
Фота рэалізатараў
Гэта была субота. У Гарадку праходзіў другі дзень фестывалю Tutaka. Заехаў я там вечарам, калі на галоўнай сцэне на лясной паляне ў Барыку пачынаўся музычны канцэрт. Удзень таксама пабываў на прыродзе – каля Старой Грыбоўшчыны і ў славутым Вершаліне, дзе каманда Белсата здымала мяне для апошняй, дзясятай часткі летняй праграмы „Падляшскія вакацыі”. Да ўдзелу запрасіў мяне адзін з яе аўтараў – Зміцер Косцін з Польскага Радыё Беласток. Патэлефнаваў ён мне неяк на пачатку ліпеня і сказаў, што ніхто лепш чымсьці я не раскажа пра слаўнае месца Вершалін. Мне гэта, вядома, прыемна ўразіла, таму не мог адмовіць. Яшчэ таму, што канчаю салідную кніжку на гэтую тэму і кожную нагоду стараюся выкарыстаць, каб пра тое паведамляць. На жаль пазней у праграме такой весткі чамусьці не пусцілі. Пэўна не хапіла месца, бо гэта быў усяго дваццаціхвілінны рэпартажык, у якім яшчэ сюжэты з трох іншых пунктаў маршруту. Тым часам са мною зрабілі амаль гадзіну запісу. Так што было з чаго выбіраць.
Каля царквы ў Грыбоўшчыне, дзе мы дамовіліся, я з’явіўся пунктуальна. Здымачную групу прыйшлося аднак крыху пачакаць. Аказалася, што яны заблудзілі. Навігацыя павяла іх не туды дзе трэба. Не маглі таксама да мяне патэлефнааваць, бо згасла ім сувязь.
Урэшце прыехалі. Каля дзесяць асоб на трох машынах. Адразу падумаў я пра бюджэт праекту, які напэўна значна перавышаў фінанасы „Часопіса” на ўвесь год. Неяк няёмка было спытаць пра гэта Змітра, яго каардынатара. Але ідэя, якую ён прыдумаў – на ўзор папулярнага ў свеце фармату чэлендж-шоу – даволі цікавая. Вось дзве пары беларусаў з Польшчы і Беларусі вандруюць летам па Падляшшы. У кожным выпуску іх чакае новае заданне – яны раскрываюць таямніцы, шукаюць шыфры і падказкі, каб адкрываць цікавыя мясціны Беласточчыны.
У выпуску з маім удзелам сакрэт Вершаліна раскрывалі Аня Бяляўская з Нараўкі – студэнтка Акадэміі тэатральных мастацтваў у Кракаве і Дзёня Мандзік – рэпер, які з’ехаў у Польшчу з Барысава.
– Нас сюды прывяла загадка – пачалі са мною гутарку. – Мы шукаем Новага Ерусаліма на Падляшшы.
– Вы не знойдзеце тут Новага Ерусаліма, бо яго і не было, – я ім на тое.
Затым карока расказаў пра царкву, да якой яны прыехалі. Што яе ідэя прыснілася на пачатку ХХ-га стагоддзя Іллі Клімовічу, звычайнаму мужыку з вёскі Старая Грыбоўшчына, што побач гэтага месца. Божая Маці ў сне яму сказала, што на гэтым узгорку пабудуе царкву і будзе тут манастыр. Мужык гэтым надта пераняўся. З’ездзіў аж за Санкт-Пецярбург да слаўнага бацюшкі Іаана Кранштадскага, які яму сказаў: „Строй этот храм!”…
– …Ілля, так як і вы, шукаў праўды, – заўважыла Кася, маючы на думцы шматгадовую маю працу над кніжкай.
– Так, дакладна, – я пацвердзіў працягваючы свой кароценькі расказ. – І вось здарыўся „цуд”. У народзе пайшла вестка, што ў адну ноч з зямлі вырасла тут царква. Ілля гэтым не пераняўся. Усім гаварыў, што так, яго царква вырасла з зямлі. Бо і цэгла з зямлі, і вапна таксама… І ў гэтае месца сталі прыходзіць натоўпы людзей, тысячы. Прыбывалі з розных бакоў, а найбольш з вёсак за Заблудавам – Рыбалаў, Войшкаў, Паўлаў, Целушок. Некаторыя паверылі ў „цуд”, але большасць па тое, каб памаліцца, знайсці душэўны спакой і згубіць тут свае хваробы (казалі, што так здаралася). Пасля аднак узнік канфлікт Іллі з праваслаўным духавенствам і тады сваю актыўнасць перанёс ён два кіламетры далей, у Вершалін.
Туды са здымачнай групай хуценька мы і пераехалі.
– Сапраўды паводле ідэі Клімовіча тут меў калісь узнікнуць горад, а пры ім манастыр, – працягваў я свой аповед каля апусцелай хаткі, у якой па вайне жылі маляшчыя адзінокія жанчыны, якім „прарок” даў прытулак.
– І гэта быў пачатак?

Фота Аляксандра Васылюка
– Так. Ілля быў перакананы, што так будзе. „Паверце мне, што прыйдуць сюды і немцы, і французы, і створаць тут горад”, – гэта яго словы. А гэта ёсць даўняя татарская зямля, нададзеная ў XVII ст. каралём Сабескім за заслугі ў пагроме туркаў пад Венай.
У пэўны момант працу здымачнай групы перапыніў гук матацыклаў.
– Часта сюды прыязджаюць турысты? – спытала Кася.
– Безупынна. Але яны не арыентуюцца, што тут сапраўды адбылося. Начыталіся ў Інтэрнэце, што быццам Ілля будаваў Новы Ерусалім, бо набліжаўся канец свету і таму людзі прадавалі свае гаспадаркі і сюды прыязджалі, аддавалі грошы, каб тут схавацца. Але гэта ёсць няпраўда…
З Вершаліна каманда паехала ў Крынкі, дзе Ася Чабан для праграмы расказала коратка пра асноўную ролю габрэяў у гісторыі мястэчка і што цяперашнія жыхары, якія жывуць на іхніх пляцах, не надта гэта сабе ўсведамляюць. Затым здымачная група падалася на Калёнію Кнышэвічы, дзе чакала ўжо Агнешка Прымака, каб расказаць пра мікстуры, якія робіць яна з зёлак.
Белсатаўцы наканец познім вечарам паявіліся на Тутацы. Я там якраз гутарыў з сябрамі. У параўнанні з папярэднімі выпускамі фестывалю на гэты раз было там выразна больш людзей ад нас, таксама з Гарадка. Хаця вядома ў асноўным прысутнічала беларуская дыяспара з розных гарадоў Польшчы, таксама з-за мяжы. Гэта ж іх фестываль – абуджаных…
Сёлетні выпуск рабіў уражанне. На працягу трох дзён у Барыку на пяці сцэнах адбылося 25 канцэртаў, былі паказы фільмаў, прэзентацыі кніжак, аўтарскія сустрэчы, спектаклі, майстар-класы і выставы.
Так як у мінулых гадах на фэсце з’явілася лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская. На гэты раз прыехала з мужам Сяргеем, вызваленым тры тыдні раней з турмы пасля пяці гадоў зняволення. Былы палітвязень раздаў шмат інтэрв’ю. Смажыў таксама шашлыкі. Як сказаў, вельмі марыў пра гэта седзячы ў турме.
Падчас фестывалю адбылося некалькі дэбатаў, прысвечаных палітычнай сітуацыя ў Беларусі і беларускай тоеснасці на Падляшшы. У дыскусіі „Беларусь вачыма свету” прынялі ўдзел падляшскі ваявода Яцак Бжазоўскі, дэпутаты польскага Сейма Павел Коваль і Аліцыя Лэпкоўская-Голась і намеснік прэзідэнта горада Беластока Рафал Рудніцкі. Падчас гэтых дэбатаў публікі было праўда няшмат, але іх відэазапісы пасля можна было глядзець у Інтэрнэце.
У здымачнай камандзе з Белсату быў між іншым сын прафесара Вячаслава Шведа з Гродна, які ад звыш дзесяці гадоў жыве ў Варшаве і працуе ў Цэнтры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Яго дачка раней таксама працавала на Белсаце, пакуль кіравала там Рамашэўская. З іхнім бацькам я добра знаёмы. Шмат гадоў сустракаліся мы калісь на Беларускіх трыялогах у Лапічах каля Крынак. Пасля запрасіў яго выступіць з дакладам у Гарадку на канферэнцыі ў 150-ыя ўгодкі Студзеньскага паўстання.
Год таму здарылася смешная сітуацыя. Вячаслаў напісаў мне імэйл, у якім паведамляў, што напісаў кнігу „Гісторыя Гродна: Энцыклапедыя 1005-2020 гг.” аб’ёмам 1200 старонак, і што будуць у ёй унікальныя фатаграфіі. На яе выданне патрабаваў 60 тыс. зл. Як ні дзіўна, такіх грошай спадзяваўся менавіта ад мяне. „Калі не зможаш 60 тысяч, дык хоць палову, а астатнія буду прасіць у рэктара”. Узгадваў, што нібыта мы нядаўна размаўлялі па тэлефоне і я сказаў, што магу фінансава дапамагчы ў гэтым. „Гледзячы на сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, кніга вельмі актуальная і патрэбная. Гэта будзе наш уклад у барацьбу за незалежнасць Беларусі”, – напісаў на заканчэнне.
Спачатку я падумаў, што імэйл трапіў да мяне памылкова і хто іншы меў быць адрасатам. Праўда, уразіла вялікая сума, але мабыць знайшоўся нехта ахвотны з нейкай фундацыі такія грошы выкласці. Так я падумаў і не адпісаў, цалкам праігнараваў гэты імэйл.
Але праз нейкі час Вячаслаў звязаўся са мною на месэнджары і працягваў справу. Зноў нагадаў, што па тэлефону я паабяцаў яму дапамагчы фінансава ў выданні яго энцыклапедыі. Інфармаваў, што назбіраў каля 40 тыс. зл і не хапае яшчэ 20 тыс. „Якія патрэбны дакументы, я табе вышлю. Захочаш, дык упішам цябе рэдактарам ці рэцэнзентам” – напісаў, дадаўшы, што „магчыма было бы змясціць лагатып фундатара ці нейкую рэкламу”.
Можа спадзяваўся на „Часопіс”? – падумалася мне. Не верылася мне аднак, што прафесар не ведае, якія мізэрныя грошы ў нас на выдаванне штомесячніка, не кажучы пра кніжкі. Цяпер я адпісаў і адказаў, што ён „відаць нешта паблытаў, бо між намі такой размовы наогул не было, і адкуль мне ўзяць 20 тыс. зл?”.
Вячаслаў хутка мне адпісаў і на маё здзіўленне даказваў, што… нічога ён не паблытаў. Вось, што ён мне напісаў:
„Гэта было недзе год таму. Я ішоў па базару і ты мне патэлефанаваў і сказаў, што выйграў шмат грошай. Быў вельмі шчаслівы па тону голасу і мне падалося, што выпіўшы. Казаў, што цябе цікавіць гісторыя Гродна, што ездзіў туды і выступаў на канферэнцыі. Калі развітваліся, ты сказаў, што мне патэлефануеш. Таму я звярнуўся да цябе”.
Тады я дадумаўся, што магла здарыцца правакацыя і і хтосьці пад мяне падшываўся. Але з якой мэтай?! Бо я ніколі ў жыцці Вячаславу не тэлефанаваў, не меў нават яго нумару. Калісь кантактаваліся мы, але выключна праз імэйл. Так я і адказаў яму, раючы наканец, каб у будучыні асцерагаўся.
„Магчыма ты правы, – урэшце ён задумаўся, – я сам быў здзіўлены, але гэты чалавек ведаў інфармацыю нашу агульную і свабодна ёю карыстаўся. Добра, будзем асцерагацца”.
У папярэднім нумары ў сваім дзённіку згадаў я пра знаёмага, які абураны на мяне за помнік Кастусю Каліноўскаму, што па маёй ініцыятыве стаіць у Мастаўлянах. І яшчэ – як мне падалося – ён занадта не адхіляе ідэалогіі і жорсткай палітыкі рэжыму ў Мінску. Не быў гэта ніхто з асяроддзя нашай меншасці, які супрацоўнічае з Радыё Рацыя, што магло вынікаць з майго тэксту. Аднак пагроза ўсё-такі існуе.
Апошнім часам было шмат сігналаў, асабліва з беларускай дыяспары, пра інтэнсіфікацыю фейкаў і спробаў дыскрэдытацыі незалежных медыяў, пра пагрозы, нават напады і вербункі людзей лукашэнкаўскімі агентамі. Таму і нам трэба быць надта ўважлівымі, з кім кантактуемся, супрацоўнічаем у рэдакцыях і арганізацыях, праводзім размовы падчас фэстаў і іншых мерапрыемстваў, ці калі вядзем проста дыскусіі ў Інтэрнэце.
Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар