Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Неасэнсаванае нязручнае мінулае

18 лютага 2024 г.

Вокладка кнігі „Kamienie musiały polecieć. Wymazywana przeszłość Podlasia” Анэты Прымака-Онішк
Вокладка кнігі „Kamienie musiały polecieć. Wymazywana przeszłość Podlasia” Анэты Прымака-Онішк

Сёння пабываў я ў кафэ „Zmianа Klimatu” ў Беластоку на вялікай аўтарскай сустрэчы, на якой мая зямлячка з Кнышэвіч Анэта Прымака-Онішк прэзентавала сваю навейшую кнігу „Kamienie musiały polecieć. Wymazywana przeszłość Podlasia”. Прадбачваў, што з’явіцца шмат людзей, але ажно такога натоўпу, прызнаюся, не спадзяваўся. Яшчэ на ніводнай аўтарскай сустрэчы не бачыў столькі народу. У не малой жа зале людзі стаялі нават у дзвярах і ў калідоры. Многія прыехалі з Бельска, Гарадка, таксама з Крынак.

Гэтая кніга пабычала свет менш чым два тыдні раней і адразу стала бестселерам. У ёй аўтарка распавядае пра балючую тэму крывавай дзейнасці пасляваенных падпольных атрадаў і бандаў у праваслаўна-беларускіх вёсках на Падляшшы, перадусім на радзіме застрэленага імі ў траўні 1945 г. яе дзеда з-пад Кузьніцы на Сакольшчыне.

Сустрэчу ўдала вяла журналістка і пісьменніца Паўліна Сегень. Анэта распавядала не толькі пра сваю кніжку, якая налічвае звыш чатырыста старонак. Надта важныя былі яе асабістыя рэфлексіі з працы над ёю на працягу сямі бадай гадоў. Бо столькі часу над ёю працавала, вяла штосьці накшталт журналісцкага следства. Наведала шмат мясцін і паспела пагутарыць са сведкамі тадышніх жудасных падзей. У тым ліку з пажылым мужчынам, які быў у атрадзе, што закатаваў яе дзеда.

Сапраўды кніга вельмі асабістая. Але адначасова добра трапляе яна да чытача. Толькі вядома, што перад усім з нашай меншасці, бо да другога боку – каталіцкіх нашчадкаў тадышніх жыхароў, не кажучы пра злачынцаў – яна не дойдзе. Прынамсі не ў такой ступені як нам хацелася б. Адзначанае ў загалоўку сціранне з памяці зайшло ўжо надта далёка. Менавіта ў каталіцкім грамадстве, якому найпрасцей выдаліць гэта з галавы. 

Прытым кнігу добра чытаецца, хаця яна пра надта сумныя справы. Як рэдактар бачу таксама салідную працу выдаўца. Па-мойму толькі загаловак „Kamienie musiały polecieć” мог бы быць іншы. Разумею, што ён сімвалічны. Бо падчас крывавых падзей, якія апісвае аўтарка, ляцелі з рук злачынцаў не так камяні, як кулі з іхніх пісталетаў і карабінаў. Ведаю, што пачаткова загаловак меў быць іншы. Анэта спярша, пачынаючы пісаць, прыдумала болей гучны і на вышэйшым літаратурным узроўні загаловак „Do raju!”, маючы вядома на ўвазе савецкі „рай”, куды падполле выганяла з Беласточчыны праваслаўных. Такая назва напэўна яшчэ мацней падзейнічала б на ўяўленне чытача. Была б больш запамінальная, таксама таму, што карацейшая.

Аднак адчуваю пэўную незадаволенасць – такіх кніг павінна быць больш, прысвечаных іншым раёнам Падляшша, дзе ў 1944-1947 гг. польскае падполле і бандыты не давалі жыць тутэйшым „рускім”. Бо ў свядомасці так нас, як і палякаў сёння існуе папраўдзе выключна „Буры”. Толькі цяпер дзякуючы Анэце нарэшце дайшлі тэрыторыі яе і мае на Сакольшчыне. Але ўсё ж больш яе. Сваю чаргу чакаюць раёны ў бок Крынак, Гарадка, прадмесцяў Беластока, практычна з усяго Падляшша.

У сваёй кнізе аўтарка слушна заўважыла, што людзі ўсё баяцца кранаць гэтую балючую тэму, нават тыя аўтары ці журналісты з нашага асяроддзя, якія ў лепшым выпадку апісваюць тыя сумныя здарэнні толькі па-беларуску. Гэта пра мяне. Ад некалькіх гадоў на аснове пераважна судовых спраў з архіваў Інстытута нацыянальнай памяці (IPN) пішу і публікую ў „Часопісе” невялікія аповеды пра ваенныя і з другой паловы саракавых драматычныя, часта трагічныя, падзеі з маёй малой радзімы, гэта значыць цяперашніх гмін Крынкі і Шудзялава (паступова пераходжу ў ваколіцы Гарадка і Міхалова. Я пішу іх у серыі „Плач званоў” на тутэйшым варыянце беларускай мовы – па-просту. Хаця так як Анэта нікога там не абвінавачваю, бо гэта не мая задача, вагаюся пісаць па-польску.

Баюся нянавісці польскіх нацыяналістаў. З другога боку, прынятая мною моўная форма больш арыгінальная і лепш адлюстроўвае атмасферу апісванах падзей. Таму, што героі маіх аповедаў – ахвяры, а часта і злачынцы, праваслаўныя і католікі – размаўлялі на гэтай менавіта роднай іх мове.

Аказваецца, мая моўная заслона не заўсёды дзейнічае. Атрымліваю вось водгукі чытачоў, якія гэтыя мае тэксты знаходзяць часам выпадкова ў Інтэрнэце. Нават аднекуль з глыбіні Польшчы. Я ніколі не адчуў ад іх аніякай варожасці. Наадварот. Аднаго разу патэлефанаваў мне мужчына з Лодзі, які разам з сям’ёй шукае звестак пра свайго сваяка – „выклятага жаўнера” з-пад Шудзялава. Калі я напомніў яму, што гэтых тэкстаў не пішу па-польску, ён  як ні дзіўна адказаў: „Ależ, panie redaktorze, nam to wcale nie przeszkadza, my wszystko rozumiemy”…

Здзіўляе мяне, чаму гэтымі падзеямі з Сакольшчыны не займаюцца гісторыкі, а толькі публіцысты, прытым выключна з беларускага асяроддзя. Тыя з IPN маюць вельмі аднабаковы падыход. Ствараюць прымітыўны міф, што катаванне і рабаванне мірнай праваслаўна-беларускай грамадскасці было… „polską racją stanu”. Злачынцаў і злодзеяў „сланіннікаў” уключаюць у спісак „żołnierzy wyklętych”. З гэтым крыху так, як камуністы рабілі героямі ўбоўцаў, якія іх катавалі ў турмах.

Я не гісторык. Пішучы свае аповеды з серыі „Плач званоў” па матэрыялах судовых спраў заўсёды ўважліва параўноўваю паказанні сведкаў. Нікога не абвінавачваю і не асуджаю, часам толькі выказваю здагадкі, чаму быў вынесены такі, а не іншы прысуд. Бо суды кіраваліся не толькі абавязваючым законам.

Да канца праўды ўжо не даведаемся, занадта шмат часу прайшло. Шкада, што ніхто не пакінуў дзённікаў, не запісаў успамінаў бацькоў, дзядоў. Па абодвух баках канфлікту, што выклікае здзіўленне. 

Хутка гэта ўжо не будзе нікога, на жаль, цікавіць. Па простай прычыне – маладзейшыя за шасцідзесяцігадовых людзі не ў змозе зразумець тыя рэаліі. Я, гартаючы дакументы, шмат каго яшчэ пазнаю са сваіх ваколіц, хаця тыя асобы даўно ўжо не жывуць. Засталіся яны ў маёй памяці, ведаю іх з успамінаў бацькоў і многіх асоб з маёй вёскі і наваколля. 

Гэты пераказ – ва ўсіх сем’ях – хутка адыдзе ў агульнае забыццё. Я і Анэта Прымака, баюся, апошнія, каму ўдалося закрануць яшчэ гэтую прамоўчваную тэму. Запісваю такія гісторыі для таго, каб тыя падзеі не былі канчаткова забытыя. І каб архаічная ўжо мая простая мова, на якой гэта пішу, заіснавала хаця б і захавалася прынамсі ў пісьмовай форме, паколькі дагэтуль ніхто такога не зрабіў акрамя дакументавання фальклору. 

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis