Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Манументальны фаталізм Гаўрылы Вашчанкі

20 чэрвеня споўнілася б дзевяноста пяць гадоў беларускаму мастаку Гаўрылу Вашчанку. Ён ці не адзін з першых у Беларусі жывапісцаў, хто пачаў пазбягаць у сваіх манументальных працах пафасу сацрэалізму. Па-новаму адкрыў у серыі жывапісных палотнаў хараство Палесся. Цураўся афіцыёзу і не баяўся ў застойныя часы актыўна прапагандаваць у сваіх творах нацыянальных дзеячоў.

Нягледзячы на тое, што пры савецкай уладзе меў добрыя пасады і званні, радаваўся, калі разваліўся СССР, які душыў, паводле словаў мастака, свабоду: «Бо свабода і незалежнасць – даражэй за ўсё».

Гаўрылa Вашчанкa (1928-2014)
Гаўрылa Вашчанкa (1928-2014)

Калі ён быў малы, яго разам з аднавяскоўцамі ледзь не спалілі немцы. У апошнюю хвіліну загад па невядомай прычыне быў адменены. Падобным невыноснамоташным адчуваннем, што вось зараз, у гэтае імгненне, адбудзецца нешта трагічна-незваротнае, напоўненая большасць палотнаў Гаўрылы Вашчанкі.

Сваёй фаталістычнай танальнасцю, адкрытым сімвалізмам, непрыхаванай знакавасцю яго творы тоесныя экзістэнцыяльным прыпавесцям Васіля Быкава. Калі чытаеш «Ліквідацыю» («Сотнікава»), то ўяўляеш, як галоўных герояў (ужо загадзя асуджаных пісьменнікам), яшчэ задоўга да сутыкнення з паліцаямі, палонам і катаваннямі літаральна «душыць» і прыгнятае жорстка-манументальны тыпова вашчанкаўскі пейзаж.

Дарэчы, было б цудоўна, каб якое-небудзь выданне аповесцяў Быкава (чыя проза пакуль трывала асацыюецца з сухой, вострай графікай Арлена Кашкурэвіча, бо ён неаднойчы ілюстраваў кнігі Васіля Уладзіміравіча) было аздоблена менавіта трывожнымі сімвалістычнымі пейзажамі Вашчанкі.

У жыцці Гаўрыла Харытонавіч быў неканфліктны. Дома ніколі не жаліўся, не наракаў, пазбягаў нотак раздражнення. Мала хто бачыў яго ў гневе. А калі здараліся якія-небудзь вострыя моманты, адказам на іх быў вонкавы спакой.

Праўда, адзін раз у яго была спакуса пасварыцца з тым жа Быкавым (мастак быў абураны апісаннем вёскі ў «Знаку бяды»), але здолеў суняць гнеў і чарговы раз паказаў, што валодае рэдкай для беларусаў асаблівасцю жыць паводле развагі, абмінаючы балота крыўды.

Палотны Вашчанкі прасякнутыя ўсімі адценнямі карычневага, чорнага, шэрага, жоўтага, чырвонага.

Людзі на гэтых карцінах зліваюцца ў пякельна-манументальных колерах дрэў, палёў, хат, азёраў, астральных знакаў. Такое адчуванне, што ад убачанага інфернальнага пейзажу чалавек на палатне ператвараецца ў жывую скульптуру. Міжволі ўсплывае ў памяці кінапрыпавесць Лучыё Фульчы пра канец свету «Сёмыя вароты пекла», дзе персанажы дранцвеюць ад жаху, калі разумеюць, што назаўсёды асуджаны жыць у палоне фантасмагарычнага жывапіснага краявіду галоўнага героя – мастака. Ён маляваў прарочыя пейзажы апакаліпсіса, якія зрабіліся пад канец фільма явай.

Чалавек на карцінах Вашчанкі зазвычай пасіўны, пазбаўлены ўнутранай сілы (адно з выключэнняў – выява маці). Асабліва гэта праяўлялася, калі мастак ствараў партрэты сучаснікаў альбо гістарычных асоб. Там часта не ставала той незвычайнай выразнасці, якой былі насычаны яго палотны іншых жанраў.

І гэта не дзіўна. Мастак не любіў канкрэтыкі. Стараўся не пісаць з натуры. Больш верыў не вонкаваму свету (такому ненадзейнаму і здрадніцкаму), а ўнутраным пачуццям і перажыванням, якія стварылі ў яго душы ўнікальную фантазійную рэальнасць, дзе ў аснове ляжаў згаданы на пачатку артыкула факт, які адбыўся з Вашчанкам у дзяцінстве.

Гаўрыла Харытонавіч доўга і пакутліва шукаў сваю эмацыянальна блізкую геаграфічную прастору, але ні вясёлкава-шматколерная Украіна, ні такая ж карнавальная Малдова не адпавядалі яго трагічна-велічнаму светабачанню.

Матчыны крылы, Гаўрыла Вашчанка (1974–1975)
Матчыны крылы, Гаўрыла Вашчанка (1974–1975)

Ідэальным краем, дзе гучаць нязменныя песні-жальбы, стала краіна заўсёднага невытлумачальнага смутку Беларусь.

І калі ў жывапісе беларусы часам здзіўлялі святочнай стракатасцю і вясёлай зухаватасцю (згадайце купальскія карагоды Міхася Філіповіча альбо нацюрморты Мікалая Тарасікава), то ў літаратуры панавала класіцыстычна-халоднае чаканне смерці (вершы Максіма Багдановіча), беспрычынныя дэпрэсіі герояў Кузьмы Чорнага, пачуццё заўсёднай пакрыўджанасці і адзіноты ў персанажаў Якуба Коласа, Міхася Стральцова ці Алеся Наўроцкага.

Беларускай літаратурай Гаўрыла Вашчанка натхняўся ў большай ступені, чым жывапісам сваіх калег. Сярод жа мастакоў яму быў нейкі час блізкі Міхаіл Савіцкі. Але калі той выставіў скандальную серыю «Лічбы на сэрцы» (ухваленую, дарэчы, Васілём Быкавым), то Вашчанка, палічыўшы яе кан’юнктурнай, гэтае сяброўства спыніў.

Каларыту вучыўся ў Жоржа Руо і позняга Марыса дэ Вламінга. Адчуваў духоўную еднасць з метафізікамі, асабліва з Джорджам дэ Кірыка (параўнайце палотны гэтага мастака і карціну Вашчанкі «Нафтавікі Палесся»).

Але сваімі духоўнымі настаўнікамі лічыў Эль Грэка (чый навальнічны экспрэсіянізм выдатна пераасэнсаваны ў карціне «Мой край»), Нікаля Пусэна і Якаба ван Рэйсдаля (менавіта ў іх пераняў сваё бачанне пейзажа як нейкай міфалагічна велічнай і пагрозлівай з’явы, дзе чалавек можа быць толькі бяспраўным статыстам).

Мой край. Гаўрыла Вашчанка, 1978 г.
Мой край. Гаўрыла Вашчанка, 1978 г.

Галоўныя героі яго карцін – дрэвы, палі, кусты, замкі, узгоркі і, вядома ж, неба.

Аблокі Гаўрылы Вашчанкі – гэта праўдзівае мастацкае адкрыццё.

Яны такія ж непаўторна-адметныя, як шыі Мадзільяні, нацюрморты Марандзі альбо распятыя целы быкоў і пеўняў Хаіма Суціна.

Аблокі Вашчанкі – гэта сапраўдныя монстры – ярка-крывавыя, прывіднашэрыя, змрочна-рудыя. Іх аграмадністапагрозлівыя целы навісаюць над зямлёй, а часам наўпрост выплываюць з яе, нават выдзіраюцца з сухой карычнева-вохрыстай паверхні.

Адзін з самых знакавых твораў такога кшталту – «Воблака» (1975). Глядзіш і літаральна адчуваеш трывожную вібрацыю, разумееш, што адлік ужо пачаўся і табе не ўцячы.

Гэтае палатно вельмі напалохала мінскіх партыйных работнікаў, якія хацелі нават зняць яе з экспазіцыі, бо не вытрымлівалі энергетыкі. У той час як у Расіі карціну настолькі палюбілі, што, калі ў Маскве за брэжнеўскімі часамі друкавалі альбом рэпрадукцый Вашчанкі, змясцілі яе на вокладцы.

Пра гісторыю стварэння мастак успамінаў: «Аднойчы летам, на Палессі (я там плаваў па рэках з сям’ёй) з-за гарызонту выплыла воблака – вялізнае, як атамны грыб. Яно мяне так уразіла, што я напісаў карціну /…/ і прадставіў яе на выставу да чарговага з’езду партыі. Мне прапанавалі /…/ зняць твор з экспазіцыі. „Чаму?” – „Прыедуць дэлегаты, могуць не так зразумець…” – „А навошта тады мастацтва, калі яно не задае пытанняў?” – сказаў я. Праўда, карціну ніхто не рызыкнуў зняць, і яе ўбачылі гледачы. Сёння гэты твор можна было б назваць прадчуваннем трагедыі. Тады ж гэта быў проста выразны пластычны вобраз, які выклікаў безліч розных асацыяцый».

Побач з «Воблакам» можна паставіць і такія ж апакаліптычна-блізкія палотны, як згаданы «Мой край» (1978), «Прадчуванне» (1980), «Зорка Палын» (1996), «Рамантычны пейзаж» (1996).

Ува ўсіх гэтых шэдэўрах воблакі – гэта не проста, кажучы словамі Максіма Багдановіча, «панурыя, вялізныя жывёлы», якія «па шыры неба ў даль марудна праплываюць…».

Зусім не.

Менавіта ў гэтых пачварна-крывавых субстанцыях заўсёдна бесканфліктны, мяккі, тактоўны, ціхі Гаўрыла Вашчанка хаваў свой гнеў і ўсю тую навальнічна-разбуральную энергетыку, якой не даваў выхаду наяве.

Хаваў сваё невыносна-моташнае адчуванне, што вось зараз, у гэтае імгненне, адбудзецца нешта трагічна-незваротнае.

Аблокі на ягоных карцінах гатовыя выбухнуць у любую секунду, і сілу гэтага выбуху не зможа прадказаць ніхто.

Васіль Дранько-Майсюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis