„Ты што, хочаш аддаць абавязак радзіме?”, – дванаццаць гадоў таму саркастычна пытаўся ў мяне сябар, калі мне прыйшла павестка аб чарговай медкамісіі для службы ў арміі. З пэўнага ўзросту я пачаў успрымаць яе пазітыўна-нейтральна. Бо гэта ж цудоўны спосаб навучыцца карыстацца зброяй, падцягнуць свой фізічны стан, маральна загартавацца. Але з другога боку служба менавіта ў беларускай арміі – сумніўная місія. Тым ня менш тады я вырашыў, што не буду нічога камбінаваць з уласным здароўем, каб адкасіць1 ад службы. Годны значыць годны, ну падумаеш, два гады муштры і салдафонскага маразму. Так ці інакш нейкі жыцьцёвы досьвед атрымаю.
– Не, ну скажы мне, каму мы патрэбныя? – сказаў тады мой сябар. – Навошта гэтая армія? Зараз 21-е стагоддзе, ніякіх войнаў у Эўропе больш ня будзе. Хай лепш служаць тыя, хто сапраўды жадае, г.зн. кантрактнікі. Такіх хапае, – пераконваў. – А адкасіць ад арміі вельмі проста нават! – казаў.
Заглянуўшы сабе глыбока ў душу і зразумеўшы, што я не маю жаданьня абуваць армейскія боты, каб фарбаваць траву, рыць траншэі ад плоту да абеду2, качаць круглае, перакачваць квадратнае, я пагадзіўся на тое, каб выслухаць жыцёвую параду сябра. Не буду тут яе агучваць па зразумелых прычынах, скажу толькі, што не так ужо гэта проста і можна такім чынам сапраўды сапсаваць сабе здароўе. Што ў паслядоўнасці ў мяне і атрымалася.
Па выніках двух медкамісій я быў прызнаны нягодным да службы ў мірны час і з палёгкай пачаў займацца сваімі справамі. Мой выпадак вельмі папулярны ў Беларусі. Большасьць беларускай моладзі не хоча служыць у арміі, наслухаўшыся пра недарэчны армейскі статут і дзедаўшчыну (хвалю як кажуць у Польшчы), якая вынікае з яго. А тых, хто ўсё-такі прайшоў службу, і так нельга назваць добра падрыхтаванымі байцамі.
Сёлетнія падзеі ва Украіне, якія бяруць пачатак з 2014 году, далі канчаткова зразумець, што дабро павінна быць не проста з кулакамі, але яшчэ і ў кулаках умець трымаць аўтамат. А часу на навучаньне няма, калі бяда ўжо прыйшла.
Навіны 27 лютага ўвялі мяне ў страх, роспач і разгубленасьць. Што рабіць далей? Варыянтаў шмат: пратэставаць супраць расейска-ўкраінскай вайны ў Беларусі, хавацца ад прызыву (колькі часу?), бегчы ў лепшы сьвет, каб пазьбегнуць вайны ці бегчы ва Украіну валянтэрыць альбо ваяваць. Пост Андрэя Стрыжака пра тое, што ў Беларусі заставацца бессэнсоўна і трэба бегчы да лепшых часоў туды, дзе можна нешта рабіць для будучыні Беларусі падказаў падацца мне ў часовую эміграцыю.
Стала мне ясна, што Беларусь уцягнута па вушы ў гэтую крывавую авантуру. Намінальна (а часам і сапраўды) украінцы сталі ўспрымаць Беларусь як краіну-агрэсара. Паніку павялічвала тое, што хоць і павольна, але жалезная заслона аднаўляецца. Межы Беларусі з Украінай, Літвой і Латвіяй часткова зачынены. У Польшчу не маю магчымасьці выехаць з-за адсутнасьці візы. Самая бліжэйшая з бясьпечных краін, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз – Грузія. Трапіць туды наўпрост можна на самалёце, што вельмі дорага. Аўтобус альбо маршрутка – танныя варыянты, але такая паездка вымагае абгрунтаваньня (неабходнае запрашэньне на працу, вучобу альбо да блізкіх родзічаў). Застаецца чыгунка – патрэбны толькі адмоўны тэст на Covid.
Гляджу – сайт чыгункі не грузіць раскладу цягнікоў. Жанчына па гарачай лініі тлумачыць, што не можа нічым дапамагчы, сістэма запрацуе, але невядома калі. У навінах пішуць, што сайт і чыгуначная сістэма паралізаваныя кібер-партызанамі для таго, каб запавольніць рух цягнікоў з расейскай вайсковай тэхнікай да ўкраінскай мяжы.
Праходзіць дзень – нічога не мяняецца. Увечары прымаю рашэньне ехаць на вакзал, каб на месцы разабрацца, як набыць квіток. Не можа быць, каб ніхто нікуды не мог выехаць.
На вакзале як у мурашніку. Даведваюся, што можна набыць квіток выключна ў дзень ад’езду цягніка, з 00:00 да 23:59. Квіткоў на наступныя дні не прадаюць. Квіткі аказаліся пакуль не дарагімі. Але ж патрэбны яшчэ пашпарт на Covid. Я прывіты, але тым ня меньш афіцыйна ён патрэбны (хоць яго ніхто не глядзіць, але могуць спытаць). На такое пасведчанне вялікі попыт. Шмат дзе запіс распісаны на некалькі дзён наперад. Тэлефаную сяброўцы. Раней яна працавала ў біялабараторыі, але яе скарацілі. Лабараторыя мае ліцэнзію на выдачу кавідных пашпартоў. Дамовіўся, каб мяне абслужылі раніцай міма чаргі. Вось ён, блат3… Неад’емны элемент умоваў савецкага дэфіцыту. Не памятаю, каб раней даводзілася штосьці здабываць такім чынам.
На выхадзе з вакзалу заўважаю сілавікоў, якія размеркаваліся па ўсёй Прывакзальнай плошчы. А таксама новую мадэль мазаўскага аўтазаку, чорна-блакітную, яшчэ больш змрочнага выгляду. Аказваецца, пару гадзін раней тут была акцыя супраць вайны, якую заклікала ладзіць Ціханоўская ў кожным горадзе на чыгуначным вакзале. Людзі павінны былі проста стануць у чаргу пры касах. Я пра гэта ня ведаў, бо апошнім часам мне хапала чытаць навіны толькі пра Украіну.
Ноччу вяртаюся на вакзал. У чэргах стаяць пераважна пенсіянеры. Не разумеюць, што адбываецца, скандаляць. Касіры апраўдваюцца і разводзяць рукамі. Але сярод усяго натоўпу можна вылавіць маладых мужчын прызыўнога ўзросту, якія добра разумеюць, што адбываецца, не панікуюць, не задаюць лішніх пытаньняў, дапамагаюць адзін аднаму.
Замаўляю сабе квіток на Маскву. Касірша сыйшла і праз 20 хвілін прынесла квіток, акуратна выпісала яго ўручную і выдала мне. Гэта быў экзэмпляр савецкага ўзору, які напэўна захоўваўся адмыслова для такіх аварыйных выпадкаў.
Еду дадому зьбіраць рэчы пад улюбёны беларускі рускамоўны гурт Molchát Domá, які, быццам пачак цыгарэт, дапамагае ментальна пераварыць складаныя жыцьцёвыя сітуацыі ў шэрай постсавецкай урбаністычнай аўтарытарнай рэчаіснасьці.
Кліп на песьню сусьветнавядомага беларускага гурта Molchát Domá – Клетка
Чым больш напаўняецца мой заплечнік, тым больш у мяне ўзьнікае жаданьне яго апаражніць і вярнуць квіток на вакзал. Бо прыходзіць разуменьне, што можа быць апошні раз я бачу свой дом, утульны сусьвет, сваіх сяброў ды сябровак, суседзяў ды родзічаў. Шызафрэнічнае, ліпкае пачуццё. Але вочы баяцца, а рукі працуюць. Ці як яшчэ кажуць, дастаў нож – трэба рэзаць. Больш за тое, вера ў моц украінцаў дадае веру ў хуткі канец гэтай крывавай пуцінскай авантуры і вызваленьне палітвязьняў за зняцце санкцый Захаду. Але гэта не дакладна… І вось гэтая немагчымасьць спрагназаваць, што будзе, зводзіць з панталыку. Хвалююся за родных і сяброў. Але ўсе кажуць, што калі ёсьць магчымасьць, то трэба ехаць, бо там, за мяжой, больш выбару для манеўраў, актывізму.
Запрасіў на разаітанне блізкіх сяброў ды маці. Не хацелася масавасьці. Месца сустрэчы зьмяніць нельга – вялікі стол кавярні насупраць вакзалу. Каб зьмясьціліся ўсе. Колькі ўжо куфляў піва было тут узьнята за тое, каб „расстаньне было нядоўгім”, каб „дарога была лёгкай”, каб „фартуна ўсьміхалася” – невядома. Пасядзелка зацягнулася так, што я ледзь не спазьніўся на свой цягнік. На нашых вачах правадніцы пачалі падымаць лесьвіцы. Мы беглі ўсёй кампаніяй, шукалі патрэбны вагон, які як назло выдаўся самым дальнім на пероне. Пасьпеў забегчы, не пасьпеў абняцца з усімі, слаў праз шкло паветраныя пацалункі ды вядомыя ўсім беларусам жэсты Любові, Барацьбы ды Перамогі. Радзіма ледзь адпусьціла. „Затое без лішніх сьлязін”, як напісала пазьней маці ў мэсэнджары.
Працяг будзе
J. V.
* Дэвіз хвалі міграцыі 1920-х з Расейскай Імпэрыі, утвораны з адрэдагаванага радка „Лірычнай паэмы” расейскай паэткі Срэбранага Веку Ніны Берберавай.
1 ↑ – “касіць” (слэнг) – выкруціцца, ухіляцца ад вайсковай службы;
2 ↑ – “рыць траншэі ад плоту да абеду” – гэта жартаўлівы ўстойлівы армейскі выраз часоў Савецкай Арміі, які азначае бясконцую і бессэнсоўную працу;
3 ↑ – “блат” (слэнг) – гэта не мацерная руская лаянка – так у Савецкім Саюзе называлі магчымасьць за кошт карыснага знаёмства атрымаць дэфіцытны тавар альбо паслугу без чаргі, бюракратыі і высокіх коштаў.