Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Jurczenia: Cień kolaboranta czy niewinnego człowieka?

    Jak potym rapartavaŭ milicjant z tamtejszaho pastarunku, Jurczenia haspadarkaj mało cikawiŭso, byŭ chuliganawaty, swaryŭso i sudziŭso z susiedziami…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Гадавіна

Платон Галавач і яго праўда пра сталінскі час

Частка 3 з цыклю "Расстраляныя: вяртанне з пекла"

Platon Halavač
Platon Halavač

Як вядома, пад час трэцяй хвалі рэпрэсій у Беларусі (восень 1936 г. – восень 1938 г.), з 29-га на 30-ты лістапада 1937 года было знішчана 22 літаратары. У мінулы раз мы гаварылі пра расстралянага ў тую ноч крытыка і літаратуразнаўцу Якава Бранштэйна, які вельмі стараўся быць лаяльным сталінскай уладзе, пісаў ідэалагічна правільныя артыкулы, асуджаў і выкрываў каго трэба, але гэта яго не ўратавала. 

Не ўратаваўся і герой нашага сённяшняга артыкулу пісьменнік Платон Галавач.

Гэта быў любімы празаік Васіля Быкава, самакрытычны да сябе, адзін з першых, хто ў 1930-ыя гг. спрабаваў пісаць праўду пра той час.

Платон Галавач нарадзіўся ў вёсцы Пабокавічы, якая знаходзіцца ў Бабруйскім раёне. Рана застаўся круглым сіратою. З дзяцінства яму не хапала спагады, чуласці. Першы паэт, якога для сябе адкрыў – Янка Купала, а першы яго верш з якім пазнаёміўся – «Над калыскай». 

Юнаму Платону здавалася, што калісьці мама спявала яму гэты Купалаў твор, як калыханку.

Спі, маленькі мой сыночак!

Вочкам не міргні;

Свеціць месяца кружочак,

Ты ж аб долі сні.

 

Спі і слухай песні гэтай,

Ды ўспомні калі;

Спі, пакуль не знаеш свету,

Люлі, люлі, спі!

 

Падрасцеш, дазнаеш гора,

Папіваеш слёз,

Твае сілы зломіць змора,

Спёка ды мароз.

 

І спаткаешся на свеце

З няпраўдай, з людзьмі.

Спі, сыночак! Месяц свеце,

Люлі, люлі, спі!

За сваё нядоўгае жыццё Платон Галавач дастаткова сустрэўся і з няпраўдай, і з ліхімі людзьмі.

Пачуццё трагічнага, якім была прасякнута творчасць Янкі Купалы, было блізкае і Галавачу. Але, калі Янка Купала проста крычаў аб тым, што наш свет – пекла, то Платон Галавач, паказваючы падобную пякельнасць, спачуваў людзям, якія былі вымушаны жыць у такой вось інфернальнай рэальнасці: дэзерцірам з Чырвонай арміі, сялянам, якія не хочуць уступаць у калгас, партыйцам, якіх выгналі з партыі.  

Вокладка да кнігі "Дробязі Жыцця" П. Галавача
Вокладка да кнігі “Дробязі Жыцця” П. Галавача

Галавач з’яўляўся ці не першым беларускім пісьменнікам таго часу, які заступаўся за тых, хто быў непатрэбен савецкай уладзе.

Але пакуль на дварэ сярэдзіна 1920-х гг. і наш герой вясковы актывіст, які стараецца не сумаваць. Працы яму хапае.

Яшчэ ў 1920 годзе ён стварыў камсамольскую ячэйку ў роднай вёсцы, удзельнічае ў ліквідацыі непісьменнасці, арганізоўвае клуб і хату-чытальню, становіцца карэспандэнтам павятовай газеты «Камунiст», піша артыкулы пра жыццё вясковай камсамольскай ячэйкі, штодня рызыкуе, таму што тагачасныя апаненты савецкай улады, якія са зброяй хаваліся ў лесе, пастрэльвалі ў найбольш актыўных камсамольцаў. 

У 1922-1923 гг. Галавач інструктар Барысаўскага павятовага камітэта камсамола, з 1923 уступае ў партыю, а з 1928 з’яўляецца першым сакратаром ЦК камсамола Беларусі. У сярэдзіне 1920-х пераязджае ў Мінск, пачынае актыўна друкавацца і першае сваё вялікае трагічнае апавяданне «Загубленае жыццё» змяшчае ў газеце «Савецкая Беларусь». Паралельна вучыцца ў Камуністычным універсітэце, дзе знаёміцца з чалавекам, які адыграе важную, але вельмі неадназначную ролю як ў лёсе Платона Галавача, так і ў жыцці нашай тагачаснай беларускай літаратуры. 

Наш герой знаёміцца з Лукашом Бэндэ.

Лукаш Бэндэ становіцца адным з самых жорсткіх беларускіх крытыкаў канца 1920-х пачатку 1930-х гг. Ён ці не самы бязлітасны вораг самым розным «нацдэмам», «нацыяналістам» ды іншым «ворагам» савецкай улады. 

Артыкул "Слова у творчай дыскусіі" П. Галавача
Артыкул “Слова у творчай дыскусіі” П. Галавача

Галавач падпадае пад яго ўплыў і пачынае бэсціць паэтаў «сярэбранага веку», вядзе крыжовы паход супраць першага беларускага элітарнага літаратурнага аб’яднання „Узвышша”, пагражае сарваць «маскі» з «узвышаўцаў». 

Мікалай Гусеў. Сяброўскі шарж на Платона Галавача
Мікалай Гусеў. Сяброўскі шарж на Платона Галавача

Праўда, роля пракурора не стасавалася з далікатнай душой Галавача, які паступова пачынае бачыць, што асноўная бяда ідзе не ад няшчасных «нацдэмаў», а з партыйных кабінетаў. 

А ў асабістым жыцці ў гэтага прыгожага і сумленнага дзеяча адбылася цудоўная падзея – ён жэніцца з Нінай Вечар, якая была сапраўднай прыгажуняй: мела доўгую светлую касу і вытанчаны твар. Яны з Платонам сябравалі яшчэ ў школьныя гады, калі вучыліся разам у Гарбацэвіцкай школе. Сам Платон нарадзіўся і жыў у той час у суседніх Пабокавічах, але адну з першых камсамольскіх груповак стварыў у Гарбацэвіцкай школе. Пасля школы Ніна вучылася ў тэхнікуме, атрымала дыплом меліяратара, а затым пераехала ў 1927 годзе да Платона Галавача ў Мінск і яны жылі разам. Ніна працавала ў Доме ўраду, а наш герой рабіў, як тады здавалася, паспяховую кар’еру. 

Платон Галавач і Ніна Вечар
Платон Галавач і Ніна Вечар

У жыцці Галавача ўсталёўваецца на нейкі час гармонія. і суладдзе.

Але з 1929 года пачынае адбывацца нешта ненармальнае. 

Спярша партыйная чыстка, паралельна з ёй агрэсіўная вайна супраць нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі, дзе рэй вядзе Лукаш Бэндэ. Галавач, як я казаў, спярша падпадае пад яго ўплыў, але неўзабаве зразумеў, што тут штосьці творыцца не тое. І гэтае разуменне вылілася ў стварэнне адной з самых знакавых яго аповесцяў «Вінаваты». Яна выйшла асобнай кнігай пад час першай хвалі рэпрэсій у 1930-м годзе. У гэтай кнізе Галавач паказаў да якіх сумных наступстваў могуць прывесці бяздумныя рэпрэсіі супраць сумленных людзей.  

Вокладка да кнігі "Вінаваты" П. Галавача
Вокладка да кнігі “Вінаваты” П. Галавача

На Платона Галавача накінуліся сябры-пісьменнікі. 

Адзін з кіраўнікоў БелАПП Міхась Лынькоў у артыкуле «За ваяўнічую партыйнасць у пралетарскай літаратуры і мастацтве» пісаў: «гэтая аповесць была пэўным ідэалагічным зрывам на творчым шляху пісьменніка… У чытача ўзнікае спачуванне да героя аповесці, выключанага з партыі за тое, што яго бацька ў свой час быў ахраннікам. Справа не ў тым, вінават ці не вінават герой, ведаў ён пра мінулае свайго бацькі ці не ведаў. Нават калі б ён і не ведаў гэтага мінулага, то ніякім чынам не апраўдваецца ўвесь цёплы, спачувальны тон пісьменніка да героя, тон, які выклікае сімпатыі да «пакрыўджанага партыяй чалавека».

Платон Галавач і Міхась Лынькоў
Платон Галавач і Міхась Лынькоў

У тым жа 1930-м годзе выходзіць яшчэ адзін зборнік Платона Галавача пад назвай «Хочацца жыць». 

Вокладка да кнігі "Хочацца жыць" П. Галавача
Вокладка да кнігі “Хочацца жыць” П. Галавача

Тут наш герой у апавяданні «Уцякач» абараняе беднага чырвонаармейца, былога селяніна, які баіцца смерці і таму ўцякае з Чырвонай Арміі. Чакае яго за гэта вядома што – расстрэл: 

«Утыркнулі ў свежы пясок жалязнякі чырвонаармейцы і адышлі. Нехта скамандаваў Голубу ісці да ямы. Ён падышоў, павярнуў твар у бок ад таварышаў… Ужо ні аб чым не было думак, быў толькі страх перад блізкай смерцю, які ўсё засланіў сабою, і тупая балючасць ныла ва ўсім целе.

Халоднымі цяжкімі кроплямі падаюць у мазгі словы прысуду.

Цяжэе тулава. Усё болей урастаюць у зямлю ногі. Страшны боль сціскае галаву…

Чуў апошнія словы прыгавору, чуў злосныя словы таварышаў…

Але стаяў ужо, як спаралізаваны. Толькі адчуваў, што на твары выступіў халодны пот.

Сціхла… Пачулася кароткая каманда…

Хацелася ўзняць вочы, глянуць на таварышаў, каб убачылі, каб зразумелі, што ён каецца, але галава, быццам налітая волавам, не ўздымаецца. Апушчаныя ўніз вочы бачаць перад сабой бліскучыя канцы цэлага шэрагу штыкоў. Пачуў апошнюю каманду.

Перад вачмі замітусіўся цёмны туман.

Нешта балюча стукнула па нагах, у грудзі. Узмахнуў рукой. З грудзей, з самай глыбіні, вырваўся і застыў на губах крык. А зямля, і хвоі, і чырвонаармейцы задрыжэлі, захісталіся, зніклі ў тумане».

Як жа крытыкі накінуліся і на гэтую аповесць! 

Адзін з нямногіх, хто падтрымаў Платона Галавача, быў Янка Купала.

Жонка Платона Галавача згадвала: 

«Янка Купала бачыў у творчасці Платона праўдзівае выяўленне таго пякельнага часу ў якім яны жылі. Адных арыштоўвалі, другіх маральна ламалі, кагосьці паралізаваў страх, кагосьці ап’яняла ўлада і магчымасць расквітацца з канкурэнтамі ў літаратуры». 

У Янкі Купалы ў гэтым жа годзе выходзіць кніга «Адцвітанне», Платон любіў цытаваць загалоўны верш з гэтага зборніка:

Не шасцяць каласы,

Звон не валіцца з касы,

Не кладуцца ў стог пласты,

Толькі сыплюцца лісты

На яловыя кусты,

На сухія верасы.

 

Не іскрыцца небазор,

Не цвіце трава-чабор,

Не цыгліць птушыны стан,

Толькі поўзае туман,

Вецер б’е ў нямы курган,—

Шапаціць імглісты бор.

 

Змога вольная снуе,

Вочы ўставіўшы свае,

То галубне, то пужне.

Сэрца б’ецца у паўсне,

Думка сэрцу аб вясне

Здрадны голас падае.

Платон Галавач яшчэ спрабуе верыць. Вясной 1930-га ён едзе ў вёску дапамагаць праводзіць калектывізацыю і нават не здагадваецца, што яго чакае… 

Вяртаецца з вёскі ў вялікім засмучэнні. У лісце да Бэндэ піша, што адбываецца „раскалектывізацыя”, сялянам непатрэбны калгасы, яны ўцякаюць адтуль.

Неўзабаве Платон Галавач піша раман „Спалох на загонах”, першы беларускі твор пра арганізацыю калгасаў і пра тое, што калектывізацыя прыводзіць да катастрофы.

Вокладка да кнігі "Спалох на загонах" П. Галавача
Вокладка да кнігі “Спалох на загонах” П. Галавача

Галавач на гэтым не спыняецца. 

Вокладка да кнігі "Popłoch na zagonach" П. Галавача
Вокладка да кнігі “Popłoch na zagonach” П. Галавача

Праз год, у 1931-м ён пакідае шэрагі партыі, як быццам, дзеля таго, каб цалкам аддацца творчасці, а на самай справе? Тут варта дадаць, што ніхто з тагачасных пісьменнікаў, ніхто і з нашых дзеячаў у адносна спакойныя 1960-70-ыя гг. дабравольна партыю не кідалі. Для гэтага была патрэбна вялікая мужнасць. 

Патрэбна была вялікая мужнасць і каб дапамагаць тым пісьменнікам, якіх абвінавачваюць праўладныя крытыкі, тыя ж Бэндэ ці Бранштэйн. 

Наш герой у сваіх артыкулах піша не пра тое, што трэба знішчаць класавых ворагаў, а заклікае да чуласці і спагады. Яму ўсё больш і больш няўтульна ў сталінскай рэальнасці 1930-х і, што самае цікавае, асабліва не хавае сваіх настрояў. Яго захапляюць не выдуманыя камуністычныя героі, а вобраз Кастуся Каліноўскага, пра якога ў 1935 годзе Галавач хоча пісаць раман. 

Арыштавалі нашага героя ў нядзелю, 11-га жніўня, 1937 г. па адрасе: вул. Маскоўская, д. 8/1, кв. 34. Падчас ператрусу следчыя канфіскавалі 67 сшыткаў рукапісаў (магчыма, сярод іх быў і раман «Ён» і чарнавікі, прысвечаныя лідару паўстання 1863 г.).

У дзень арышту Платона Галавача газета «Звязда» была перапоўнена (зрэшты, як і заўсёды) даносамі на вясковых школьных педагогаў («Фашысцка-нацдэмаўскі вырадак у ролі настаўніка»), на камсамольскіх лідараў («Аздаравіць кіраўніцтва Мінскай камсамольскай арганізацыі»), калгаснікаў («Будзем больш пільнымі»). А ў мінскім цырку, паралельна з гэтымі жахамі, ілюзіяністка Клео Дароці і яе асістэнты – 15 ліліпутаў цешылі публіку сваімі незвычайнымі штукарствамі… 

28 кастрычніка 1937 на судзе (пачаўся а 22:15, скончыўся праз пятнаццаць хвілін) моцна збіты Галавач прызнаў сябе вінаватым. Тройкай НКУС асуджаны як «арганізатар тэрарыстычнай групоўкі» і за «правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці» да вышэйшае меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны праз некалькі гадзін пасля прысуду. Сям“і было абвешчана, што памёр 25 снежня 1944 у лагеры ад паралічу сэрца.

Платон Галавач з сям'ёй
Платон Галавач з сям’ёй

Рэабілітаваны 25 ліпеня 1956 года. 

У 1957 годзе выйшаў трохтомнік выбранага. Поўны збор твораў ні разу не друкаваўся. Сёння гэты пісьменнік, які вельмі моцна паўплываў на Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, які не баяўся, па ягоных жа словах, у 1930-ыя гг. раскрываць у сваіх творах «існыя бакі нашае канкрэтнае рэчаіснасці» амаль цалкам забыты.

Платон Галавач. 1903-1937
Платон Галавач. 1903-1937

У часы сталінскага тэрору мала хто здолеў захавацца ў маральным плане, страх паралізоўваў і прымушаў рабіць страшныя рэчы. Платон Галавач быў адзін з нямногіх, хто маральна збярогся. У наш змрочны час яго трагічныя творы як ніколі актуальныя. 

У наступным артыкуле нашым героем будзе паэт, празаік, перакладчык, публіцыст Алесь Дудар.

Васіль Дранько-Майсюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У студзені

    985 – 1040 г. паход кіеўскага князя Яраслава Мудрага на Літву. Першае ўпамінаньне Літвы ў славянскіх летапісах. 960 – 1065 г. першая летапісная зьвестка пра горад Браслаў, заснаваны полацкім князем Брачыславам Ізяславічам. 905 – 1120-я гады, стварэньне „Аповесьці мінулых гадоў” …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (221) – 25.01.1804 г. у Гейстунах на Ашмяншчыне нар. Антон Эдвард Адынец (Інацэнты Старушкевіч), рамантычны паэт і перакладчык. Закончыў базыльяньскую школу ў Барунах і Віленскі ўнівэрсытэт (1823); напісаў „Pieśń filomatów”. Памёр 15.01.1885 г.
  • (156) – 25.01.1869 г. у фальварку Кавалі каля Мядзеля нар. Адам Гурыновіч, беларускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхналягічным інстытуце (1887-1893).
  • (122) – 25.01.1903 г. у маёнтку Каўшова каля Мастоў нар. Любоў Мазалеўская, рэжысёр, актрыса, пэдагог. Памерла 18.07.1964 г.
  • (107) – 25.01.1918 г. у в. Нязнань Клімавіцкага р-на нар. Іван Новікаў, журналіст і пісьменьнік. Памёр 22.02.2001 г. у Менску; пахаваны на Усходніх могілках.
  • (107) – 25-28.01.1918 г. у Вільні адбылася беларуская канфэрэнцыя з удзелам дэлегатаў з акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі. Удзельнікі выказаліся за літоўска-беларускай канфэдэрацыю.
  • (87) – 25.01.1938 г. у Празе памёр Тамаш Грыб (нар. 19.03.1895 г. у Палянах на Ашмяншчыне), грамадзкі і палітычны дзеяч. Між іншым быў ва ўрадзе БНР народным сакратаром земляробства і замежных спраў, адным з ініцыятараў і кіраўніком Беларускай Партыі Сацыялістаў-Рэвалюцыянераў. З 1922 г. у эміграцыі у Празе.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis