Pa prostu / Па-просту

  • Szucman z Nowaj Wioski

    Z cyklu "Płacz zvanoŭ" (Cz. 25)

    – Trzeba, żeby wszyscy Polacy chwycili się za prawo, bo jeśli Białorusy wezmą władzę w swoje ręce, to wszystkim będzie źle… Usim wiadomo, szto kali wosieniaj 1939 roku sawiety zajmali Zachodniuju Biełaruś, z wielkaj radaściu prywitali ich asobienno prawasłaŭnyja. Heto mieło swaje pryczyny, bo pad…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Гадавіна

Расстраляныя: вяртанне з пекла. Частка другая. Пафас Якава Бранштэйна і „радасць” Якуба Коласа

У мінулы раз мы пачалі гаварыць пра трэцюю хвалю рэпрэсій у Беларусі (восень, 1936 г. – восень, 1938 г.), пад час якой за адну толькі ноч з пятніцы 29-га кастрычніка на суботу 30 кастрычніка 1937 года карныя органы НКВД расстралялі больш за сто беларускіх грамадска-палітычных дзеячаў і сярод іх 22 літаратараў.

Сёння пачнём гаварыць акурат пра нашых знішчаных пісьменнікаў.

Яны былі вельмі розныя па сваіх поглядах, перакананнях, пачуццях і думках. 

Яны маглі паміж сабою сябраваць і сварыцца, рабіць кепікі і дапамагаць.

Ноч з 29-га кастрычніка на 30-га кастрычніка аб’яднала іх. 

Сёння гаворка пойдзе пра Якава Бранштэйна (1897-1937).

Гэта быў габрэйска-беларускі крытык, літаратуразнаўца, публіцыст. Нарадзіўся ў Бельску на Падляшшы.  Цяпер ён забыты, але ў першай палове 1930-х Якаў Бранштэйн быў уплывовай асобай. Усё сваё жыццё ён пісаў ідэалагічна-правільныя тэксты. Стараўся дагадзіць начальству, працаваў адказным сакратаром Саюза Беларускіх Пісьменнікаў, уваходзіў у склад рэдкалегіі галоўнага айчыннага літаратурнага часопіса „Полымя” (у 1930-ыя выходзіў пад назвай „Полымя рэвалюцыі”).

Якаў Бранштэйн (1897–1937)
Якаў Бранштэйн (1897–1937)

Пасля першай (1930-31 гг.) і другой (1933-34 гг.) хвалі рэпрэсій радаваўся, што „ворагі народу” ад нашай літаратуры (напрыклад дзівосны празаік Лукаш Калюга) арыштаваныя і сядзяць у зняволенні. 

Радаваўся таксама Якаў Бранштэйн і таму, што Якубу Коласу „пашанцавала” жыць і тварыць у сталінскую эпоху.

Свой артыкул, прысвечаны трыццацігоддзю творчай дзейнасці аўтара „Сымона-музыкі” („Полымя рэвалюцыі”, 1936 г, №10) Бранштэйн завяршае паэтычна-пафасна: „На долю Якуба Коласа прыпала вялікае шчасце жыць у краіне, дзе кожная цэгла апаэтызавана, у краіне, адна назва якой – СССР, гучыць, як найцудоўнейшая паэма – паэма, створаная геніем Леніна, геніем Сталіна”.

Сам Якуб Колас у гэты час і напраўду быў „шчаслівы”. У пачатку 1930-х рэпрэсавалі яго дзядзьку, мовазнаўцу Язэпа Лёсіка (якога знішчылі на пачатку 1940-х). На самога Якуба Коласа пісалі даносы. 

Парторг Акадэміі навук Г. Краснеўскі 27-га лістапада 1937 года дакладваў Сакратару Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі таварышу Волкаву: „…Колас пачаў скардзіцца на тое, што быццам бы ўсе забылі пра беларусізацыю, што ён, Колас, ня чуе нідзе жывога беларускага слова, усе гавораць па-расійску (…) нават сярод беларускіх пісьменьнікаў…”. 

Расійскі паэт М. Ісакоўскі 19-га траўня 1937 года быў абураны, калі ўбачыў верш Якуба Коласа, прысвечаны літаратурнаму аб’яднанню «Полымя»: «Полымя» – гэта контррэвалюцыйная нацдэмаўская арганізацыя (…), ня ведаць аб гэтым Колас ня мог. Значыць выснова напрошваецца сама – зроблена гэта з варожымі мэтамі”. 

21-га лістапада 1938 года тагачасны кіраўнік БССР П. Панамарэнка ў дакладной запісцы І. Сталіну „Пра беларускую мову, літаратуру і пісьменнікаў” зазначаў, што ў адносінах да Якуба Коласа маюцца: „31 паказанне”, з якіх вынікае, што ён вораг народа.

Якуб Колас (1882–1956)
Якуб Колас (1882–1956)

Псіхалагічны стан Якуба Коласа ў гэты „светлы перыяд” цудоўна выявіў мастак Валяніцн Волкаў у графічным партрэце, які быў змешчаны ў тым жа нумары, дзе Якаў Бранштэйн так шумна і пафасна радаваўся за нашага класіка. Валянцін Волкаў намаляваў худога, зацкаванага чалавека, поўнага пакутлівай трывогі.

А што Якаў Бранштэйн? 

У сакавіку 1937 года ён піша не меней хваласпеўны артыкул, прысвечаны аднаму з любімых сталінскіх паэтаў, Аляксандру Пушкіну, дзе адзначае, што Пушкін усё жыццё толькі і марыў, як вырвацца з лапаў арыстакратыі і тварыць для простага народа.

Здаецца, што ў Якава Бранштэйна ўсё было як мае быць, але тут раптам, у чэрвені 1937 года, яго імя прападае са складу рэдкалегіі „Полымя рэвалюцыі”. 

Што здарылася?

У газеце „Звязда” ад 2-га чэрвеня (№ 125, 1937 г.) чытаем зацемку Ал. Лебедзева і Т. Хадкевіча, што „учора, 1-га чэрвеня, пачаўся сход пісьменнікаў Менска, прысвечаны абмеркаванню пытанняў, звязаных з выкрыццём трацкісцка-авербахаўскай групы ў літаратуры. Праўленне ССПБ мала таго, што з вялікім спазненнем склікала гэты сход, але і не падрыхтавала яго належным чынам.

З дакладам выступіў т. Бранштэйн. Даклад хутчэй нагадваў сумесь акадэмічнай лекцыі з „пакаяннай” прамовай. Ён не арыентаваў пісьменнікаў у правільнай ацэнцы апошніх літаратурных падзей, у разуменні новых форм і метадаў, якімі зараз дзейнічае вораг у літаратуры.

Трэба лічыць значным упушчэннем праўлення ССПБ, што даклад быў даручан т. Бранштэйну”.

Чаму „упушчэннем”? Што здарылася? Што не так зрабіў таварыш Бранштэйн? У чым была памылка гэтага, як здавалася, наскрозь лаяльнага сістэме крытыка? 

Часопіс „Полымя рэвалюцыі” за чэрвень 1937 года дае больш поўную і адназначную інфармацыю: „1-га чэрвеня сабраўся агульны сход совецкіх пісьменнікаў БССР, каб заслухаць даклад аб контррэволюцыйнай трацкісцка-авербахаўскай і нацдэмаўскай дыверсіі ў літаратуры. Вялікай палітычнай памылкай праўлення ССПБ трэба адзначыць тое, што даклад быў даручаны Бранштэйну, які сам аказаўся ворагам народу. І не дзіва, што даклад хутчэй нагадваў блытаную пакаянную прамову. Прахадзімец і двурушнік, сіанісцкі ублюдак Бранштэйн умела абыйшоў усе вострыя пытанні, знарок не выкрыў усе агідныя справы ворагаў, якія доўгі час арудавалі ў беларускай літаратуры. У спрэчках выступіла 25 чалавек…”.

Вось такая трагічная нечаканка для таварыша Бранштэйна! 

Яшчэ зусім нядаўна ён быў адным з галоўных нашых літаратуразнаўцаў і публіцыстаў, які на высокім прафесійным узроўні граміў нацдэмаў і самых розных нацыянал-фашыстаў, а тут, 1-га чэрвеня 1937 года, у адно імгненне сам ператварыўся ў ворага народа і ўблюдка. На гэтым сходзе супраць Бранштэйна адным з першых выступіў малады і таленавіты Аркадзь Куляшоў, затым падцягнуліся іншыя таварышы, якія, не шкадуючы эпітэтаў, гаварылі, хто ёсць Бранштэйн на самай справе… 

У гэты самы час у кінатэатрах Менску, з 31-га траўня, ішла камедыя Чарлі Чапліна „Агні вялікага горада”. Ці паспеў наш герой паглядзець гэты кінашэдэўр у першы дзень паказу? Бо наўрад ці пасля 1-га чэрвеня ён ужо хадзіў у кіно.

Бранштэйну было не да смеху. 

Ён чакаў, што будзе далей.

У нядзелю, 6-га чэрвеня 1937 года за Якавам Бранштэйнам, які жыў па адрасе: Менск, 2-і Апанскі зав. 4б, кв. 2, прыйшлі.

Паводле абвінавачвання герой нашага артыкулу быў членам тракцісцкай арганізацыі і акрамя таго нават з’яўляўся арганізатарам тэрарыстычнай групы! Асудзілі – 28-га кастрычніка. На наступны ж дзень – расстралялі.

Рэабілітавалі яго 27-га чэрвеня 1956 года, але ніводнай кнігі пасмяротна не выдалі. 

Якаў Бранштэйн быў забыты, а яго творчая спадчына аказалася нікому непатрэбнай.

Камуністычная сістэма нікога не шкадавала. Пры ёй, асабліва ў сталінскі перыяд, не было правілаў гульні. Ты мог быць апазіцыйна настроеным пісьменнікам, як напрыклад Уладзімір Дубоўка, але выжыць (хаця і адсядзець больш за дваццаць гадоў), а мог быць такім наскрозь лаяльным, як Бранштэйнам, што граміў таго ж Дубоўку, але сістэма цябе ў наступнае ж імгненне знішчыць як фізічна (расстрэл), так і творча (поўнае літаратурнае забыццё пасля рэабілітацыі).

Наступным нашым героем будзе вясёлы, хітры, вынаходлівы літаратар Анатоль Ажгірэй, больш вядомы пад псеўданінамі Анатоль Вольны і Алёша. 

У другой палове 1920-х ён быў пачынальнікам беларускага савецкага прыгодніцкага рамана, стаў каралём фельетона, быў папулярным кінасцэнарыстам, спрабаваў складаць вершы, пісаў п’есы. 

Па-свойму стараўся падмануць сістэму, прыстасавацца, пазбегнуць змрочных хмар над сваёй галавой… Але пра ўсё гэта ў наступным артыкуле.

Васіль Дранько-Майсюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у ліпені-жніўні

    – у ліпені 1000 г. памерла князёўна полацкая, вялікая княгіня кіеўская Рагнеда. Разам з сынам Ізяславам адрадзіла беларускую, крывіцкую дзяржаву – Полацкае Княства. Першая ігуменьня ў Беларусі, у манастве – Анастасія. – 13 ліпеня 1260 г. войскі старабеларускай дзяржавы – …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – у 1569 г. была распаўсюджвана выдадзеная ў сакавіку г.г. у Заблудаве першая друкаваная кніжка Беласточчыны “Евангельле вучыцельнае”.
  • (149) – 3.07.1876 г. у фальварку Пясчына на Лідчыне нар. Цётка (сапраўднае прозьвішча Алаіза Пашкевіч, пам. 5.02.1916 г. у Старым Двары на Лідчыне, дзе і пахавана), паэтка, празаік, нацыянальна-асьветніцкая дзеячка. Склала „Лемантар”, „Першае чытаньне для дзетак-Беларусаў”, была рэдактарам першага дзіцячага часопісу на беларускай мове „Лучынка”.
  • (146) – 3 ліпеня 1879 г. у в. Ачукевічы на Наваградчыне нар. Васіль Рагуля, грамадзка-палітычны дзеяч. Між іншым быў беларускім паслом ды сэнатарам у міжваеннай Польшчы. Пасьля вайны на эміграцыі. Памёр 16.06.1955 г. у Нью-Ёрку.
  • (115) – 3.07.1910 г. у вёсцы Міхнаўка каля Ляўкова Старога на Беласточчыне нарадзіўся Аляксей Грыцук, грамадзкі дзеяч, гісторык, літаратуразнавец, настаўнік. З 1948 г. жыў у Канадзе, з'яўляўся шматгадовым старшынёй Згуртаваньня Беларусаў Канады. Памёр 30.05.1976 г. у Кінгстон.
  • (81) – 3 ліпеня 1944 г. Савецкая Армія пасьля цяжкіх баёў вымусіла нямецкія войскі пакінуць Мінск. Беларуская сталіца ў выніку баёў была ўшчэнт зьнішчана, а пасьля вайны ўвесь горад пабудаваны наноў, у зьмененым соцрэалістычным выглядзе. 3 ліпеня штогод сьвяткуецца як „Дзень

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com