Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Za rasstreł kaniec kancoŭ nikoho nie abwinawacili

    Potym Jurczeniu na UB dapytwali jaszcze czatery razy. Na kaniec pry prysustwi prakuratara. Jurczenia szczacielno raskazwaŭ, jak zaŭdawaŭ Niemcam ludziej, jakich pośle rasstralali. Nadto nie piareczyŭ toża, kali pytali jaho, ci heto praŭda, szto świedczyli ludzi. Na kaniec 15 stycznia 1953 r. pryznaŭso da winy,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Стагоддзе Быкава ў Беластоку

19 чэрвеня 2024 г.

Стагоддзе Васіля Быкава ў Беластоку. Злева направа: Уладзімір Арлоў, Ілона Карпюк, Яраслаў Іванюк і Яанна Бернатовіч Фота Юркі Хмялеўскага
Стагоддзе Васіля Быкава ў Беластоку. Злева направа: Уладзімір Арлоў, Ілона Карпюк, Яраслаў Іванюк і Яанна Бернатовіч
Фота Юркі Хмялеўскага

Пабываў я ў беластоцкай музычнай кавярні Fama на вечарыне з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава, якога прынята лічыць сумленнем беларускага народу. Звыш двухгадзінная сустрэча зусім не доўжылася. Была выдатна наладжана нядаўна створаным у Беластоку Цэнтрам беларускай культуры. Сустрэчу змястоўна і цікава вяла намесніца дырэктара ўстановы Ілона Карпюк.

Васіля Быкава ўспамінаў пісьменнік Уладзімір Арлоў, які асабіста яго ведаў. Ён паклікаўся таксама на фрагменты аўтабіяграфічнай кніжкі „Доўгая дарога дадому” (фрагменты чытаў акцёр Васіль Калач). Быкаў напісаў яе нядоўга да сваёй смерці (памёр 22 чэрвеня 2003 г.). У 2023 г. кніжка выйшла па-польску ў знакамітым перакладзе Яанны Бэрнатовіч, якая родам з Бельска. Падчас вечарыны яна расказвала пра працу над ёю, на што атрымала творчую стыпендыю, дзякуючы чаму нейкі час – тры месяцы – магла працаваць у надта камфортным, як выказвалася, асобным кабінеце ў Вене. Але не пра тое рэч, бо ў яе сапраўдны талент. Ян Максімюк, які калісь разам з Чэславам Сэнюхам пераклаў „Сцяну” Быкава, назваў Яанну Бэрнатовіч „зоркай першай велічыні польскага перакладу беларускай літаратуры”. 

Падчас вечарыны кіраўнік Фонду „Камунікат” Яраслаў Іванюк прадставіў нядаўна выдадзеную ім кнігу з двума апавяданнямі Быкава – „Бліндзяж” і „Афганец”. Прыемным музычным акцэнтам былі дуда і спевы Яўгена і Вольгі Барышнікавых. Выканалі яны народныя купальскія песні, у тым ліку запісаныя ў 1970 г. падчас экспедыцыі Беларускай акадэміі навук ў ваколіцах вёскі Бычкі на Віцебшчыне, у якой нарадзіўся будучы знакаміты пісьменнік.

Васіль Быкаў памёр у той дзень, калі дакладна 62 гады раней гітлераўская армія ўварвалася ў Савецкі Саюз. Падчас Другой сусветнай вайны ваяваў ён на 2-ім і 3-м Украінскіх франтах, удзельнічаў у баях за Крывы Рог, Александрыю, Знам’янку. У 1941 г. падчас адступленння ў расійскім горадзе Белгарадзе праз няўвагу адстаў ад сваёй калоны і пасля быў арыштаваны і ледзь не расстраляны як нямецкі шпіён, бо разведчыкі знайшлі пры ім запіскі з баявых дзеянняў.

Большасць яго кніг прысвечана падзеям Другой сусветнай вайны. Але апісаў іх без надзьмутага да максімум гераізму, як рабілі гэта іншыя згодна з савецкай ідэалогіяй. Быкаў раскрываў перад усім праўдзівыя жыццёвыя драматычныя лёсы маладых афіцэраў і салдатаў. У выдадзенай у 1965 г. аповесці „Мёртвым не баліць” выявіў, што на фронце многія цярпелі не толькі ад нацыстаў, але і ўласных камандзіраў. Тады Быкаў жыў у Гродне і за гэта мясцовыя камсамольцы збілі яго на вуліцы і выбілі шыбы ў яго кватэры. 

Пра тое таксама на вечарыне была гутарка. Цікава яшчэ было паглядзець шматлікія малюнкі Быкава, асабліва з яго роднымі краявідамі. А на канец фатаграфіі з шматлюднага пахавання пісьменніка ў Мінску. Як сказаў Арлоў, была гэта такога ж маштабу патрыятычная дэманстрацыя – з бел-чырвона-белымі сцягамі – што пазней падчас пратэстаў у 2020 г.

У росквіт сваёй творчасці Васіль Быкаў быў адным з самых папулярных пісьменнікаў сярод чытачоў усяго Савецкага Саюза. Яго кніжкі людзі чыталі, вядома, найбольш па-руску, хаця сам пераважна пісаў па-беларуску. Аднак не патрабаваў – больш таго, не хацеў – перакладчыкаў. У адным інтэрв’ю сказаў, што сам пачаў перакладаць, бо пераклады ўсіх прафесійных перакладчыкаў яго не задавальнялі, бо яны былі проста слабымі. Дзеля гэтага давялося яму авалодаць рускай літаратурнай мовай, а самапераклады патрабавалі каласальнай працы. Гэта аднак пісьменніку было важнае, бо амаль усе пераклады на замежныя мовы, звыш дваццаці, зроблены з рускамоўнага варыянту. На такой жа аснове па яго творах таксама пастаўлена больш дзясятка савецкіх кінафільмаў.

На жыва Васіля Быкава бачыў я толькі раз. Было гэта падчас Першага з’езду беларусаў свету ў Мінску ў ліпені 1993 г. Я пабываў там разам з сябрамі з Беласточчыны. Помню, паехалі мы тады цягніком утрох з Сакратам Яновічам і Лявонам Тарасэвічам. З’езд праходзіў у будынку Тэатра оперы і балета. Сабралася агулам каля тысячы дэлегатаў ад беларускіх арганізацый і суполак з Беларусі і замежжа. У архіве „Часопіса” захаваўся зроблены тады здымак Васіля Быкава падчас яго размовы з Сакратам Яновічам. Я сядзеў побач.

На завяршэнне вечарыны Ілона паставіла пытанне, як ушаноўваць у будучыні такіх выдатных людзей як Васіль Быкаў. Засталося яно аднак без адказу. Мне толькі падумалася, што так як гэты легендарны пісьменнік  безумоўна ёсць сумленнем усяго беларускага народу, так для нас на Беласточчыне такім павінен быць Сакрат Яновіч. Быкаў назаўсёды застанецца ў пантэоне найбольш вядомых і заслужаных беларусаў нягледзячы на тое, што сённяшняя дзяржава не надта прыхільна да яго ставіцца. Не менш легендарны для нас на Беласточчыне пісьменнік з Крынак пакуль сваімі не ёсць яшчэ належна прызнаным. Ад нейкага часу сваімі артыкуламі ў „Часопісе” спрабую даказаць, што заслугоўвае на лепшую памяць і большую пашану ў грамадстве. І не толькі нашым, меншасным.

Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У сакавіку

    – забойства язычнікамі ў 1250 г. ігумена Лаўрышаўскага манастыра, прападобнага Елісія, кананізаванага як сьвяты Беларусі. – 31.03.1785 г. у Варшаве памёр Антоні Тызэнгаўз (нар. у 1733 г. у Новаельні на Гродзеншчыне), палітычны і грамадзкі дзеяч ВКЛ, асьветнік, з 1765 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (240) – 31.03.1785 г. у Варшаве памёр Антоні Тызэнгаўз (нар. у 1733 г. у Новаельні на Гродзеншчыне), палітычны і грамадзкі дзеяч ВКЛ, асьветнік, з 1765 г. падскарбі надворны літоўскі, гродзенскі стараста. Быў ініцыятaрaм развіцьця прамысловасьці, рамяства і культуры ў Гродне, пазьней – у Паставах, дзе правёў апошнія гады жыцьця. Пахаваны ў Жалудку.
  • (56) – 31.03.1969 г. пам. у Чыкага (ЗША) Мікола Шчаглоў-Куліковіч (нар. 4.04.1893 г. на Смаленшчыне) кампазытар, этнограф, паэт. Выпускнік Маскоўскай Кансэрваторыі. Працаваў настаўнікам музыкі, з 1939 г. быў дырыжорам сымфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту ў Менску. У час нямецкай акупацыі займаўся творчай працай у Менску. З 1950 г. жыў у ЗША. У 1950 г. заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, потым  кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе й Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну; быў аўтарам опэр, сымфоній, вакальных твораў, апрацовак народных песень. Пахаваны на могілках сьв. Адальбэрта ў Чыкага.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis