Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (3)

    Na UB u Sakołcy i pośle ŭ sudzie ŭ Biełastoku abvinavaczanych i śviedkaŭ asablivo szczacielno raspytvali pra sąd doraźny, jaki Niemcy pierad rasstrełam zrabili ŭ vadzianym mlinie ŭ Nietupie. Hety dzieravianny budynak staić i dziś nad reczkaj pry szasie da Kruszynianaŭ nidaloko vioski Biełahorcy. Daŭno…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • „Ja choču byti bliźka ludiam”

    Rozhovôr Jana i Haliny Maksimjukov z poetkoju Zojoj Sačko

    Jan: Čy pomniš, koli v tebe zjavivsie impuls, kob napisati peršy viêrš? I na jakôj movi tobiê napisałosie? Zoja: O, ja dumała, što ty tak i načneš… Ja učyłaś u školi v Parcievi, de była prykładnoju učenicieju. Pan od pôlśkoji movy skazav prynesti viêršyki pud… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Моўны архіпелаг

21 траўня 2024 г.

У палове ХІХ ст. доўгую на амаль чатыры вярсты вёску тадышняя царская адміністрацыя раздзяліла на тры Востравы – Паўночны, Паўднёвы і Новы (ужо на іншым месцы, побач на вярсту далей). Калі паўміралі тадышнія жыхары, іх нашчадкі з часам стварылі легенду пра тое, што сталася так пасля вялікага пажару. Нібыта сярэдзіна вёскі згарэла і таму тыя сяляне перанеслі будынкі на новае месца. Але захаваўся дакумент, што гэта ўсё-такі было адміністрацыйнае рашэнне. Па тое, каб раздзяліць не толькі надта доўгую вёску, але і поле навокал. Каб кожная частка мела сваё. Асабліва для пашы. Раней прыходзілася гнаць авечак для выпасу за другі канец вёскі, часам нават пяць вёрст. Але калі сяляне з сярэдзіны сяла перавозілі будынкі на новае месца, напэўна розныя адходы спальвалі. Яшчэ цяпер на гэтым полі вывораюць часам абсмаленыя цвікі і іншае жалезіва. Таму магчыма і разышлася легенда пра пажар. Фота Юркі Хмялеўскага
У палове ХІХ ст. доўгую на амаль чатыры вярсты вёску тадышняя царская адміністрацыя раздзяліла на тры Востравы – Паўночны, Паўднёвы і Новы (ужо на іншым месцы, побач на вярсту далей). Калі паўміралі тадышнія жыхары, іх нашчадкі з часам стварылі легенду пра тое, што сталася так пасля вялікага пажару. Нібыта сярэдзіна вёскі згарэла і таму тыя сяляне перанеслі будынкі на новае месца. Але захаваўся дакумент, што гэта ўсё-такі было адміністрацыйнае рашэнне. Па тое, каб раздзяліць не толькі надта доўгую вёску, але і поле навокал. Каб кожная частка мела сваё. Асабліва для пашы. Раней прыходзілася гнаць авечак для выпасу за другі канец вёскі, часам нават пяць вёрст. Але калі сяляне з сярэдзіны сяла перавозілі будынкі на новае месца, напэўна розныя адходы спальвалі. Яшчэ цяпер на гэтым полі вывораюць часам абсмаленыя цвікі і іншае жалезіва. Таму магчыма і разышлася легенда пра пажар.
Фота Юркі Хмялеўскага

Сёння ў Шудзялаве нова абраная Рада гміны разглядала асаблівую прапанову. Яе аўтарам быў сын Сакрата Яновіча, Яраслаў з Лодзі. Яшчэ ў мінулым годзе паслаў ён тадышняму шудзялаўскаму войту Тадэвушу Такарэвічу імэйл з просьбай, каб пачаць фармальную працэдуру і паставіць у гміне чатыры (на пачатак) указальнікі з двухмоўнымі назвамі мясцовасці – па-польску і на мясцовай простай мове, лацінкай. Прапанаваў надпісы: Ostrówek – Astrowak, Ostrów Północny – Wostrawo, Wierzchlesie – Wiarchles, Kozłowy Ług – Kazłoŭ Łuh. Патлумачыў, што Шудзялаўская гміна яму блізкая, бо мае тут сваякоў, а таксама зямлю і таму ёсць яшчэ тутэйшым падатнікам. Заявіў, што перадасць нават на гэта 40 тыс. зл. са сваіх грошай. 

Войт у адказ паслаў імэйл, у якім паведамляў пра тэрмін бліжэйшай сесіі Рады гміны, выказваючы думку, што найлепей будзе, калі ініцыятар асабіста прадставіць сваю прапановы радным і солтысам. Але Яраслаў не зрабіў гэтага і ўсё крыху прыціхла. 

Ад пачатку я ведаў, што справа безнадзейная. Аднак карэспандэнцыя, якую Яраслаў дасылаў да майго ведама, мяне зацікавіла. Асабліва ўважліва чакаў я, што з такім „клопатам” зробяць шудзялаўскія чыноўнікі. На маё здзіўленне не замялі справы пад дыван.

На афіцыйным гмінным сайце Яраслаў адшукаў імэйлавыя адрасы солтысаў і таксама ім паслаў сваю прапанову. Не было аніякага водгуку. Тады спрабаваў яшчэ патэлефанаваць. З адной солтыскай удалося яму коратка паразмаўляць. „Ale tak mówią tylko stare babcie” – сказала яна. Калі спрабаваў патлумачыць, што не ў тым справа, пачуў сакраментальнае: „Ale tutaj jest Polska!”.

Усё-такі яго ініцыятыву палічыў я вартай шырэйшай ўвагі і запрапанаваў агучыць справу на старонках „Часопіса” і ў Інтэрнэце. Яраслаў прасіў пачакаць. Бо на яго думку „чым большая акцыя, тым больш супраціўная рэакцыя”. У яго была свая тактыка і стратэгія, каб рабіць гэта без шуму. Я параіў пачакаць да красавіка, каб пасля выбараў прапановай магла заняцца новая шудзялаўская ўлада. Яраслаў са мною згадзіўся.

Чарговы імэйл паслаў я яму 21 красавіка. Была гэта нядзеля, калі адбываўся якраз другі тур выбараў, між іншым у Шудзялаве. Я ўважліва сачыў за выбарчай там кампаніяй, бо гэтая суседняя з маёй Крынкаўскай гміна і мне надта блізкая, паколькі адтуль – са Слоі – была мая матуля. Калі пісаў Яраславу, было для мяне ўжо ясна, што пераможа Рэната Чабан-Тарасэвіч – маладая і сімпатычная чыноўніца з шудзялаўскай управы гміны (папярэдні войт не кандыдаваў). У яе нават беларускія і праваслаўныя карані, але на жаль ужо без такой нацыянальнай свядомасці, паколькі яна каталічка. 

Пра гэта напісаў я Яраславу і ён падрыхтаваў другую заяву ў адрас новага кіраўніцтва гміны. Напісаў яе не на афіцыйнай чыноўніцкай мове, але ў свабодны, месцамі нават жартоўны спосаб. Такім чынам хацеў размякчыць атмасферу. Напісаў, што двухмоўныя назвы былі б як „перафарбоўка свайго дому” з мэтай паказаць яго аўтэнтычны выгляд у згодзе з традыцыяй і гісторыяй. Такая арыгінальнасць, пераконваў, дапамагла б таксама разбудзіць цікаўнасць вялікай колькасці турыстаў, нават з Еўропы. Прыязджалі б сюды і пакідалі б тут грошы, дзякуючы чаму пайшоў бы наперад агратурыстычны бізнес. Ініцыятар прыводзіў прыклады падвойных назваў на Кашубах і Лэмкоўшчыне.

Яраслаў падбіў нават сваю стаўку. Прапанаваў darowiznę na rzecz Gminy ўжо не 40 тыс. зл. агулам, але 60 тыс. зл. за адну толькі мясцовасць. Разам 180 тыс. зл. на ўказальнікі ў трох вёсках – Паўночным Востраве, Астроўку і Вярхлесе.

У заяве нідзе не было напісана, што Wostrawo, Astrowak, Wiarchles гэта па-беларуску. „Бо выклікала б гэта лямант і паніку быццам патрыятычных палякаў, але і беларусападобенцаў, і тыя грошы не памогуць” – тлумачыў мне Яраслаў. Таму таксама прапанаваў запіс поўнасцю па-польску – не з „v”, толькі „w” і перш за ўсё не „буквамі”.

Гэты падыход не атрымаўся. Чыноўнікі і так гэту заяву закваліфікавалі як wniosek o umieszczenie znaków nazw w trzech miejscowościach: Ostrów Północny, Wierzchlesie, Ostrówek w języku białoruskim.

Згодна з працэдурай справу найперш разгледзела адпаведная камісія Рады гміны, не знаходзячы падстаў для адабрэння прапановы. Услед за тым так і прагаласавалі радныя падчас сесіі.

У апошнім перапісе насельніцтва з 2021 г. на 2755 жыхароў гміны беларусамі запісалася каля ста асоб, што складае 3,2 прац. насельніцтва. Паводле закона падвойныя назвы могуць быць уведзены на жаданне жыхароў гмінаў, у якіх такі паказчык не меншы чымсьці 20 прац. Яраслаў пра гэта добра ведае і ў сваёй заяве паклікаўся на іншы запіс у законе, які дазваляе выступіць з такім жаданнем самой гміне. Тады паказчык 20 прац. не абавязвае, хопіць толькі, каб гэта прагаласавалі радныя. І рад-няволя ў Шудзялаве мусілі гэтым заняцца. Радныя правялі вусныя кансультацыі з жыхарамі Паўночнага Вострава, Астроўка і Вярхлеса. Прапанова Яраслава, зразумела, не была імі адобрана. Дадаткова ў абгрунтаванні пастановы закінулі яму, што ustalenie dodatkowej nazwy następuje zgodnie z zasadami pisowni języka mniejszości, natomiast wnioskodawca wnioskuje o zapisanie nazw w polskim alfabecie.

Гэта не была першая такая ініцыятыва Яраслава. У 1987 г. па яго прапанове з’езд беларускіх студэнтаў у Бельску-Падляшскім прагаласаваў пастанову з пратэстам супраць паланізацыі назваў беларускіх мясцовасцей на Падляшшы. Пасля доўгія гады спрабаваў ён дабіцца гэтага адміністрацыйным шляхам. Камісія па вызначэнні назваў мясцовасці пры прэм’ер-міністры, куды слаў пісьмы, хаця магла, не зрабіла аднак нічога, каб вярнуць гістарычныя назвы як Juszkowy Hrud замест Juszkowy Gród, Kruhłe замест Krugłe ды шмат іншых.

Амаль дваццаць гадоў таму Яраслаў зрабіў яшчэ адну спробу. Атрымаў паўнамоцтвы Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку і пачаў наведваць абезлюднелыя вёскі, каб пераканаць неўсвядомленых старыкоў да сваёй ініцыятывы. „Нам добра і так” – чуў найчасцей. 

А цяпер вось прапанаваў нават свае грошы, і то немалыя, каб заахвоціць улады Шудзялаўскай гміны да ўвядзенння падвойных назваў у трох мясцовасцях. Думаю, што Яраслаў канчаткова пераканаўся, што на ўсё ўжо позна. Не толькі ў Шудзялаве, але нават у гмінах нашмат болей беларускіх няма і не будзе жадання уводзіць падвойныя назвы мясцовасцей. Працэсы асіміляцыі і паланізацыі настолькі ўжо далёка ў нас зайшлі, што гэта проста немагчыма. 

Але для гістарычнай справядлівасці тым з нас, хто свядомы беларускай спадчыны продкаў, не можа быць абыякавым прынамсі замацаванне гэтага ў агульнай свядомасці грамадства. Яраслаў прыдумаў на гэта спосаб. Ад нейкага часу ў Вікіпедыі дапісвае гістарычныя назвы нашых вёсак. Варта браць з яго прыклад. Тым больш, што адміністратары Вікіпедыі на гэта дазваляюць. Ніхто таксама не забараняе выкарыстоўваць такіх аўтэнтычных назваў у тэкстах, у тым ліку запісах і каментарах у Інтэрнэце. На жаль, амаль ніхто гэтага не робіць. А я выбіў яшчэ адвечную назву роднай вёскі ў загалоўку свайго сайта Vostravo.pl. На пачатку, праўда, хтосьці звярнуў мне ўвагу на праблемы з правільным вымаўленнем гэтага слова, але я нават і не думаў яго мяняць. Калі вось цяпер ідэнтычны папраўдзе варыянт прапанаваў Яраслаў шудзялаўскім самаўрадаўцам, якраз такіх недарэчных прэтэнзій ніхто не меў.

