Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Такіх людзей больш не будзе

На Светлым Тыдні пасля Вялікадня прыйшлося мне назаўсёды развітацца з матуляй. Памерла – на 84-ым годзе жыцця – раніцай у промнях вяснянага сонца пры мне ў сваім доме ў Паўднёвым Востраве. Пражыла тут 63 гады, адкуль прыйшла сюды замуж са Слоі, што ў суседняй Шудзялаўскай гміне. Была з апошняга такога моцнага тутэйшага пакалення аўтахтонаў, якое вось, на жаль, ужо канчаецца. Такіх людзей больш не будзе. Такіх энергічных, працавітых, жывучых у сімбіёзе з зямлёю, прыродай і з натуральным яшчэ чалавечым інстынктам. Якія так цудоўна размаўлялі на сваёй адвечнай, жывой, смакавітай проста-беларускай мове. Так натуральна як яны па-просту больш ніхто ўжо не загаворыць.

Востраво і Слоя – старадаўнія паселішчы. Існавалі ўжо ў сярэднявеччы, а мо і раней. У захаваных гістарычных дакументах першыя звесткі пра гэтыя сёлы паходзяць з XV-XVI ст.ст. Але паколькі на працягу многіх вякоў жыццё тут нічым асаблівым не адрознівалася, то апошняму пакаленню выміраючых вось аўтахтонаў прыйшлося жыць у дзвюх як жа розных гістарычна-цывілізацыйных эпохах.

Мая маці нарадзілася перад вайною, у халупінцы з саламянай страхой. З маленства, як усе наўкола ад вякоў, цяжка працавала на гаспадарцы. Спярша ў Слоі, потым у Востраве. Гэта быў схіл эпохі, калі падставай жыцця была фізічная праца. Прыйшоў аднак час машын і аўтаматыкі, а на хлеб людзі пачалі зарабляць ўжо не так мускуламі як інтэлектам. Заадно наступіў і канец колішняй пралітай потам вёскі. І наогул настала эпоха татальнага горада. Пералом адбыўся недзе 30 гадоў таму. Тады мацi была ўжо на пенсіі. Але ўсё роўна рук не складвала, без работы не сядзела. Пакуль дазваляла здароўе, з бацькам абраблялі яшчэ кавалак поля, агарод, трымалі свіней, курэй…

Цывілізацыйныя змены, якія адбыліся пры жыцці маці, яна поўнасцю ўсведамляла. Часта казала – калісь было зусім інакш як цяпер. Але і прыгадвала прароцтвы з міжваеннай Слоі, што „ўся зямля будзе аплеценая павуціннем, а людзі хлеб будуць есці з адной печы” (алюзія да электрычнасці і пякарняў).

Маці мела ў сабе жывы вобраз усяго цяжкага дваццатага стагоддзя, асабліва першай паловы. Што сама бачыла, а што расказалі ёй бацькі і яе радня Якімцоў, а таксама старэйшыя слаяне ці вастраўляне. Яе бабуля Гануся памятала яшчэ царскі час, курныя хаты ў Слоі. У недалёкай Слойцы быў двор Анічыхі (у сапраўднасці барыні Вольгі Анненковай), фундатаркі неіснуючай цяпер царквы ў Шудзялаве. Аднаго разу Гануся пасля працы ў маёнтку ішла са сваёй маці дахаты. Раптам у каляіне ад жалезняка згледзелі яны ільняны мяшочак. У ім былі залатыя манеты. Спалохаліся, не ведалі што рабіць. Баяліся, што як возьмуць золата, то іх той хто згубіў пракляне і будзе ім бяда. Доўга не думаючы пайшлі ў Саколку і аддалі знойдзеныя грошы ў жыдоўскую школу. Жыды штосьці між сабою пагергаталі і ўзялі золата, а кабеце з дачкою сказалі ісці дахаты і прыказалі нікому нічога пра здарэнне не гаварыць.

У жніўні 1915 г. амаль уся Слоя падалася ў бежанства. Паехалі і Якімцы – Гануся, яе муж Сцяпан і трое дзяцей. Шалеў „ціф” (тыфус). Зараза дапала і Сцяпана. На нейкай станцыі забралі яго ў шпіталь. Жонкі не ўпусцілі.

– Уж нет его… – пачула яна на другі дзень.

– А халера на цябе! – стала лаяць медсястру нечакана аўдавелая Гануся. – Я ўчора была, чаму ты мяне не ўпусціла? Хоць падушку паправіла б яму. Сцяпан можа на вуха мне штосьці яшчэ сказаў бы. Ён жа трое дзяцей пакінуў…

Сям’я без гаспадара апынулася ў сяле Ягадна ў далёкай Сібіры. Бацька мамы, а мой дзед Іван, якому было тады толькі восем гадоў, расказваў пра лютыя маразы. – Бывала, плюнеш, то сліна замерзне пакуль упадзе, – успамінаў.

З бежанства Якімцы вярнуліся ў Слою на голы камень. У новай айчыне – міжваеннай Польшчы – ледзь сталі на ногі. Івану, яшчэ хлапчаку, прыйшлося на гаспадарцы заступіць бацьку. Сёстры хутка павыходзілі замуж за слаянскіх кавалераў, а ён з маткай абрабляў невялікі кавалак поля. Быў надта дужы. Аднаго разу ў нядзелю залажыўся з калегамі на паўлітра гарэлкі, што пройдзе паўвёскі з двума мяхамі жыта пад пахамі. А калі ўсю вёску, то атрымае яшчэ паўлітра. Хлапчукі былі перакананы, што такога зрабіць ён не зможа. У мяхах было больш як метр (цэнтнер) збожжа. Кавалеры разлічвалі на дарэмную выпіўку на кошт Івана. Але той, як атлет, узяў мяхі пад пахі і жвава пайшоў вуліцай.

– Добра, Іван, ужо даволі, – спынілі яго сябры пасярэдзіне вёскі…

Дзед з маткай і ўсе слаяне жылі вельмі бедна. Ціснуліся на невялічкіх гаспадарках, бо пад прыгнётам „панскай Польшчы” не было працы. Асабліва для такіх як яны – праваслаўных беларусаў. У выніку дыскрымінацыі санацыйнай улады ўспыхнуў камуністычны рух. Паддаліся яму і слаяне, найбольш актыўна ў трыццатыя гады. У „камуну” пайшоў і Іван Якімец. У яго хаце часта бываў Сяргей Прытыцкі з суседніх Гаркавіч, вядомы камуніст, які пасля вайны ўзначаліў парламент савецкай Беларусі. Начавалі там таксама рускамоўныя агітатары здалёк, а нейкая жыдоўка прывозіла падпольную камуністычную прэсу. Іван з таварышамі арганізоўвалі па лужках першамайскія „міцінгі”, раскідалі ўлёткі. На адну такую акцыю Іван з сяброрўкай са Слоі падаліся ў Беласток. Раскінулі „афішкі” пад касцёлам св. Роха, калі раптам з’явілася паліцыя. Іван паспеў уцячы, але дзяўчыну затрымалі. Трапіла ў Картуз-Бярозу. Івана таксама неўзабаве арыштавалі. Шудзялаўскай паліцыі заўдаў яго слаянскі агент-сышчык. Мой дзед тыдзень сядзеў за кратамі ў Шудзялаве. Польскія паліцыянты яго катавалі, страшэнна мучылі, каб выдаў сяброў з арганізацыі. Білі, у нос лілі пякучы воцат, ганялі па разгрэтым да чырвані жалезе. Але дзеда і так не зламалі. Ледзь жывы вярнуўся ў Слою.

– Люба, не магу з табою ажаніцца, бо хутка памру, – сказаў сваёй нарачонай.

– Не, Іван, давай пабярэмся. Хоць на трохі, але пабярэмся, – адказала яна.

Так і зрабілі. Іван шчасліва выжыў. Неўзабаве нарадзілася ў іх дачушка Жэня – мая мама. Яе дзяцінства выпала ў надта неспакойны час.

Калі маме было два і паўгодзіка, увайшлі саветы. Яе бацька як упітаны яшчэ камуніст адразу ўключыўся ў арганізацыю новага парадку. Як амаль усе слаяне запісаўся ў калхоз (імя Сталіна). Першы год усе працавалі як на сваім. Свірны і стадолы запхалі добрым уражаем. Але калі памалацілі збожжа, у Слою прыехалі грузавікі і амаль усё дабро вывезлі на ўсход. Напрадвесні 1941 г. пад слаянскія стрэхі пачаў заглядаць голад.

Адахвочаныя слаяне ледзь выйшлі ў поле. Сяк-так пасеялі авёс, пасадзілі бульбу. Але сенаваць ужо ніхто не схацеў. За гэты сабатаж саветы хутка мелі іх вывезці ў Сібір. Але ў канцы чэрвеня гітлераўцы напалі на Савецкі Саюз і пачалася вайна.

Нямецкі жандар увайшоў і ў хату Якімцоў. Мая мама, чатырохгадовая тады дзяўчынка, была ўся ў страху. Дрыжала, каб сястра Люся, якую бацька трымаў на руках, толькі не заплакала, упэўнена, што немец адразу за гэта ўсіх іх пастраляе. А была яшчэ сярэдняя сястра Маня.

Пасля нямецкія медыкі некаторым дзецям рабілі ўколы. Ад гэтага мама ледзь не памерла. Пахудзела, зрабілася ўся жоўтая. Нічога не ела, толькі піць надта ёй хацелася.

Самае страшнае за немца ў Слоі адбылося ў сакавіку 1942 г. Тады гітлераўцы праводзілі аперацыю ліквідацыі былых камуністаў. Заўдавалі іх мясцовыя католікі, якія запісаліся ў нямецкую паліцыю. Крывавы рэйд па навакольных вёсках здзейснілі тады гестапа і жандармерыя, што стаялі ў Крынках. Калі расстралялі каля дзесяцёх жыхароў Гаркавіч, прыехалі ў Слою. З хат павыганялі ўсіх мужчын, у тым ліку майго дзеда Івана. Зачынілі іх у стадоле пасярэдзіне вёскі і ўжо мелі абліць яе бензінам з выстаўленага з аўто каністра і падпаліць. Зачыненыя мужчыны замерлі ў страху, настала цішыня. Раптам з горкі з-за вёскі пачаў да іх вушэй далятаць штораз мацнейшы гул матацыкла. Калі прыехаў пад стадолу, праз шчыліны ўбачылі як з каша хутка высеў жандар і пабег да камандуючага акцыяй. Штосьці зашваргатаў і той адразу загадаў адчыніць вароты і ўсіх адпусціць. Магчыма вырашыў той бунт супраць саветаў у слаянскім калхозе.

Ад вялікай палёгкі і радасці слаяне хуценька сабралі па хатах ў кашы сала, яйкі, самагонку і гэтым дабром аддзячылі немцам за дараванне мужчынам жыцця.

Летам 1944 г., калі немцы адступалі, сямігадовая ўжо Жэня Якімец была сведкам крывавай трагедыі. У ліпеньскім сонцы сядзела яна перад хатай у бабы „на прыполі” (паміж нагамі, абапёртая аб яе доўгую спадніцу). У Слою ўварваліся власаўцы, якія ўцякаючы бралі з вёсак коней. Слаяне ведалі пра гэта, таму вывелі сваіх коней у поле. Але ў суседа конь быў у хляве.

Власаўцы вывелі каня на вуліцу.

– Падай вуздэчку, – загадалі гаспадыні.

– Забеце мяне, я не маю, – залямантавала тая.

Уласавец доўга не думаючы павярнуўся і стрэліў у яе з вінтоўкі. Тая падбегла пяць крокаў і ўпала. Пацякла кроў. Власаўцы ад’ехалі, а падстрэленую суседку слаяне завезлі ў Крынкі ў шпіталь. Але адаслалі яе назад. Яшчэ тыдзень ляжала яна ў хаце, пакуль памерла. Вокны яе хаты ўвесь час былі адчынены, бо з параненага цела ішоў смурод. Людзі на змену галінамі з ліпы адганялі мух. – Дабеце мяне, дайце атруты, – крычала няшчасная.

Брукаваная вуліца ў Паўднёвым Востраве. Яшчэ не заліта асфальтам
Брукаваная вуліца ў Паўднёвым Востраве. Яшчэ не заліта асфальтам

Неўзабаве, у верасні, аб’явілі рэпатрыяцыю на ўсход. У Слоі з’явіўся савецкі агітатар. Запісацца на выезд на­думаўся і мамін бацька. Узяў бутэльку самагонкі і пайшоў да яго з такой мэтай. Агітатар размаляваў перад Іванам проста райскі вобраз чакаючага яго жыцця. Што атрымае ўдосталь зямлі, дадуць яму вялікі дом, нават машыны. Калі выпілі самагонку, Іван кажа: запісвай. Але агітатар раптам задумаўся.

– Іван, прыйдзі заўтра, як будзеш цвярозы, – сказаў.

На другі дзень мой дзед ізноў пайшоў, каб запісацца на выезд.

– Маеш, Іван, дом і кавалак зямлі – сядзі і нікуды не выязджай, – параіў нечакана агітатар. А дзед зразумеў урэшце, што на новым месцы чакае яго тое ж, што і здарылася з калхозам у Слоі.

Мая мама хутка падрасла і стала на працу ў Саколцы на „па-пар-ка”, як называлі тады будову Дому партыі (сёння знаходзіцца там магістрат). Будавала яго моладзь з падсакольскіх вёсак. Па дзяўчат і хлопцаў кожны дзень прыязджаў грузавік з накрытым брызентам прычэпам і пасля працы адвозіў іх назад. На будове працавала шмат моладзі. Усе, праваслаўныя і католікі, між сабою гаварылі толькі па-просту. Але аднаму дзядзьку гэта не падабалася.

– Jak ci na imię? – аднаго разу нечакана запытаўся ў маёй мамы, беручы з яе рук цэглу.

– Жэня, бо што…

– Co, co?! Nie Żenia, tylko Gienia! Tu jest Polska…

Мама глянула коса на яго, адвярнулася і на ўвесь голас, каб усе чулі, закрычала ў бок каляжанак:

– Люба! Маня! Надзя! Верка! Райка! Хадзеце сюды, бо не ведаю чаго гэты мужчына ад мяне хоча.

На заўтра слаянскія дзяўчаты, і не толькі слаянскія, як толькі напаткалі таго дзядзьку, ужо здалёк яму кланяліся, кажучы „здраствуйце, здраствуйце”. Так было некалькі дзён, аж мужчына недзе змыўся…

Мама, калі прыйшла замуж у Востраво, адразу пераняла ініцыятыву і гаспадарку ўзяла ў свае рукі. На пачатку з маім бацькам пабудавалі новы дом (матэрыял быў раней ім загатоўлены). Яе бацька даў у пасагу салідную швейную машыну „ucznik”. Была добрай краўчыхай, хаця гэтым не зарабкавала. Для ўсёй сям’і шыла вопратку, пасцель, мяшкі… Церла лён, прала, ткала палатно, капы, дываны. Прытым цяжка працавала на гаспадарцы. Як усе вокал, але яна намагалася асабліва і ўсіх нас гнала да работы, проста выганяла на поле з хаты. Найцяжэй працавала, калі бацька пайшоў яшчэ на працу (лістаношам, потым у лесе). Але то дзякуючы яе намаганням і ініцыятыве мы як адны з першых у вёсцы мелі тэлевізар, сучасную мэблю (na wysoki poysk), сціральную машыну, халадзільнік, а на канец лазенку.

На жаль, маме не дадзена было хоць крыху падвучыцца. Адукацыю скончыла яна на некалькіх класах паўшэхнай школы ў Кнышэвічах. Але што гэта была за навука, калі пасля вайны у перапоўненых класах разам сядзелі дзеткі ў нармальным школьным узросце і пераросткі, нават васемнаццацігадовыя.

Мама ведала, што адукацыя дае лягчэйшы хлеб. Таму і мяне з малога застаўляла вучыцца. Не было ў нашым доме, як і ва ўсіх сялянскіх хатах, ніякай бібліятэкі, хаця б невялікай. У куфры ляжала толькі рускае выданне паэзіі Лермантава. Кніжкі чытаў я пазычаныя са школьнай або вясковай бібліятэкі. Калі бацька стаў працаваць на пошце, з’явіліся ў нас газеты. Пакуль пачаў чытаць „Ніву”, дзякуючы якой пазнаў літаратурную беларускую мову, любіў я гартаць „Gromadę – Rolnik Polski”. Аднаго разу мама загадала мне прачытаць свежы нумар ад дошкі да дошкі. Не ўголас праўда. І я паслухмяна прачытаў, вядома не ўсё разумеючы. Якраз з прадмету рысункаў зададзенае меў я нарысаваць нешта на тэму VII З’езду Польскай Аб’яднанай Рабочай Партыі. Доўга не думаючы каляровымі васковымі крэдкамі разрысаваў я ўгледжаныя ў газеце вялікія літары PZPR упісаныя ў контур Польшчы. А зверху напісаў лозунг „Niech żyje VII Zjazd PZPR!”. Але на маё здзіўленне дырэктар школы, які тады вучыў у маім класе рысункаў, паставіў мне за гэта толькі тройку. А быў ён заядлым камуністам. І хаця паходзіў з каталіцкай сям’і, вучыў нас, што Бога няма.

З таго часу я палюбіў чытаць. Газеты і кніжкі. Гэта разбудзіла ўва мне зацікаўленне светам, гісторыяй, культурай. Я быў заўсёды больш начытаны і сарыентаваны ад сваіх равеснікаў. Ну і добра вучыўся. Калі паступіў у электрычны тэхнікум у Беластоку, вучнямі ў маім класе былі пераважна сыны наменклатуршчыкаў і амаль усе гарадскія, хаця толькі ў першым пакаленні. Яны былі весялейшыя ад мяне, крыху загубленага яшчэ хлопца з вёскі. Але ў большасці даволі тупаватыя да вучобы. У гэтым я іх перавышаў, асабліва ў матэматыцы. Я ў школу на заняткі заўсёды прыходзіў заранёў, каб калегі паспелі спісаць ад мяне зададзеныя задачы.

Пасля матуры паступіў я ў Беластоцкую палітэхніку. Абраў надта цяжкі накірунак. Але хаця з праблемамі, аднак вывучыўся я на інжынера-электрыка. Напэўна дапамагла мне настойлівасць і амбіцыя, вынесена з бацькоўскага дому.

Пры жыцці мама перадала мне шмат ведаў пра нашу сям’ю і наогул пра мінулае сваёй малой радзімы, з якой папраўдзе ніколі далей за Беласток не выязджала. Многія аповеды я спісаў. Пачаў гэта рабіць яшчэ калі жыў бацька, які памёр восем гадоў раней. Найбольш уважліва спісваў я рэдкія, знікаючыя словы нашай карэннай простай мовы. Сабраў іх пад дваццаць старонак. Зрабіў гэта ў апошні момант, баючыся, каб простая мова не сталася праз год-два мёртвай. Так як ранейшая тут мова ятвягаў, значэння якой слоў сёння можна толькі дадумвацца.

Апошнім словам, якое спісаў я ад мамы была „нарока”. – Рабі так, каб не было нарокі, – сказала мне перад смерцю. Мама памерла ў апагей пандэміі каронавіруса. Амаль да апошняга дня аглядала тэлевізар і ведала пра пагрозу заразы. Не хацела, каб не дай Божа на яе пахаванні хтосьці заразіўся мікробам, і людзі пасля наракалі (мелі нароку).

Развітацца з мамай суседзі прыйшлі пад наш дом у масках, стаялі на вуліцы захоўваючы адлегласць паміж сабою. У апошнюю дарогу правялі мы яе – едучы ў машынах – толькі ў некалькі асоб з сям’і. Вастраўляне з нешматлікіх жывых яшчэ дамоў каб развітацца з „Ваньковай Жэняй”, выйшлі на панадворкі.

Падчас адпавяння ў царкве хор у абмежаваным складзе адну жалобную песню праспяваў цудоўна па-беларуску. Маму пахавалі ў сямейнай магіле на востраўскіх могілках.

Няхай родная зямелька будзе Ёй пухам!

Юрка Хмялеўскі

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis