Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (5)

    Syn rasstralanaj Wolhi Ciruk Uładak świedczyŭ, szto Jurczenia adnaho razu spytaŭ, jak im żywiecca biez maciary i skazaŭ: nie żałujcie matki, bo to komunistka. Mużczyna z mlina ŭ Nietupi na sudzie skazaŭ, szto na druhi dzień pośle egzekucji Jurczenia naławiŭ rybaŭ i zawioz ich dla…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Купіце дом!

Да гэтага моманту ўсе мае гісторыі пра вясковую адзіноту былі прысвечаны людзям. Але на гэты раз галоўным героем з’яўляецца вясковы дом. Чаму? Бо ён таксама па-свойму адзінокі. І калі б быў жывой істотай, напэўна б хацелася яму паскардзіцца на сваё няпростае жыццё.

Дом гэты стаіць у самым цэнтры даўняга мястэчка, а зараз вёскі. Ён стары, драўляны, але цалкам яшчэ крэпкі, з высокім падмуркам. Комін, відаць, зусім нядаўна рамантавалі. Збудавалі яго, хутчэй за ўсё, яўрэі, што да вайны трымалі вакол былой рынкавай плошчы, свае дробныя лаўкі і майстэрні. Дарэчы, згагадка гэтая потым пацвердзілася.

Хісткая металічная сетка замест плоту, вельмі старыя вокны (бо зараз паўсюдна шклопакеты ладзяць), адсутнасць сабакi ды зарослы трохі падворак сведчылі, што гаспадары ў гэтым доме нячаста бываюць.

Стаяў сабе гэты дом ды стаяў, колькі разоў праходзіў міма і не звяртаў на яго асаблівай увагі. І вось, месяцы з два таму, на сцяне з’явілася шыльда аб продажы.

Трэба сказаць, што месцазнаходжанне ў дома даволі зручнае. Да чыгуначнай станцыі ісці недалёка, побач ёсць крама, а дзялянка працягваецца да самой рэчкі. Можна, калі хочаш, пракасіць сцежку да берага і абсталяваць уласнае месца для купання.

Не дзеля гэтага, а хутчэй проста з цікаўнасці, вырашыў патэлефанаваць па нумары з шыльды. Слухаўку падняў мужчына. Адказаў, што дом можна паглядзець у суботу ці нядзелю, бо прыязджае ў вёску толькі на выходныя. На тым дамовіліся.

Уладальнік тэлефоннага нумара аказаўся шчуплым сівеючым дзядзькам, гадоў так пад шэсцьдзясят на вока. Прывітаўшыся, паведаміў адразу, што дом належыць да ягонай сястры, а сам ён толькі даглядае за ім і трымае невялічкі агародчык.

– Жыву тут, можна сказаць, у цішыні і згодзе з прыродай. Электрычнасць ёсць, ежу гатую сабе на пераноснай плітцы, інтэрнэт адключылі, бо ён мне не патрэбны. А ў панядзелак зранку вяртаюся ў горад.

Пачынаем з ім агледзіны ад шопкі, дзе дзядзька трымае запас дроў. Спускаемся ў глыбокі склеп.

– Ён выдатны, – пераконвае суразмоўца, – халодны, самае тое, каб бульбу трымаць і саленні на зіму.

Далей глядзім даволі вялікую, але зарослую дзялянку. Сям-там сярод высокай травы знаходзяцца грады з бульбай, агуркамі, зелянінай. Відаць, мужчына проста не можа фізічна абкасіць усю дзялянку, таму садзіць толькі на некалькіх вузкіх палосках.

– Зямля добрая, – працягвае ён, – прывозіць не трэба. Вось глядзіце, тут у мяне вішні і яблынькі растуць. Алычу летась спілаваў, бо высокая надта вымахала, пачала да электрычных правадоў дацягвацца. А вось тут грэцкі арэх, у мінулым годзе вялікае вядро арэхаў з яго набраў.

Каля ганку расце яшчэ куст каліны. Дзядзька кажа, што таксама сам яе пасадзіў, бо ягады каліны карысныя для сэрца. Уваходзім у сені. Унутры дом выглядае значна горш, чым звонку. Мэблі амаль няма, застаўся толькі ложак, просценькі стол ды пара вельмі старых камодаў. Шпалеры на сценах працертыя, месцамі пажаўцелі ды паадклейваліся.

– Сястра ўсе рэчы адсюль павывозіла, калі вам гэта ўсё непатрэбна, таксама вывезем, – быццам бы чытае мае думкі гаспадар.

Адзін за адным абыходзім пяць вялікіх, але занядбаных пакояў, аглядаем кухню са старадаўняй печчу. Дзядзька распавядае, што дом збудавалі яўрэі і печ захавалася з тых часоў: „Тут да вайны адны яўрэі жылі ў цэнтры, побач у іх свая лазня была. Ды звярніце ўвагу, што ўваход знаходзіцца на іншым баку – ад вуліцы. Гэта яны так спецыяльна рабілі, каб мінакі не бачылі, што робіцца на падворку. Дамы яны будавалі, як гаворыцца, сумленна, гэты яшчэ сто гадоў прастаіць, не сумнявайцеся!”.

Заканчваем мы агледзіны прасторным падстрэшкам. Падымаемся туды па драбіне. Але там пуста, глядзець няма чаго.

– Дык колькі жадаеце атрымаць за дом? – пытаю суразмоўцу.

– Сястра просіць 5500 „зялёнымі” (то бок доларамі). Але можа трохі саступіць.

– А чаму прадаяце? 

– Яна ў горадзе цяпер пастаянна жыве. Дзеці кажуць, што дом ім непатрэбны. Вось толькі пляменнік, то бок яе сын, нядаўна завітаў, каб комін адрамантаваць, а больш ніхто не з’яўляўся.

Абяцаю падумаць, на гэтым развітваемся. Гляджу яшчэ раз на дом. Сапраўды — яшчэ крэпкі, калі ўкласці ў яго грошы і належным чынам даглядаць, шмат гадоў яшчэ прастаіць. Мо купіць, як лічыце?

Цэны на вясковыя дамы ў Беларусі вельмі розныя. Старэнькія драўляныя хаты можна набыць за сімвалічныя грошы. Тыя, што ў больш менш нармальным стане, каштуюць некалькі тысяч долараў. У вёсках, што знаходзяцца недалёка ад буйных гародаў, з добрым чыгуначным ці аўтобусным спалучэннем, у маляўнічых ваколіцах, цэны на дагледжаныя дамы могуць пачынацца ад дзесяці тысяч долараў.

Сяргей Александровіч 

Фота аўтара

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (566) – У 1458 г. Праваслаўная Царква ў Вялікім Княстве Літоўскім канчаткова вызвалілася ад Маскоўскай мітраполіі і непасрэдна падпарадкавалася канстанцінопальскаму патрыярхату.
  • (169) – 26.11.1855 г. памёр у Канстантынаполі Адам Міцкевіч (нар. 24.12.1798 г. у Завосьсі каля Наваградка), выдатны паэт-рамантык.
  • (133) – 26.11.1891 г. у в. Арляняты Смаргонскага павету нар. Янка Станкевіч, беларускі мовазнавец, педагог і грамадзкі дзеяч. У 1926 г. закончыў Карлаў Унівэрсытэт у Празе. Працаваў у Вільні, між іншым у Віленскай Беларускай Гімназіі, праваслаўнай духоўнай семінарыі, Унівэрсытэце імя Стафана Баторыя. У 1928-1930 гадах быў дэпутатам польскага Сейма. Аўтар беларускіх лемантароў і падручнікаў беларускай (як пісаў «крывіцкай») мовы. З 1949 г. у ЗША. Выдаваў між іншым навуковы часопіс "Веда". Памёр 16.07.1976 г. у Хотарн (ЗША); пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры.
  • (94) – 26.11.1930 г. у Оршы нарадзіўся Уладзімір Караткевіч (пам. 25.07.1984 г. у Менску) выдатны беларускі пісьменьнік, стваральнік беларускага гістарычнага рамана. Друкаваўся з 1955 г., больш вядомыя творы: „Цыганскі кароль” (1961), „Дзікае паляваньне караля Стаха” (1964), „Каласы пад сярпом тваім” (1968), „Чорны замак Альшанскі” (1983). Пахаваны на Усходніх (Маскоўскіх) могілках у Менску.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis