быў абраны сакратаром Гадавой канферэнцыі на XVI Місійнай канферэнцыі Паўднёвай епіскапальнай метадыстычнай царквы ў Польшчы. А ў 1939 годзе ў Капенгагене ён прымаў удзел у пасяджэнні з нагоды аб’яднання метадысцкай царквы.

Калі пачалася вайна Ян Пятроўскі з сям’ёй жыў у Вільні, а пасля ў Берліне, дзе на беларускай мове выдаў „Новы запавет”, а таксама планаваў выдаць падрыхтаваны нямецка-беларускі слоўнік. У 1946 годзе ў Аўстрыі выйшлі з друку дзве часткі яго англійска-беларускага і беларуска-англійскага слоўнікаў. А ў 1993 годзе гэтыя слоўнікі пабачылі свет у Мінску ў незалежнай выдавецкай кампаніі „Тэхналогія”. У той жа Аўстрыі спадар Пятроўскі выдае яшчэ дзве паштоўкі. Адна з іх прысвечана Францыску Скарыну, а другая – Дню 25-га Сакавіка.

Ян Пятроўскі з жонкай
Ян Пятроўскі з жонкай

У 1953 годзе Пятроўскія эмігруюць у ЗША, дзе і пачынаецца іх шырокая, плённая творчая і выдавецкая справа. Ян Пятроўскі ўпершыню ў сусветнай беларусістыцы перакладае і выдае на беларускай мове дыялогі грэчаскага філосафа Платона. У шасці асобных кнігах выйшлі з друку дыялогі „Абарона Сакратаса”, „Крытон”, „Файтон”, „Сімпазіён”, „Іён”, „Горгіяс”, „Протагорас”, „Гіппіяс вялікшы”, „Парменідас” і „Політэя”. Па-беларуску выходзяць і філасофскія роздумы рымскага імператара Марка Аўрэліюса.

Выбраныя творы Платона ў перакладзе Яна Пятроўскага
Выбраныя творы Платона ў перакладзе Яна Пятроўскага

У 1987 годзе асобным выданнем выйшла з друку даследчая праца Яна Пятроўскага „Старажытная грэцкая клясыка”. А праз два гады праца нямецкага філосафа Карла Вільгельма фон Гумбольдта „Унутраная форма мовы”, якую пераклаў на беларускую мову Ян Пятроўскі.

Не кожная дзяржава можа пахваліцца выданнем, якое маюць сёння беларусы – двухтомны „Грэцка-беларускі слоўнік” Яна Пятроўскага.

Сабраў наш суайчыннік і выдаў у ЗША трохтомнік „Лепшых думак чалавека”, а таксама іншыя літаратурна-перакладчыцкія працы.

А яшчэ Ян Пятроўскі з 1962 да 1966 года выдаваў рэлігійна-метадыстычны часопіс „Сьветач Хрыстовае навукі”, выйшла ўсяго 24 нумары. А яго Харытатыўна-адукацыйны фонд меў яшчэ свой бюлетэнь „Анаграмы”, дзе інфармавалася пра дзейнасць і сутнасць фонду, пра яго мэты, задачы і пра тое, што рабілася супрацоўнікамі фонду.

Анаграфы Яна Пятроўскага
Анаграфы Яна Пятроўскага

Вось такім быў і застаўся ў гісторыі беларускай культуры і літаратуры беларус Ян Пятроўскі з Фларыды. Ён добра ведаў старажытную грэчаскую, польскую, англійскую, нямецкую, рускую, украінскую, чэшскую, лацінскую і вядома ж сваю родную беларускую мовы. Філосаф Платон у дыялогу „Горгіяс” казаў: „Найгоршае на свеце зло – гэта тварыць несправядлівасць, бо толькі несправядлівыя з’яўляюцца няшчаснымі”. А Ян Пятроўскі ад сябе дадае: „Я ніколі ў жыцці нікога не крыўдзіў, ды і не меў мэты каго-небудзь пакрыўдзіць”. Ян Пятроўскі ўсё жыццё пісаў і выдаваў па-беларуску кнігі, ён моцна любіў антычную філасофію і сваю Бацькаўшчыну. Таму даўно пара на роднай яму Случчыне ўшанаваць гэтае імя.

Сяргей Чыгрын

Фота з архіва аўтара

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У сакавіку

    – забойства язычнікамі ў 1250 г. ігумена Лаўрышаўскага манастыра, прападобнага Елісія, кананізаванага як сьвяты Беларусі. – 31.03.1785 г. у Варшаве памёр Антоні Тызэнгаўз (нар. у 1733 г. у Новаельні на Гродзеншчыне), палітычны і грамадзкі дзеяч ВКЛ, асьветнік, з 1765 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (161) – 22.03.1864 г. быў павешаны ў Вільні Кастусь Каліноўскі.
  • (104) – 22.03.1921 г. у Вільні выйшаў першы нумар газэты „Беларускі Звон”, якога выдаўцом ды рэдактарам быў Францішак Аляхновіч. Газэта выдавалася да 24.02.1923 г.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis