Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    19.Szalony kamandant z Sannikoŭ

    Pośle taho, jak letam 1944 r. Krasnaja Armia prahnała ad nas hitleraŭcaŭ, z zaniatych viosak na front brali maładych mużczyn. Tak mabilizavali miż inszym Kola K. z Sannikoŭ – apuściełaj cipier vioski pad Krynkami, pamiż Kruszynianami i Szaciłami. Jon naradziŭso ŭ 1916 r. Za polskim…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

RSS і Facebook

Невядомы сцэнічны дыялог Міколы Арочкі

Са сваім знакамітым земляком паэтам, празаікам, літаратуразнаўцам і перакладчыкам, доктарам філалагічных навук Міколам Арочкам (1930-2013) я шмат гадоў сябраваў, асабліва, калі ён больш за 20 гадоў жыў у роднай вёсцы Вецявічы на Слонімшчыне. Гэта быў цікавы, надзвычай таленавіты і шчыры чалавек. Гутарыць з ім можна было бясконца. У апошнія гады свайго жыцця ён паціху пакідаў мне свае раней не апублікаваныя вершы, а потым, калі старэйшага земляка не стала, вершы і асабістыя дзённікавыя запісы мне перадала яго жонка Марыя Іванаўна. Усе яны чакаюць асобнага выдання.

За сваё жыццё Мікола Арочка напісаў і выдаў шмат кніг паэзіі, літаратуразнаўчых даследаванняў і перакладаў. Яго першы зборнік паэзіі „Не ўсе лугі пакошаны…” выйшаў у свет у 1958 годзе. Затым пісаліся і выдаваліся новыя кнігі.

Ужо ў ранніх паэтычных радках аўтара абазначыліся матывы, вобразы, якія сталі, па сутнасці, галоўнымі ў яго паэзіі – гэта Бацькаўшчына, зямля, зерне, жыта, жыццё, родная мова, гісторыя… Паэтызацыя бацькоўскай зямлі і свету родных людзей пачалася з першых творчых крокаў і доўжылася да яго апошніх дзён. Мянялася жыццё, а разам з ім мяняўся радыюс яго бачання, паглыбляліся каардынаты вымярэння. Важкім дасягненнем беларускай літаратуры сталі яго драматызаваныя паэмы „Курганне”, „Крэва”, „Каранацыя Міндоўга”. З глыбінь XVI стагоддзя паэт стварыў светлы воблік беларускага першадрукара ў драматызаванай паэме „Судны дзень Скарыны”. Усе сюжэтныя калізіі твора (рэальныя, бытавыя, сацыяльна-палітычныя падзеі) так ці інакш закранаюць самую істотную праблему, у якой сканцэнтравана сутнасць жыцця Скарыны – ідэю асветы, культуры, нацыянальнага адраджэння.

Шмат гадоў Мікола Арочка пражыў у родных Вецявічах. Бываючы там, я слухаў яго, ён чытаў мне свае творы, распавядаў пра планы. Цяжка прыгадаць сёння вёску, дзе б некалі шмат гадоў жыў доктар навук. А ён жыў, рухаўся, дыхаў, пісаў. Бывала, глядзеў на яго і неяк балюча станавілася ад таго, што лёс загнаў гэтага чалавека сюды, у глыбінку, на хутар жыцця. Не па добрай волі загнаў. На мясцовым пагосце даўно пахаваны два яго сыны, таму ён вярнуўся да сыноў, да землякоў, на бацькаўшчыну. А цяпер сам знайшоў там апошні свой супакой побач з сынамі.

Міколу Арочку заўсёды турбавалі адносіны ўлады да нашай роднай мовы, а ў апошнія гады ён за гэта моцна перажываў, шмат разважаў, думаў. Неяк аднойчы перадаў ён мне свой сцэнічны дыялог „Спрэчка Багушэвіча з нігілістам”. „Можа калі і дзе надрукуеш”, – казаў. Я выконваю яго просьбу і прапаную чытачам „Czasopisа” раней невядомы сцэнічны дыялог Міколы Арочкі. Напісаны ён быў аўтарам у роднай вёсцы 31 ліпеня 1989 года.

Сяргей Чыгрын

 

Спрэчка Багушэвіча з нігілістам

Сцэнічны дыялог

БАГУШЭВІЧ:

Не пакідайце беларускай сваёй мовы,

Каб не памерці! –

Вось мой запавет.

 

НІГІЛІСТ:

Каб не памерці?..

З дзіўнаю умовай

Вы гэты афарызм пусцілі ў свет.

Хіба, сваёй адрокшыся гаворкі,

Памру я?.. Глупства!

Не памрэ народ.

Хутчэй, што стане ўсё наадварот:

Ёсць мовы першых велічынь –

Як зоркі!

Адна з іх ззяе побач нас… Чаму ж

Замест сваёй, з мужыцкасцю нязводнай,

Суседнюю навек не выбраць – роднай?

 

БАГУШЭВІЧ:

Суседнюю – уваж,

Сваю ж – не зруш!

Забудзем – значыць, суджана памерці…

 

НІГІЛІСТ:

Вы сэнс жыцця

Метафарай не мерце!

 

БАГУШЭВІЧ:

Ці можа дрэва жыць без каранёў?

А цела – без душы?

 

НІГІЛІСТ:

На мне праверце!

 

БАГУШЭВІЧ:
Зачахлае карэнне ёсць і ў пнёў!..

О, колькі пнёў,

Дзе душы ўкралі чэрці!

 

НІГІЛІСТ:

Выходзіць, што душа ўжо – не мая?

Ха-ха!.. Яна у кіпцях духа злога?

Ні ў Бога, ні ў чарцей не веру я,

Не веру ў край,

З якога робяць Бога!

Нашто трымацца мне за нейкі Лепель?

Радзіма там – дзе лепей!

 

БАГУШЭВІЧ:

Так слепакі плявузгалі спакон,

Не бачачы, як гібель падступае…

Калі ж на чалавека сходзіць скон,

Спачатку ў яго мову адбірае!..

Так і народ бязмоўны…

Ён сканае!

Бо мова – гэта вопратка душы,

Гісторыя яе вякамі ткала,

Калі пагоніч меч чужы крышыў,

Калі да помсты

Кроў ахвяр гукала,

Калі ад горкасці займала дых,

Калі ў руках мазолістых, худых

Пад плугам родная зямля спявала!..

Ды хіба мала ў нас мясцін святых,

Дзе наша людства з моваю ўтрывала!

Вось тыя ніткі –

З іх уток, аснова,

З іх вытканы дзівосы роднай мовы,

Адзенне непаўторнае душы!

Ёй без адзення –

Суджана прадонне…

Бяда, калі душа – не ў сваім Доме!

Яна – ці вяне ў нейкай сумнай стоме,

Як ліст, што нехта ўздумаў засушыць,

Ці ўжо сама раздвойваецца хіжа

І іншых на свой шнур,

Як лісце, ніжа…

Патрохі вучыцца сваіх душыць!

Спраўляе перамогу ці хаўтуры?

А мова – маці роднае культуры,

Літаратуры, песні – ад калыскі

Яна ў душы гадуе знакі, рыскі,

Каб годнасць утрываліць,

Каб віхуры

Не кінулі на злом, у чорны роў…

 

НІГІЛІСТ:

Ды хіба мала песень у сяброў?

Спявай, скачы,

Выкручвай фугі-шугі,

Чытай, натхняйся, не пужайся бур,

Бяры з суседніх скарбаў для паслугі,

Для ўласнае душы –

З чужых культур!

І збедненым не будзеш, будзе жыць,

Служыць, як іншыя, працоўным масам…

Жаваць і хлеб,

І нават булку з маслам!..

 

БАГУШЭВІЧ:

Бязродныя, абкрадзеныя часам!

Вам і няўцям,

Што ўдосталь не здабыць

Ні хлеба, ні да хлеба – там, дзе ніць

Духоўнасці радзіннай перацята,

Дзе мова ў занішчэнні… Там дабра

Не дасць –

Зямля бескаранёвых сэрцаў…

Там спее на галовы – гром з ядра!

Там узбуяе хутка марнатраўства,

Пазбавіцца зямля Гаспадара!..

Патрэбна да пары прыстасаванства.

Час не дазволіць вам раскашаваць,

А возмецца вас першых крыжаваць!..

Я прадракаю – беды перажыць,

Трываліць першародныя высновы,

Душы сваёй адзенне –

Роднасць мовы,

Цудоўнай беларускай нашай мовы

Не пакідай, мой край,

Калі ты хочаш жыць!

                                           Мікола АРОЧКА

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў кастрычніку

    760 – Першыя пісаны зьвесткі (1263 г.) пра вядомы Ляшчынскі манастыр, які размяшчаўся ў Лешчы (прадмесьці Пінска). 500 – У 1523 г. была надрукована ў Кракаве славутая паэма „Песьня пра зубра” аўтарства выдатнага беларускага паэта, выпускніка вучылішчаў Рэчы Паспалітай і …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (504) – 1519 г. беларускі новалацінскі паэт Мікола Гусоўскі пачаў складаць славутую паэму „Песьню пра зубра”.
  • (47) – 4.10.1976 г. У Ленкаўшчыне (Маладзечанскі р-н) памёр Юльян Сергіевіч (нар. 23.09.1910 г. у Юраўшчыне каля Маладэчна), беларускі паэт і настаўнік. Друкаваўся з 1922 г. у заходнебеларускіх выданьнях.
  • (42) – 4.10.1981 г. у Лёндане памёр кс. Часлаў Сіповіч (нар. 25.11.1914 г. у Дзедзінцы Браслаўскага пав.), ініцыятар і заснавальнік Беларускага дома айцоў марыянаў у Лёндане і Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане, актыўны дзеяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Copyright © 2023 Czasopis