Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    9. Miastu H. na do widzenia

    Jeszcze mi tylko spacer pozostał Wąską aleją przez zielony park Wiatr w drzewach szemrze ledwie przebudzony Tak jak wczoraj, przedwczoraj, od lat Tak dziwna ta chwila brakuje słów… (Budka Suflera, „Memu miastu na do widzenia”, 1974) Nedaleko od mojoho liceja byv neveliki park, utisnuty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

ў ліпені-жніўні

735 – Іпаціеўскі летапіс у запісе пад 1288 г. паведамляе, што князь Уладзімір Васількавіч „поустрои церковь иконами и книгами” ў Бельску (на сучасным Падляшшы).

535 – У 1488 г. ваявода наваградзкі Аляксандар Хадкевіч заснаваў у Супрасьлі (цяперашні Гарадок) праваслаўны манастыр, які праз два гады быў перанесены ва ўрочышча Сухі Груд на сумежжы Блудаўскай і Крыноцкай пушчаў (сучасная Супрасьль).

480 – У 1543 г. паўстаў у Гародні адзін з першых аркестраў у Беларусі.

445 – У 1568 г. у Заблудаве пачала дзейнасьць першая на Падляшшы друкарня, у якой працавалі беларускія друкары Іван Федаровіч, Пётр Мсьціславец і Грынь Івановіч.

405 – У 1618 г. гетман Вялікага Княства Літоўскага Крыштоф Радзівіл дараваў Орлі на Падляшшы прывілею, у якой гаварылася: „у маёнтку маім у ваяводзтве і павеце Бранскім ляжачым, Орля названым, фундую і закладаю мястэчка”. Ягоны сын Януш пацьвердзіў дадзеныя Орлі бацькам правы і дазволіў карыстацца гарадзкім гербам.

315 – у ліпені 1708 г. швэдзкія войскі занялі Магілёў.

195 – 13.07.1828 г. у Нягневічах пад Наваградкам нар. Іван Малышэўскі, гісторык царквы. Закончыў Жыровіцкае Духоўнае Вучылішча, Мінскую Духоўную Сэмінарыю і Кіеўскую Духоўную Акадэмію (1853). У 1962-1897 г.г. быў прафэсарам Кіеўскай Духоўнай Акадэміі, дасьледаваў творы і жыцьцё Кірылы Тураўскага („Творы Св. Кірыла Тураўскага з апісаньнем яго жыцьця” (1878). Памёр 11.01.1897 г. у Кіеве, дзе і пахаваны.

180 – 12.07.1843 г. у Грэфэнбэргу памёр Ігнат Даніловіч, гісторык (нар. 10.08.1787 г. у Грыневічах на Бельшчыне). Закончыў Віленскі ўнівэрсытэт (1812) і там працаваў выкладчыкам права, у 1825-1829 гг. – прафэсарам Харкаўскага Унівэрсытэта, у 1830-1835 гг. працаваў у Пецярбурзе па падрыхтоўцы законаў для заходніх губэрняў, у 1835-1842 гг. – выкладаў у Кіеўскім і Маскоўскім унівэрсытэтах. Упершыню апісаў усе рукапісы і друкаваныя экзэмпляры Статутаў ВКЛ.

165 – 15(27).08.1858 г. у Гродзенскай губэрні нар. Міхаіл Пліс, праваслаўны сьвятар з 1879 г. У 1919-1920 гг. уваходзіў у склад Цэнтральнай Беларускай Рады Віленшчыны і Гродзеншчыны і Беларускага Нацыянальнага Камітэту, у 1919-1923 гг. быў законавучыцелем у Віленскай Беларускай Гімназіі, быў адным з заснавальнікаў Таварыства Беларускай Школы, выступаў за беларусізацыю праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі. Памёр 24.04.1924 г. у Вільні.

160 – 15.07.1863 г. у Вільні павешаны Зыгмунт Серакоўскі, адзін з кіраўнікоў Студзеньскага паўстаньня (нар. 19.05.1826 г. у Лісаве Луцкага пав. на Валыні). 

155 – 1(13).07.1868 г. у Менску памёр Канстанцін Тышкевіч, гісторык, археоляг (нар. 17.02.1806 г. у Лагойску). Закончыў Віленскі ўнівэрсытэт (1828), у 1828-1836 гг. працаваў у Варшаве, удзельнічаў у паўстаньні 1930-1931 гг. З 1836 г. жыў у Лагойску, дзе ў 1842 г. з братам Яўстафіем заснаваў першы на Беларусі музэй старажытнасьцей. Быў адным з заснавальнікаў Віленскага музэя старажытнасьцей. У 1856 г. арганізаваў экспэдыцыю па Віліі. Першы склаў тапаграфічныя планы гарадзішчаў і замчышчаў, атлас старажытных гарадзішчаў. Пахаваны ў Лагойску.

150 – 22.08.1873 г. у Саколцы нар. Аляксандр Багданаў (сапр. Маліноўскі), філёзаф, эканаміст, палітычны дзеяч, пісьменьнік. Па прафэсіі – лекар, з 1926 г. узначальваў Інстытут Пераліваньня Крыві ў Маскве. Загінуў 7.04.1928 г. праводзячы на сабе навуковы досьлед.

145 – 10.08.1878 г. у Пецярбурзе нар. Еўсьцігней Міровіч (сапр. Дунаеў), рэжысёр, драматург, адзін са стваральнікаў беларускага тэатра. З 1919 г. працаваў у Беларусі, у 1921-1931 гг. быў мастацкім кіраўніком І Беларускага Дзяржаўнага Тэатру. Напісаў і паставіў м. ін. п’есы:  „Машэка”, „Кастусь Каліноўскі” (1923), „Каваль-ваявода”, „Кар’ера таварыша Брызгаліна” (1925). Памёр 16 ці 25.02.1952 г. у Менску. Пахаваны на Вайсковых могілках.

130 – у 1893 г. на хутары Горны Хлевіск каля Сухаволі нар. Юрка Снапко (сап. Язэп Лявiцкі, пам. у 1916 г.), выхаванец Гарадзенскай гімназіі і Ваенна-Мэдыцынскай акадэміі ў Петраградзе, дзеяч гарадзенскага гуртка беларускай моладзі, аўтар шэрагу беларускіх вершаў: „Песьня” і „Мужык” (1912), „Доля сіроткі” (1911), „Не даў мне бацька ні багацьця…” (1913). Друкаваўся ў альманаху „Колас беларускай нівы” пад псэўданімам Дзядзька.

130 – 17.07.1893 г. у Варшаве нар. Аляксандр Вянгерка, польскі акцёр і рэжысёр. Акцёрскую кар’еру пачынаў у 1912 г. у Вільні, пазьней працаваў у тэатрах Варшавы, Кракава і Лодзі, у 1939 г. заснаваў Дзяржаўны Польскі Тэатр БССР у Беластоку. У 1941 г. арыштаваны гестапа, загінуў.

120 – 4(17).07.1903 г. у Коўне памёр Мікалай Авэнарыус, пэдагог, краязнавец (нар. 31.08.(12.09.) 1834 г. у Царскім Сяле). Закончыў Пэдагагічны Інстытут у Пецярбурзе. У 1864 г. заснаваў Маладзечанскую Настаўніцкую Сэмінарыю. У 1864-1885 гг. быў інспэктарам Александрыйска-Марыінскага Інстытуту ў Варшавае, потым Беластоцкага Настаўніцкага Інстытуту. У 1885-1890 гг. займаўся раскопкамі курганоў на беларускіх землях.

120 – 13.08.1903 г. у Падольску Маскоўскай губ. памёр Фёдар Пакроўскі, археоляг (нар. у 1855 г. у вёсцы Падпольскае каля Кастрамы ў Расеі). Закончыў Пецярбургскую Духоўную Акадэмію (1879), працаваў выкладчыкам Мінскага, Віленскага Духоўных Вучылішчаў. Праводзіў археалягічныя дасьледаваньні ў Беларусі, Літве і Кастрамской губерні.

120 – 14.08.1903 г. у Менску нар. Сьцяпан Бірыла, беларускі акцёр, з 1926 г. у Беларускім Дзяржаўным Тэатры Уладыслава Галубка, з 1928 г.  – у Беларускім Тэатры імя Янкі Купалы. Памёр 15.07.1978 г. у Менску.

115 – 5.08.1908 г. у Парыжы памёр Валеры Урублеўскі, рэвалюцыянер (нар. 27.12.1836 г. у Жалудку каля Шчучына). Закончыў Пецярбургскі Лясны Інстытут (1857), разам з Кастусём Каліноўскім арганізаваў студзеньскае паўстаньне на Гродзеншчыне, удзельнічаў у выпуску і распаўсюджваньні „Мужыцкай Праўды”. Эміграваў у Францыю, дзе камандаваў адноў з армій Парыжскай Камуны ў 1871 г. З 1872 г. быў членам Генэральнага Савета І Інтэрнацыянала. Пахаваны каля сьцяны Камунараў у Парыжы.

110 – 14.07.1913 г. у Вільні было заснавана Беларускае Выдавецкае Таварыства, яго ўзначальвалі Б. Даніловіч, І. Луцкевіч, К. Шпакоўскі. Надрукавала 15 кніг агульным тыражом 50 тысяч асобнікаў – зборнікі вершаў, падручнікі па беларускай мове, п’есы для самадзейнікаў.

110 – 13(26).08.1913 г. у Віцебску нар. Анатоль Багатыроў, кампазітар і пэдагог, аўтар опер: „У пушчах Палесься”, „Надзея Дурава”, кантат: „Беларусь”, „Беларускія песьні”, араторыі „Бітва за Беларусь”, музыкі да кінафільмаў і драматычных спэктакляў. Памёр у Менску 19.09.2003 г., пахаваны там на Усходніх могілках.

105 – 17–21.07.1918 г. у Маскве адбыўся ўсерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. Удзельнічала 227 дэлегатаў.   

100 – у жніўні 1923 г. у Віцебску на базе Народнай мастацкай школы, Віцебскіх мастацкіх майстэрняў і Віцебскага мастацка-практычнага інстытута заснаваны быў Мастацкі Тэхнікум.

100 – 29.08.1923 г. у в. Бандары на Беласточчыне нар. Уладзімір Казьбярук, літаратуразнавец, пэдагог. З 1945 г. жыў у Беларусі. Дасьледаваў беларуска-польскія літаратурныя сувязі, творчасьць Я. Коласа, дзейнасьць К. Каліноўскага, „белавежцаў”. Памёр 4.04.2016 г.

95 – у ліпені 1928 г. у Ленінградзе пачала стварацца кінастудыя „Савецкая Беларусь”.

90 – 26.07.1933 г. у Косаве памёр ксёндз Францішак Грынкевіч, родам з Новага Двара на Сакольшчыне, заснавальнік Гродзенскага гуртка беларускай моладзі (нар. 5.10.1884 г.). Закончыў гімназію ў Гародні, у  1901-1905 гг. вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі, у 1905-1907 гг. – у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акaдэміі ў Пецярбурзе, у  1907-1909 гг. – у Інсбруку і ў Мюнхене. Высьвячаны як сьвятар у 1907 г. У 1909 г. стаў законавучыцелем у гарадзенскай гімназіі, быў пробашчам пры кляштары брыгідак у Гародні. У1909-1912 гг. арганізаваў і ўзначальваў Гродзенскі гурток беларускай моладзі. Супрацоўнічаў з беларускай каталіцкай газэтай „Biełarus” (1913-1915). Пасьля І сусьветнай вайны адышоў ад дзейнасьці ў беларускім руху. Пахаваны на старых каталіцкіх могілках у Гародні. Пасьля сьмерці яго імем была названая адна з вуліц у Гародні.  

90 – 26.08.1933 г. Савет Народных Камісараў БССР прыняў пастанову „Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”, на аснове якой адыходзілася ад „тарашкевіцы”.

85 6.08.1938 г. у Менску нар. Ігар Лучанок, вядомы беларускі кампазітар. Памёр 12.11.2018 г. у Менску, пахаваны на Усходніх могілках.

85 – 20.08.1938 г. у Сьвярдлоўску (зараз Екацерынбург) расстраляны Уладзімір Пракулевіч, беларускі палітычны дзеяч (нар. 2.12.1887 г. у Красналуках каля Чашнікаў). Закончыў Маскоўскі унівэрсытэт (1912), з 1914 г. працаваў у Мінскім акруговым судзе. Быў адным з кіраўнікоў Слуцкага Паўстаньня 1920 г. З 1923 г. сакратар ураду БНР у Празе. У 1926 г. пераехаў у БССР, дзе працаваў на дзяржаўнай пасадзе. У 1930 г. арыштаваны і сасланы на 5 гадоў у Сьвярдлоўск. У 1938 г. арыштаваны паўторна. Месца пахаваньня расстраляных у Екацерынбургу знаходзіцца на 12 кіламетры Маскоўскага тракту (аўтадарога Екацерынбург – Масква) – зараз там мемарыяльны комплекс.

80 – 5.07.1943 г. у Менску падчас выбуху міны загінуў Іван Кушнер, праваслаўны сьвятар, адзін з удзельнікаў Усебеларускага Царкоўнага Сабору (30.08.– 2.09.1942 г.) у Менску, на якім абвешчана была аўтакефалія Беларускай Праваслаўнай Царквы. Нарадзіўся ў 1908 г. у Лужках на Глыбоччыне, у 1930 г. закончыў Віленскую Духоўную Праваслаўную Сэмінарыю, у 1935 г. абараніў магістэрскую працу на багаслоўскім факультэце Варшаўскага Унівэрсытэту. З 1934 г. быў настаяцелем праваслаўнага прыхода ў Ятвеску на Гродзеншчыне, з 1941 г. у Менску ў Аляксандра-Неўскай царкве на Вайсковых могілках.

80 19.07.1943 г. у Ніжне-Амурскім ГУЛАГу загінуў Сяргей Дарожны (сапр. Серада, нар. 25.02.1909 г. у Слоніме), паэт, друкаваўся з 1925 г., выйшла некалькі зборнікаў паэзіі ды перакладаў.

80 1.08.1943 г. у Парыжы памёр Хаім Суцін, мастак, прадстаўнік экспрэсіянізму (нар. 13.01.1893 г. у Сьмілавічах). У 1907 г. вучыўся ў Менску, у 1910 г. – у Вільні, у 1913-1916 гг. у майстэрні Кармона ў Парыжы. Жыў у Францыі, пісаў партрэты, нацюрморты, пэйзажы: „Кухарка”, „Жанчына ў чырвоным”, „Старая акторка”, „Пасьля навальніцы”, „Мацярынства”. 

80 –19.08.1943 г. у лагеры на Поўначы памёр Іосіф Воўк-Левановіч, беларускі мовазнавец (нар. 6.11.1891 г. на хутары Лявонаўка каля Асіповіч). У 1923 г. закончыў Петраградзкі унівэрсытэт, з 1924 г. працаваў у БДУ, з 1927 г. быў навуковым сакратаром Камісіі па ўкладаньню гістарычнага слоўніка беларускай мовы Інбелкульта. У 1930 г. вымушаны выехаць у Саратаў, дзе працаваў ва ўнівэрсытэце і пэдінстытуце, з 1934 г. – у Арэнбургскім пэдінстытуце. 17.09.1937 г. беспадстаўна арыштаваны і асуджаны. Аўтар шматлікіх прац па гісторыі і дыялекталёгіі беларускай мовы, м.ін. „Лекцыяў па гісторыі беларускай мовы. Уступ і фанэтыка” (1927).

65 – 9.08.1958 г. заснаваны ў Гродне Мэдыцынскі Інстытут.

65 – 14.08.1958 г. у Чыкага (ЗША) памёр Эдзюк Будзька, беларускі паэт і дзеяч (нар. 22.03.1882 г. у Будславе), з 1906 г. друкаваўся ў „Нашай Ніве”. Быў дэлегатам І Усебеларускага Зьезду ў 1917 г. і арганізатарам беларускай гімназыі ў Будславе ў 1918 г. Пасьля ІІ сусьветнай вайны жыў у Нямеччыне і ЗША.

45 – 22.08.1978 г. у Менску памёр Піліп Пестрак, беларускі пісьменьнік (нар. 14(27).11.1903 г. у Сакоўцах каля Івацэвіч), друкаваўся з 1926 г. Збор твораў у пяці тамах быў выдадзены ў Менску ў 1984-1986 гг. Пахаваны на Усходніх могілках у Менску.

35 – 21– 24.07.1988 г. у Віцебску адбыўся І Усесаюзны фэстываль польскай песьні.

35 – у жніўні 1988 г. у Гродзенскай вобласьці заснавалася Польскае Культурна-Асьветнае Таварыства імя Адама Міцкевіча.

35 – 15.08.1988 г. у Лембарку на Памор’і памёр Мікола Дварэцкі (літаратурны псэўданім Мікола Базылюк), беларускі паэт і дзеяч. Нарадзіўся 6.09.1903 г. у Іказьні на Браслаўшчыне, у міжваенны час дзейнічаў там у беларускім нацыянальным руху – быў старшынёй гуртка Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры ў Іказьні, старшынёй праваслаўнай фракцыі Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. Пасьля ІІ сусьветнай вайны жыў ў Польшчы на Памор’і – у Лашцы, Штутаве, Румі, Лембаргу. Пісаў вершы на беларускай мове, якія публікаваў у „Ніве”. У 2005 г. стараньнямі яго сына – Юрыя Дварэцкага ў Гданьску выдадзены зборнік яго вершаў „Там і тут”.

35 – 22.08.1988 г. у Менску памёр Віталь Вольскі (нар. 5.09.1901 г. у Пецярбурзе), беларускі пісьменьнік. Друкаваўся з 1926 г., аўтар п’ес: „Цудоўная дудка” (1939), „Дзед і жораў” (1940), „Машэка” (1946).

30 – 8-10.07.1993 г. у Менску адбыўся І З’езд Беларусаў Сьвету. Удзельнічала ў ім 996 дэлегатаў з розных краінаў. 

Апрацавалі Вячаслаў Харужы
і Лена Глагоўская 

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў траўні

    770 – у 1254 г. быў падпісаны мірны дагавор паміж вялікім князем Міндоўгам і галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам. 740 – разгром у 1284 г. войскамі літоўскага князя Рынгальда мангола-татарскіх войск каля вёскі Магільна. 530 – у 1494 г. у Гародні …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (376) – У траўні 1648 г. казацкія паўстанцы на чале з Багданам Хмяльніцкім разбілі войскі Рэчы Паспалітай пад Жоўтымі Водамі й Корсунем. Казацкія загоны прыбылі на Беларусь і пры дапамозе беларускіх паўстанцаў здабылі Гомель, Тураў, Пінск – паўстаньне разгарнулася на беларускіх землях.
  • (90) – 19.05.1934 г. у Менску расстраляны Міхал Кахановіч (нар. 27.09.1882 г. у Вялікіх Луках каля Баранавіч), беларускі нацыянальны дзеяч, пэдагог. Закончыў Харкаўскі унівэрсытэт, працаваў выкладчыкам у Вільні, з 1915 г.  – у Магілёве, дзе быў

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis