Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Na dopyt uziaty byŭ miż inszym Ramuald Rajs „Bury”

    Pra toje, dzie buduć padłożany miny, kromie manciora wiedaŭ jaszcze jaho spolnik, jaki byŭ felczaram (sanitariuszam) u szpitali ŭ Staroj Wilejcy. Tolko ŭ listapadzie 1948 r. mancioru ŭdałoso zwiazacca z dochtaram Marozam. Ad peŭnaj kabiety, jakaja pryjechała da Biełagardu z Biełastoka, dawiedaŭso, szto leczyć jon…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Як пераносіў пана Міхась Васілёк

Сёння ў Беларусі рэдка прыгадваюць Міхася Васілька (Міхася Касцевіча,1905-1960) – заходнебеларускага паэта, публіцыста і журналіста. Ён быў родам з вёскі Баброўня Гродзенскага павета. У 1920-х-1930-х гадах прымаў актыўны ўдзел у грамадска-культурным і палітычным жыцці Заходняй Беларусі. Быў сябрам Беларускай сялянска-рабочай грамады, ТБШ, арганізоўваў гурткі ТБШ, вёў культурна-масавую работу, працаваў сакратаром часопіса „Маланка”.

Міхась Васілёк

Друкавацца Міхась Васілёк пачаў у 1926 годзе ў віленскіх беларускіх газетах „Народная справа”, „Наша праўда”, часопісе „Маланка”, сябраваў з Валянцінам Таўлаем, Анатолем Іверсам, Максімам Танкам. У Вільні ў 1929 годзе выдаў  зборнік вершаў „Шум баравы”, які быў канфіскаваны польскімі ўладамі. А ў 1937 годзе выйшаў яго другі паэтычны зборнік „З сялянскіх ніў”.

Вельмі папулярнымі ў 1920-х -1950-х гадах былі сатырычныя вершы паэта „Эх, каб грошы…” „Гарэліца” і „Як я пана перанёс”. Асабліва беларусы любілі слухаць, як чытаў са сцэны сам Міхась Васілёк свой верш „Як я пана перанёс”. Прыгадваецца ўспамін пісьменніка Аляксея Карпюка, як у 1960-м годзе прыехалі яны выступаць у Скідзель у РДК. У зале было шмат людзей. Старшыня выканкама аб’явіў, што першым выступіць пісьменнік Аляксей Карпюк. У гэты час наступіла мёртвая цішыня. Не паспеў Карпюк дайсці да трыбуны, як з залы нехта крыкнуў: „А мы прыехалі не яго слухаць, а Васілька. Васілька нам давай!”. А потым уся зала закрычала: „Васілька давай! Мы яго хочам паслухаць! Няхай нам прачытае „Як я пана перанёс!”. І Карпюк пакінуў сцэну, а да людзей выйшаў Міхась Васілёк і пачаў чытаць і „Эх, каб грошы…”, і „Гарэліцу” і „Як я пана перанёс”. І зала ад задавальнення проста гудзела як вулей.

Верш „Як я пана перанёс!” Міхася Васілька ў Заходняй Беларусі быў самым папулярным сярод простага люду, асабліва на вёсцы. Вяскоўцы гатовы былі яго слухаць штодзень, слухаць і смяяцца бясконца. Ды і самі людзі гэты верш завучвалі на памяць. Ён  – сапраўдны ўзор палітычнай лірыкі. Як лічыў Уладзімір Калеснік, у першапачатковай рэдакцыі верш называўся „Як я трапіў у камуністы”. Рускі паэт са Смаленшчыны Міхаіл Ісакоўскі пачуў гэты верш ад насельніцтва Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года і пераклаў яго на рускую мову як народны твор.

Часопіс Маланка, дзе працаваў і друкаваўся Міхась Васілёк

На думку таго ж Уладзіміра Калесніка, аўтар заслужыў гонару і пахвальбы менавіта ўдала знойдзенымі характарамі вобразаў-антаганістаў, селяніна і паліцыянта (паліцмана), а таксама  востраю сатырычнай сітуацыяй, у якой трапна раскрылася істота ўзаемаадносін паміж прыгнечанымі і прыгнятальнікамі ў глухой, забітай правінцыі.

На пытанне паліцмана, як перайсці на другі бераг  рэчкі, касец адказвае ветліва:

– Порткі скінь, – кажу, – панок,

І брыдзі паволі,

Тут вады, мой галубок,

Па трыбух, не болей!

Для панскага вуха сялянская гаворка здалася грубаю кпінай. І ён сеў яму на карак і сказаў „нясі на другі бераг”. У першапачатковай рэдакцыі верша было напісана, што селянін пакорна нёс паліцэйскага, пакуль не адчуў каля вуха рэвальвера:

Гэткай штукі, далібог,

Я не бачыў зроду:

Сеў ад страху, а панок –

Ды булдых у воду…

(Уладзімір Калеснік, „Лёсам
пазнанае”. Мн., 1982. с. 53).

У першай рэдакцыі верша паліцыянт арыштаваў селяніна за наўмысны замах на яго асобу. Верш выкрываў паліцэйскі гвалт над чалавечай годнасцю. Але паэт-сатырык міжвольна прыніжаў і селяніна, трактуючы яго як бедалагу-пакутніка. Селянін з верша Міхася Васілька скардзіцца на здзек, распавядае пра гвалт і ўніжэнне, а значыць – ён горка адчувае няволю, значыць – ён стаіць на парозе духоўнага абнаўлення. Таму гэты верш тады і быў народным творам. Менавіта ён зацікавіў і Міхаіла Ісакоўскага. Але Міхась Васілёк палічыў неабходным яго перапісаць па-іншаму, зрабіць іншы варыянт верша. І гэта яму ўдалося ажыццявіць даволі паспяхова. У новым варыянце верша селянін з напалоханага небаракі стаў дасціпным і смелым чалавекам. Нават патрыётам, які знарок шабулдыхнуў паліцмана ў ваду. Менавіта гэты смелы ўчынак селяніна і радаваў увесь просты люд, які слухаў паэтаў верш. Людзі атрымлівалі задавальненне не так ад самога верша ў цэлым, як ад таго факту, як смелы селянін кінуў паліцэйскага ў ваду. Людзі ўяўлялі гэты малюнак і… ад задавальненя радаваліся і смяяліся.

Прапаную чытачам „Czasopisu” верш Міхася Васілька „Як я пана перанёс” (Міхась Васілёк. Выбраныя вершы. Мн., 1950. С.53-56).

Сяргей Чыгрын

Як я пана перанёс

Добра помню – на Іллю

Чорт падбіў грашыці!

Ўзяў касу я ды смалю

За раку касіці.

Вось праз рэчку перабрыў –

Мост вадой пагнала, –

Выняў люльку, закурыў

Ды кашу памалу.

Бачу – паліцман ідзе

(Трэба ж знекуль ўзяцца!)

Ды пытае, як і дзе

Было б перабрацца.

– Порткі скінь, – кажу, – панок,

І брыдзі паволі,

Тут вады, мой галубок,

Па трыбух, не болей!

Здэцца, мовіў, як умеў,

Чым не спадабаўся?

Паліцман мой аж збялеў –

Гэтак узлаваўся.

– Я цябе, – кажа, – ў астрог” –

І кудысь яшчэ там…

Так дзярэцца, хоць, дальбог,

Развітайся з светам.

Лаяў, бэсціў ён мяне

Як толькі папала,

А яшчэ, нарэшце, не, –

І гэтага мала!

Азірнуцца не паспеў

(Каб ты праваліўся!),

Пан на карак мне уссеў,

Як мядзведзь, узбіўся.

– Во, нясі, – крычыць панок, –

На той бераг, хаме!

Ботам штурхае пад бок,

Лаецца „па маме”…

Павалок яго, быка,

Што ж пачнеш рабіці?

Неўпяршынку мужыкам

Панства валачыці.

Вось да пупа і вышэй

І вышэй займае.

Мой панок аж да вушэй

Ногі задзірае.

Да глыбокага дапёр

І сабраўся з духам:

Будзеш помніць, жывадзёр,

Пачакай, псяюха!..

Гэткай штукі важны пан

Не чакаў ад роду:

Я прысеў, а паліцман –

Шабулдых у воду.

Вось як вам на мужыку

Ездзіць ды глуміцца:

Давядзецца ездаку

Ўрэшце і ўтапіцца!

Міхась Васілёк, 1927 г.

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У красавіку

    – 9(21).04.1835 г. у Віцебску нар. Ялегі Пранціш Вуль (сапр. Элегі Францішак Карафа-Карыбут), беларускі паэт. Удзельнічаў у  студзенскім паўстаньні, за што быў сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыцьця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (678) – 27.04.1347 г. у Вільні быў замучаны сьв. Антоній – першы з трох віленскіх мучанікаў (праз некалькі тыдняў мучаніцкую сьмерць прыняў сьв. Іаан, а потым сьв. Яўстафій). Былі яны кананізаваныя ў 1374 г. На месцы іх сьмерці князь Канстанцін Астрожскі ў пачатку XVI ст. пабудаваў Сьвята-Троіцкі Сабор.
  • (106) – 27.04.1919 г. польскія войскі занялі Гародню, дзе ад 21.12.1918 г. знаходзіўся Урад Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Антонам Луцкевічам і беларускія войскі.
  • (96) – 27.04.1929 г. у Вільні нар. Юры Туронак, беларускі дзеяч і гісторык, аўтар кніг „Białoruś pod okupacją niemiecką” (Warszawa 1993), „Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi” (Warszawa 1992), „Książka białoruska w II Rzeczypospolitej
  • (80) – 27.04.1945 г. БССР прынята ў склад членаў-заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
  • (37) – 27.04.1988 г. памёр у ЗША Вітаўт Тумаш – грамадзкі дзеяч, лекар, выдатны скарынавед. Нар. 20.12.1910 г. у в. Сьпягліца, Вілейскага павету. Выпускнік Віленскай Беларускай Гімназіі. Пасьля на мэдычным факультэце Віленскага Унівэрсытэту. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім жыцьці. У гадах 1940-1941 быў старшынёй Лодзінскага аддзелу Беларускага Камітэту Самапомачы, членам Нацыянальнага Цэнтра створанага ў Бэрліне 19.04.1941 г. Зь ліпеня па лістапад 1941 г. бурмістр Менску. Рэдактар „Раніцы”. Пасьля вайны жыў у ЗША. Быў вельмі актыўным на грамадзкай і навуковай ніве, між іншым шматгадовым старшынёй Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis