26 сакавіка прэзідэнт Анджэй Дуда запрасіў у свой палац у Варшаве старшыню Беларускага саюза ў Польшчы Яўгена Вапу, старшыню Беларускага гістарычнага таварыства Алега Латышонка і старшыню БГКТ Яна Сычэўскага. Падчас гадзіннай сустрэчы гаварылася пра справы і патрэбы нашай беларускай супольнасці, між іншым пра неабходнасць Цэнтра беларускай культуры, таксама пра Беларускае Радыё Рацыя і яго ролю. Прэзідэнт цікавіўся, як выглядае наша штодзённае жыццё як грамадзян Польшчы, сітуацыя ў гмінах, інвестыцыі.
Падчас сустрэчы закранута была і сітуацыя ў Беларусі, у тым апошнія рэпрэсіі дзеячаў Саюзу палякаў у Беларусі. Нашы прадстаўнікі сказалі, што гэта вельмі балючая справа таксама для беларусаў у Польшчы.
Як згодна адзначылі на канец усе удзельнікі, таксама з Канцылярыі Прэзідэнта, была гэта вельмі добрая сустрэча. Алег Латышонак уручыў прэзідэнту кнігу „Гісторыя беларусаў Падляшша”, а Яўген Вапа альбом „Нівы”, прымеркаваны да 65-годдзя тыднёвіка.
Прэзідэнт быў запрошаны прыехаць да беларусаў Беласточчыны. Прыняў запрашэнне і сказаў, што з прыемнасцю нас наведае, калі дазволіць эпідэміялагічная сітуацыя.
Фота Канцылярыі Прэзідэнта Польшчы