Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

In memoriam

Патрыётка

Не стала ветэрана беларускага вызвольнага руху, былога вязня сталінскіх лагераў, грамадскай актывісткі і паэткі Надзеі Дземідовіч (1927-2020). А яшчэ не стала маёй старэйшай зямлячкі-патрыёткі, якой я ганаруся і вельмі часта перачытваю яе паэтычныя творы, пісьмы і ўспаміны.

У 2019 годзе мая зямлячка была ўзнагароджана медалём „100 гадоў БНР”. І летась мне ўдалося сабраць і выдаць асобнай кнігай слонімскі літаратурны альманах „Паланэз”, куды я ўключыў два яе вершы „Дзякуй Богу” і „Калыханка”, біяграфію і фотаздымак. А пры жыцці Надзея Дземідовіч напісала і выдала чатыры кнігі ўспамінаў і вершаў – „Век так ня будзе”, „Успаміны майго сэрца”, „Мы марылі дома спаткацца” і „Кенгір”. Дзве кнігі ў маёй хатняй бібліятэцы захоўваюцца з аўтографам аўтаркі. На кнізе „Век так ня будзе” (Мн., 2002) Надзея Раманаўна напісала: „Паважанаму спадару Сяргею Мікалаевічу Чыгрыну, хай гэтыя сціплыя радкі маёй кніжачкі дапоўняць гісторыю нашай краіны Беларусь. 02.07.2003. Надзея Дземідовіч”. А на зборніку вершаў „Мы марылі дома спаткацца” (Вінніца, 2010) аўтарка напісала проста: „Паважанаму земляку Сяргею Чыгрыну ад аўтара. Надзея Дземідовіч, 16.05.2010 г. Калодзішчы”.

У роздуме
У роздуме

Я шмат гадоў перапісваўся з Барысам Данілюком (1923-2011) – беларускім грамадскім дзеячам у ЗША, маім земляком. А жонкай Барыса Данілюка была родная сястра Надзеі Дземідовіч – Марыя Дземідовіч. Спадарыня Марыя ў 1990-х гадах упершыню ў пасляваенны час наведала Беларусь і родную Слонімшчыну, сваіх сваякоў, сястру Надзю. І адзін дзень яна гасціла ў мяне дома. Мы гутарылі з ёй пра ўсё, у тым ліку і пра яе сястру Надзею Дземідовіч. Тады Марыя Данілюк сказала: „Найцяжэйшы лёс выпаў на долю маёй сястры Надзі, яна прайшла ўсё пекла жыцця. І цяпер ёй у Калодзішчах таксама жывецца цяжка”. І яе словы мне помняцца да сённяшніх дзён. Бо, сапраўды, жыццёвы лёс нашай патрыёткі яе ніколі не песціў.

Марыя Дземідовіч нарадзілася на хутары Макейкі на Слонімшчыне 24 лютага 1927 года. Цяпер такога хутара ўжо няма. Бацька Надзеі сем гадоў працаваў у Амерыцы, каб зарабіць грошай і купіць лапік зямлі на Бацькаўшчыне. У Амерыцы ён стаў адукаваным чалавекам, ведаў польскую, рускую, англійскую мовы, і, вядома ж, не забываў беларускую. Разбіраўся ў алгебры, геаметрыі, любіў гісторыю. Зарабіў беларус трохі грошай і прыехаў на Слонімшчыну. За заробленыя грошы купіў хутар Макейкі недалёка ад Жыровіч. Хутар не вельмі падабаўся Раману Дземідовічу, бо быў ён багністы і пасевы вымакалі. Таму хутка сям’я Рамана пераехала на хутар Падгорцы, дзе гаспадар купіў у пана Слізьня 27 гектараў поля і 2 гектары балота. Там на хутары пабудавалі хату. Дзеці пайшлі ў польскую школу.

У сібірскім лагеры, 1955 г. Трэцяя злева ў другім радзе
У сібірскім лагеры, 1955 г. Трэцяя злева ў другім радзе

У верасні 1939 г. на Слонімшчыну прыйшла савецкая ўлада. Старэйшых дачок Надзю і Маню бацькі адправілі вучыцца ў Слонім. Усіх вучняў тады панізілі на адзін клас, бо яны зусім не ведалі рускай мовы. За тое ў Слоніме ад чырвонаармейцаў беларускія дзеці ўпершыню пачулі рускую лаянку, хаця ў беларускіх сям’ях ніхто ніколі не мацярыўся.

Савецкая ўлада ў Заходняй Беларусі доўга не пратрымалася, бо пачалася вайна. Немцы бамбілі аэрадром каля вёскі Дзеравянчыцы, а пасля хутка і самі прыехалі і прыйшлі на слонімскую зямлю. Пачалася нямецкая акупацыя.

Восенню 1941 года немцы пачалі па вёсках адкрываць пачатковыя школы. Да 1942 года, як успамінае Надзея Дземідовіч у сваёй кнізе „Век так ня будзе”, яна прасядзела на печы, толькі зрэд часу наведвала Дзявяткаўскую школу і вучылася ў настаўніка Станіслава Стружака, а таксама вывучала нямецкую мову.

Першая кніга ўспамінаў
Першая кніга ўспамінаў

1 кастрычніка 1942 года ў Слоніме адкрылася прагімназія. У першы клас прагімназіі прымалі дзяцей, якія скончылі чатырохкласныя народныя школы. Надзя Дземідовіч паехала вучыцца ў Слонім. Першым дырэктарам Слонімскай прагімназіі быў Барыс Суравы.Ён выкладаў гісторыю Беларусі і вельмі любіў дзяцей. Пазней ён стане школьным інспектарам і эмігрыруе на Захад.

Вучыцца ў прагімназіі Надзі Дземідовіч, як і ўсім хлопчыкам і дзяўчынкам, было няпроста. Як прыгадвала Надзея Раманаўна, „аніякай прысутнасці фашысцкай ідэалогіі мы не адчувалі. Ніколі ніводзін немец не пераступіў парога нашай вучэльні. Ды і настаўнікі са школьнікамі пра немцаў і партызанаў ніколі гутаркі не вялі, дзеці вывучалі родную мову і літаратуру, геаметрыю, лаціну, гісторыю і іншыя прадметы”.

У 1943 годзе ў прагімназіі, як і ў іншых школах Слоніма, арганізавалі Саюз беларускай моладзі (СБМ). Сябрам СБМ мог быць найперш той, хто любіць родны край, ведае свае звычаі, культуру, гісторыю, размаўляе на роднай мове і добра вучыцца. Пры паляках гэта былі гарцэры, а пры саветах – піянеры.

Сятра Марыя Дземідовіч з мужам Барысам і сынам
Сятра Марыя Дземідовіч з мужам Барысам і сынам

Хутка ў СБМ уступіла Надзя Дземідовіч, яе сяброўка Ніна Карач і іншыя дзяўчаты і хлопцы. Надзя добра вучылася, малявала, пачынала пісаць вершы. А 6 лістапада 1943 года „Баранавіцкая газэта” надрукавала яе першы верш „Сябрам СБМ”:

Прамінаюць гады чорных хмараў,

Хоць палае агонь на усходзе.

Яшчэ дым навакол ад пажараў,

А чуваць волі кліч у народзе.

Наша моладзь ў зялёных мундзірах

Пад радзімым магутным штандарам

Затрымаць нават здужала б буры,

Абы толькі з адвагай ды жарам.

Грамада нас – чаго ж нам баяцца?!

Што глядзець на крывавы дарогі?

Да гары трэ, да сонца падняцца

Сеяць Роднага Краю разлогі.

Вясною 1944 года Надзя Дземідовіч як лепшая вучаніца была заахвочана паездкай у Чэхію. У гэтым годзе дзяўчына скончыла і Слонімскую прагімназію. А 10 ліпеня ў Слонім увайшлі савецкія войскі, немцы адступілі.

У снежні 1944 года супраць слонімскіх настаўнікаў і сяброў СБМ пачаліся рэпрэсіі. Дзеці і настаўнікі хаваліся хто куды: адны з’язджалі да сваякоў у вёскі ці ў іншыя рэгіёны Беларусі, іншыя – за мяжу. Хавалася ад арышту і Надзя Дземідовіч, хавалася, як яна згадвала, усюды: на печы, пад печчу, на гарышчы, у хляве, на агародзе… А зіму 1945 года дзяўчына перажыла ў хаце цёткі Кацярыны – бацькавай сястры. Потым – у сваякоў у розных іншых вёсках. Пакуль бераглася ад арышту, быў рэпрэсіраваны бацька.

Зборнік паэзіі, выдадзены на Украіне
Зборнік паэзіі, выдадзены на Украіне

У 1948 годзе маці Надзі напісала пісьмо свайму брату ў Казахстан, каб той часова прыняў пляменніцу і схаваў яе ад арышту. Брат даў згоду і Надзя паехала ў Петрапаўлаўск. З успамінаў Надзеі Дземідовіч: „Але хутка дзядзька сказаў: „У мяне свая сям’я. Едзь да мамінай стрыечнай сястры– яны жывуць багацей”. Мне пашанцавала, што я сустрэла на вакзале знаёмую маёй маці, якая мяне прытуліла. Я скончыла курсы бухгалтараў, уладкавалася на чыгунку. Потым працавала на хлебакамбінаце. Аднойчы 13 чысла мне трэба было здаць фінансавую справаздачу. Я ўсё падрыхтавала, збіралася ўжо ісці, і тут прыходзіць адзін малады чалавек. Ён пагутарыў з начальствам, падышоў да мяне і кажа: „Вам трэба сабрацца і схадзіць у адно месца са мною”. „Ідзіце-ідзіце…– кажа галоўны бухгалтар і працягвае, – вы апраніце, што ў вас ёсць”. А я кажу: „Гэта ж недалёка – і так дабягу”. Я штосьці накінула і пайшла. Падыходжу да нейкага вялікага ружовага будынка, і да таго ж розуму не было, што не паглядзела, што кругом краты і вышкі стаяць. Зайшлі ўнутр. Бачу калідор вялікі і пакой з чорнымі дзвярыма. Заводзяць ў гэтыя дзверы. Гляджу – за сталом сядзіць мой кавалер Саша, хлопец, які са мной пазнаёміўся ў парку і ўсё запрашаў танцаваць. І гэтакі, здаецца, добры быў, разумы… Нават дахаты запрашаў. Хацеў жаніцца… І вось я стаю каля дзвярэй, а ён сядзіць за сталом. А потым кажа: „Проходите. Садитесь”. Я села і кажу: „Саша, а чаму ты тут?” А ён кажа: „Я уже не Саша. А вас знаю не как Демидович Лидию Романовну, а как Надежду Романовну”. Многа мы з Сашам не размаўлялі. Ён пазваніў і сказаў, каб „взяли человека”. Гэта ён зваў, каб мяне вялі ў турму. Павялі на другі паверх. Пакой 11. Акно за рашоткай. Столік, як у вагоне. Прыкручаны зэдлік. На сцяне полка. Але яна не раскладзеная, а адмацоўваецца на ноч. На сцяне правілы. Нехта перамаляваў, і з „правил” атрымалася „грабил”. Жалезныя, чорным абабітыя дзверы. У іх кармушка і круглае вочка, праз якое за табой увесь час назіраюць. І вось я там і засталася. Адразу палічыла, што гэта, магчыма, на некалькі дзён. А потым пачаліся допыты. Сталі вызываць. Хутка азнаёміліся са справай, сказалі, што сяджу за Саюз Беларускай Моладзі…”.

За год сяброўства ў СБМ Надзея Дземідовіч атрымала 25 гадоў ГУЛАГу. Спачатку беларуску завезлі ў Чалябінск, а пасля ў Кенгір – адзін з карагандзінскіх лагераў, збудаванага сярод голых стэпаў. У Кенгірскім лагеры тады знаходзілася больш за пяць тысяч зняволеных. Гэта быў лагер узмоцнега рэжыму і ў ім сядзелі толькі „палітычныя”. Былі там дактары, інжынеры, паэты, прафесары, настаўнікі і г.д. Зняволеныя працавалі ў медных рудніках, каменных кар’ерах і на будоўлі горада Джэзказгану.

16 траўня 1954 года ў Кенгірскім лагеры пачалося паўстанне. Сорак дзён вязні адстойвалі выспу свабоды сярод ГУЛАГАўскага архіпелагу, вялі перамовы з адміністрацыяй, каб паслабілі рэжым утрымання, прасілі прыслаць у лагер урадавую камісію. Калі ўлады зразумелі, што зламаць паўстанцаў не ўдасца, пачалі душыць іх танкамі. Паўстанне было патоплена ў крыві.

Марыя Кавалеўская і Надзея Дземідовіч, Слонім, 1943 г.
Марыя Кавалеўская і Надзея Дземідовіч, Слонім, 1943 г.

Пасля Кенгірскага паўстання Надзея Дземідовіч апынулася ў Тайшэце, дзе працавала на лесапавале і на будоўлі чыгункі. А ў 1956 годзе яна вярнулася на Слонімшчыну, а потым перабралася ў Мінск, дзе працавала на заводзе „Гарызонт”. Да самых апошніх гадоў на Дзяды яна хадзіла ў першым шэрагу шэсцяў у Курапаты…

Са Слоніма я ёй дасылаў мясцовыя навіны і кнігі па гісторыі Слонімшчыны. У 2010 годзе выслаў Надзеі Раманаўне адразу дзве свае кнігі – „Мастак Антон Карніцкі” і зборнік вершаў „Камень Міндоўга”. Хутка ад зямлячкі атрымаў адказ: „Паважаны спадар Сяргей! Вельмі дзякую Вам за Вашы цудоўныя кніжачкі „Мастак Антон Карніцкі” і „Камень Міндоўга”. Я ў тыя 1938-1950-я гады мала ведала пра быт і лёсы людзей Слонімшчыны. Мала ведала і пра мастакоў старэйшых за мяне і маладзейшых, пра якія Вы ўспомнілі праз Барыса Данілюка і Сяргея Новіка-Пеюна. Хаця я яшчэ трохі памятаю мінулы час і тыя падзеі, якія паглыналі беларускі люд. Але з тых часоў нас засталося мала і не ўсе з іх хочуць успамінаць мінулае. Цікавяцца мінулым жыццём і падзеямі, якія адбываліся на працягу ХХ стагоддзя, сёння маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія жывуць для Беларусі. І гэта добра.

Са сьцяжком каля хаты
Са сьцяжком каля хаты

Прачытаўшы Вашы кніжачкі, мне ўспамінаюцца і ажываюць тыя падзеі і лёсы нашых людзей у мінулым і цяперашнім часе. Вашы кніжачкі дарагія мне. Але не толькі для мяне, а і для іншых людзей нашага Краю. Шчыра дзякую Вам, спадар Сяргей, ад сябе і ад маіх сяброў за гэты падарунак. Мая сяброўка з Пінска Ірына Шэйбак, з якой я нямала пратаптала дарог Еўразіі, вельмі просіць, каб такія кніжачкі і Вы ёй даслалі. Пашліце ёй поштай. Няхай чытаюць кнігі і ў Пінску… Шчыра Вам за ўсё ўдзячна. Н. Дземідовіч…”.

Я хутка выслаў кнігі Ірыне Шэйбак у Пінск і пра гэта напісаў Надзеі Раманаўне. А Надзея Дземідовіч мне прыслала свой зборнік вершаў „Мы марылі дома спаткацца”. У ім я прачытаў паэтычныя радкі:

Здароўя, шчасця на ўсе годы,

Надзеі, веры і любві,

Хай вас мінаюць ўсе нягоды,

Каб век у дружбе вы жылі.

Каб вас у госці запрашалі

Суседзі, блізкія, радня,

І вашай хаты не міналі

Надзея, згода, цеплыня!

Вось такія пажаданні пакінула нам, беларусам, патрыётка Надзея Дземідовіч са Слонімшчыны.

Сяргей Чыгрын

Фотаздымкі з архіва аўтара і з Інтэрнэту

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (461) – У берасьцейскай друкарні у 1563 г. была надрукавана Біблія – адно з самых поўных і лепшых тагачасных выданьняў, вядомая як „Радзівілаўская Біблія”.
  • (142) – 3.11.1882 г. у Акінчыцах нар. Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, пам. 13.08.1956 г. у Мeнску), пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Друкавацца пачаў у 1906 г. у газэце „Наша Доля”, паэмы „Новая зямля” (1923), „Сымон-музыка” (1925), „Суд у лесе” (1943), „Адплата” (1946), „Рыбакова хата” (1947), аповесьці, п’есы, каля дваццаці зборнікаў вершаў, апавяданьняў, нарысаў ды іншых.
  • (114) – выданьне у 1910 г. першага зборніка вершаў Якуба Коласа „Песьні жальбы”.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Максім Бурсевіч (нар. 9.08.1890 г. у Чамярах каля Слоніма), нацыянальны дзеяч, сакратар БСР Грамады.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Павал Валошын (нар. 10.07.1891 г. у Гаркавічах Сакольскага павету), дзеяч БСР Грамады, дэпутат Сойма (1923-1928).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis