28 кастрычніка 2024 г.
Учора ў Лялечным тэатры ў Беластоку завяршылася „Бардаўская восень”. Гэты легендарны фестываль стартаваў два дні раней ў Бельскім доме культуры. А напярэдадні арганізатары з Фонду „Тутака” ў белліцэі ў Гайнаўцы для вучняў і настаўнікаў зладзілі творчую сустрэчу з літаратарам Уладзімірам Някляевым ды канцэрт гурта NAVIBAND. Ён выступіў таксама ў асноўнай частцы фестывалю ў Бельску, дзе прэзентавана была яшчэ кніга Уладзіміра Някляева „Без айчыны”.
На „Бардаўскай восені” традыцыйна ўжо ў Бельску была ўручана літаратурна-мастацкай прэмія імя Міхала Анемпадыстава, якую на гэты раз атрымалі Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі за графічнае афармленне зборніка паэзіі Насты Кудасавай „Побач”.
На сцэне Бельскага дому культуры выступіў яшчэ Лявон Вольскі, з якім спявала ўся зала. Між іншым выконваў ён песні на словы вершаў Міхала Анемпадыстава.
Апошнім акордам сёлетняга фестывалю была прэзентацыя ў Лялечным тэатры ў Беластоку дакументальнага фільма „Пабыць у тым часе, які прамінуў”. Ён прысвечаны Надзеі Артымовіч – беларускай паэтэсе з Бельска, якой не стала незадоўга да мінулагодняй „Бардаўскай восені”. Яна была вялікай прыхільніцай гэтага фестывалю. Як член журы ацаняла выступоўцаў у конкурснай частцы, якой цяпер ужо няма. На сцэне выконваліся таксама песні на Яе словы. Пра гэта між іншым распавядаў прэзентаваны фільм, які я глядзеў упершыню.
Пасля паказу была сустрэча з рэжысёрам, бяльшчанінам Маркам Уладзімеравым. Расказаў ён пра працу над фільмам і сустрэчы з гераіняй, што была інтэлектуальным сімвалам свайго роднага горада. – Бельск страціў асаблівую жыхарку, чаго яго грамадскасць нават сабе не ўсведамляе, – сказаў рэжысёр. Ён згадаў таксама, што Надзея Артымовіч не надта была схільнай даваць інтэрв“ю журналістам ці гаварыць ім пра сябе і сваю глыбокую і прыгожую паэзію. Рэжысёру таксама цяжка было дамовіцца з Ёю на сустрэчу. – Надзя мне прызналася, што некалькі гадоў таму сустрэлася з адным аўтарам, пасля некалькіх яго падыходаў, і пасля была надта захоплена яго артыкулам пра Яе – казаў.
Гэта якраз было пра Юрку Сульжыка і яго артыкул у „Часопісе”. І мне стала вельмі прыемна. Памятаю, што пасля таго артыкула Надзя часта тэлефанавала Юрку, але і мне таксама. Гэта былі прыемныя размовы ці то пра наш штомесячнік, які любіла чытаць і яго паважала, ці то пра Сакрата Яновіча, іншых аўтараў… Але і пра звычайнае жыццё, прытым заўсёды з метафарамі і нюансамі, якіх трэба было дадумацца. Як у паэзіі менавіта.
У фільме адзін з апошніх кадраў прадстаўляе, як у царкву ўносяць Надзіну труну. Але рэжысёр не паказаў, на жаль, што пахавалі Яе пад лунаючымі бел-чырвона-белымі сцягамі. Прывёз іх тады Лявон Тарасэвіч. Святар, што правіў багаслужбу быў гэтым абураны. Прафесар намераны быў паскардзіцца самому мітрапаліту Саву.
На паказ фільма людзей прыйшло няшмат, лічаныя асобы. Пэўна публікі было б больш, каб адбыўся яшчэ нейкі канцэрт. Відаць не хапіла фінансаў. Кіраўнік Фонду „Тутака” Павел Станкевіч згадваў пра такія абмежаванні. Ужо ў палове года стала вядома, што грошай на беларускія ініцыятывы з боку асабліва замежных данатараў будзе менш чымсьці раней на хвалі рэпрэсій пасля жнівеньскіх пратэстаў у 2020 г. (Захад, відаць, стаміўся фінансаваць такім чынам дзеянні супраць рэжыму Лукашэнкі, бо не даюць жаданых вынікаў). З такіх сродкаў – між іншым Амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве – дагэтуль суфінансаваліся таксама мерапрыемствы Фонду „Тутака”, у тым ліку і „Бардаўская восень”. Таму з’явіліся чуткі, што сёлета быў ужо апошні выпуск гэтага фестывалю. Павел мяне аднак супакоіў, калі я яго пра гэта спытаўся. – „Бардаўскую восень” будзем арганізаваць надалей, – сказаў, – толькі прыйдзецца прыдумаць для фестывалю іншую ўжо формулу.
29 кастрычніка 2024 г.
Сёння пабываў я на сумным, але кранальным душу канцэрце ў Музеі памяці Сібіры ў Беластоку. Выступіў беларускі „Вольны хор” з Варшавы з праграмай прысвечанай „Ночы расстраляных паэтаў”. 87 гадоў таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г., у Мінску бальшавікамі было забітых больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Ахвярамі сталінскага тэрору сталі паэты, пісьменнікі, мастакі, людзі культуры. Надалей трагічным ёсць тое, што сёння таксама ў лукашэнкаўскіх турмах сядзяць палітвязні, у тым ліку шмат інтэлігенцыі.
Канцэрт, які арганізаваў Цэнтр беларускай культуры ў Беласіоку, меў загаловак „Я невінаваты”. У выкананні „Вольнага хору” прагучалі песні на словы забароненых цяпер у Беларусі аўтараў – загінуўшых тады або тых, якія апынуліся ў эміграцыі, як напрыклад Наталля Арсеннева. „Песню немагчыма расстраляць,” – адкрываючы канцэрт сказала Ілона Карпюк, намесніца ЦБК.
„Вольны хор” узнік у жніўні 2020 г. падчас пратэстаў супроць абвешчаных несапраўдных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яго ўдзельнікі вымушаны былі пакінуць Беларусь, на канцэртах артысты носяць маскі.
Канцэрт „Я невінаваты” быў зладжаны ў Музеі памяці Сібіры менавіта таму, што гэтае месца памінае сталінскія рэпрэсіі. Песні „Вольнага хору”, што там прагучалі, былі выкананы сапраўды на вышэйшым мастацкім узроўні. Зала, праўда, не так вялікая, ледзь змясціла гледачоў. Усе былі пад вялікім уражаннем такога незвычайнага канцэрту.
У гэтым музеі раней неяк не прыйшлося мне яшчэ пабываць. Мала хто ведае, што комплекс запраектаваў тутэйшы беларус Ян Кабац, які родам з Гайнаўшчыны і раней праектаваў між іншым Святадухаўскую царкву ў Беластоку і Нараджэння св. Яна Хрысціцеля ў Гайнаўцы. Мастак Віктар Кабац з Гайнаўкі – яго родны брат, а дваюрадны – Яўген Кабатц, пісьменнік з Варшавы, які калісь публікаваўся таксама ў „Часопісе” (памёр у 2020 г.). Помню іх трыпціх на „Беларускім трыялогу” ў Лапічах. Ян Кабац распавядаў тады пра інспірацыі для для сваіх архітэктурных праектаў. Выгляд царквы Св. Духа ў Беластоку ён прыдумаў, уяўляючы сабе запамятаную з дзяцінства гурбу запаленых свеч на свечніку ў роднай царкве. Інспірацыяй для царквы ў Гайнаўцы была сасна на выгане, дзе як хлопчык пасвіў кароў.
Музей памяці Сібіры Ян Кабац, які з’яўляецца выкладчыкам Беластоцкай палітэхнікі, запраектаваў пад уплывам кніг, фільмаў і ўспамінаў ссыльных. Вынікам працы яго і ўзначальванага ім калектыву стаў незвычайны аб’ект. Гэты манументальны будынак і сама ўстанова атрымалі прэстыжныя ўзнагароды, у тым ліку еўрапейскія.
Ведаю, што сярод экспанатаў захоўваецца там ліст з 1963 г., адпраўлены з Ліды ў Пачапок, што па суседску з маім Паўднёвым Востравам. Натрапіў на яго я неяк у Інтэрнэце. Той ліст напісаў Рыгор Чарнецкі, родам таксама з майго староння, бо з Грыбоўшчыны. Пасля вайны апынуўся ён у Беларусі, жыў у Лідзе і працаваў кандуктарам на чыгунцы. Напісаў у Пачапок, бо патрабаваў, каб хтосьці яму пасведчыў, што пры саветах там працаваў у надлясніцтве. Яму гэта было патрэбнае пацвердзіць працоўны стаж у сувязі з выхадам на пенсію. Яго ліст наогул даволі цікавы і цяпер прадстаўляе гістарычна-дакументальную вартасць. Ёсць у ім знаёмыя мне прозвішчы і згадкі пра новую структуру лесаўпарадкавання пры савецкай тут уладзе. Не ведаю толькі, чаму гэты ліст трапіў якраз у Музей памяці Сібіры.
9 лістапада 2024 г.
А другой гадзіне ноччу на жвіроўцы каля вёскі Лапічы пад Крынкамі вывернуўся „Лендровер” Памежнай службы. У ім знаходзілася пяць чалавек – двух функцыянераў і трое чужаземцаў з Самаліі. Усе трапілі ў шпіталь.
Ход здарэння агучылі актывісты, што дапамагаюць імігрантам, якім удаецца нелегальна перасячы беларуска-польскую мяжу. Позна ўвечары ім патэлефанавалі на экстранны нумар трое грамадзян Самаліі і заявілі, што хочуць звярнуцца па міжнародную абарону ў Польшчы. Дапамагчы ім выехала чацвёра актывістаў і валанцёраў, у тым ліку ратавальнік-фельчар. Калі прыбылі на месца, аказалі імігрантам гуманітарную дапамогу ды запоўнілі ім першапачатковыя заявы аб міжнароднай абароне і выклікалі памежнікаў.
На месца здарэння прыбылі два патрулі. Адзін заняўся самалійцамі, другі актывістамі. Імігрантаў абшукалі, надзелі ім аднаразовыя пластмасавыя наручнікі і пасадзілі ў машыну. „Лендровер” раптоўна рвануў з месца, хутка набіраючы хуткасць. Праз момант пачуўся вялікі грохат.
Актывісты і функцыянеры адразу накіраваліся ў той бок. Недалёка ляжала на баку цалкам разбітая машына памежнікаў, а з нутры крычалі людзі. Адразу пачалася выратавальная акцыя. Аказалася, што людзі ў машыне не былі прышпіленыя рамянямі. Неадкладна на месца здарэння была выклікана хуткая дапамога і іншыя службы. Прыбылі тры машыны хуткай дапамогі, пажарнікі, паліцыя і вайскоўцы.
Усіх памежнікаў і імігрантаў, якія трапілі ў аварыю, даставілі ў шпіталі ў Саколку і Беластоку. На шчасце іх траўмы не пагражалі жыццю і праз чатыры дні ўсіх выпісалі. Імігранты падалі прашэнне аб міжнароднай абароне, пасялілі іх у асяродку для чужаземцаў.
Паліцыя паінфармавала, што верагодна кіроўца „Лендровера” не праявіў асцярожнасці і не захаваў хуткасці машыны адпаведна да ўмоў надвор’я.
Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар