Беларускай спявачцы, барду, музыканту, педагогу Таццяне Грыневіч даўно пара даць званне заслужанай дзяячкі Рэспублікі Беларусь. Ці нават ганаровае званне – народная артыстка Беларусі. Яна варта гэтага даўно. І хоць сёння званняў такіх у кіраўніцтва дзяржавы беларуска не заслужыла, тым не менш – Таццяна Грыневіч, сапраўды, народная. Бо яе выступленні, яе справы, сустрэчы, гутаркі любіць беларускі народ. І дзеля свайго народа яна жыве і працуе. Апантаная роднай песняй, музыкай, справамі, Таццяна заўсёды ў дарозе. Але ж перад чарговай паездкай і выступленнем яна знайшла час і адказала на пытанні нашага карэспандэнта.
Таццяна, ты нарадзілася ў Ашмянах. Скажы, калі ласка, ці часта выступаеш у родным горадзе, на радзіме? І ці, наогул, запрашаюць цябе туды землякі?
– З выступамі на радзіме я бываю вельмі часта. З песнямі і танцамі не раз наведвала ўсе ашмянскія школы, улучна з музычнай школай і школай інтэрнатам, часам адна, а часам разам з паэтам Міхасём Скоблам. У мінулым годзе было 400-годдзе Барунскай школы, дык мы з Міхасём там правялі святочную літаратурна-музычную сустрэчу для дзяцей. Таксама мне вельмі падабаецца ездзіць у Жупранскую школу імя Францішка Багушэвіча, дзе дзеці вельмі любяць танчыць і заўжды мяне з радасцю сустракаюць. А пасля я кожны раз заходжу на магілку Францішка Багушэвіча, якая знаходзіцца не вельмі далёка ад школы. Таксама стараюся заязджаць з выступамі ў гарады, якія месцяцца недалёка ад Ашмянаў, якія я памятаю з дзяцінства – Іўе, Астравец, Жодзішкі, Смаргонь, Маладзечна.
Што добрае і светлае прыгадваецца табе з вучобы ў Маладзечанскім музычным вучылішчы? Які адбітак у тваім лёсе пакінула вучоба там?
– Я вельмі любіла слухаць аркестры вучылішча – сімфанічны, духавы, народны. І ўжо тады я са шкадаваннем думала, чаму я не ўмею іграць на скрыпцы ці на трубе, каб далучыцца да стварэння гэтага ўзнёслага музычнага калектыўнага гучання. Памятаю, як цёплымі летнімі вечарамі ўсе духавікі, выйшаўшы з будынка вучэльні, ішлі да інтэрната, зацягваючы на сваіх інструментах „Вдоль по Питерской” ці яшчэ якія іншыя джазавыя творы… Тады я і думаць не магла, што праз 10 гадоў вазьму ў рукі скрыпку, а праз 25 гадоў таксама і трубу, і буду мець свой „аркестр” пад назвай „Капэла на Таку”, і буду ствараць разам з сябрамі калектыўнае гучанне (у маім выпадку народнае), пра якое марыла з юнацтва. Таксама хочацца сказаць, што ў мяне былі найлепшыя настаўнікі Андрэй Спічак (дырыжыраванне), ён навучыў мяне адчуваць і рабіць музыку, Алена Атрашкевіч (сальфеджыё, гармонія), яна навучыла мяне азаў музыкі, з дапамогай якіх я ўсе гэтыя гады з лёгкасцю рабіла аранжыроўкі дзіцячых народных песень, пісала музыку на словы Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, Рыгора Барадуліна, Ніны Мацяш, Сержука Сокалава-Воюша. А яшчэ быў – Пётр Пятровіч Туронак (вакал), які пасля заканчэння вучэльні даў мне лёсавызначальную параду паступаць у Беларускі універсітэт культуры, знайсці там Пакідчанку Віталія Вісарыёнавіча, і працягваць навучанне вакалу ў яго. Што я праз пэўны час і паспяхова зрабіла. І яшчэ. Былая мая настаўніца Алена Атрашкевіч сёння ўзначальвае Саюз кампазітараў Беларусі. І мне гэта вельмі прыемна.
Ты некалькі гадоў супрацоўнічала з хорам праваслаўнага сабора ў Гайнаўцы. Раскажы, як ты трапіла ў Гайнаўку, як адбывалася тваё супрацоўніцтва з праваслаўным саборам у Гайнаўцы?
– У 2006 годзе Камерны хор РБ атрымаў Гран-пры Міжнароднага харавога фестывалю-конкурсу ў Гайнаўцы, тады я і пазнаёмілася з бацюшкам Леанідам Шэшкам. Ён вельмі здзівіўся і ўзрадаваўся, пачуўшы маю беларускую мову (бо ведаў моўную сітуацыю ў Беларусі) і пачаў цытаваць верш „Я мужык-беларус”, таксама пазнаёміў мяне з рэгентам сваёй царквы Вікай Кацюбайла. Праз год мы зноў з Камерным хорам былі ў Гайнаўцы на адкрыцці фестывалю. Там я і зноў сустрэлася з бацюшкам ды з Вікай, тады і дамовіліся мы пра супрацу.
Праз некалькі месяцаў разам з дзіцячым царкоўным хорам мы паехалі ў пілігрымку ў, тады яшчэ неакупаваны расейцамі, Крым. Памятаю, як на беразе мора, на пясочку, дзеткі сядалі ў кола і пачыналіся нашы распеўкі. Тады 7 дзён мы жылі паслушнікамі ў Бахчысарайскім манастыры – незабыўныя ўражанні. А пасля, некалькі год запар, я рэгулярна ездзіла ў Гайнаўку, каб вучыць харыстаў асновам дыхання і праводзіць распеўкі. А ў вольны час разам з бацюшкам Леанідам вандравалі па Беласточчыне – Супрасль, Яблачын, таксама тры разы хадзілі ў пілігрымку на Грабарку, а ўзімку ездзілі ў Белавежскую пушчу карміць звяроў…
У 2016 годзе Камерны хор зноў прыехаў на фестываль і атрымаў дыплом II ступені. На гэты раз фестываль праходзіў у Беластоку. Тады я бацюшку Леаніда Шэшку бачыла апошні раз, праз два тыдні яго не стала. Ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе. А з Вікай мы і дагэтуль трымаем творчы кантакт, сябруем. Цяпер яна з дзеткамі развучвае беларускі рэпертуар, што мяне вельмі радуе.
Ты чалавек веруючы. І шмат супрацоўнічаеш не толькі з праваслаўнымі прыходамі, але і часта выступаеш на розных каталіцкіх імпрэзах. Так?
– У 2008 годзе разам са Змітром Сідаровічам, на жаль, яго ўжо няма на гэтым свеце, і Змітром Бартосікам выступала на 400-годдзі Докшыцкай парафіі, спявалі песні, ладзілі танцы. Таксама шмат разоў прымала ўдзел у Лучайскім касцёле, дзе служыў ксёндз Мікалай Ліпскі, а калі ён перайшоў служыць у Чашнікі і Навалукомль, то выступала і перад парафіянамі гэтых касцёлаў.
Таццяна, ты шмат запісала і выпусціла музычных дыскаў, якія вельмі карысныя для нашых дзіцячых садкоў і школ. Раскажы больш падрабязна пра гэтыя праекты.
– У 2005 годзе мы са Змітром Сідаровічам звярнулі ўвагу на тое, што няма беларускай дзіцячай музыкі, якую можна было б даць паслухаць нашым падрастаючым дзецям, але такую музыку – дзіцячыя песні мы знайшлі ў кнізе „Дзіцячы фальклор”, дзе яны былі запісаны з нотамі. Музычныя апрацоўкі гэтых беларускіх народных песень, заспяваных нашымі дзецьмі Адасём і Тамашом, склалі першую частку „Дзіцячага альбому”, у працяг гэтага праекту калядныя і школьныя песні склалі другую частку, а зараз ідзе праца над трэцяй часткай „Дзіцячага альбома”, дзіцячыя народныя песні і гульні.
Таксама я з сынам Адасём і тэлевядучым Юрасем Жыгамонтам зрабілі падборку навагодніх песень і вершаў – дыск „З Новым Годам”, які быў зроблены літаральна за месяц, як падарунак да новага года.
Аднойчы прыйшлося далучаць фантазію для таго, каб дапамагчы хутка вывучыць сыну верш на памяць – начытала гэты верш на дыктафон, што пасля і паслужыла ідэяй для стварэння дыску „Няма прыгажэй ад маёй Беларусі”, куды увайшлі вершы з беларускай літаратуры, якія вывучаюцца на памяць з 4 па 11 класы, начытаныя акцёрамі і паэтамі. Працягам гэтага праекту стаў дыск „Сотня вершаў”, куды ўвайшлі вершы са школьнай праграмы для выразнага чытання і вершы, якія былі з розных прычынаў знятыя са школьнай праграмы ў Беларусі ў апошнія гады. Дыск „Галасы паэтаў” улучыў у сябе 60 галасоў беларускіх паэтаў, якія чытаюць свае вершы. Спачатку ён планаваўся як дапаможнік па сучаснай беларускай літаратуры, але ў выніку атрымалася, што ў ім удалося сабраць галасы ад Якуба Коласа і Янкі Купалы да маладых сучасных паэтаў. Апошні дыск-дапаможнік, які выйшаў да 10-годдзя капэлы „На Таку” – беларускі народны танец для забавы і навучання, куды ўвайшлі 30 аўдыётрэкаў, пад якія можна танчыць. А таксама і відэаматэрыялы, па якіх можна ўбачыць, як гэты ці іншы танец танчыцца.
Добрую справу ты робіш, Таццяна. А ці трапілі гэтыя дыскі да беларусаў на Беласточчыну?
– Кожны раз, прыязджаючы на Беласточчыну, я прывозіла і прывожу сваім сябрам і знаёмым новыя дыскі. Як ужо сказала, у 2016 годзе я з Камерным хорам была ў Беластоку на фестывалі. У той час толькі выйшаў дыск „Галасы паэтаў”. Вядома ж я падаравала гэты дыск бацюшку Леаніду Шэшку, таксама журналісту Міколу Ваўранюку, які браў у мяне інтэрв’ю, паэтцы Міры Лукшы. Дарэчы, тады мы з ёй дамовіліся, што яна начытае свае вершы для працягу праекта „Галасы паэтаў”. І, калі я ў 2017 годзе прыехала ў Беласток на ХХ літаратурны семінар „Бязмежжа”, мы гэтую задумку ажыццявілі з ёй. Таксама і Андрэй Сцепанюк тады начытаў свае вершы. А ўдзельнікі семінара змаглі паслухаць галасы беларускіх класікаў падчас майго выступу.
Выйшлі і твае сумесныя дыскі „Паспеўкі” і „Гукаю цябе” з Сержуком Сокалавым-Воюшам. Як узнікла ідэя іх стварэння?
– У 2009 годзе я першы раз патрапіла ў Нью-Йорк, дзе і пазнаёмілася з Сержуком Сокалавым-Воюшам. Ведаючы, што я часам спяваю рускі раманс, Сяржук мне даслаў стос перакладаў. Чытаючы вершы Сержука для дзяцей і школы, у мяне стварылася на іх музыка. Калі ж нашых песень стала багата, і калі ж Сяржук прыехаў у Беларусь у 2011 годзе, за той кароткі час мы вырашылі паспець наспяваць „Паспеўкі”. І паспелі. А ў 2018 годдзе знайшліся запісы песень Сержука, якія ён запісваў у 1990-ыя гады, а перакладаў песень з іншых моваў усё большала, таму як працяг „Паспевак” з’явіўся дыск „Гукаю цябе”, яго я старалася паспець завершыць да апошняй вандроўкі ў Нью-Йорк, каб зрабіць такі падарунак Сержуку. І зноў паспела.
Але ў ЗША беларусы жывуць не толькі ў Нью-Йорку…
– Таксама я была ў Вашынгтоне, Чыкага, Кліўлендзе, сустракалася з беларусамі, разам спявалі беларускія песні, танчылі беларускія танцы. Там, на чужыне, беларусы найбольш востра адчуваюць патрэбу ў захаванні мовы, культуры, сувязі са сваёй радзімай. Але яны гуртуюцца, арганізоўваюць шмат розных мерапрыемстваў, на святы прыходзяць у народных строях, кожны год ладзяць Купалле, гуканне вясны, збіраюцца на Каляды. Там кожны нясе Беларусь у сваім сэрцы.
А цяпер з Амерыкі зноў вернемся на Беларусь. Ты аб’ездзіла яе амаль усю уздоўж і ўпоперак. Што памятаецца з гэтых паездак? Чым жывуць нашы дзеткі і дарослыя ў беларускай правінцыі? Што іх хвалюе і цікавіць сёння?
– У кожнай вандроўцы сустракаюцца цікавыя, адметныя асобы – таленавітыя дзеці, адданыя сваёй справе настаўнікі, краязнаўцы якія распавядаюць пра цікавосткі сваёй старонкі. Амаль у кожнай школе ёсць свой музей. Але кожны жыве сваім жыццём, мае свае зацікаўленні. І мэтай нашых літаратурна-музычна-танцавальных сустрэчаў якраз і з’яўляецца тое, каб абудзіць цікаўнасць да беларускай культуры. А там, дзе ўжо плённа працуюць у гэтым накірунку таленавітыя настаўнікі – падтрымаць іх беларускі дух, падбадзёрыць, паказаць што яны не адны працуюць на ніве беларушчыны, што нас многа. Вельмі кранальна было, калі дзяўчынка 10 класа ліцэя БДУ падзякавала мяне за надзею, якую ёй даў наш выступ, што Беларусь стане беларускай, і ў сваю чаргу тое, што ёсць такія дзеці – дае і нам такую ж надзею.
Ці ёсць розніца ад тых сустрэч у Беларусі 5 гадоў таму і цяпер?
– Асабіста ў маім творчым плане – ёсць. Раней я спявала толькі песні пад гітару, а апошнім часам разам з дзецьмі акапэльна спяваем народную песню „Кура-шчабятура”. Таксама вельмі часта бяру разам з сабой скрыпку, пад якую спяваю народныя дзіцячыя песні і пад якую ногі самі ідуць у скокі. Кожную сустрэчу стараюся завяршаць некалькімі беларускімі народнымі танцамі, якія простыя ў навучанні і вельмі ўздымаюць настрой. Пасля такога выступлення сустрэча становіцца незабыўнай, як для дзяцей, так і для мяне. А ў памяці назаўсёды застаюцца тыя шчаслівыя твары юных танцораў, якія можа быць ці не першы раз у жыцці дакранаюцца да майстэрства танца.
Якая найбольш запамінальнай засталася ў тваёй памяці сустрэча і чаму?
– Відаць, самыя незвычайныя мерапрыемствы, якія мы ладзім – гэта ноч танца. Ужо адбыліся чатыры такія навагоднія ночы танца, дзе ад 22-й гадзіны вечара да 6-й раніцы гучыць народная музыка (полькі, факстроты, вальсы, лявоніха, кракавяк і г.д.) у выкананні розных музыкаў, у тым ліку і капэлы „На Таку”, у якой я граю на скрыпцы і на трубе, а танцоры танчаць да ўпаду. Музыка і танец не перапыняюцца нават у самую поўнач, калі падымаюцца кілішкі і сустракаецца Новы год. Такія ж ночы танца (не навагоднія) ужо два разы праходзілі ў Гародні, куды прыязджалі таксама музыкі і танцоры з Літвы і Латвіі. Гэта насамрэч вельмі ўзрушвае, калі бачыш, як танчаць 100-150 чалавек разам прыгожа, эмацыйна, аднолькавыя фігуры, такая магутная энергія сыходзіць ад танцораў, а калі яшчэ і цябе самога падхоплівае вір танца – гэта нешта неверагоднае.
З кім ты найбольш з творчых людзей у Беларусі і за мяжой сябруеш?
– Сяржук Сокалаў-Воюш, Міхась Скобла, Аляксей Крукоўскі, Вольга Кашэвіч, Валер Бяляеў, Ларыса Арлова – мае надзейныя сябры, дзякуючы якім былі спланаваны і рэалізаваны ў жыцці шматлікія праекты, пра якія я ўжо расказала.
Чым ты асабіста, акрамя сустрэч, займаешся яшчэ?
– Я вельмі люблю падарожнічаць, ці то машынай, ці то роварам. Так, разам з сябрам Вячаславам Раковічам – навукоўцам і калекцыянерам, мы многа вандравалі па Беларусі, папаўняючы яго калекцыі старымі даматканымі ручнікамі, этнаграфічнымі экспанатамі, удзельнічалі ў археалагічных раскопках, экспедыцыях „Этна-гістарычнага цэнтра „ЯВАР”, які займаецца даследаваннем дахрысціянскіх помнікаў (культавыя камяні, святыя крыніцы, капішчы). Таксама кожны год стараюся выбірацца ў водны паход на байдарцы. У 2007 годзе адбылася вельмі знакавая вандроўка – міжнародная экспедыцыя „Вілія і яе берагі” па шляхах экспедыцыі графа Канстанціна Тышкевіча (ад вытокаў Віліі да яе ўпадзення ў Нёман), дзе прымала ўдзел каля 150 чалавек з Беларусі і Літвы. Мне вельмі пашчасціла, што ў гэтай вандроўцы маім капітанам нечакана стаў дырыжор хора „Унія” Кірыла Насаеў, творчасць якога мы вывучалі і ў вучэльні, і ва ўніверсітэце, запісы хора, якога я вельмі любіла слухаць. Дзесяць дзён ад Міхалішак да Вільні прайшлі ў творчых размовах пра музыку, гісторыю, а часам я адкладала вёслы і чытала ўголас кнігу Чэслава Кудабы „Па Віліі”, у якой падрабязна апісваліся мясціны, якія мы бачылі вакол сябе. Тады ж мне Кірыл і распявёў пра кампазітарку Эльзу Зубковіч, якая да вайны выкладала фартэпіяна ў Мінскай кансерваторыі, а пасля вайны эмігрыравала ў ЗША і там у 1972 годзе выдала зборнік рамансаў „Край мой васільковы” – на вершы Я. Коласа, А. Гаруна, М. Кавыля, Н. Арсенневай. Усе гэтыя рамансы я пасля наспявала, і яны ўвайшлі ў дыск Беларускага рамансу „Шыпшына”. Так што можна сказаць, што і ў вольны ад працы час я знаходжу цікавосткі, якія мяне натхняюць на новыя творчыя ідэі.
Ты згадала Эльзу Зубковіч. Я даследаваў яе творчасць і жыццёвы шлях. Нават напісаў пра яе вялікі артыкул. Сапраўды, яна была вельмі таленавітай жанчынай. Але шмат якія планы перакрыжавала Другая сусветная вайна. А якія ў цябе творчыя планы і задумкі на бліжэйшыя год-два? Ці такіх планаў няма?
– Як я ўжо казала, рыхтуецца трэцяя частка „Дзіцячага альбома”. І цяпер апрацоўкай дзіцячых песень займаецца мой сын Адась. Таксама хачу, каб у гэтым дыску прагучалі дзіцячыя песні і гульні ад гурта „Калыханка” з Міханавічаў пад кіраўніцтвам Ларысы Рыжковай. Выступленні гэтага гурта ўжо 30 год заварожваюць слухачоў, ужо 7 пакаленняў спевакоў змянілася, а па-ранейшаму застаецца непаўторнасць, аўтэнтычнасць гучання дзіцячых галасоў.
Таксама працягваецца збор галасоў паэтаў, як працяг дыска „Галасы паэтаў”, таксама ладзяцца фальклорныя экспедыцыі, бо хочацца пашыраць наш танцавальны і музычны рэпертуар, думаю гэта ўсё ўвойдзе ў чарговы дапаможнік па беларускім народным танцы. Таксама мару нарэшце дарабіць дыск, які можна будзе назваць анталогіяй беларускай песні, у якім хачу змясціць каля 40 песень з беларускага класічнага рэпертуара.
А што надакучыла ў тваім творчым і асабістым жыцці? І чаго хацелася б найбольш?
– Мы самі з’яўляемся стваральнікамі свайго жыцця. І таму, калі нешта надакучыла, ці нечага не хапае, то бярэш і мяняеш, а таксама знаходзіш тое, што табе трэба. Адзінае, чаго можна жадаць у неабмежаванай колькасці, дык гэта нязгасных сілаў і шчырых аднадумцаў.
Гутарыў
Сяргей Чыгрын