Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Беларусам патрэбна камедыя

Такая неабходная эротыка

Калі глядзіш спектаклі беларускіх тэатральных калектываў, якія цяпер вымушаны працаваць у выгнанні, то ловіш сябе на думцы, што публіцыстыка нашай рэальнасці ўладна дамінуе ў кожнай п’есе, кожным паказе.

Вайна, таталітарызм, гаротная доля з’ехаўшых, турэмнае пекла на Радзіме для тых, хто застаўся – вось асноўныя тэмы падобных спектакляў.

Тэмы, безумоўна, вельмі важныя, тэмы пра якія трэба гаварыць, але яшчэ Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, калі пачынаў ствараць першы беларускі тэатр (а тварыў ён яго пад час чарговай хвалі рэпрэсій Расійскай Імперыі супраць нашага народа) зразумеў – каб канчаткова маральна не загінуць у жахах рэальнасці трэба паказваць на сцэне не толькі гэтую самую рэальнасць.

Тэатральны калектыў „Дзея Другая” ў музычнай камедыі „Шчаслівы муж"
Тэатральны калектыў „Дзея Другая” ў музычнай камедыі „Шчаслівы муж”

Беларусам патрэбна камедыя.

Малады тэатральны калектыў „Дзея Другая”, які жыве і працуе ў Варшаве, акурат і паставіў камедыю. 

5-га красавіка на сцэне Музею вольнай Беларусі адбылася прэм’ера эратычнай музычнай камедыі „Шчаслівы муж”, створанай паводле аднайменнай п’есы Францішка Аляхновіча.

Гэты калектыў, які да гэтага быў вядомы толькі мілай лялечнай казкай для дзяцей „Угу! Навіны лесу”, зразумеў, што цяпер трэба ратавацца камедыяй, дзе героі не забіваюць, пакутуюць, плачуць, крычаць з мункаўскім надрывам аб сваім пякельным лёсе, а дзейнічаюць іначай у іншай сонечнай віленскай рэальнасці стагадовай даўніны.

Францішак Аляхновіч, гэты пачынальнік беларускага прафесійнага тэатра, стваральнік айчыннага кабарэ і мюзікла, ва ўсе часы (ад аўтарытарызму Расійскай імперыі да гітлераўскага) у большасці сваіх п’есах заклікаў беларусаў, як бы цяжка не было, ратавацца смехам і добрым настроем.

Па сваіх уласных п’есах ён ставіў мюзіклы („На Антокалі”, „Птушка шчасця”), народныя фарсы („Чорт і баба”), палітычную сатыру („Пан міністар”), іранічныя ідыліі („На вёсцы”), эратычныя камедыі („Шчаслівы муж”).

„Дзея Другая” нездарма ўзяла да пастаноўкі „Шчаслівага мужа”, гэтую ці не першую беларускую п’есу, у якой няма звышглыбокіх ідэй, а сюжэт пра залёты псеўдаграфа Ільдэфонса Мацальскага носіць падкрэслена легкадумны характар. 

Гэты бесклапотны камічны шэдэўр, створаны Аляхновічам у 1922-м годзе, вельмі рэдка ставіўся. Прычына, мабыць, у тым, што большасць нашых рэжысёраў занадта сур’ёзная для падобных твораў. 

Першая пастаноўка адбылася акурат у 1923-м, наступная прэм’ера прайшла на сцэне РТБД у 2011-м і вось цяпер трэці паказ. 

Аляхновіч напісаў п’есу пра легкадумную прыгажуню Магдалену, якая стамілася ад свайго зануды мужа Гаўдэнта і марыць пра рамантычныя амурныя прыгоды з графам Мацальскім. 

На жаль ці на шчасце ўсё адбываецца не так, як марыць гераіня, што стварае цэлую серыю смяшлівых момантаў і яркіх вадэвільных непаразуменняў. 

Кожны ў п’есе хоча быць не тым, кім ён ёсць на самай справе, кожны апанаваны жарсцямі і прагай кахання. 

Творчая каманда „Дзеі Другой” выдатна перадала гэты настрой. Нястрымнае жаданне аддацца эратычным прыгодам літаральна адчуваецца ў кожным эпізодзе.

Акрамя таго спектакль напоўнены тагачаснымі віленскімі рэаліямі. Вясёлая Фэлька расказвае анекдоты (узятыя рэжысёрам спектакля Васілём Дранько-Майсюком з газеты, рэдактарам якіх быў Аляхновіч), рамеснік Мяшочак апавядае, як піў у рэстаране „Пад мядзведзем” (рэальны рэстаран) з „панам Язэпам Драздовічам. Аўтар цытуе вершы Уладзімера Жылкі, які яшчэ не пераехаў на ўласную згубу ў БССР.

Калі казаць пра тэхнічны бок пастаноўкі, то хочацца адзначыць бліскучую сцэнаграфічную работу Данілы Ганчарова, гэтага чараўніка святла і візуальнага графічнага напаўнення. На своеасаблівым экране-шырме, на задніку, сценах перад намі ўзнікаюць дзівосныя графічныя выявы Вільні, работы сябры Аляхновіча Медзыблоцкага, пры з’яўленні кожнага героя на ўсю шырму ўзнікаюць іх гратэскна-карыкатурныя партрэты, што надаюць спектаклю эстэтычнае падабенства да экспрэсіяністычных практыкаванняў Віткацы.

Артысты – Алена Баярава (якая выканала чатыры дыяметральна супрацьлеглыя вобразы), Маргарыта Яцкевіч, Вольга Каралёнак, Сяргей Пукст (гэты эксцэнтрычны музыка дэбютаваў у „Шчаслівым мужы” як драматычны выканаўца) сыгралі сваіх эгацэнтрычна-жарсных герояў з такой жа хуліганскай зухаватасцю, з якой артысты тэатра Аляхновіча здзіўлялі і дражнілі публіку сто гадоў таму.

Шыкоўная музыка Іллі Семашкевіча як быццам эстэтычна выйшла акурат з той жа эпохі, калі Францішак Аляхновіч ладзіў свае першыя кабарэ.

Музычныя тэмы кожнага з герояў, вальсы, рамансы, куплеты – усе мелодыі, створаныя кампазітарам імгненна запамінаюцца і ўжо пасля спектаклю ловіш сябе на думцы, што напяваеш той ці іншы матыў са „Шчаслівага мужа”, які цябе не хоча адпускаць.

Прыемна, што рэжысёр спектакля не замінаў творчай камандзе самавыявіцца і пахуліганіць як след.

Безумоўна, былі ў спектаклі і пэўныя недапрацовачкі. Хацелася б, каб асобныя жарты падаваліся больш яскрава, каб дыкцыя ў артыстаў была больш выразанай. Але падобныя рэчы, пры належных далейшых рэпетыцыях, выпраўляюцца.

Пасля прэм’еры публіка казала адно: як цудоўна, што ў нашыя напраўду трывожныя, невясёлыя часы раптам з’явіўся спектакль не пра вядомае з навінаў, а пра нешта іншае. Як добра акунуцца ў па-рэнуараўску лёгкую, светлую, эратычную прастору. 

З’явіўся спектакль, дзе героі не пакутуюць, а кахаюцца, абдымаюцца, цалуюцца, танцуюць і спяваюць. 

Дзякуючы творчай камандзе „Дзеі Другой” з’явілася магчымасць хоць на паўтары гадзіны забыць пра трагічную рэальнасць і перанесціся ў фантазійную Вільню мінулага стагоддзя, дзе эратычная бесклапотнасць перамагае іншыя пачуцці.

Хочацца пажадаць „Дзеі Другой”, каб яна не спынялася на дасягнутым і працягвала свае эксперыменты ў галіне камедыі, каб адкрывала малавядомыя нам айчынныя камічныя творы і паказвала, што беларусы не толькі ўмеюць сумаваць, але яшчэ і ўмеюць насуперак абставінам захоўваць бадзёрасць. 

Калі будзем мець добры настрой, калі не развучымся смяяцца, тады абавязкова пераможам нашу сённяшнюю рэальнасць.

Ну, а тыя, хто не паспеў наведаць прэм’еру (у музеі не было, дарэчы, вольнага месца), могуць наведаць наступныя паказы „Шчаслівага мужа” ў Музеі вольнай Беларусі 11-га і 12-га траўня а 19-й гадзіне.

Прыходзьце, і не пашкадуеце!

Кастусь Гук 

Фота Марыны Савіцкай і Галіны Хрыпачовай

1 каментар да “Такая неабходная эротыка

  1. Чаму так мала эротыкі? Вы ж культурніцкі часопіс. Як жа багема можа быць без каханьня і эротыкі?

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў кастрычніку

    – 27.10.1430 г. памёр вялікі князь Вітаўт (нар. каля 1350). – 12.10.1865 г. у Смаленску нарадзіўся Міхал Анцаў, беларускі кампазытар і харавы дырыжор. Памёр 21.07.1945 г. у Маскве, дзе пахаваны на Новадзевіцкіх могілках. – 8(20).10.1885 г. у Вільні нарадзіўся Аляксандар …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (593) – 15.10.1432 г. князь Вялікага Княства Літоўскага Жыгімонт (малодшы брат Вітаўта) аднавіў унію з Польшчай, але пасьля перамогі над Сьвідрыгайлам зноў вырашыў вызваліцца ад саюза з Польшчай.
  • (308) – У 1717 г. нар. Кароль Вырвіч (пам. у 1793 г.), пэдагог, філёзаф. Паходзіў зь сям’і незаможнага беларускага шляхціца з Браслаўшчыны. Выкладчык Collegium Nobilium. Аўтар падручнікаў „Паходжаньне сучасных дзяржаў і народаў”, „Кароткае сыстэматычнае выкладаньне ўсеагульнай гісторыі”, „Сучасная геаграфія”, „Усеагульная геаграфія”.
  • (208) – 15.10.1817 г. у Золотурне ў Швайцарыі пам. Андрэй Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка (нар. 30.11.1745 г. у фальварку Сяхновічы на Берасьцейшчыне ў сям’і  беларускага шляхціца) – вядомы палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай.
  • (192) – 15.10.1833 г. у Флярэнцыі пам. Міхал Клеофас Агінскі (нар. 25.09.1765 г. у Гузаве пад Варшавай), дзяржаўны дзеяч, кампазітар, аўтар слыннага паланэза „Развітаньне з радзімай”.
  • (147) – 15.10.1878 г. памёр Ігнацы Касовіч (нар. у 1808 г. на Віцебшчыне), філолаг. Закончыў Галоўную духоўную сэмінарыю Віленскага унівэрсытэта. З 1833 г. прафэсар грэцкай мовы і царкоўнага красамоўства ў грэка-каталіцкай сэмінарыі ў Жыровічах. З 1835 г. выкладаў у Кромскай, Смаленскай, Маскоўскай гімназыях. З 1870 г. працаваў прафэсарам грэцкай мовы ў Варшаўскім унівэрсытэце. Разам з братам Каятанам склаў „Грэчэска-рускі слоўнік” (1847). 
  • (80) – 15.10.1945 г. пачала свой першы год працы Беларуская гімназія ў ДП-лягеры ў Ватэнштаце (Нямеччына). Дырэктарам школы быў Вацлаў Пануцэвіч (Папуцэвіч).
  • (75) – 15.10.1950 г. у Саўт-Рывэры (ЗША) а. Мікалаем Лапіцкім і Сьвятаславам Коўшам было заснавана Аб’яднаньне праваслаўных беларусаў.
  • (36) – 15.10.1989 г. у Менску памерла Вера Пола, актрыса. Нар. у Менску 7.02.1901 г., у 1922-1977 гг. працавала ў тэатры імя Янкі Купалы. Найбольш значныя ролі: Агата ў „Паўлінцы” Я. Купалы, Маланьня ў „Кар’еры таварыша Брызгаліна” Е. Міровіча, Карміліца ў „Рамэо і Джульета” Уільяма Шэкспіра.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com