850 – 23.05.1173 г. у Іерусаліме памерла Еўфрасіньня Полацкая (нар. каля 1110 г.), полацкая князёўна, унучка Усяслава Чарадзея, асьветніца, выдатная грамадзка-царкоўная дзяячка (пабудавала дзьве цэрквы й два манастыры), па яе заказе была выканана Лазарам Богшам самая каштоўная рэліквія Беларусі – Еўфрасіньнеўскі крыж. Яе мошчы захоўваюцца ў Спаса-Еўфрасіньнеўскім храме (манастыры) у Полацку.
375 – У траўні 1648 г. казацкія паўстанцы на чале з Багданам Хмяльніцкім разбілі войскі Рэчы Паспалітай пад Жоўтымі Водамі й Корсунем. Казацкія загоны прыбылі на Беларусь і пры дапамозе беларускіх паўстанцаў здабылі Гомель, Тураў, Пінск – паўстаньне разгарнулася на беларускіх землях.
190 – 12.05.1833 г. нар. у маёнтку Адамарын каля Маладэчна Бэнэдыкт Дыбоўскі (памёр 31.01.1930 г. у Львове), заалог, прыродазнавец, лекар. Закончыў унівэрсытэт у Дарпаце; з 1862 г. быў прафэсарам у Варшаўскім унівэрсытэце. За ўдзел у студзеньскім паўстаньні сасланы ў Сібір. Апісаў прыроду Прыбайкальля, фаўну возера Байкал і ракі Амур. Працаваў там лекарам. З 1884 г. працаваў ва Львоўскім унівэрсытэце. Вывучаў беларускія азёры. Пахаваны на горцы паўстанцаў на Лычакоўскіх могілках у Львове, яго сімвалічная магіла знаходзіцца на Паванзкоўскіх могілках у Варшае.
185 – 11.05.1838 г. у Вільні памёр Андрэй Сьнядэцкі (нар. 30.11.1768 г. у Рыдлеве каля Жніна), хімік, лекар, філёзаф і асьветнік, з 1797 г. працаваў як прафэсар хіміі і мэдыцыны ў Віленскім унівэрсытэце, у 1816-1822 гг. рэдагаваў „Wiadomości Brukowe”, аўтар першага падручніка хіміі на польскай мове „Początki chemii” (1800) i працы „Teoria jestestw organicznych” (1804-1811). Пахаваны на вясковым могільніку ў Гародніках Ашмянскага пав. недалёка родавага маёнтка Сьнядэцкіх у Балтупю.
150 – 14 (26).05.1873 г. памёр Міхал Дзмітрыеў (нар. у 1832 г. у Пецярбургу), дырэктар гімназіі ў Наваградку, інспэктар (1867-1873), затым дырэктар Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішчаў. Сабіраў і публікаваў беларускую вусна-паэтычную творчасьць.
140 – 8.05.1883 г. нар. у Данілаўцы каля Сьветлагорска Сьцяпан Некрашэвіч (расстраляны 20.12.1937 г.), беларускі мовазнаўца, аўтар чытанак і слоўнікаў беларускай мовы.
140 – 10.05.1883 г. у Лібаве нар. Янка Маўр (сапр. Іван Фёдараў, пам. 3.08.1971 г. у Менску), пісьменьнік. Друкаваўся з 1923 г. Аўтар апавяданьняў, аповесьцяў й раманаў для дзяцей і моладзі. Пахаваны на Усходніх могілках у Менску.
125 – 21.05.1898 г. нар. ў Лэнчыцы Кастусь Кіслы (бацька паходзіў з-пад Слоніма), выдатны беларускі музык, кампазітар, дырыжор царкоўных і сьвецкіх хораў. З 1932 г. па 1944 г. жыў у Беластоку. Арганізатар і дырыжор школьнага хору пры саборы сьв. Мікалая. Таксама вёў беларускі хор у Беластоку да 1939 г. Арыштаваны саветамі ў 1939 годзе. У 1941 г. уцёк зь няволі. Да 1943 г. кіраваў папулярным Ансамблем Песьні й Танца ў Беластоку. З 1944 г. на эміграцыі. У 1953-1956 гг. (пасьля сьмерці Міколы Равенскага) кіраваў хорам беларускіх студэнтаў у Лювэне (Бельгія). З 1956 г. кіраўнік беларускіх сьвецкіх і царкоўных хораў у Кліўлендзе (ЗША). Кампанаваў царкоўную музыку, аўтар музычнага зборніка „Вялікдзень”. Памёр 8.01.1980 г. у Беластоку, Пахaваны на праваслаўных могілках у Беластоку-Выгодзе.
110 – У 1913 г. у Вільні выйшаў першы й адзіны прыжыцьцёвы зборнік паэзіі Максіма Багдановіча (жыў у 9.12.1891 – 25.05.1917 гг.) – „Вянок”. Паэт сваёй творчасьцю ўзьняў новую беларускую паэзію на ўзровень эўрапейскай паэтычнай культуры.
105 – 20.05.1918 г. у Прымагільлі памёр Кaрусь Каганец (Казімір Кастравіцкі – нар. 10.02.1868 г. у Табольску), беларускі пісьменнік і мастак. Пахаваны ў Вялікіх Навасёлках каля Дзяржынска (Койданава).
100 – У траўні 1923 г. у Беластоцкім акруговым судзе адбыўся працэс 45-ці ўдзельнікаў беларускага вызваленчага руху зь Беласточчыны.
95 – 22.05. 1928 г. у Вільні закончыўся суд над 56 дзеячамі Сялянска-Работніцкай „Грамады”.
95 – 28.05.1928 г. у Беластоцкім акруговым судзе закончыўся судовы працэс над 133-ма дзеячамі, удзельнікамі беларускага руху.
90 – У траўні 1933 г. выйшаў у Вільні першы нумар беларускага культурна-грамадзкага й літаратурнага часопіса „Беларускі летапіс” (выходзіў да 1939 г.). Адным з яго заснавальнікаў і потым рэдактарам быў Рыгор Шырма, а аўтарамі зьяўляліся між іншым дзеячы беларускага руху (таксама ў пасьляваеннай Польшчы) Піліп Кізевіч і Вінцук Склубоўскі.
85 – 25.05.1938 г. у Менску адкрыўся Беларускі Дзяржаўны Тэатр Оперы і Балета.
75 – 1.05.1948 г. у Кобрыне адкрыўся ваенна-гістарычны музэй імя А. В. Суворава.
75 – 31.05.1948 г. нар. у Іванафранкоўску (Украіна) Сьвятлана Алексіевіч, празаік-дакумэнталіст, аўтарка м. ін. кніжак „Цынкавыя хлопчыкі”, „Памінальная малітва”, перакладзеных на розныя мовы, таксама польскую. У 2015 г. атрымала літаратурную Нобелеўскую прэмію.
70 – 9.05.1953 г. у Менску выйшаў І нумар месячніка „Маладосць”.
70 – 11.05.1953 г. памёр у Быдгашчы Гасан Канапацкі (нар. 25.02.1879 г. у Менску), палкоўнік, беларускі дзеяч міжваеннага перыяду ў Вільні, камандзір беларускіх аддзелаў у польскім войску ў 1919-1921 гадах.
55 – 25.05.1968 г. у Рочэстэры (ЗША) памёр Францішак Кушаль – грамадзкі дзеяч, вайсковец (нар. 16.02.1895 г. у в. Першаі, Менскага павету). Сярэднюю адукацыю атрымаў у Вільні ў 1916 г. У час І сусьветнай вайны даслужыўся званьня штабс-капітана. У 1919-1921 гг. уваходзіў у Беларускую Вайсковую Камісію. З 1922 г. на службе ў польскім войску (не атрымліваў авансу). У верасьні 1939 г. удзельнічаў у баях у раёне Львова. Трапіў у савецкі палон, знаходзіўся ў Старабельскім лагеры, потым у маскоўскай турме (Бутыркі). Са сьнежня 1943 г. уведзены ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады, стаў начальнікам аддзела вайсковых справаў. Пасьля вайны на эміграцыі ў ЗША. Адзін з заснавальнікаў газэты „Бацькаўшчына”, удзельнічаў у выдаваньні „Беларуса”. Пахаваны на могілках Маўнт Хоўп.
45 – 1.05.1978 г. адкрыты Гродзенскі Дзяржаўны Унівэрсытэт.
Апрацавалі Лена Глагоўская і Вячаслаў Харужы