Валеру трохі за сорак гадоў, але ў адрозненні ад многіх вясковых мужыкоў у падобным веку, ён застаецца ў добрай фізічнай форме, жвавы і мускулісты. З аднаго боку, яго равеснікі амаль усе жанатыя, працуюць цэлымі днямі, харчуюцца далёка не заўсёды правільна, а па выходных і па святах часта расслабляюцца за шашлыкамі і пляшкай. Валера ж замест гэтага ездзіць па ваколіцах на ровары, займаецца яшчэ на турніках.
Калісьці ён скончыў педагагічны ўніверсітэт і некалькі гадоў працаваў настаўнікам па адпрацоўцы, але ўспамінаць гэты час не любіць, кажа, што ў школе яму зусім не падабалася і плацілі дрэнна. Таму звольніўся адразу пасля заканчэння адпрацоўкі і перабіваўся ў Мінску часовымі заробкамі, пераважна ў будаўніцтве.
У вёсцы Валера жыве ўжо гадоў з пяць. Вярнуцца на малую радзіму яго вымусіла хвароба бацькі – таго зваліў інсульт, а маці не давала сама рады з ляжачым хворым, таму і вызвала сына. На Валеру аформілі апякунства і ён амаль поўнасцю ўзяў на сябе догляд за бацькам, карміў, мыў, рэгулярна пераварочваў з боку на бок, каб не з’явіліся пролежні. Акрамя гэтага, стаў рабіць у хаце дробныя рамонты і даглядаць за агародам.
Валера не надта гаваркі і ўвогуле не эмацыянальны, таму нават па выразу твару цяжка было зразумець, ці лёгка давалася яму такое манатонная жыццё. Адзінае, да чаго ён прызнаваўся, гэта нелюбоў да саджання і наступнага капання бульбы:
– Сто разоў паўтараў маці, на халеру гэта рабіць, давай проста купім, падвязуць да дому, вылаяўся я аднойчы, а яна хоча толькі сваю есці. Вочы б мае не бачылі гэтай бульбы!
Напачатку нашага знаёмства, у рэдкія моманты, калі разам з бацькам на большую частку дня заставалася маці, Валера даволі ахвотна пагаджаўся сустрэцца, мог разам праехацца на ровары, распавядаў пра вёску і цікавыя мясціны ў ваколіцах, бо ведаў кожную сцежку. Часам мог выпіць піва ў сваёй шопцы, паказваў старыя бацькавы ці дзедавы інструменты, стогадовы амаль кубелец, які хацеў самастойна адрэстаўраваць. Зрэдку, але з’яўляўся ў лазні.
Але недзе гады праз два нашмат радзей Валера пачаў адказваць на паведамленні, выходзіць на вуліцу амаль заўсёды адмаўляўся, спасылаючыся то на хатнія справы, то на дрэнную пагоду. Падчас нешматлікіх сустрэч ён выглядаў раздражненым, казаў пра сябе, што зусім „абмізантропіўся” і людзі яго нервуюць. З адчувальнай крыўдай у голасе расказваў пра былых аднакласнікаў, якія наведвалі яго толькі летам, калі прыязджалі ў вёску адпачыць з жонкамі ці мужамі ды дзецьмі.
– Правільна! – з сарказмам казаў Валера – яны едуць купацца да грыбы збіраць, а ў мяне няма часу, бо на градках трэба рабіць, яны самі сябе не праполюць і не пальюць. А вось зімой, калі я тут з нуды выю, ніводзін не з’явіцца!
Сваякі спрабавалі пазнаёміць яго з мясцовымі дзяўчатамі, але Валера аднекваўся, што не мае чаго ім прапанаваць, бо не мае ані ўласнай хаты, ані сталай працы, толькі сціплыя выплаты за апякунства.
Некалькі месяцаў таму ён зусім замкнуўся, а на прапановы проста на двары пагутарыць заўсёды адказваў, што выйдзе калі-небудзь іншым разам. Апошні раз мы сустрэліся па дарозе да цягніка, пагаварылі літаральна некалькі хвілін. Валера не змяніўся, быў усё такі ж спартыўны і падцягнуты. Распавёў, што едзе ў сталіцу да стаматолага, што бацька памёр на пачатку лета, а сам ён зараз знаходзіцца „на скрыжаванні” – думае, ці то ў вёсцы пакуль застацца, ці то зноў шукаць шчасця ў горадзе.
Ці ўбачу яго калісьці зноў? Не ведаю.
У Беларусі матэрыяльная дапамога выплачваецца асобам, што даглядаюць інвалідаў 1-й групы ці асоб у сталым веку (ад 80 гадоў). Яна павінна складаць 100 % бюджэта пражытачнага мінімума пры доглядзе за адной непрацаздольнай асобай і 120 % за двума і больш непрацаздольнымі людзьмі. З 1 жніўня бюджэт пражытачнага мінімуму складае ў сярэднім 433 рублі (каля 535 злотых).
Сяргей Александровіч
Фота аўтара