Трэба паслядоўна і рашуча рабіць усё, што толькі магчымае, каб зберагчы ад забыцця надта важныя прыкметы тоеснасці, якімі з’яўляюцца аўтэнтычныя назвы нашых мясцовасцей.

Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў кастрычніку

    1005 – 1019 г. першая згадка ў летапісах пра Бярэсьце. 710 – 1314 г. князь Давыд Гарадзенскі разбіў вялікі паход крыжакоў на Наваградак. 625 – 1399 г. паражэньне ад татараў арміі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь князём Вітаўтам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (437) – атрыманьне ў 1587 г. горадам Лідай самакіраваньня паводле магдэбурскага права.
  • (133) – 18.10.1891 г. нар. Лукаш Голад, праваслаўны сьвятар, прыхільнік беларусізацыі праваслаўнай царквы, за што парасьледаваўся польскімі ўладамі. У 1927-1928 гг. у Вільні рэдагаваў і выдаваў часопіс „Праваслаўная Беларусь”. Памёр 6.11.1947 г. у Вільні, дзе і пахаваны на праваслаўных могілках.
  • (131) – 18.10.1893 у Каўнасе нар. Уладзімір Уладамірскі (сапраўднае Малейка), акцёр. Сцэнічную дзейнасьць пачынаў у 1920 г. у Бабруйску. У гг. 1924-1959 іграў у тэатры імя Янкі Купалы ў Менску. Памёр 24.01.1971 г. у Менску, пахаваны там на Усхoдніх могілках.
  • (118) – 18.10.1906 г. у Зарудзічах на Смаргоншчыне нар. Алесь Салагуб, беларускі паэт, вязень Лукішак. Закончыў Віленскую беларускую гімназію (1927), у 1928 г. нелегальна перайшоў у БССР, дзе закончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1931). 10.08.1933 г. быў арыштаваны  і 17.05.1934 г. расстраляны. Друкаваўся з 1925 г., у 1929 г. у Менску выйшаў зборнік вершаў „Лукішкі”. У 1961 г. у часопісе „Полымя” апублікаваны яго „Лукішскі дзёньнік”.
  • (106) – 18.10.1918 г. у Віцебску памёр Уладзімір Стукаліч, гісторык і краязнавец. Нар. 28.10(9.11.)1856 г. у Якабштаце Курляндзкай губ. Гадаваўся ў Віцебску, дзе закончыў гімназыю. У гг. 1879-1883 вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага унівэрсытэта. Працаваў у казённых палатах у Слоніме, Гродне, Віцебску. У 1886 абараніў кандыдацкую дысэртацыю „Юрыдычнае становішча гарадзкіх абшчын у Заходняй Русі”. Працаваў адвакатам у Віцебску. Пісаў працы пра Аляксея Сапунова, Міколу Нікіфароўскага, выказваўся за адкрыцьцё унівэрсытэта ў Віцебску. Быў адным са стваральнікаў і членам Віцебскай вучонай архіўнай камісыі.
  • (105) – 18.10.1919 г. у в. Старое Сяло на Меншчыне нар. Усевалад Кароль – палітычна-грамадзкі дзеяч. У 1928-1929 гг. вучыўся ў беларускай гімназіі ў Радашковічах. З 1929 г. вучань Віленскай Беларускай Гімназіі, якую закончыў у 1936 г. Пасьля студэнт мэдычнага факультэту Віленскага Унівэрсытэту.
  • (104) – 18.10.1920 г. закончыліся ваенныя дзеянні паміж Польскім войскам і Чырвонаю арміяй.
  • (53) – 18.10.1971 г. у Бальбінаве (Латвія) памёр кс. Язэп Гайлевіч (нар. 26.02.1893 г. у Драздах Дзісенскага пав.), прыхільнік беларусізацыі каталіцкага касьцёла, дзеяч Беларускага руху ў Латвіі.
  • (33) – 18.10.1991 г.  памёр у Вішневе Пятро Бітэль (нар. 19.06.1912 г. у Радуні), настаўнік, пісьменьнік і перакладчык, м. інш. „Пана Тадэуша” на беларускую мову; вязень сталінскіх лагероў (1950-1956).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis