Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Леанід Дранько-Майсюк: „Люблю мастацтва зразумелае і нязвыклае…”

Беларускі паэт і даследчык роднай літаратуры Леанід Дранько-Майсюк родам з Давыд-Гарадка, што на Століншчыне. Пасля сярэдняй школы вучыўся ў Маскве, дзе скончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага. Вярнуўся ў Мінск і з ласкі Міхала Дубянецкага пачаў працаваць у выдавецтве „Мастацкая літаратура”, рэдагаваць кнігі іншых аўтараў.

За свае 60 гадоў літаратар напісаў і выдаў шмат кніг паэзіі, прозы, эсэ, п’ес. А Уладзімір Караткевіч некалі назваў Леаніда „паэтам з рысамі рыцара”. На некаторыя вершы беларускага рыцара кампазітары напісалі цудоўныя песні. Самай папулярнай з іх з’яўляецца песня „Полька беларуская”. Пра творчасць, жыццё і літаратурныя справы Леанід Дранько-Майсюк пагадзіўся распавесці нашаму „Czasopisu”.

 

Сяргей Чыгрын: – Леанід, я памятаю выхад твайго першага зборніка вершаў „Вандроўнік”. Пра яго шмат пісалі СМІ, выходзілі рэцэнзіі Гарадніцкага, Гублера, Кавалёва… Ці памятаецца табе той ужо далёкі час?

Леанід Дранько-Майсюк каля партрэта жонкі і сваёй кнігі Фота Джона Кунстадтэра
Леанід Дранько-Майсюк каля партрэта жонкі і сваёй кнігі
Фота Джона Кунстадтэра

Леанід Дранько-Майсюк: – Гэта 1983 год, пачатак майго жыцця ў Мінску і другі год працы ў слаўным выдавецтве „Мастацкая літаратура”, якім кіраваў выдатны дзеяч нашай культуры Міхал Дубянецкі. А кніга „Вандроўнік” пачынаецца вершам, які я склаў 10 траўня 1982 года ў маскоўскім метро паміж станцыямі „Кастрычніцкая” і „Новыя Чаромушкі”:

Гэта цень мой вярнуўся дамоў,

Выпіў кварту халоднай вады,

Узышоў на вяршыні дубоў,

Абтрасаючы жалуды.

Часам гэтым стары сталяр

У павеці вычэсваў прамень.

На сабаку, што побач стаяў,

Трэскі падалі і мой цень.

Часам гэтым карміліся з рук

Качкі свойскія і журавы,

І ля будкі ляжаў ланцуг

Парыжэлы і нежывы.

Вось такія ў маскоўскім метро з’яўляліся мне творы. Па выхадзе „Вандроўніка” літаратурны крытык Варлен Бечык адзначыў, што паэзія Леаніда Дранько-Майсюка нязвыклая.

Памятаю, такое меркаванне мне спадабалася; наогул жа, люблю тое мастацтва, якое адначасова і зразумелае, і нязвыклае.

Потым былі новыя кнігі вершаў, у Маскве ў перакладзе на рускую мову выйшаў зборнік „Проза радости”. Тады ты быў актыўным аўтарам, шмат друкаваўся, шмат сустракаўся са сваімі чытачамі. Гэта што, звязана з маладосцю, а цяпер, як кажуць, гады бяруць сваё?

Так, пасля нязвыклага „Вандроўніка” былі новыя паэтычныя радасці, была і „Проза радости” – кніга вершаў і паэм, надрукаваная ў Маскве ў выдавецтве „Советский писатель” у 1991 годзе, дзякуючы паэту Пятру Кошалю. Дарэчы, гэта апошняе выданне беларускага пісьменніка ў Савецкім Саюзе! Ці не гістарычны факт?! А што да творчай актыўнасці, то на гэты конт маю дваістае пачуццё… Тады было так, а цяпер гэтак…

У цябе сын Васіль вельмі творча актыўны, шмат выступае, шмат друкуецца, папулярызуе роднае слова; магчыма, працуе нават больш, чым ты ў 1980 – 1990 гг. Зрэшты, і ты быў таксама дужа папулярным. На твае словы артысты спявалі песні, ты багата даваў інтэрв’ю…

Кажучы мовай Янкі Брыля, Васіль Дранько-Майсюк знаходзіцца „…на быстрай плыні стрыжня…”; талент ягоны імклівы, заснаваны на ведах, працы, любові да беларускай літаратуры, яе творцаў і накіраваны на станоўчы вынік. Праз гэта Васіль і здабыў свой артыстычны поспех – скажам, стварыў п’есу „Пясняр” (першы мастацкі твор пра Уладзіміра Мулявіна), якая ўпрыгожыла афішу акадэмічнага тэатра імя М. Горкага ў Мінску. Згадаю і яшчэ адну ягоную п’есу, якая называецца „Сатурніянка” – твор пра мастака Язэпа Драздовіча. Летась, у 2018 годзе, выдавецтва „Мастацкая літаратура” выпусціла Васілёву кнігу дзевяці казачных гісторый „Таямніцы нашага садка” – падарунак маленькім чытачам. А што да папулярызацыі беларушчыны, то тут Васіль проста адчувае сябе пераможцам, бо надрукаваў шмат змястоўных артыкулаў і, як аўтар сцэнарыяў і вядоўца, стварыў ужо даволі фільмаў, кожнаму з якіх уласціва майстэрская інтрыга… Калі ж гаварыць пра сябе, то сабе, цяперашняму, не буду шукаць апраўдання, а толькі скажу: на сённяшні дзень і я дастаткова дзейны аўтар; вось у трох апошніх нумарах часопіса „Дзеяслоў” за гэты 2019 год (№№ 99, 100, 101) змешчана мая новая рэч „…Усе бачылі нястачу віна…” – аповесць пра ксяндза Адама Станкевіча. Калі ласка, чытайце яе!

Васіль Дранько-Майсюк – сын Леаніда. Адзін з вядомых сёння маладых літаратараў Беларусі
Васіль Дранько-Майсюк – сын Леаніда. Адзін з вядомых сёння маладых літаратараў Беларусі

І перад сваімі чытачамі я шмат выступаю; скажам, з паэтам Эдуардам Акуліным аб’ездзіў ці не ўсю Беларусь, і песні мае выконвае народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка… Хіба што для газет менш інтэрв’ю стаў даваць?!

Наогул, Леанід, у мяне такое адчуванне, што сёння ў беларускім літаратурным руху табе шмат што не падабаецца, цябе нешта нервуе і нават трывожыць. Гэта так, ці я памыляюся?!

–  У нас дастатковы лік фігурных адраджэнцаў, ладная колькасць катэджных змагароў за беларускую мову – словам, даволі хітрых блытанікаў, якія вельмі спрытна з чорнага робяць белае, а калі трэба, то і наадварот. Ім непатрэбны станоўчы вынік, аднак жа яны імкнуцца задаваць тон; псеўдадзейнасць – іхняя філасофія. З’явіліся таксама „пісары”, якія не вучацца беларускай літаратурнай мове; яны не разумеюць (здаецца, і не хочуць разумець!) і не адчуваюць, што такое беларускае (!) спалучэнне слоў у сказы, таму іхнія тэксты – амаль суцэльнае калькаванне.

Леанід з сынам
Леанід з сынам

А яшчэ яны наўмысна (дзе трэба і дзе не трэба) карыстаюцца трасянкай, і не лічаць, што здзекуюцца з прыгожай літаратурнай мовы – наадварот, бачаць у гэтым асаблівы шык. Іхнія кніжкі (прынамсі тыя, якія надрукаваны) размінуліся з мастацкім пісьмом, густам, стылем, зместам. Блытанікам пажадаю ператварыцца ў маўчуноў, а „пісарам” параю: штодня вучыце, спадары і спадарыні, беларускую мову!

Чаму на эстрадзе няма новых песень на твае словы, чаму не спяваюць нашы маладыя артысты файныя песні на добрыя паэтычныя словы? На твае словы…

Песні ёсць… Але чаму наша моладзь пераважна крывіць свае таленавітыя вусны па-ангельску і мала спявае па-беларуску? Трэба спытацца ў самой моладзі… Аднак жа, калі гаварыць зусім акрэслена, то вось мой верш, узбагачаны мелодыяй Аляксандра Балотніка:

Еўфрасіння

Ты спачын знайшла

У палесцінскім краі,

Журба аліў злятае

З твайго чала.

Твае малітвы памятае

Вечная зямля святая.

Еўфрасіння, пад алівамі

Сніла ты ў апошнім сне

Воблака шчаслівае,

Што купалася ў Дзвіне;

Сніла і той дзень балесны,

Калі брала шлюб нябесны…

Полацак свой бачыла ў тумане!

Цень жалобы лёг

На твар Ерусаліма…

Жыла ў душы радзіма,

А ў сэрцы – Бог.

Плыла радзіма над вачыма

Сінім дымам, сінім дымам.

Маладыя артысты, маладыя спевакі, калі ласка, карыстайцеся гэтым вершам (толькі аўтараў, выходзячы на сцэну, называйце!), вучыце словы, а нотны запіс вам разгорне кампазітар А. Балотнік…

Леанід Дранько-Майсюк з салігорскімі вакалісткамі, 2017 г.
Леанід Дранько-Майсюк з салігорскімі вакалісткамі, 2017 г.

Калі б казачная, ці нейкая фантастычная сіла была б у тваіх руках, што ты асабіста памяняў бы сёння на ніве нашай літаратуры і культуры наогул?

–  Паколькі на гэтай ніве перш за ўсё бачу сябе, то, авалодаўшы казачнай сілай, і пачаў бы з сябе… Скажам, пазбавіў бы надоўга сябе сну, каб і па начах дарабляць свае рукапісы. Маю цікавыя, але пакуль незавершаныя творы.

Я ўважліва прачытаў тваю арыгінальную і змястоўную архіўную кнігу пра Максіма Танка. Гэта для цябе новая праца, якою раней не займаўся. Чаму ты вырашыў заглянуць і ў Заходнюю Беларусь да маладога Максіма Танка?

–  Гэта не новая праца, а, можна сказаць, працяг ранейшай работы… У 2013 годзе я напісаў аповесць „Гурын-Маразоўскі. Забойства на Ягелонскай”, а ў 2014 годзе стварыў нарыс „Не знаць перад карай страху”, – твор пра апошні арышт Антона Луцкевіча 30 верасня 1939 года.

У маёй кнізе „У Вільні і больш нідзе”, якая друкуецца ў часопісе „Дзеяслоў”, ёсць тое новае, што я знайшоў, вывучаючы ў архівах жыццяпісы, скажам, Браніслава Тарашкевіча і Клаўдзія Дуж-Душэўскага. А тады ўжо з’явілася і архіўная аповесць пра Максіма Танка „…Натуральны, як лінія небасхілу…”, працаваць над якою мне дапамагалі архівісты Сігітас Саладжынскас і Алена Глагоўская.

Выступае Леанід Дранько-Майсюк Фота Сяргея Шапрана
Выступае Леанід Дранько-Майсюк
Фота Сяргея Шапрана

Сваімі вельмі слушнымі парадамі дапамагаў мне і гісторык Анатоль Сідарэвіч. І апошняя мая рэч, пра якую ўжо згадваў, – дакументальная кніга пра Адама Станкевіча „…Усе бачылі нястачу віна…”. Заходняя Беларусь – блізкая, цікавая мне, можна сказаць, сямейная тэма. Мае бацькі нарадзіліся ў Заходняй Беларусі ў Давыд-Гарадку, калі Давыд-Гарадок належаў Польшчы, і я змалку толькі й чуў пра тое, як людзі жылі пры Польшчы! Мае новыя творы таксама будуць пра Заходнюю Беларусь.

Сам ведаю, што працуючы над гэтай тэмай, знайшлося многа іншых цікавых дакументаў і фактаў з гісторыі былой Заходняй Беларусі. Ці не так?

Так, прызнаю тваю рацыю, спадар Сяргей! Цікавых дакументаў знайшлося шмат – напрыклад, па дзейнасці Беларускага навуковага таварыства і па кароткай, але напружанай рабоце з 1918-га па 1921 год Міністэрства беларускіх спраў Летувы, якое існавала ў Коўні, і змястоўны збор запісаў у „Кнізе выбываючых папераў Цэнтральнай Беларускай Рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны”, і паперы, якія раскрываюць сутнасць канфлікту паміж Іванам Луцкевічам і В. Студніцкім і г.д. Словам, ёсць над чым задумацца…

У нас, у Беларусі, стала проста модным атрымліваць у апошні час прэміі за літаратурныя творы. Ты, наогул, чытаеш тых аўтараў і тыя выданні, якія раз-пораз узнагароджваюцца прэміямі?

Лепей скажу пра выданне, якое (упэўнены!) будзе ўзнагароджана; маю на ўвазе аповесць Барыса Пятровіча „Засада, або Лавіся, рыбка, вялікая” („Дзеяслоў” № 100, 3/19). Гэта сучасны, багаты на ўнутраную сілу, чытэльны твор пра неабароненасць чалавека і ягонай сям’і і пра ўсёмагутнасць дзяржаўнага апарату; гэта мастацкая рэч з добра выпісанай псіхалогіяй нашых рахманых, памяркоўных людзей: вось ім загадалі камандным голасам сядзець у сваёй кватэры і нікуды не выходзіць, – яны й сядзяць суткі, а то й болей, і нікуды не выходзяць! Як, дарэчы, і выпадковыя іхнія госці… У „Засадзе…” Барыса Пятровіча ўражваюць дакладныя назіранні, напрыклад, такое: „…Голад не мае панятку пра ветлівасць, прыходзіць не спытаўшыся…”. Гэта, падкрэслю, новая проза Барыса Пятровіча, і яна змястоўная на адкрыццё: твой утульны дом у любы момант можа быць ператвораны ў казарму, а то і ў турму! Гучыць таксама ж і неабходны матыў спагаднасці: чалавеку, якога ловяць і якога цкуюць за праўду, трэба дапамагаць! Барыс Пятровіч стварыў рэч з публіцыстычнымі нотамі, праз якія адметна асэнсоўваецца прырода чалавечага страху! А развагі пра свабоду ўспрымаюцца, як своеасаблівыя верлібры. І калі чытачы, захопленыя сітуацыяй аповесці, спытаюцца ў аўтара: што рабіць далей? То пачуюць адказ: жыць, думаць, чытаць якасныя творы і, працуючы, не забываць, – у любы момант у вашай кватэры (у вашым доме) можа быць зроблена засада! Аповесць Барыса Пятровіча прыдумана, дарэчы, і для будучага кінагледача, бо яе раскошнае дзеянне – сапраўдны кінасцэнарый!

А ты сам калі апошні раз атрымліваў якую-небудзь узнагароду за сваю працу?

У 2005 годзе за апавяданні „Нервовы раман” і „Хлопчык і яго бацькі” („Дзеяслоў” №№ 15, 19) атрымаў літаратурную прэмію „Залаты апостраф”. А вось яшчэ набегла на памяць… 23 кастрычніка 1991 года ў Маскве „Литературная Газета” (па тых часах вельмі знакамітае выданне!) змясціла маё эсэ „Ратаванне Грэцыяй” пад назваю „Исцеление”. Гэту прозу на рускую мову пераклалі Г. Артханаў і Р. Лапушын. Праз месяцы два, разгарнуўшы пераднавагодні нумар „Литературной Газеты”, я даведаўся, што за эсэ „Ратаванне Грэцыяй” („Исцеление”) мяне ўзнагародзілі рэдакцыйнай прэміяй. Тут варта адзначыць і тое, што з прэміяй „Литературной Газеты” ў Беларусі мяне павіншаваў толькі адзін пісьменнік – Алесь Асташонак… Наогул жа, адносна сённяшніх прэмій скажу: заўсёды (ці амаль заўсёды) яны даюцца сваім (ці пераважна сваім)! Чужы прэмію атрымае хіба што гады ў рады! У такой устойлівай псіхалагічнай раскладцы мастацкая якасць твора, талент аўтара асаблівага значэння не маюць, – галоўнае, каб аўтар быў са сваёй групоўкі. Варта адно паглядзець, хто ўваходзіць у журы, і карціна становіцца яснай. А ў нас (ці не традыцыя ўжо?!) зазвычай амаль кожнае журы складаецца з адных і тых жа асобаў!

У верасні 2018 года
У верасні 2018 года

Традыцыйнае пытанне: над чым сёння працуеш, што на рабочым стале ў пісьменніка Леаніда Дранько-Майсюка?

На маім рабочым стале мае рукапісы… Мне падабаецца сам працэс пісьма, мне падабаецца крэсліць на паперы словы па-беларуску… Сярод іншага рыхтую да асобнага выдання дакументальную аповесць пра Адама Станкевіча „…Усе бачылі нястачу віна…”. Гэта твор я прысвяціў свайму віленскаму сябру Сігітасу Саладжынскасу.

Гутарыў

Сяргей Чыгрын

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis