Літаратар і прадпрымальнік з Гародні Валянцін Дубатоўка не першы год узначальвае Гарадзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. За апошні час пад яго кіраўніцтвам сябры-пісьменнікі актывізавалі сваю творчую працу. Яны пачалі наладжваць сустрэчы, прэзентацыі, выданні кніг, супрацоўнічаць з іншымі грамадскімі арганізацыямі. Сам Валянцін піша вершы, прозу, займаецца краязнаўствам. Выдаў кнігі „Архіпелаг Сапегаў”, „Чорная воля”, „Чужы”, „Сімвал веры” і іншыя. За кнігу „Чужы” атрымаў прэмію „Воін Святла”, якая летась была яму ўручана ў Кіеве.
Валянцін Дубатоўка пагадзіўся адказаць на пытанні нашага карэспандэнта.
Валянцін, колькі сёння налічваецца сяброў Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў? Што гэта за творчыя людзі? Дзе яны працуюць, жывуць?
– На сённяшнi час у нашым аддзяленні налічваецца трыццаць творчых асобаў. Калi браць па сацыяльнаму статусу, то ў нас ёсць i выкладчыкi ўнiверсiтэтаў, i будаўнiкi, i настаўнiкi, i прадпрымальнiкi з рынкаў, i журналiсты, i нават беспрацоўныя. А каго больш сярод нашых сяброў, я не ведаю. Калi весцi гаворку, хто пераважае ў пісьменніцкім асяроддзі – паэты цi празаiкi, то мне i з гэтым вызначыцца цяжка. Бо нашы літаратары цяпер працуюць у розных лiтаратурных жанрах. Напрыклад, Алесь Краўцэвiч, Васіль Герасiмчык і Лявон Лаўрыш пiшуць не толькi на гiстарычныя тэмы, але i не цураюцца белетрыстыкi. Юрка Голуб, Ала Петрушкевiч, Анатоль Брусевiч, акрамя вершаў, пiшуць i празаiчныя творы. А вось каго бракуе ў Гарадзенскім аддзяленні Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) магу сказаць упэўнена, што гэта прафiсiйных, мудрых, добра разумеючых лiтаратуру – крытыкаў.
Хто самыя старэйшыя сябры СБП Гарадзеншчыны? І хто самыя маладзейшыя, я маю на ўвазе ўзрост. Над чым яны працуюць, што пішуць і ці пішуць наогул?
– Калi гаварыць пра самых старэйшых нашых сяброў, то ў першую чаргу хацеў бы ўзгадаць такiя асобы, як прафесар Павел Сцяцко, прафесар Аляксей Пяткевiч, Уладзiмiр Васько, Аляксандр Стадуб. Усе гэтыя згаданыя лiтаратары i цяпер вельмi плённа рупяцца на творчай нiве. Аляксей Пяткевiч у мiнулым годзе выдаў выдатную кнiгу „Аўтографы – разам”. Сёння ён рыхтуе кнiгу ўспамiнаў, шмат друкуецца ў розных беларускiх выданнях у Беларусі і за яе межамi. Павел Сцяцко нядаўна падрыхтаваў кнiгу „Дзярэчынскi слоўнiк”. Не адзiн нумар часопіса „Роднае слова” не выходзiць без яго цiкавых артыкулаў па мовазнаўству. Прытым, ён шмат дае iнтэрв`ю, якія датычаць моўных пытанняў у ВНУ і ў беларускiх школах.
А цi ёсць такое вызначэнне для пiсьменнiка як ветэран? Што такое малады i па якiх узроставых крытэрыях вызначаць пiсьменнiка. Па пашпарце? А калi ён пачаў пiсаць толькi пасля трыццацi ці сарака?..
– Я, наогул, лiчу, што празаiк можа пачынаць больш менш упэўненна пiсаць толькi тады, калi сам спазнае жыццё як след. Ёсць у нас, канешне, i больш маладзейшыя творцы. Той жа Анатоль Брусевiч, якi ў мiнулым годзе атрымаў прэмiю „Залаты апостраф”. Васiль Герасiмчык – выдатны празаiк, якi захапляльна пiша на гiстарычныя тэмы.
Амаль чатыры гады ты ўзначальваеш Гарадзенскае аддзяленне СБП. Што ўдалося за гэты час ажыццявіць? Якія планы на будучыню, ці хаця б на гэты год?
– Ставiць сабе адзнакi, я думаю, гэта непачэсная справа. Але зыходзячы з нашых сцiплых магчымасцей, я лiчу – зроблена нямала. У першую чаргу, як я ўжо казаў раней, наша абласная суполка пашырылася з дваццацi чытырох да трыццацi сяброў. У нас выходзiць штогадовы альманах „Новы замак”. Першапачатковую канцэпцыю альманаха распрацаваў наш сябар i першы галоўны рэдактар Сяргей Астраўцоў, за што яму вялiкі дзякуй ад усiх лiтаратараў Гарадзеншчыны. Зараз галоўным рэдактарам абраны Янка Трацяк – кандыдат навук, выдатны паэт, патрабавальны рэдактар. Менавiта пры iм аўтараў, якія пiшуць у альманах, пабольшала амаль у два разы. Хацелася б узгадаць праект, якi нашая фiлiя ажыццявiла разам з Гарадзенскай праваслаўнай епархiяй. Так сталася, што мадэратарам дадзенага праекта стаў выдатны паэт i шчыры хрысцiянiн айцец Павел Каспяровiч. Пры падтрымцы настаяцеля Пакроўскага сабора Георгiя Роя, разам з сябрамi нашага аддзялення мы здзейснiлi шматлiкiя вандроўкi па бiблiятэках Гарадзеншчыны. Былi ў Шчучыне, Слонiме, Бераставiцы, Зэльве, i паўсюль адбываліся шчымлiвыя сустрэчы з чытачамi i вернiкамi. Пры бласлаўленнi ўладыкi Арцемiя, iерэй Павал Каспяровiч разам з сябрам нашага саюза Анатолем Брусевiчам сабралi i выдалi зборнiк хрысцiянскай паэзii „Каложскi дабравест”. А ў мiнулым годзе пры падnрымцы Таварыства беларускай мовы мы арганiзавалi прыстойнае святкаванне 100-годдзя БНР у Гароднi i ў Лiдзе. З Вiктарам Парфёненкам – кiраўнiком гарадскога аддзялення Таварыства беларускай мовы, былi арганiзаваны калядныя выступы ў дзiцячых садках горада нашага сябра, артыста, барда i пiсьменнiка з Наваградка Мiхася Зюзюка. Не магу абысцi ўвагаю i заснаванае разам з табой, спадар Сяргей, штогадовага свята паэзi i ў Дзятлаве, а таксама шмат яшчэ чаго.
Кожнае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў, здаецца, мае свае ўзнагароды лепшым творцам за год. Гарадзенскае не мае, чаму?
– Ёсць такая задумка і ў нас. Ужо iдзе абмеркаванне канцэпцыi. Разам з рэспублiканскiм Таварыствам беларускай мовы ёсць праект заснаваць агульную лiтаратурную прэмiю, каб уручаць яе ў Лiдзе падчас Лiдскага фэсту каля помнiка Францыску Скарыне.
Ці часта выдаюцца творы літаратараў Гарадзеншчыны?
– Кожны год з-пад пяра нашых сябраў выходзiць па некалькi кнiг. У мiнулым годзе пабачылi свет кнiгi Юркi Голуба „Краявiд” і „Птушыны радавод”, Нiкалоса Бараташвiлi „Паэзiя” (пераклад з грузiнскай мовы), Валянцiна Дубатоўкi „Сiмвал веры”, Сяргея Чыгрына i Уладзiмiра Хiльмановiча „Каляндар Слонімшчыны”, Алы Петрушкевiч „«Белавежа»: постаці, творы, героі”, Аляксея Пяткевiча „Аўтографы-разам”, зборнік вершаў Рычарда Бялячыца, кніга вершаў і прозы Уладзіміра Васько „Энергія душы” і іншыя.
Творы пісьменнікаў павінны аплочвацца, дзе б яны не друкаваліся. Гэта іх заробак, каб пражыць. З ганарарамі сёння ў Беларусі існуе праблема. Якое ёсць выйсце, каб неяк падтрымліваць матэрыяльна літаратараў?
– Гэта самае складанае пытанне сёння. Амаль усе нашы творцы выдаюць свае кнiгi за ўласны кошт. І не атрымліваюць за сваю працу нават ганарару. Справа ў тым, што ў нас так склалася, што выдаўцы зараз жывуць за кошт аўтараў, хаця павiнна быць наадварот. I мы наўрад цi cёння дамо рады змянiць гэтую недарэчнасць. Сёння атрымлiваецца так, што беларускія ўлады зусiм не цiкавяцца жыццём і творчасцю сваіх пiсьменнiкаў, а таксама i іх лёсам. Ды i спонсары, за малым выключэннем, не звяртаюць увагу на творчую працу лiтаратараў. Я табе скажу шчыра, нават проста рэалiзацаваць кнiгi праз дзяржаўныя крамы ў Беларусі бывае надзвычай складана. Таму мы выкарыстоўваем любую магчымасць, каб данесцi друкаванае беларускае слова да нашых чытачоў. Адсюль i прэзентацыi, i арганiзацыi кнiжных шапiкаў на розных абласных святах, фэстах, сустрэчах наладжваем, а таксама аўтограф-сесii ў раённых гарадах…
Пісьменнікі Гарадзеншчыны шмат гадоў „варацца ў сваім саку”. Ці не пара пашыраць межы сяброўства з літаратарамі Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны?
– Я б, спадар Сяргей, не быў бы такiм катэгарычным. Па-першае, кожны год на Беласточчыне праходзiць „Бязмежжа”, дзе cустракаюцца пiсьменнiкi Гарадзеншчыны з лiтаратарамi Польшчы. У Беластоку выходзяць нашыя кнiгi, напрыклад, у БЛА „Белавежа” ў мiнулым годзе выйшла кнiга Алы Петрушкевiч, у Беластоку рэгулярна выходзяць кнiгi Вiктара Сазонава i Уладзiмiра Хiльмановiча. У мiнулым годзе ва Украiне ў розных выданнях друкавалiся творы Валянціна Дубатоўкi, Віктара Сазонава, Сяргея Чыгрына. Але ж, канешне, гэтага мала . Тут яшчэ ёсць процьма магчымасцей.
Ці прыносіць карысць выданне штогодніка сяброў Гарадзенскага аддзялення СБП „Новы замак”? Выданне ж безганарарнае.
– Выданне альманаха – гэта безумоўна вельмi карыснае справа. „Новы замак” пад адной вокладкай аб`ядноўвае многіх пiсьменнiкаў Гарадзеншчыны. Чытачы, узяўшы ў рукi наш альманах, могуць на поўнiцу адчуць лiтаратурнае жыццё Прынёманскага краю. „Новы замак” – гэта i паэзiя, i белетрыстыка, і проза, i крытыка. Ды i пры дбайнай працы рэдкалегii альманаха, чытачы маюць рэдкую мажлiвасць пазнаёмiцца з творчасцю маладых аўтараў. А вось уявiце сабе, што такога выдання ў нас не было б наогул, тады дзе змагла б друкавацца нашая творчая моладзь? Канешне, хацелася б, каб за напiсанае аўтары „Новага замку” атрымлiвалi яшчэ i ганарары. Але пакуль, на жаль, мы дазволiць сабе гэтага не можам. Я б сказаў так. Аўтарства ў нашым альманаху – гэта праца на будычыню.
Як распаўсюджваецца сёння „Новы замак”?
– Па-большасцi рэалiзацыя выдання праходзiць на прэзентацыях i аўтограф-сесiях. Дзякаваць богу яны праходзяць даволi рэгулярна, як у Гароднi, так i па раёнах. Людзi набываюць наш штогадовiк з задавальненнем. I мы былi б не супраць, каб ён разыходзiўся яшчэ хутчэй. Але такая зараз сiтуацыя са ўсёй друкаванай прадукцыяй. Некалi ў транспарце, на прыпынках амаль кожны чалавек чытаў кнiгу, газету, часопiс. А зараз? Настаў час Інтэрнэту. Выцягнуў з кiшэнi тэлефон i навошта кнiга. Але я не пагаджуся i з тымi, хто лiчыць, што друкаваныя носьбiты iнфармацыi аджылi сваё. Проста зараз iншыя часы, iншыя хуткасцi. Таму i мы, я маю на ўвазе пiсьменнiкаў, павiнны мяняцца i паспяваць за навакольным светам.
На Гарадзеншчыне існуе і дзяржаўны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Якія стасункі з ім?
– З гэтым саюзам наша аддзяленне не кантактуе наогул. I мы тут абсалютна не прычым. Хтосьцi прыклеіў Саюзу беларускiх пicьменнiкаў ярлык апазiцыянераў, але ў нас, як вядома, з апазiцыяй нiякiх стасункаў няма. Хаця прычым тут палiтыка, я зусiм не разумею. Мы ж проста беларуская грамадская творчая арганiзацыя. Сюды можа ўступiць любы грамадзянiн нашай краiны, якi мае талент і ўмее добра пісаць літаратурныя творы, друкуецца, выдае кнігі. Але ў „Новым замку”друкуюцца ўсе пiсьменнiкi Гарадзеншчыны. Галоўны крытэрый – гэта добрыя і вартыя творы.
Чытаю і бачу, што гарадзенскія пісьменнікі часта выступаюць у Гародні, Лідзе, Зэльве, Дзятлаве, Наваградку, Слоніме, але вельмі-вельмі рэдка ў Ваўкавыску, Бераставіцы, Скідзелі, Іўі, Ашмянах, Астраўцы, Воранаве… Чаму так?
– Справа ў тым што ва ўзгаданых табой раёнах вельмi складана кантактаваць з мясцовымi ўладамi. А ў асобных раёнах iснуе сапраўдная забарона на нашы выступы. Пакуль дзверы мясцовых школ і бiблiятэк у некаторых раёнах нашай вобласцi, на жаль, зачынены для нас. Вось таму мы спрабуем прабiцца да людзей пры падтрымцы каталіцкіх і праваслаўных храмаў. Спрабуем выкарыстоўваць любыя мажлiвасцi, каб пазнаёмiць тутэйшага чытача з творчасцю гарадзенскiх пiсьменнiкаў.
На што сёння трэба спадзявацца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Гарадзеншчыны? Чым ты, як кіраўнік, можаш іх сёння абнадзеіць і парадаваць?
– Спадзявацца, як i ва ўсе часы нашай складанай гiсторыi, мы павiнны толькi на Бога i на сябе. Літаратары з дзяржаўнага саюза i грошы атрымлiваюць, i чыноўнiкi iх па ўсiх дзяржаўных мерапрыемствах цягаюць. А яны ледзьве свой часопiс раз у два гады выпусцiць могуць. А мы выдаем „Новы Замак” кожны год. Дый пачытайце змест. У нас прынята наракаць на начальнiкаў. Маўляў, кiраўнiцтва СБП мaгло б матэрыяльна дапамагчы абласцям. А я, наадварот, здзiўляюся, як iм яшчэ ўдаецца i кнiгi выдаваць, i газету рабiць, а яшчэ i абласныя альманахi выпускаць штогод. Мы павiнны ясна ўсвядамляць, што ў сёняшняй Беларусi дзяржаве непатрэбныя вольнадумцы, якiя пiшуць як iм хочацца. А калi так, то i разлiчваць на падтрымку сёняшняй дзяржавы ніяк не выпадае. Таму я кажу шчыра, трэба шукаць новыя мажлiвасцi праз iнтэрнэт, альтэрнатыўныя СМІ, незалежны гандаль і г.д., каб знаёміць людзей са сваёй творчасцю. Мы нарэшце павiнны зразумець, вяртання ў мiнулае не будзе. Таму, калi вы вырашылi ўсё ж такi займацца лiтаратурай, рыхтуйцеся змагацца за cвае погляды, за свайго чытача i свае кнiгi. I, самае галоўнае, трэба цiкава i таленавiта пiсаць, каб чытачы пра вашы кнігі самі пыталі ў крамах.
Гутарыў
Сяргей Чыгрын