Pa prostu / Па-просту

  • Szucman z Nowaj Wioski

    Z cyklu "Płacz zvanoŭ" (Cz. 25)

    – Trzeba, żeby wszyscy Polacy chwycili się za prawo, bo jeśli Białorusy wezmą władzę w swoje ręce, to wszystkim będzie źle… Usim wiadomo, szto kali wosieniaj 1939 roku sawiety zajmali Zachodniuju Biełaruś, z wielkaj radaściu prywitali ich asobienno prawasłaŭnyja. Heto mieło swaje pryczyny, bo pad…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Jeśliby nie ja, pomnika Konstantego Kalinowskiego w Mostowlanach by nie było.

29 траўня 2025 г.

Ганна Кандрацюк-Свярубская ў кавярні Zmiana Klimatu ў Беластоку распавядае пра сваю навейшую кніжку Фота Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку
Ганна Кандрацюк-Свярубская ў кавярні Zmiana Klimatu ў Беластоку распавядае пра сваю навейшую кніжку
Фота Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку

У беластоцкай кавярні Zmiana Klimatu прайшла надта сімпатычная і цікавая сустрэча, на якой мая сяброўка з „Нівы” Ганна Кандрацюк-Свярубская распавяла пра сваю навейшую кніжку „Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці”. Ранняй вясной была яна выдадзена Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку і прэзентвалася ўжо напрыканцы красавіка на Кніжным кірмашы ў памяшканнях спартыўнага стадыёна Chorten Arena ў Беластоку. Кніжка адразу выклікала немалое зацікаўленне і то найбольш з боку выхадцаў з Беларусі. Між іншым вядомага паэта Уладзіміра Някляева, які апублікаваў у Інтэрнэце сваё яе кароткае апісанне („Description”).

Пад вокладкай гэтай кнігі Ганна сабрала журналісцкія партрэты Кастуся Каліноўскага, Ежы Папялушкі, святой Марыі (Петручук), Алеся Пушкіна, Юркі Гіля, Надзеі Артымовіч ды Юрыя Гуменюка. Рэпартажы і аповеды пра гэтых герояў раней надрукавала ў „Ніве”, у кніжцы яны пашыраныя і нанова адрэдагаваныя галоўным рэдактарам Яўгенам Вапам. Гэта дарожныя партрэты, паколькі аўтарка стварыла іх у многіх выпадках дабіраючыся па асфальце і жвіроўках да родных мясцін сваіх герояў. У Мастаўляны, Акопы, на Гарадзеншчыну…

Падчас сустрэчы ў Zmianie Klimatu Ганна павяла прысутных менавіта ў падарожжа слядамі герояў кніжкі, якія надта важныя для Падляшша, Беларусі і змагання за свабоду. – Гэта знакавыя людзі, якія паўплывалі на нашу свядомасць, – прыгадала яна. Падзякавала яшчэ супрацоўнікам з рэдакцыі і сябрам з беларускага асяроддзя, іншым асобам, якія дапамагалі ў пісанні рэпартажаў або інспіравалі і натхнялі яе да такой творчай працы.

Сярод пералічаных асобаў была і мая скромная персона. А гэта таму перад усім, што я прысутны ў рэпартажы Ганны, прысвечаным Кастусю Каліноўскаму. У кніжным яго менавіта варыянце, бо пішучы ранейшы ў „Ніве” чамусьці не ведала яшчэ пра мой удзел у захадах, каб прывярнуць і ўшанаваць у нас памяць пра Паўстанне 1863-1864 гг. У 2013 г., калі быў я дырэктарам дома культуры ў Гарадку, з дапамогай Лены Глагоўскай на 150-годдзе гістарычнай падзеі давёў да ўстанаўлення ў Мастаўлянах помніка славутаму ўраджэнцу гэтай мясціны, правадыру паўстання на беларускіх землях, Кастусю Каліноўскаму. Па маёй прапанове ў такую ідэю ад усяго сэрца ўключыўся выканаўца Януш Талуць, які родам з суседніх Зуброў. Дзесяць гадоў пазней былі мы разам у Варшаве на цырымоніі інаўгурацыі 160-х угодкаў Студзеньскага паўстання. У складзе дэлегацыі ад беларусаў Беласточчыны была і Ганна. Памятаю як пасля цырымоніі праграмны дырэктар Радыё Рацыя Юрка Ляшчынскі прывёў сваю варшаўскую карэспандэнтку і сказаў ёй, каб паразмаўляла між іншым са мною. Калі я пачаў расказваць да мікрафона пра ўсе складанасці, якія мне прыйшлося пераадолець, каб паставіць помнік, надта зацікавіла гэта Ганну, якая тады адразу выняла з кішэні свой дыктафон. 

Пасля аказалася аднак, што гэтага было мала, каб шырэй да людзей дайшло ўрэшце, што гэта я менавіта найбольш спрычыніўся да ўстанаўлення помніка ў Мастаўлянах. Мне было крыху прыкра, што многія гады гэта прамоўчвалі. Нават гарадоцкі войт, які палічыў гэта перад усім дасягненнем на сваёй пасадзе, хаця з увагі на неаднолькавае стаўленне жыхароў завельмі гэтага не гаворыць. Януш Талуць таксама быў доўга перакананы, што еўрасаюзныя грошы на рэалізацыю такой ініцыятывы (яна ўключала яшчэ навуковую канферэнцыю і табліцы-стэнды ў гістарычных месцах у Гарадку) прыдбаў войт, а не я. Гэта таму, што ўся фармальная працэдура завяршылася ўжо без майго ўдзелу, паколькі некалькі месяцаў перад адкрыццём помніка памяняў я працу. І вось калі нядаўна ў перадачы на Радыё Рацыя Януш Талуць маргіналізаваў мой вялікі ўнёсак, я не стрымаў і пры бліжэйшай нагодзе на тым жа радыё выразна сказаў, што „калі б не я, помніка ў Мастаўлянах не было б ніколі”. 

Мне можа і надта не залежыла б, каб гэта адстойваць, бо найважнейшае, што Кастусь Каліноўскі у мясціне, дзе нарадзіўся, мае свой камень з двухмоўнай дошкай. Але мусіў гэта зрабіць для нейкай справядлівасці, гледзячы на хворы эгаізм некаторых маіх знаёмых не толькі з беларускага асяроддзя.

Тым болей мне прыемна, што Ганна ўзгадала і пра мяне ў сваёй кніжцы. У тым жа яе падарожным нарысе з Мастаўлянаў відаць дарэчы таксама змаганне з праўдай і то гістарычнай. На адным баку фронту беларускія патрыёты, інтэлігенты:

„– Хто для цябе Каліноўскі?

– Цэнтральная постаць, якая звязана з незалежнасцю Беларусі.”

На другім баку староннікі „рускага міру”, у тым ліку з Мастаўлянаў:

„А вам навошта той Каліноўскі?.. Ці вам у той „Ніве” не хапае пісаць пра нармальных людзей? Навошта вам „насвятляць” таго мяцежніка?.. Ён не пераносіў праваслаўнага духу. Не трэба яго славіць і асвятляць. Хай яго палякі сабе бяруць і хваляць”.

І яшчэ такая камедыя:

„Мы прыехалі да вас, бо тут, у вашай вёсцы, нарадзіўся вялікі чалавек…” – а адзін дзед адпаліў ім, сказаў „каб яны тут не разводзіліся пра вялікіх людзей, бо тут, у Мастаўлянах, усе нараджаліся маленькімі”.

Мне таксама прыйшлося неаднойчы змагацца з такімі несправядлівымі поглядамі. Хаця памятаю, што калі ставілі помнік у Мастаўлянах, адкрыта ніхто ў вёсцы не пратэставаў, нават мясцовы бацюшка нам дапамагаў як толькі мог. Пэўна таму, што ўсё-такі было гэта рашэнне гміннай улады. Пасля аднак выклікала гэта спрэчкі і крытыку найбольш з боку беластоцкага „Przeglądu Prawosławnego”, асабліва галоўнага рэдактара, тады дэпутата Сейма, Яўгена Чыквіна. Але мне ў сваіх артыкулах, думаю, удалося абараніць імя правадыра Студзеньскага паўстання як постаць вельмі важную для беларусаў і беларускай свядомасці, а ў паслядоўнасці беларускай дзяржаўнасці. І не так варожую для праваслаўя, як прадстаўляе тое царкоўнае асяроддзе. 

У гэтым пераканаліся і некаторыя скептыкі, як праф. Алег Латышонак. Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства раней лічыў Кастуся Каліноўскага толькі народнікам – бунтаўшчыком. Але памяняў ён свой погляд, калі ўсвядоміў сабе, што „ніхто на чужой мове не напісаў бы вершаў і апошняга ліста да каханай”. Бо ў „Лістах з-пад шыбеніцы” Кастусь праявіў сапраўдную беларускую душу.

Гэта, на жаль, не ўсіх пераконвае. Пасля размовы са мною на Радыё Рацыя будучы на пакупках у адным з беластоцкіх гіпермаркетаў сустрэў я сябра, які толькі з перадачы даведаўся, што быў я галоўным ініцыятарам помніка ў Мастаўлянах. На маё вялікае здзіўленне быў гэтым надта абураны. Крычаў на мяне, што Каліноўскі не быў беларускім героем і ён паляк, а не наш, да гэтага вешаў праваслаўных бацюшкаў. Спачатку спрабаваў я з ім дыскутаваць, але ён і слухаць не хацеў. На аргумент, што Каліноўскі выдаваў першую беларускую газету, сказаў, што былі гэта „агіткі мяцежнікаў”. А „Лісты з-пад шыбеніцы” паводле яго напісаў хто іншы і далёка пазней. Быццам не той характар-манера рукапісу, бо як даказваў, сам параўноўваў літары. Але з чым? Нядаўна праўдзівасць Лістоў з-пад шыбеніцы” выпадкова пацвердзіў нават расійскі гісторык, які раней намагаўся давесці, што Каліноўскі быў стапрацэнтным палякам, польскім шавіністам.

Далей гутарка, вядома, пайшла пра Лукашэнку. Мой суразмоўца, які слухае радыё, якое жорстка выступае супраць рэжыму ў Беларусі, аказваецца асабіста ёсць яго прыхільнікам. Вось якая недарэчнасць! І аніяк не даваўся ён пераканаць, што Лукашэнка – дыктатар. Падумай тады, сказаў яму на канец, ці жыўшы цяпер у Беларусі, надалей хваліў бы ты яго, калі б нават выпадкова (а гэта можа здарыцца кожнаму) напісаў бы ты ў Інтэрнэце крытычны каментар у адрас улады і ў паслядоўнасці апынуўся ў турме? Слухач Радыё Рацыя не ведаў што адказаць і так я ад яго адчапіўся.

Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у ліпені-жніўні

    – у ліпені 1000 г. памерла князёўна полацкая, вялікая княгіня кіеўская Рагнеда. Разам з сынам Ізяславам адрадзіла беларускую, крывіцкую дзяржаву – Полацкае Княства. Першая ігуменьня ў Беларусі, у манастве – Анастасія. – 13 ліпеня 1260 г. войскі старабеларускай дзяржавы – …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (37) – 21–24.07.1988 г. у Віцебску адбыўся І Усесаюзны фэстываль польскай песьні.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com