Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Няхай Новы год пачуе нас

Напрыканцы 2021 года сярод творчай беларускай інтэлігенцыі я вырашыў правесці апытанне. Пісьменнікам, бардам і журналістам задаў толькі два пытанні:

  1. На Вашу думку, якім будзе для Беларусі 2022 год?
  2. Што Вы асабіста чакаеце ад Новага 2022 года?

Адказы былі даволі разнастайныя і розныя па памерах. Але ва ўсіх гэтых адказах скразной лініяй праходзіць адна мара і жаданне, каб Беларусь стала вольнай, дэмакратычнай і незалежнай краінай, каб народ зажыў па-людску шчасліва і радасна, каб на волю выйшлі палітвязні, а тыя, хто з’ехаў з Беларусі, вярнуліся дамоў.

Антаніна ХАТЭНКА, літаратар:

– А ці будзе ён ДЛЯ Беларусі? Бо ж сама Беларусь пакуль нікуды не рухаецца, нічога не вырашае і ні на што, падаецца, спадзяванняў не мае. Беларусь як супольнасць, як жывы нацыянальны (ці нацыянальны насамрэч?) арганізм. Бо ёсць на сёння дзве, супрацьлеглыя адна адной, Беларусі, кожная з якіх вызнае, ледзь не маніякальна, сваю веру ў нейкую жаданую, намроеную, ці закансерваваную, недачэпную краіну…

А калі празрыста ўгледзецца, то ёсць у свеце пакуль не дзяржава Беларусь, а прыватная гаспадарка Беларусь аднаго фальсіфікатара ды ягонай брыгады і… чаканая некалькімі мільёнамі (сама болей) цывілізаваная, развітая, дэмакратычная, годная, вольная Айчына. Ключавое слова тут „чаканая”. Мы апынуліся ў розных, дагледжаных ці не надта, пачакальнях, застаўшыся ўдома альбо паратункава збегшы за мяжу, ды суцяшаем самі сябе, што ўсё аднойчы мусіць перамяніцца. Ну, не ў 2022-ім, дык у наступным годзе. Бо цемра, маўляў, не вечная – яна немінуча адступіць.

І напраўду адступіць? А, мабыць, папросту паўстане ў новым маскарадным убранні, і мы зноўку паверым яшчэ ўчора не знаёмым правадырам ды рушым услед за імі здабываць, ствараць, аднаўляць праўду? А тыя, хто любіць недачэпную Беларусь, нязменна прыналежную захапіўшай 27 гадоў таму ўладу брыгадзе, будуць аддана дакладаць на „ворагаў” пільным ахоўнікам шчасця і ўсоладзь распраўляцца з няўгоднымі?

Дык у гэткай версіі году наступнага ўсё будзе звыкла падзелена на сваіх і чужых, арыштантаў і выканаўцаў „волі народу”, пакроена на дзялкі – пыхліва чырвона-зялёныя і патаемна бела-чырвона-белыя…

І гэтае бязлітаснае кола будзе круціцца й круціцца. Няспынна, ледзь не самазадаволена. Уцягваючы ў кругазварот зломаў, страт, руйнаванняў, нянавісці і болю ўсё больш сем’яў і крадучы ўсё больш часу.

Не аптымістычна я разважаю? Дык жа Янка Купала яшчэ ў чорнаваранковым 1931-м абнадзеіў „Прыйдзе новы – а мудры – гісторык”. Ды гісторыкі ўсё недзе блудзяць. Альбо іх высякаюць пад корань… Цягам амаль стагоддзя. Бо ведаць гісторыю – азначала б узяць на сябе адказнасць за той яе адцінак, у якім жывем. І гэтага якраз аніяк не можа дапусціць заўладалая тут даўно і неадольна брыгада.

А чакаць… Чакаць можна бяскрайне доўга. Ускладаючы надзею на год 2022-гі ці яшчэ каторы, далейшы. Прыладкоўвацца да пачакальні – удома ці ў стане бежанства – мы звыклыя. І ў кожнай часціны Беларусі – у чырвона-зялёнай, у бела-чырвона-белай – маецца свая зона камфорту. Гэткі ўнутраны прытулак перачакання – нешта будзе. То ж Максім Багдановіч ажно ў 1915 г. запэўніў: „Беларусь! Твой народ дачакаецца залацістага яснага дня! Паглядзі, як усход разгараецца…”. І ўсход палымяна разгараецца. Усход не ў астранамічным разуменні, але ў акрэслена геаграфічным. Таму… Год, што падступае, насцігаючы нас у роспачы, бязвер’і, чаканні і варажнечы, не мае рэсурсу што-кольвек змяніць і што-кольвек абнавіць. Шкада, што так. Беларусь усё застаецца раздзертай па ўсіх швах прасторай, не ўзгадавалай анікога, здольнага да якіх-небудзь самастойных рашэнняў, зрухаў і нават абвяшчэнняў, дэкларацый. Застаецца гэткай дзірваннай прасторай, зрэшты, і не Беларусь як дзяржаўнае ўтварэнне, а размежаваная надвая тэрыторыя – светаглядна, моўна, палітычна, рэлігійна (брыгада кантралюе і веравызнаўчы наш выбар), псіхалагічна, нават эмацыйна.

І ўсё-ткі… Хочацца па-дзіцячаму зарынуцца ў прадчуванне цуду. А што, калі праз калядныя завеі спяшае збавенча той купалаў новы – а мудры – гісторык, адораны талентам з’яднаць грамадства на спадчыннай глебе і прыклікаць з будучыні новых мысляроў, стваральнікаў, дойлідаў беларускай прышласці? А што, калі ўсе яны (зноў-такі – чаканыя) злучаць нарэшце нязлучнае – і паўстане з усіх пакут, здзекаў, выпрабаванняў, з усяго, нечувана хлуслівага і жорсткага гарту, узмужнелы і годны народ? Але дзе, з якіх крыніц набрацца тае магуты, якая ўзняла б Дух, пашырыла б энэргетычнае поле мудрасці і адвагі, раскрыла б відушчасць і дальнабачнасць, каб даверыцца самім сабе? Каб са стану чакання выйсці-такі да стану здзяйснення?

Пакуль што жывая вада ў Краі нашым сышла глыбока ў нетры. Як і мы самі сышлі глыбока ў чаканне. І 2022-гі хіба разварушыць здранцвелую глебу, каб вымкнуць змаглі парасткі новага разумення саміх сябе і свайго шляху на гэтай зямлі, у памкнёным да свабод і экалагічных стасункаў на планеце трэцім тысячагоддзі.

Чаго чакаю ад 2022-га году асабіста? Не чакаю нічога. Бо чаканне – рэч не перспектыўная. Можна прачакаць усё жыццё, з году ў год, таго, што знаходзіцца зусім блізка, ледзь не за тваім парогам. А ты не выйшаў, не паглядзеў, не шукаў ці не пазнаў. Хаця чаканне й дае свае вынікі ў разе, прыкладам, нараджэння жывое істоты альбо ўзрастання саду, усё ж дзеля выніку таго ўсё роўна трэба зберагчы ва ўлонні дзіця ці пасадзіць сад – нешта адпачатна ўчыніць.

Што магу я ўчыніць, каб з’явілася права і мажлівасць чакаць? Наймудрэй сфармуляваў формулу перамянення Уладзімер Караткевіч: „Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, ‒ і тады пераможаш”.

А перамагаць у самой сабе і ў сваім жыцці мне ёсць што. Перамагаю спакваля страх смерці – самы глыбокі і самы разбуральны страх бальшыні сучаснікаў. Пакуль чалавек жыў у злітнасці з прыродай, па законах Традыцыі, смерць успрымалася як працяг жыцця. І я навучаюся прымаць той факт, што кожны дзень, ад нашага нараджэння, смерць бліжэе. Хацелася б дарасці да такога перамянення ў мысленні. Тады свята жыць і пераходзіць у Жыццё Таемнае выклікае ўдзяку Сусвету за гэткі дар і надае моцы ствараць усё з любоўю.

Спрабую жыць з прынцыпу Тут і Цяпер. Не замыкацца на мінуласці і не ўмарвацца дарэшты ў будучыню. Папросту любіць тое, што адчуваю, маю, пражываю, сузіраю і раблю. Добра, калі год 2022-гі акурат сама складу так, каб радавацца і сумаваць, а значыць нешта вырашаць, за нешта адказваць у той момант, калі гэта адбываецца і патрабуе майго ўдзелу. Перамагчы ж нашу, ледзь не агульную, журбу па збылым, якое немагчыма ўжо выправіць, было б выдатным спаўненнем маіх жаданняў. Жаданняў прысутнасці ў сваім лёсе і на сваім жыццёвым шляху не ва ўспамінах і не ў ілюзіях, але дзейсна.

Дазваляючы сабе, згодна з Караткевічам, рабіць нечаканае, як не бывае, як не робіць ніхто, жадаю вызваліцца з-пад улады стэрэатыпаў і стандартаў, з-пад чужых навязлівых думак і тэорый і… пакаштаваць на смак Волі. Бо Воля пачынаецца, зараджаецца не на плошчах, маршах і мітынгах, а ў харобрасці іншадумства і абароне сваіх пазіцый у будзённых падзеях. Мабыць, так, цвердзячы і ўгрунтоўваючы Волю ва ўзаемінах – у сям’і, на працы, у соцыюме – можна і без выбуховых рэвалюцый перайсці з палону дыктатуры ў становішча народаўладдзя…

А, наогул, чакаю (раблю, твару, канструюю) для сябе самое гэткае пачуванне ў свеце, калі еднасць і паразуменне, давер і павага ёсць глебай, з якой уздымецца-такі, нажывіцца памяццю наша, спаўна, ахвярна аплачаная, Воля. І гэта ўзапраўду можа здарыцца нечакана (нібыта), як не бывае ні ў каго, як не робіць ніхто. Караткевічу, напэўна, адкрылася гэтая ісціна яшчэ ў далёкія часы, калі не было й знаку нашай незалежнасці.

Няхай Год новы пачуе мяне і адвядзе адзіноту – маю і маіх паплечнікаў. Бо адзін у полі не вой… А разам нам падуладны Сусвет. І мы дамаўляемся з ім, Сусветам, што ўсё ТУТ будзе аберагаць нас, а не застрашваць. Што ў вязніцы будуць патрапляць злачынцы, а не абаронцы, а дзеці будуць навучацца праўдзе, а не пагаджацца з хлуснёй.

Гэткія вось мае асабістыя (зусім, здаецца, не асабістыя)  спадзяванні.

Антон ТРАФІМОВІЧ, журналіст:

– Ёсць моцная розніца паміж тым, чаго мне хацелася б для Беларусі, і тым, якой мне бачыцца бліжэйшая будучыня. У мяне вельмі моцнае прадчуванне, што 2022 год будзе для беларусаў яшчэ больш складаным і балючым, чым 2021-ы. Для тысячаў вязняў і іх сваякоў, для дзясяткаў тысяч тых, хто вымушана з’ехаў за мяжу і не можа вярнуцца, для мільёнаў, што жывуць у Беларусі. Ёсць прадчуванне, што яшчэ складней будзе ўсім маім калегам-журналістам, усім смелым людзям, якія не баяліся гучных словаў і ўчынкаў у мінулыя два гады. І нейкім чынам варта падрыхтавацца да найгоршага сцэнару. Мне так падаецца.

Справа ў тым, што ў 2020 годзе ў нас пачалося новае летавылічэнне. Прынамсі, для майго пакалення 30-гадовых і маладзейшых за мяне, 2020-ы стаў самай яскравай падзеяй у жыцці. Гэта быў год вялікай надзеі і вялікага расчаравання адначасова. Цяпер у нас жыццё дзеліцца на тое, што было да 2020-га, і што здарылася пасля.

Цяжка сказаць, як доўга нам чакаць выпрабаванняў лёсу. Хтосьці кажа, што 2020-ы быў беларускай Пражскай вясной і нам яшчэ 20 год чакаць зменаў. Хтосьці кажа, гэта была беларуская „Салідарнасць” і нам яшчэ трываць 10 год вайсковай дыктатуры. Хацелася б, каб у Беларусі быў свой шлях – куды карацейшы, за чэшскі і польскі.

Вядома, што рана ці позна ўсё пачне змяняцца. Але нават калі гэты дзень здарыцца ў 2022 годзе, боль і траўма яшчэ не хутка нас адпусцяць.

Як і большасць беларусаў, я чакаю таго самага дня, і спадзяюся, што ён настане хутка. Вельмі хацелася б, каб гэта здарылася ў 2022 годзе.

Цяпер чаканне пераменаў не гучыць як нешта фасадовае. Ад таго, калі яны пачнуцца, залежыць у прамым сэнсе далейшае жыццё ўсіх беларусаў. Бо толькі потым ўсе мы зможам жыць па-чалавечаму. Я не так даўно з’ехаў з Беларусі, але ўжо вельмі сумую па радзіме і хачу вярнуцца дадому. Аднак з маёй прафесіяй журналіста цяпер гэта немагчыма. Таму я вельмі чакаю таго моманту, калі змагу вярнуцца дахаты, жыць і працаваць без страху і без аглядкі, не падскокваць ад груку ў дзверы. Насамрэч, гэта ўсе мае вялікія чаканні ад 2022 года. Пра ніякія іншыя рэчы думаць цяпер немагчыма.

Міхась ЗІЗЮК, пісьменнік, бард:

– Новы год для Беларусі будзе складаным. Банальна, але гэта так. Рэжым не збіраецца здавацца, ён знаходзіць новыя ахвяры, не спыняецца. Тым больш, пры падтрымцы расійскага „патрона”. І чакаць хуткіх перамен нам пакуль не выпадае.

Але жыццё на тое і жыццё, яно ідзе далей, прыносіць свае карэктывы. Таму ўсім нам, беларусам, патрэбна трымацца разам, рабіць усё магчымае, каб нелюдзі не задушылі Беларусь і беларушчыныу. Асабіста я чакаю лепшага ад Новага 2022 году. Я спадзяюся, што прачнецца народ найперш у Расіі, абудзяцца людзі. Тады і мы зможам зрабіць тое, што хацелі.

Спадзяюся скончыць сваю чарговую кнігу прозы. І яшчэ хочацца верыць у перамены: пераможам хваробы, дэпрэсію, будзе болей светлых дзён. Гэтага ўсім нам жадаю!

Мікола КАНАНОВІЧ, пісьменнік, журналіст:

– Паслявыбарчы сіндром (назаву гэта так), узніклы ў жніўні 2020 года, працягвае ліхаманіць усе пласты беларускага грамадства. Гэтая хвароба, як і каранавірус, застанецца, на вялікі жаль, з намі і ў 2022 годзе. Праўладны рэферэндум па зменах у Канстытуцыі, які мусіць адбыцца ў 2022 годзе, на лекаванне ўсебеларускай хваробы ніяк не паўздзейнічае. Сабака працягне брахаць, а караван будзе цяжка ісці далей. Беларусы ў Беларусі і надалей будуць многа працаваць і мала зарабляць, нават у параўнанні з усімі сваімі суседзямі. Па гэтай прычыне найперш маладыя працаздольныя людзі будуць шукаць працу за мяжой і з’язджаць з Беларусі, але не толькі маладыя. У эканоміцы і палітыцы, у культуры і адукацыі, у грамадскім жыцці і чалавечых узаемадачыненнях 2022 год для Беларусі будзе яшчэ ці не горшым за 2021-ы. Хаця, здавалася б, куды ўжо горш?!.  Але не думаю, што, напрыклад, Таварыства беларускай мовы зможа ў 2022 годзе аднавіць у Беларусі афіцыйную дзейнасць, як і ўсе іншыя ліквідаваныя ў 2021 годзе беларускія таварыствы, саюзы і асацыяцыі.

Што да асабістага чакання ад Новага года, то спадзяюся, што дачка паспяхова скончыць сярэднюю школу і зможа працягнуць адукацыю там, дзе хоча. Чакаю таксама, што ў 2022 годзе ў мяне будзе магчымасць выдаць кнігу маёй выбранай прозы „Вялікае балота”. Спадзяюся, што натхненне канчаткова не пакіне мяне, і ў новым годзе будуць пісацца новыя вершы, апавяданні і сказы па-беларуску ў Беларусі.

Янка ТРАЦЯК, пісьменнік, навуковец, рэдактар гродзенскага літаратурнага альманаха „Новы замак”:

– На гэтае пытанне цяжка адказваць, калі ты не займаешся палітыкай, не прарочыш на кафейнай гушчы і картах, і не чытаеш начное неба. Тут адзінай крыніцай падказкі можа быць толькі твой жыццёвы досвед і інтуіцыя (калі яна ёсць).

Гадоў недзе каля дваццаці таму я напісаў верш „Будзе яшчэ горш”. Верш доўгі, але прывяду колькі строфаў:

Снегапад, мяцеліца,

Б’е ў вочы дождж…

Верыцца не верыцца –

Будзе яшчэ горш.

Крыжыкамі, крэскамі

Дзень пазначыш – што ж, –

Там, дзе справы кепскія –

Будзе яшчэ горш.

Дзе намеры ўбогія,

Кошт ідэі – грош,

Дзе ідэалогіі –

Будзе яшчэ горш.

З торбамі, з хваробамі

Так жывём і ўсё ж…

Нехта скажа добра нам –

Будзе яшчэ горш…

Рэфрэн „Будзе яшчэ горш” гучаў у кожнай страфе і ствараў непазбежнасць прароцтва. І, як не дзіўна, усе гэтыя каля дваццаці гадоў, лепш не рабілася, а рабілася з кожным годам наадварот, пакуль не дайшло да плошчы, арыштаў, уцёкаў і крыві. І мне асабіста не было з кожным годам лепш, бо ствараліся ўсякі раз такія ўмовы, пры якіх працаваць і жыць з кожным годам рабілася ўсё цяжэй і цяжэй…

Але, зноў жа, як не дзіўна, каля году таму, мне прыйшлі ў галаву новыя радкі да гэтага песімістычнага верша:

Ды святлее раніца,

Верыцца найперш:

Нешта, пэўна, здарыцца, –

Будзе, пэўна, лепш…

На гэта і спадзяёмся. А чаго можна чакаць ад 2022 года? То тут не трэба быць прарокам у сваёй Айчыне, каб не разумець, што 2022 год будзе годам пераломным, рэзка зменлівым і, недзе, вырашальным (і так не толькі для Беларусі). Другое пытанне: будзе ад гэтага горш, ці лепш?..  Хутчэй за ўсё – лепш адразу не стане, але, магчыма, зорка надзеі, як некалі „Зорка Венера ўзышла над зямлёю…” узыдзе…

Сяржук СОКАЛАЎ-ВОЮШ, паэт, перакладчык, бард:

– Усё залежыць ад таго, як дэмакратычныя сілы будуць ужываць дадзеную ім грашовую дапамогу на развіцьё дэмакратыі. Незалежныя інфармацыйныя каналы паведамляюць пра дзесяткі мільёнаў еўра. На іх можна пашыць сцягі, прафінансаваць беларускія культурніцкія праекты ў замежжы або прафукаць у які іншы спосаб. А можна дапамагчы зняволеным ды іхным сем’ям. Можна арганізаваць супраціў з тых патрыётаў, што засталіся на Бацькаўшчыне і, якія гатовыя нелегальна змагацца, каб у гэткі спосаб таксама развіваць дэмакратыю…

І гэта яшчэ далёка не ўсё, бо не пра ўсё патрэбнае варта крычаць, але ўсё патрэбнае варта рабіць. І тады наступны год можа стаць пераломным. Але… мне здаецца… дэмакратычныя сілы маюць іншыя, шмат лепшыя і больш эфектыўныя, планы. І ўсё ж: ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!!!

Таццяна ГРЫНЕВІЧ, спявачка, бард:

– Калі адбудзецца цуд, то мы беларусы зможам павяртацца з чужыны да дому і гэта будзе самы шчаслівы год для ўсіх. Калі ж так не адбудзецца – будзе нялёгка… Таму я вельмі чакаю Божай дапамогі для Беларусі. Спадзяюся, што палітвязні атрымаюць свабоду. Веру, што мы адродзім нашую краіну ўлучна з мовай, культурай, эканомікай.

Апытаў і запісаў

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis